Вы тут

Цікавая экспазіцыя графікі і скетча «Big city life» працуе ў прасторы ZAL#2


Незвычайная экспазіцыя графікі і скетча «Big city life» працуе ў прасторы ZAL #2. Гэта другая зала галерэі «Арт-Беларусь» у Палацы мастацтва. Праект сабраў работы маладых мастакоў, якія адлюстроўваюць навакольнае асяроддзе і паўсядзённасць. Як яны яе ўяўляюць, якой бачаць і перадаюць на паперы — тэма даволі прадстаўнічай выстаўкі. Куратарам выступае Кацярына Янкоўская.


Лізавета Емяльянава «Сцэна на Камароўцы I», 2017 г.

«Big city life» знаёміць з творчасцю, як падкрэсліваюць арганізатары, найбольш актуальных беларускіх аўтараў. Гэта Ганна Кохан, Вераніка Талецкая, Лізавета Емяльянава, Міхаіл Дайлідаў, Марыя Сыракваш і Наталля Язерская. Такім чынам, выстаўка падкрэслівае не толькі важнасць ведання творчасці маладых мастакоў, але і рознабаковасць іх зацікаўленняў, схільнасць да эксперыментаў у тым кірунку, якому ў Беларусі надаецца не так шмат увагі.

Паняцце «скетч» паходзіць ад англійскага слова «sketch» — хуткі малюнак, які дапамагае адлюстраваць галоўную ідэю, задуму. Першапачаткова скетчамі называлі хуткія і, што важна, віртуозныя замалёўкі горада, архітэктуры, людзей і модных вобразаў, прадметаў — усяго, што па тэхніцы выканання прадугледжвае хуткасць, стылізацыю, упэўненасць і творчую свабоду. Цяпер да гэтага кірунку адносяць таксама малюнкі, выкананыя не толькі ў сучаснай, але нават і ў акадэмічнай манеры. Яны могуць быць як паўабстрактнымі, так і дэтальнымі і вельмі дакладнымі ў адлюстраванні нейкай з’явы рэчаіснасці.

Матэрыялы выкарыстоўваюцца вельмі розныя: акварэль, туш, каляровыя і акварэльныя алоўкі, вугаль, каляровае чарніла, пастэль. Распаўсюджаны таксама сучасныя графічныя прылады: пан-пастэль, акварэльныя маркеры, розныя лінеры. Цікавыя вынікі дае змешванне тэхнік — выстаўка «Big city life» гэта пацвярджае.

Што тычыцца скетча, прысвечанага гарадской прасторы, то найбольш важны аспект — уменне перадаць настрой і атмасферу месца. У гэтым хаваецца і пытанне дасканаласці: хтосьці мяркуе, што неабходна правільна перадаць маштабы адлюстраванага, паказаць дэталі і асаблівасці месца. Іншыя, як арганізатары выстаўкі ў прасторы ZAL#2, схільны лічыць, што ў скетчынгу не патрабуецца дакладнае капіраванне, галоўнае — зафіксаваць успрыманне мастаком гарадскога асяроддзя ў пэўны момант.

Графіка, як мы ведаем, — мастацтва таксама шмат у чым умоўнае. Галоўныя яе характарысткі — лаканічнасць мастацкай манеры і ёмістасць вобразаў. Усё гэта для стварэння неабходнага эфекту недаказанасці, нягледзячы на тое, што мастакі, як правіла, ствараюць неймаверна дакладныя сюжэты. І тут трэба нагадаць: графіка ў большай ступені — жанр унікальны, бо здольны адлюстраваць разнастайнасць таго ж горада, што складана зрабіць у скетчы.

Ганна Кохан «Токіа», 2020 г.

Чаму арганізатары вырашылі аб’яднаць два кірункі, пытанне складанае. Можна толькі меркаваць, што вартых увагі скетчаў (зноў жа — на думку арганізатараў) не так і шмат і цэльнай экспазіцыі магло не атрымацца. А паказаць напрацоўкі і, магчыма, даць штуршок для новых пошукаў — справа пахвальная.

Лейтматыў экспазіцыі — прыстасаванне асобнага чалавека ў зменлівых умовах рэчаіснасці. Хтосьці глядзіць на горад у аддаленасці, захоўваючы пэўную дыстанцыю (прыклад — «Італьянскі двор у Тбілісі» (2021) Наталлі Язерскай), а нехта імкнецца стаць яго неад’емнай часткай («Раніца ў гарадскім кафэ» (2022) Лізаветы Емяльянавай). Як паказваюць работы экспазіцыі, большасць мастакоў усё ж адносяцца да першай «групы» — супрацьпастаўляюць сябе гораду, знаходзяцца з ім у актыўным дыялогу. Яркай яго ўдзельніцай з’яўляецца Ганна Кохан: сюжэты «Будні» (2022), «Рух» (2022), «Маладосць» (2022), «Плынь» (2022), «Токіа» (2020) расказваюць пра, здаецца, непазбежнае адзіноцтва і пошук адказаў на пытанні, што хвалююць. А адказы патрэбна даваць — і сабе, і іншым.

Вераніка Талецкая «Seine Embankment», 2021 г.

Многія аўтары разважаюць пра трывогу, звязаную, апроч іншага, з адчуваннем няўтульнасці ў мегаполісе, якім бы прыгожым і камфортным ён ні быў. У гэтым рэчышчы звяртаюць на сябе ўвагу работы Марыі Сыракваш, Міхаіла Дайлідава, той жа Ганны Кохан. Мастакі робяць гэта ў даволі спакойнай манеры — часам такім чынам, што гледача падобныя пачуцці амаль не закранаюць.

Калі да гэтага гаворка была ў асноўным пра чорна-белыя скетчы і графіку, то далей яна пойдзе пра колер. І, трэба сказаць, у выпадку з выстаўкай «Big city life» ён кардынальным чынам мяняе стаўленне да экспазіцыі, а дакладней — да агульнага настрою. Сустракаюцца сюжэты і жыццесцвярджальныя, і натхняльныя, і шмат у чым рамантычныя. У іх адлюстроўваецца аўтарскае бачанне прыгожага, светлага, лірычнага. Говорка найперш пра кампазіцыі Веранікі Талецкай і Лізаветы Емяльянавай, у якіх заўважна спакойнае сузіранне і імкненне дагадзіць гледачу. І ў дадзеным выпадку гэта прыемна.

Міхаіл Дайлідаў «Новы дом», 2015 г.

Колькі слоў хочацца сказаць пра канцэпцыю праекта «Big city life». Апошнім часам асаблівых намаганняў у кірунку прадумвання арганізацыі прасторы не назіраецца — большасць выставак юбілейныя, аглядныя, рэтраспектыўныя, дзе ўся ўвага, як мяркуецца, павінна канцэнтравацца на творы. Стваральнікі экспазіцыі ў прасторы ZAL #2 задумаліся пра тое, што не заўсёды дастаткова аднаго толькі мастацтва — з залай, асабліва ўжо звыклай для гледача, неабходна працаваць. Галоўнае, што зрабілі для сённяшняга праекта арганізатары, — дадалі ў яго жыцця, прымусілі адчуць павеў свежага ветру, які не збіраецца збіць з ног, а толькі песціць.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».