Вы тут

На «Беларусь 3» да юбілею Маргарыты Касымавай пакажуць праект «Кадры жыцця»


Свой 85-гадовы юбілей 10 красавіка адзначыць беларускі рэжысёр, сцэнарыст, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Таджыкістана Маргарыта Касымава. З нагоды святочнай даты на сацыякультурным тэлеканале глядзіце праект «Кадры жыцця» з удзелам імянінніцы і не прапусціце паказ яе мастацкага фільма «Бальная сукенка».


Фота з сайта belarusfіlm.by.

Дарэчы, кінастужка ўбачыла свет на кінастудыі «Беларусьфільм» у 2003 годзе — і, значыць, сёлета таксама адзначае сваё 20-годдзе. Над фільмам Маргарыта Касымава працавала сумесна з рэжысёрам Ірынай Волах.

Няшчасны выпадак абрывае жыццё бацькі пятнаццацігадовай Вікі, а яна застаецца жыць з прыёмнай маці. Хоць жанчына і хварэе, але з цеплынёй і любоўю клапоціцца пра дзяўчынку. Толькі вось бяда, ёсць сваячка, якая мае план завалодаць іх кватэрай у сталіцы. І цяпер і Віку, і яе мачаху чакаюць выпрабаванні... Фільм наглядна паказвае, што па-сапраўднаму шчаслівымі людзей у сям'і робяць любоў, давер і ўзаемаразуменне. А чалавечая крывадушнасць ніколі не застаецца без наступстваў. Пры гэтым у карціне можна прасачыць і тое, як будуюцца ўзаемаадносіны бацькоў з дзецьмі-падлеткамі, як сыны і дочкі адстойваюць сваю асабістую прастору, уласныя жаданні, будуюць адносіны з аднагодкамі і многае іншае. Прычым у кадры ўсё тое робіцца хоць і вельмі пункцірна, але пры гэтым павучальна. І вобразы дарослых у фільме дэманструюць цэлую палітру чалавечых характараў, дзе глядач бачыць кагосьці чыстым і падатлівым чужому ўплыву, кагосьці — у пакутах ад памылак мінулага. А галоўнае, там, чырвонай ніткай выступае напамін усім бацькам, што ў любым узросце нашы дзеці вучацца жыць, гледзячы на прыклад тых, хто побач з імі. І самае галоўнае — у любой сітуацыі рабіць крок насустрач адно аднаму. Менавіта праз такія сітуацыі і спазнаецца жыццё, дзе кожны незалежна ад узросту спасцігае свае ўрокі.

На экране герояў кінастужкі ўвасобілі акцёры Мікалай Раеўскі, Алена Барушка, Таццяна Баўкалава, Анастасія Немаляева, Аляксандр Васільеў, Марына Магілеўская, Святлана Бароўская і многія іншыя. «Бальная сукенка» была таксама адзначана ўзнагародамі, сярод якіх Гран-пры пятага кінафестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў «Лістападзік» 2003 г. і Гран-пры ў секцыі «Дзіцячае кіно» на другім кінафестывалі «Маскоўская прэм'ера» 2004 г., але галоўнае — да сёння фільм не страціў сваёй актуальнасці. Таму што ён запрашае аўдыторыю да адкрытай размовы на вельмі важныя тэмы і вяртае веру ў сапраўдныя цуды, якія мы здольныя рабіць самі.

Што да асобы рэжысёра, адкрыць Маргарыту Касымаву гледачы сацыякультурнага канала змогуць падчас прагляду выпуску праграмы «Кадры жыцця». У гутарцы з вядучым мы пачуем пра цікавы лёс першай жанчыны-рэжысёра Сярэдняй Азіі, якая са сваімі работамі аб'ехала паўсвету. «Сысці з прафесіі вельмі лёгка. А трэба ўмець змагацца за сваё месца ў жыцці. Для гэтага патрэбна жадаць...», — адзначыла яна ў размове. Маргарыта Наімаўна таксама падзялілася сваімі ўспамінамі, поглядамі на жыццё, разважаннямі аб прафесіі і сучаснасці.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.