Вы тут

Пажар на колах


Уладальнікі аўтамабіляў заўсёды з трывогай і смуткам назіраюць за тым, як гарыць чужы аўтамабіль. Аднак ці многія з іх задумваюцца над тым, што такі ж лёс можа напаткаць і ўласнае аўто. І няважна — гэта стары легкавік або новенькая іншамарка. Чаму адбываецца ўзгаранне аўтамабільнага транспарту і што рабіць у выпадку надзвычайнай сітуацыі, разбіраліся з ратавальнікамі.


Асноўная прычына — кароткае замыканне

У канструкцыю сучасных аўто ўваходзіць нямала матэрыялаў, якія вельмі добра гараць. Практычна ўсе элементы салона схільныя да ўзгарання. Нямала дэталяў, гатовых успыхнуць як запалка, і ў маторным адсеку. А ўжо сам факт таго, што большасць аўтамабіляў перамяшчаецца дзякуючы бензіну, сведчыць аб павышанай пажаранебяспечнасці гэтага транспартнага сродку.

Прычын, якія спрыяюць узгаранню, — вялікая колькасць. Гэта як тэхнічныя праблемы, так і неасцярожнае абыходжанне з агнём. Ніхто не выключаў і наўмысныя падпалы. Што датычыцца ўзгаранняў па тэхнічных прычынах, то, як правіла, яны адбываюцца або з-за няправільнай эксплуатацыі, або з-за ўстаноўкі дадатковага абсталявання. Прычым, як кажуць спецыялісты, магчымасць пажару залежыць не ад года выпуску аўтамабіля, а ад яго стану і абслугоўвання.

Адна з самых распаўсюджаных прычын узгаранняў — кароткае замыканне. Дрэнныя кантакты, неадпаведнасць сячэння правадніка нагрузцы, павелічэнне нагрузкі звыш пашпартнай — усё гэта наступствы самастойнага рамонту аўто або работы майстраў нелегальных станцый тэхнічнага абслугоўвання. Нярэдка аўтамабілі гараць і з-за механічнага разбурэння вузлоў і дэталяў агрэгатаў.

Самаўзгаранні і наступствы ДТЗ

У перадапошні дзень сакавіка ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Лагойскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб узгаранні аўтамабіля ў гарадскім пасёлку Плешчаніцы. Па ўказаным адрасе неадкладна выехалі падраздзяленні МНС. Пасля прыбыцця да месца ўзгарання ратавальнікі ўбачылі, што за метр ад гаража гарэў прыпаркаваны аўтамабіль. Байцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях аператыўна ліквідавалі ўзгаранне. Прычына яго высвятляецца.

За некалькі дзён да гэтага ратавальнікі тушылі легкавы аўтамабіль у Маладзечне. У выніку пажару ў машыне былі пашкоджаны левае крыло і прыборная панэль. Адна з версій узгарання, якія разглядаліся следчымі, — парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (кароткае замыканне электраправодкі).

Напрыканцы года ў сталіцы аўто загарэлася падчас руху. Прычынай самаўзгарання сталі тэхнічныя няспраўнасці. Летась, у канцы лістапада, жудасная трагедыя адбылася ў Чавускім раёне. У выніку дарожна-транспартнага здарэння загарэлася іншамарка. Салон аўтамабіля быў заблакіраваны. Кіроўца і дзве яе пасажыркі — тры маладыя дзяўчыны — згарэлі зажыва...

Вогнетушыцель — пад рукой

Як заўважаюць ратавальнікі, сучасны аўтамабіль згарае дашчэнту за пяць-шэсць хвілін. Прычым нярэдка гэта адбываецца на вачах уладальніка. Ад машыны застаецца толькі счарнелы жалезны каркас і рухавік.

Аднак шанц выратаваць аўтамабіль усё ж такі ёсць. Для гэтага неабходна своечасова выявіць узгаранне. Распазнаць яго дапаможа пах бензіну ці гарэлай гумы ў кабіне, павінна насцярожыць і з'яўленне дыму з-пад капота.

Калі загарэўся аўтамабіль, выклікайце МНС па тэлефонах 101 або 112. Ацаніўшы ступень рызыкі, да прыезду ратавальнікаў паспрабуйце патушыць узгаранне самастойна.

— Для таго каб ліквідаваць пажар на пачатковай стадыі, загадзя пакладзіце ў аўтамабіль вогнетушыцель, прыладу для зняцця клемы акумулятара і шчыльныя баваўняныя пальчаткі, — рэкамендуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Пры тушэнні разлітага пад машынай паліва скарыстайцеся вогнетушыцелем, падаючы пену або парашок у напрамку ад краю да цэнтра ачага. Пры тушэнні ўзгарання пад капотам паступова і асцярожна адкрыйце яго — пажадана збоку палкай ці манціроўкай, бо пры гэтым магчымы выкід полымя. Накіроўвайце вогнетушыцель на агонь найбольш інтэнсіўнага гарэння ці накрыйце полымя брызентам, закідайце пяском, друзлай зямлёй, снегам, заліце вадой.

Катэгарычна забараняецца прыступаць да тушэння, калі вы ў прамасленай вопратцы або вашы рукі змочаныя бензінам, — гэта вельмі небяспечна! Пры немагчымасці хутка ліквідаваць узгаранне адыдзіце ад машыны на бяспечную адлегласць — можа ўзарвацца паліўны бак. Ні ў якім разе не сядайце ў аўтамабіль, які гарыць, і не спрабуйце яго завесці.

Як адзначае Анастасія Швайбовіч, у радыусе небяспечнай зоны (не менш за 10 метраў) не павінна быць людзей. «Паспрабуйце адкаціць у бок аўтамабілі, якія стаяць побач, каб агонь не перакінуўся на іх, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. — Калі ў кабіне падпаленага аўтамабіля знаходзіцца чалавек, а дзверы заклінавала, то ўзламайце дзверы ці выбіце шкло (манціроўкай, каменем або нагамі). Выцягніце пацярпелага з машыны, выклічце «хуткую». Акажыце яму першую медыцынскую дапамогу або адпраўце ў найбліжэйшы медпункт на першай жа спыненай вамі машыне, запомніўшы ці запісаўшы яе нумар».

І яшчэ вельмі важная рэкамендацыя. Каб пазбегнуць такой непрыемнасці, як узгаранне аўтамабіля, сачыце за станам свайго транспартнага сродку і своечасова праходзьце тэхнічны агляд.

Вераніка КАНЮТА

Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.