Вы тут

Прыхаджане круглянскага храма Святой Тройцы адрадзілі старадаўнюю традыцыю


Вось ужо некалькі гадоў запар прыхаджане круглянскага храма Святой Тройцы вырабляюць да Вялікадня велічэзныя, амаль двухметровай вышыні свечкі. На працягу года яны стаяць у спецыяльна зробленых ёмістасцях па баках ад салеі і запальваюцца падчас богаслужэнняў як сімвал агульнай малітвы. Такім чынам, прыхаджан аб'ядноўвае не толькі малітва, а і справа — разам зробленыя свечкі.


За ідэю круглянцы ўдзячны захавальнікам такой традыцыі са Столінскага раёна. Падобныя свечкі ў Беларусі рабілі ў XVІ стагоддзі ўсёй грамадой. Першымі традыцыю адрадзілі на Брэстчыне, відэазапіс працэсу трапіў на вочы прыхаджанам круглянскага храма. А паколькі сярод іх шмат творчых і ініцыятыўных людзей, традыцыя адразу ж была ўзята на ўзбраенне. Не спыніла нават тое, што майстры са Століншчыны рыхтавалі свечкі да Каляд, а тут ужо набліжаўся Вялікадзень. У Круглым дадзены факт, наадварот, зрабілі адметным. На Брэстчыне хай будзе брацкая калядная свечка, а ў Круглым — велікодная!

Кіраўнік нядзельнай школы храма Анастасія Блашко расказвае, што некалькі гадоў таму, калі толькі вучыліся справе, рабілі свечкі цэлы вечар. На гэты раз хапіла паўтары гадзіны.

У якасці рабочай пляцоўкі выкарыстоўваецца дом Дзмітрыя Андросава і яго жонкі Наталлі. Па-першае, ён прасторны, па-другое, там ёсць печка. А для якасці і хуткасці справы гэта немалаважная ўмова. Да таго ж Дзмітрый — чалавек спрактыкаваны ў пчалярных справах, у яго свой пчальнік, а галоўны матэрыял, з якога вырабляецца свечка, — воск. Паколькі тут робяць дзве вялікія свечкі і шмат маленькіх, воску патрэбна не менш за 20 кілаграмаў.

Відэа, дзе столінскія майстры завіхаюцца каля свечкі, у Круглым вывучылі дасканала. Таму няма сэнсу пераказваць тэхналогію, яна ёсць у інтэрнэце. Галоўнае — карысная справа яднае. Прыемна сабрацца, распаліць печку (трэба, каб воск увесь час быў мяккі), і рабіць разам. «Пах воску, цяпло ад печкі, гутаркі пра жыццё — у гэтым ёсць нешта ад дзяцінства, ад продкаў, — лічыць Дзмітрый.

І ўсё ж такі некаторыя адступленні ад тэхналогіі, якая існуе на Брэстчыне, ёсць. Там справай займаюцца выключна мужчыны, у Круглым да яе далучыліся жанчыны і нават дзеці.

— Вядома, што без мужчынскіх рук тут не абысціся, — адзначае Дзмітрый. — Напрыклад, трэба ўбіць крук у столь, да якога мы падвешваем жгут для свечкі — будучы кнот. Ёсць у нас і спецыяльныя дошкі для выкладвання вырабу. Яны прыблізна каля двух метраў даўжынёй. Трэба ўстанавіць сталы і пакласці на іх гэтыя дошкі. Справа, як разумееце, не жаночая. А вось размінаць воск і рыхтаваць невялікія васковыя каўбаскі, з якіх збіраецца свечка, па сілах жанчыне і нават падлетку. Вось гэтым яны ў нас і займаюцца.

Кожная свечка важыць прыкладна восем кілаграмаў. І збіраецца яна з тых невялікіх «каўбасак», якія нанізваюцца на кнот. Рабіць усё трэба хутка, бо воск застывае. Выраб жа неабходна не толькі злучыць, але і прыдаць яму правільную цыліндрычную форму, каб ён быў гладкі. Тут без сілы таксама не абысціся. Таму гэтым зноў-ткі займаюцца мужчыны.

Кнот знайсці — не праблема, але ў Круглым ёсць майстар, які спецыяльна вырабляе яго для брацкіх свечак. Віктар Тамашэўскі прызнаецца, што для яго гэта вельмі радасная і адказная справа. Кнот ён шчодра насычае воскам, каб ён добра гарэў. І так ужо прыстасаваўся, што ў яго на гэты занятак сыходзіць каля гадзіны і нават менш. На канцы жгута ён прымацоўвае круглую дзеравяшку — аснову для свечкі.

Дарэчы, захапленне традыцыяй вельмі станоўча адбілася на развіцці пчалярства ў райцэнтры. Дваццаць кілаграмаў воску для свечак — аб'ём немаленькі, таму, каб не шукаць яго, лепш мець свой. Летась да аматараў пчалярнай справы далучыўся і Віктар Тамашэўскі. Сціпла прызнаецца, што пакуль пачатковец, але ў яго вельмі добрыя настаўнікі.

У прыходзе такое захапленне толькі вітаецца. Пры храме існуе духоўна-асветніцкі цэнтр з рознымі майстэрнямі, дзе прыхаджанкі разам з дзецьмі вырабляюць сувеніры, у тым ліку дэкаратыўныя свечкі. Гэтыя сувеніры карыстаюцца попытам, храм іх прадае і такім чынам зарабляе на свае і жыхароў горада патрэбы. «Звязда» ўжо расказвала, што на атрыманыя ад рэалізацыі сувенірнай прадукцыі грошы храм купіў тэлескоп, і мясцовыя школьнікі прыходзяць сюды на практычныя заняткі па астраноміі.

Выраб брацкай свечкі збірае ўсіх прыхільнікаў старадаўніх традыцый. Пакуль ідзе работа, людзі дзеляцца ўспамінамі, жартуюць, спяваюць. У пакоі пануе атмасфера добразычлівасці, узнёсласці, вясёлага настрою.

— А інакш і быць не можа, — заўважае Анастасія Блашко. — На гэты раз прысутнічала дзесяць дарослых і некалькі дзяцей. Людзі ўсе працуюць у розных арганізацыях, але кожны знаходзіць хвіліну, каб паўдзельнічаць у агульнай справе. І гэта ўспрымаецца як нешта важнае, бо наперадзе Вялікдзень. Заўсёды вітаецца, калі прыходзяць дзеці. Яны пераймаюць вопыт і вучацца культуры паводзін. Жанчыны і мужчыны ў нас заўсёды адносяцца адзін да аднаго з павагай, ветліва. Дысцыплінуе ўжо сама справа, якой мы займаемся.

Ну а ўпрыгожыць брацкую свечку — клопат жанчын..

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».