Вы тут

Вясна-2023: Што будзе на піку папулярнасці ў гэтым сезоне?


Вясну заўсёды чакаеш з нецярпеннем. Пасля доўгай зімы так хочацца нарэшце змяніць цяжкае верхняе адзенне на больш лёгкае, адчуць сябе дынамічнай, абноўленай, прывабнай. Тэндэнцыі ў адзенні вясны-2023 дазваляюць не баяцца смелых рашэнняў, яркіх колераў, даюць «зялёнае святло» фантазіі і стварэнню свайго непаўторнага вобраза.

Што будзе на піку папулярнасці ў гэтым сезоне? На якія тэндэнцыі трэба звярнуць увагу? Чым папоўніць свой гардэроб? Пра гэта нам расказала дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды БДУ Марына Машэда.


Джынса шмат не бывае

Так-так, гэты «каўбойскі» матэрыял сёння зноў вельмі актуальны. Нават калі акрамя любімых джынсаў кашуля, а таксама плашч ці куртка будуць з дэніму, то ў цяперашнім сезоне гэта не стане пераборам. Пры гэтым каляровая палітра джынсавай тканіны — ад класічнага сіняга да ружовага, малінавага, чорнага.

Скура і скурзам — падыдзе і нам

Папулярнымі гэтай вясной будуць вырабы (спадніцы, сукенкі, штаны, камізэлькі, пінжакі) са скуры або матэрыялаў, якія імітуюць яе.

Гарсэт — чаму б не?

На піку моды гэтага сезона — гарсэт. Прычым яго рэкамендуюць як элемент не толькі вячэрняга гардэроба, але таксама і паўсядзённага, з кашуляй або сукенкай. Выглядае гэта дастаткова смела, нават крыху эпатажна, і, зразумела, далёка не на кожнай жанчыне будзе глядзецца арганічна. Падбіраць гарсэты трэба з улікам асноўнага гардэроба. 

Уціскаць сябе не трэба

Сярод фаварытаў гэтага сезона — максімальна шырокія штаны і джынсы. Але спецыялісты нагадваюць: такія мадэлі добра выглядаюць на высокіх і стройных жанчынах. Поўным жанчынам невялікага росту лепш іх пазбягаць. А вось аб’ёмныя джэмперы ім падыдуць.

Карункі

На думку заканадаўцаў моды, жанчынам варта звярнуць увагу на вырабы з карункаў або на элементы адзення з іх — устаўкі, аздабленні, каўнерыкі.

Кашуля з доўгім рукавом

Гэтай вясной гардэроб варта папоўніць кашулямі з доўгімі рукавамі. Актуальна будуць выглядаць як аднатонныя мадэлі, так і ў вертыкальную палоску, прычым неабавязкова аднаго колеру, можна — розных. Па-ранейшаму лічыцца стыльным апранаць кашулю на футболку, пакідаючы расшпіленымі верхнія гузікі.

Тры ў адным

Вяртаецца ў моду «тройка», якая складаецца з пінжака, камізэлькі і штаноў. Прычым камізэлькі можна камбінаваць са спадніцамі і джынсамі. Але такія рэчы варта набываць толькі ў тых выпадках, калі вы пачуваеце сябе ў іх натуральна і ўпэўнена, не адчуваеце ўнутранага супраціву і сарамлівасці.

Прамое максі

Калі ў вас пакуль яшчэ іх няма, то ў гэтым сезоне эксперты раяць абавязкова набыць такія базавыя рэчы, як чорная спадніца-максі прамога крою і аднатонныя (як цёмныя, так і светлыя), максімальна доўгія штаны таксама прамога крою з нізкай пасадкай, ніжэй лініі таліі.

Выбіраем сваю гаму

Нараўне з колерам-фаварытам (Viva Magenta, малінава-чырвоным з фіялетавым падтонам) сёлета папулярныя адценні карычневага (колер карыцы, шакаладны, карамельны), бэзавы, чырвоны, блакітны, зялёны, жоўты.

Для больш удалага спалучэння рэчаў варта выкарыстоўваць кола колераў, якое падкажа гарманічныя, роднасныя, кантрасныя спалучэнні. Зразумела, не варта сумяшчаць шмат рэчаў розных колераў, каб не быць падобнай на вясёлку. І вядома, не трэба апранаць на сябе рэчы тых ці іншых колераў толькі таму, што яны ў трэндзе. Найперш добра было б вызначыць і ўлічваць свой колератып. Калі, напрыклад, вам вельмі падабаецца свой вобраз у больш цёмнай ці пастэльнай гаме, то можна абраць толькі адзін элемент гардэроба (спадніцу, блузку) у яркім, актуальным сёння колеры. Гэтага «акцэнта» будзе цалкам дастаткова, каб адчуваць сябе ў трэндзе.

У трэндзе — кветкі і «сардэчнасць»

Разам з палоскай (аднатоннай і каляровай) і клеткай, якая не выходзіць з моды, папулярнымі вясной — летам 2023 застаюцца кветкавы (вельмі разнастайны) прынт і сэрцайкі. Па-ранейшаму актуальна будзе глядзецца і анімалістычны малюнак, але яго важна дазіраваць, сумяшчаючы з аднатоннымі рэчамі.

Шыфон і арганза

У якасці трэнду вясны — лета 2023 вылучаюць празрыстыя тканіны — шыфон, арганзу. Але з улікам нашага клімату лепш выбіраць рэчы, дзе гэтыя матэрыялы служаць аздабленнем, «другім пластом» на ніжнім, больш шчыльным вырабе — сукенцы, спадніцы, штанах, куртцы.

Абутак

Гэтай вясной актуальныя як класічныя, так і маладзёжныя мадэлі. Высокія боты, паўбоцікі, бацільёны, чэлсі, чаравікі на шнуроўцы і без, туфлі на абцасе і на масіўнай падэшве — смела можаце выбіраць той абутак, у якім вашым нагам будзе найбольш камфортна,які лепш за ўсё падыходзіць пад ваш вобраз і стыль. Што да любімых многімі красовак, то яны, хоць і захоўваюць права заставацца ў гардэробе, але пазіцыі безумоўнага лідара сярод абутку паступова губляюць.

Залатое правіла: слухай спецыялістаў, прымярай на сябе

— Мяне заўсёды засмучае, калі жанчыны слепа прытрымліваюцца модных трэндаў, не ўлічваючы свайго ўзросту, асаблівасцей фігуры, колератыпу, прафесіі, характару, спосабу жыцця, псіхалагічнага складу, — кажа Марына Машэда. — Кожная прадстаўніца прыгожага полу «стварае» ўласны трэнд, калі знаходзіць свой непаўторны вобраз, тонка адчувае, у чым яе ўнікальнасць.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.