Сімвал здароўя, дабрабыту, хараства, маладосці і кахання, шыпшына згадваецца ў адной з самых рамантычных легенд. Прыгажуня і чарнабровы пастух кахалі адно аднаго і марылі быць разам. Але наляцелі на сяло ардынцы… Іх важак быў уражаны прыгажосцю дзяўчыны і прапанаваў ёй першае месца ў гарэме. Тая адмовілася і збегла. Калі яе дагналі на вяршыні стромы, кінулася ўніз, і там, куды яна ўпала, вырас незвычайнай прыгажосці куст з ружовымі кветкамі. Калі ж ардынскі верхавод працягнуў да яго рукі, галіны куста пакрыліся вострымі калючкамі… Гару тую каля сяла сталі называць Дзявочай.
Цікавая казка пра вынаходлівасць чалавека, дзе галоўныя героі — шыпшына і злы дух абасы, ёсць і ў якутаў. Ішлі побач чалавек і абасы і размаўлялі пра тое, чаго кожны з іх баіцца. Чалавек прызнаўся, што ён баіцца найперш тлушчу, мяса і алею. У адказ на такую шчырасць абасы назваў свой галоўны страх — гэта былі калючкі шыпшыны. Праз пэўны час абасы адчуў голад і захацеў з’есці чалавека, — але той шыбануў у кусты шыпшыны. Абасы не адступіўся: каб выкурыць адтуль чалавека, пачаў кідаць у яго кавалкі мяса, тлушчу… Чалавек жа ўдаваў боязь і з’ядаў тое, што ў яго кідалі. Абасы сышоў ні з чым…
Часта шыпшына згадваецца і ў фальклоры як сімвал трагічнага, конавага кахання. У Караткевіча ёсць цудоўная балада, створаная па народных матывах, пад назвай «Шыпшына і ружа». Па сюжэце, гэтыя расліны жылі разам і кахалі адна адну, але прыйшлі заваёўнікі і ўсіх абклалі падаткам. Горды шыпшына не захацеў скарыцца і збег у непраходныя пушчы («Хай цяжка — затое вольны, // А вольнаму добра жыць»), а хатняя ружа засталася, бо не рашылася пакінуць маці («А там, каля старай хаты, // З сівінкаю на лістах // Сумуе хатняя ружа // У чыстых росах-слязах»)… Баладу пра шыпшыну і ружу спявала ў «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» Дубраўка. Гэтая песня лейтматывам гучыць у творы, яе ўспамінае галоўны герой Рогач.
З лёгкай рукі Уладзіміра Дубоўкі шыпшына стала адным з сімвалаў Беларусі: «О Беларусь, мая шыпшына, // зялёны ліст, чырвоны цвет! // У ветры дзікім не загінеш, // чарнобылем не зарасцеш. <…> Варожасць шляху не зачыніць: // у перашкодах дух расце. // О Беларусь, мая шыпшына, // зялёны ліст, чырвоны цвет!» Верш, напісаны ў 1925 годзе, стаў для Беларусі прарочым. Нягледзячы на шматлікія выпрабаванні і нягоды, жыве яна і жыць будзе! Не дзіўна, што сапраўдныя паэты з’яўляюцца прарокамі: калісьці Іосіф Бродскі зазначыў, што «прароцтва ў паэтаў — пабочны эфект».
Радкі гэтыя натхнілі на патрыятычныя вершы шмат каго з паэтаў-паслядоўнікаў: іх пазначалі як эпіграф, абыгрывалі гэтыя словы новымі сэнсамі і адценнямі.
У Максіма Лужаніна ёсць верш пад назвай «Загубіла шыпшына залатыя пялёсткі» (1926), дзе лірычны герой сумуе па страчаным каханні:
Загубіла шыпшына залатыя пялёсткі,
залатыя пялёсткі — гэта дзень за гарой.
І адкуль мне сягоння неразгаданы лоскат,
неразгаданы лоскат — імжыць серабро?
Твор быў надрукаваны ў 1-м нумары часопіса «Узвышша» за 1927 год.
І душу лірычнага героя Пятра Глебкі разрываюць пачуцці жалю, тугі і прагі чагосьці нязведанага ў вершы «О, не!..»:
…Да іншых дум, да іншых летуценняў,
Дзе ласкі кволай, як твая, няма,
А ёсць адвага мужная ў імкненнях
І для імкненняў — велічны размах.
Калі яна у кроў маю і жылы
Прасочыцца, як сонца да ліста, —
Тады не зарасце мая магіла:
На ёй шыпшына будзе расцвітаць.
Дарэчы, назву «Шыпшына» меў першы зборнік лірыкі Пятра Глебкі, які пабачыў свет у 1927 годзе ва «Узвышшы».
Адной з любімых кветак была шыпшына і ў Яўгеніі Янішчыц. Паэтка стварыла галерэю непаўторных вобразаў:
…І, з гэтай песняй зліўшыся вышыннай,
Ва ўсёй сваёй яскравай прастаце
Жыццё маё, як дзікая шыпшына,
Хоць колецца, а ўсё-такі — цвіце.
Кветка шыпшыны ў Янішчыц сімвалізуе безумоўнае шчасце, якое, нібы сонца, ні ад чаго не залежыць, а даецца табе толькі за тое, што ты ёсць:
Сустракаемся так рэдка.
Нават святы
Убаку ад нас жывуць, як хутаркі.
Прывязі — прашу —
Шыпшыны мне і мяты
Гаварок палескі наш негаваркі.
Яскравы вобраз шыпшыны створаны і ў вершы Наталлі Кучмель, надзвычай маляўнічы: чытаеш — і адразу бачыш сябе ўнутры ідылічнай карцінкі летняга пераднавальнічнага надвячорка:
Стрыжоў і ластавак мые
Неба вадаварот.
Шыпшыны губы тугія
Сцялі ружовы рот…
Назву кветкі (на лаціне — Rosa) звязваюць з востравам Родас, адкуль, верагодна, паходзіць ружа. Па іншай версіі, назва ўтварылася ад кельцкага слова «rhodd», што значыць чырвоны, з-за колеру кветак і пладоў. Шыпшына адносіцца да сямейства Ружовых, надзвычай карысная для чалавека і шырока ўжываецца ў народнай медыцыне.
Акрамя вітаміну С, якога ў шыпшыны ў 10 разоў болей, чым у апельсіне і лімоне, плады расліны багатыя на вітаміны Р і К, флаваноіды, караціноіды, дубільныя рэчывы і пекціны. Таксама шмат у пладах антыаксідантаў, яны здольны амалоджваць арганізм, зніжаць боль пры артрыце, добра ўплываць на работу сэрца, павышаць супраціўляльнасць да запаленняў, паскараць аднаўленне тканак, зніжаць пранікальнасць сасудаў, стымулююць разумовыя і фізічныя здольнасці.
Таша ШПАКОЎСКАЯ
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.
З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?