Вы тут

«Я не загадка, Фрэйд, а таямніца». Цікавосткі студэнцкага спектакля «Госць»


Студэнцкія спектаклі — падзеі асаблівага роду. З аднога боку, жывасць, маладосць і імпэт кампенсуюць любыя недахопы майстэрства, а з іншага — далёка не заўсёды можна здагадацца, хто з акцёраў хутка з’явіцца на тэатральных афішах, а для каго студэнцкія спектаклі так і застануцца адзіным досведам.


«Я не загадка, Фрэйд, а таямніца», — абвяшчае афіша да дыпломнага спектакля студэнтаў чацвёртага курса спецыяльнасці «Акцёрскае майстэрства (драматычны тэатр і кіно)» тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Прэм’ера спектакля «Госць» адбылася 29 сакавіка ў вялікай зале вучэбнага тэатра-студыі імя Е. Міровіча.

Асновай для пастаноўкі стала п’еса «Наведвальнік» французска-бельгійскага драматурга і пісьменніка Эрыка-Эмануэля Шміта. Твор з’явіўся ў 1993-м і прынёс аўтару шырокую вядомасць у краінах Еўропы, а таксама прэмію Мальера.

У цэнтры гісторыі — знакаміты псіхааналітык Зігмунд Фрэйд, вядомы сваімі атэістычнымі поглядамі. Месца і час дзеяння — Вена, 1938 год. Росквіт нацыянал-сацыялізму, ужо адбыўся аншлюс Аўстрыі, і краіна ўвайшла ў склад Германіі. Цяжкія гады, калі ўвесь час даводзіцца баяцца за сваё жыццё і лёс блізкіх, калі ў любы момант могуць прыйсці прадстаўнікі сумна вядомых службаў. Сам Фрэйд ужо смяротна хворы на рак горла, але ўсё яшчэ не з’язджае з акупаванай сталіцы, негледзячы на тое, што ўся сусветная супольнасць настойвае на яго ад’ездзе, а нацысты не перашкаджаюць.

І нечакана праз акно да знакамітага навукоўца прыходзіць госць. Далёка не адразу доктар Фрэйд пачынае разумець, што перад ім не пацыент псіхіятрычнай клінікі альбо выпадковы прахожы. Перад ім Бог. Паміж імі адбываецца дыялог. Грунтоўная гутарка, спрэчка, дыспут.

Пагадзіцеся, аснова спектакля ўяўляе сабой насычаны тэалагічнымі роздумамі і чалавечымі пакутамі твор. Сам аўтар п’есы Э. Шміт выказваўся аб сваім стаўленні да Бога цьмяна: «Я — агностык, які верыць. На пытанне аб існаванні Бога я прывык адказваць, што не ведаю, але лічу, што так. Яго існаванне немагчыма давесці навуковым і рацыянальным шляхам, але яно спасцігаецца з дапамогай веры».

Пастаноўшчык спектакля — загадчыца кафедры акцёрскага майстэрства Наталля Башава. З выкладчыцкай уважлівасцю і мастацкай інтуіцыяй яна падышла да трансфармацыі і адаптацыі літаратурнага тэксту для маладых акцёраў. У выніку рэжысёр абрала шлях балансу, і ён прасочваецца на працягу ўсяго спектакля.

Так, спачатку можна разгубіцца ад таго, што нібыта стары і смяротна хворы Фрэйд жвава рухаецца па сцэне і спакойна прамаўляе доўгія тырады. Аднак у гэтым — задума аўтара. У п’есе менавіта гэта пазначана як вырашальны момант. Сам Зігмунд Фрэйд не згаджаўся са сваім узростам, што і паказваў усімі магчымымі спосабамі. Кпіць з яго ў размове і сам Бог.

На карысць спектакля, які ўсё ж разгортваецца ў сценах вучэбнай установы ў краіне, якая непапраўна моцна пацярпела ад нацызму, пайшло і выключэнне празмернай грубасці, якая месцамі ўскладняе чытанне літаратурнага твора. Ніякай крамолы Эрых-Эмануэль Шміт не закладае, аднак роздумы аб лёсе іўдзейскага народа і супрацоўнікаў гестапа наўрад ці адпавядаюць нашаму сённяшняму дню.

Добрая крыніца тэксту і ўважлівае стаўленне рэжысёра-пастаноўшчыка да адаптацыі твора дазваляюць заззяць у святле сафітаў талентам маладых акцёраў. Фрэйд, госць, Ганна, гестапавец — кожнага з персанажаў можа выканаць толькі артыст пэўнага тыпажу. А вы- значэнне такога роду ўжо ва ўніверсітэце закладае далейшы шлях.

Няцяжка звярнуць увагу і на высокі, а месцамі і празмерны драматызм падзей, пафас прамоў. Маналогі напоўнены горыччу і шкадаваннем аб гадах, якія мінулі беззваротна, нібыта людзі ва ўзросце толькі такія рэчы і абдумваюць. Аднак і тут ёсць адказ! У арсенале артыста маюцца эмоцыі і ўражанні, з дапамогай якіх прасцей дасягнуць мэты — зачапіць гледача, з’яднацца з ім. Пачуцці болю, гора, страты, крыўды вельмі лёгка і надзвычай глыбока судакранаюцца з чалавекам. Маладому акцёру гэта аблягчае задачу, дазваляе адчуць зваротныя эмоцыі залы.

Валянцін САЛОМА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».