Вы тут

Якія новыя гібрыды і сарты перцу, тамату і баклажана прапануе беларуская навука


Агарод не агарод без памідорак, ды і вясна не вясна без расады паслёнавых, а восень — не восень без памідорных закатак і нарыхтовак. Перац, дарэчы, сёння таксама фактычна стала «прапісаўся» на вясковых агародах і дачных участках.


Гібрыд салодкага перцу Кінжал F1 упрыгожыць і ваш агарод, і ваш стол.

У апошнія дзесяцігоддзі ў спіс «абавязковых» для нашых агароднікаў трапілі і баклажаны. Быў час (гадоў 30-40 таму), калі для іх вырошчвання ў нашых паўночных шыротах патрабавалася шмат намаганняў, сёння культура выдатна сябе адчувае ў пацяплелым клімаце «цэнтра Еўропы».

І хоць надвор’е пакуль не радуе, а агароднікі жартуюць, што на двары «63 лютага», у спецыялізаваных аддзелах продажу насення традыцыйны вясновы ажыятаж. Многае даўно пасеяна: у вокнах яшчэ ў сакавіку запаліліся фіталампы... Вядома, кожнаму хочацца, каб сёлетні ўраджай не расчараваў. Напярэдадні новага агароднага сезона карэспандэнт «Звязды» паразмаўляла з адным з вядучых у нашай краіне спецыялістаў па паслёнавых культурах, кандыдатам біялагічных навук, загадчыкам лабараторыі РУП «НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» Леанідам Мішыным пра тое, на чым засяродзіцца, каб ураджай памідораў, перцу і баклажанаў апраўдаў чаканні.

Каб расліны не хварэлі

— Леанід Аляксандравіч, ці сталі ўмовы вырошчвання паслёнавых у Беларусі больш спрыяльнымі ў сувязі са змяненнем клімату? Ці павелічэнне ўраджайнасці памідораў, перцу, баклажанаў у большай ступені звязана з селекцыйнай работай?

— Народная мудрасць кажа: «Ад благога насення не чакай добрае племя». То-бок, ураджайнасць залежыць ад насення, сартоў. Лічыцца, што ў пэўнай кліматычнай зоне ўраджайнасць на 30-50 % вызначаецца генетычнымі ўласцівасцямі сорта. У апошнія гады селекцыянерамі нашага інстытута было створана некалькі новых высокаўраджайных сартоў і гібрыдаў тамата, перцу, баклажана. Улічваючы асаблівасці беларускага клімату, асноўны ўпор у селекцыі рабіўся на павышэнне раннеспеласці, ураджайнасці, устойлівасці да мясцовых найбольш шкодных захворванняў, а таксама на смакавыя якасці пладоў. У цяперашні час мы працуем над устойлівасцю раслін да такіх небяспечных захворванняў, як кладаспарыёз, фузарыёз, вірус тытунёвай мазаікі, фітафтароз. Змены клімату прыводзяць да змены расавага саставу шэрагу хвароб, іх шкоднаснасці. І гэта, зразумела, улічваецца селекцыянерамі пры стварэнні сучасных сартоў. Гібрыды F1 валодаюць цэлым шэрагам пераваг, і мы паступова пераарыентуем работу менавіта на стварэнне такіх гібрыдаў у паслёнавых культур.

Гібрыд Маг F1 спее на 3-5 дзён раней за аналагі.

Такім чынам, выснова першая: выбіраючы насенне паслёнавых (памідоры, перцы, баклажаны) для свайго агарода, звяртаем увагу на гібрыды F1.

Заўважым, што часта агароднікі аддаюць перавагу сартам (у першую чаргу — у дачыненні да таматаў), хаця гібрыды больш устойлівыя да хвароб, ды і ўраджайнасць іх вышэйшая. Звязана гэта, у прыватнасці, з меркаваннем, што гібрыды ствараюцца для прамысловай вытворчасці, і таму ўвага навукоўцаў сканцэнтравана ў першую чаргу на лёжкасці, транспартабельнасці і прыгажосці пладоў, у той час як сарты — смачнейшыя, іх скурка больш тонкая, а мякаць — больш далікатная. Але пры стварэнні гібрыдаў паслёнавых апошняга пакалення навукоўцы як раз галоўнымі крытэрыямі вызначылі менавіта смакавыя характарыстыкі.

Добрыя навіны

— Якія новыя гібрыды і сарты перцаў, баклажанаў і памідораў можа прапанаваць агароднікам беларуская навука напачатку дачнага сезона? Вялікую цікавасць выклікае гібрыд тамата «Зубраня» — нізкарослы, высокаўраджайны і раннеспелы.

— Гібрыд тамата Зубраня F1 яшчэ праходзіць выпрабаванне ў ДУ «Дзяржаўная інспекцыя па выпрабаванні і ахове гатункаў раслін». Ён створаны на замену добра вядомай «Перамозе». Заўважым, што «Перамога» — гэта сорт селекцыі 1954 года. Быў створаны для вырошчвання ў адкрытым грунце, а ўраджайнасць яго не перавышае 3 кг з куста. «Зубраня» валодае ўсімі вартасцямі ўпадабанай агароднікамі «Перамогі», і пры гэтым мае шэраг плюсаў. Гэта дэтэрмінантны (нізкарослы) раннеспелы гібрыд тамата для адкрытага грунту і плёнкавых цяпліц. Спее на 4-5 дзён раней за буйнаплодныя аналагі для адкрытага грунту. Гібрыд адносна ўстойлівы да кладаспарыёзу. Плады буйныя, масай 120-180 грамаў, плоска-акруглай формы, слабарэбрыстыя. Афарбоўка плода тэхнічнай спеласці — зялёная, біялагічнай спеласці — чырвоная. Смакавыя якасці гібрыда «Зубраня» ацэнены на ўзроўні 4,5 бала, а гэта высокая ацэнка. Выкарыстоўваць гэтыя таматы можна для прыгатавання салатаў, сокаў і кетчупаў. Ураджайнасць — 45-50 т/га ў адкрытым грунце, 8-10 кг/м2 — у плёнкавай цяпліцы.

Вялікую цікавасць агароднікаў выклікае гібрыд Зубраня F1 — нізкарослы, высокаўраджайны і раннеспелы.

— А калі казаць пра высакарослыя памідоры, ці запатрабаваныя яны сучаснымі агароднікамі?

— Так, і ў гэтым кірунку таксама вядзецца селекцыйная работа. Сярод навінак, створаных у апошнія гады, — два высакарослых (індэтэрмінантных) гібрыды для плёнкавых цяпліц. Гібрыд Лапа F1 — сярэднеранні, вегетацыйны перыяд складае 105-110 дзён. Плады круглявыя, буйныя, масай 200-250 г, у тэхнічнай спеласці — светла-зялёныя, у біялагічнай — чырвоныя, высокіх смакавых якасцей (4,5 бала). Прыдатныя для ўжывання ў свежым выглядзе, для прыгатавання сокаў і кетчупаў. Да несумнеўных вартасцей «Лапы» можна аднесці тое, што гібрыд пераўзыходзіць буйнаплодныя аналагі па хуткаспеласці на 3-5 дзён, валодае устойлівасцю да кладаспарыёзу,  віруса тытунёвай мазаікі і фузарыёзу. Яго ўраджайнасць —16 кг/м2.

Гібрыд Лежабок F1 — таксама высакарослы, сярэдняспелы. Плады круглявыя, у тэхнічнай спеласці — светла-зялёныя, у біялагічнай — чырвоныя. Сярэдняя маса плода — 100-140 г, выкарыстанне такіх таматаў — універсальнае: у свежым выглядзе, для кансервавання. Дэгустацыйная адзнака спелых пладоў — 4,4 бала. Ураджайнасць — 14-16 кг/м2. І, што немалаважна, гэтыя памідоры выдатна захоўваюцца. Лёжкасць пладоў — на 30-35 дзён больш, чым ў стандарта ў гэтай групе. «Лежабок» устойлівы да кладаспарыёзу, адносна ўстойлівы да фузарыёзу і ВТМ. Патрабуе фармоўкі ў адно сцябло.

— А на якія новыя сарты перцу і баклажанаў вы параілі б звярнуць увагу?

— У апошнія гады намі створаны два гібрыды перцу салодкага для плёнкавых цяпліц. Гібрыд Маг F1 — ранні, сярэднерослы, ён спее на 3-5 дзён раней за аналагі. Плады конусападобныя, у тэхнічнай спеласці — светла-зялёныя, у біялагічнай — чырвоныя. Сярэдняя маса плода — 110-130 г, таўшчыня сценкі — 6 мм. Гэтыя перцы падыходзяць і для ўжывання ў свежым выглядзе, і для кансервавання і замаразкі. Дэгустацыйная адзнака спелых пладоў — 4,5 бала. Ураджайнасць у цяпліцы 4,5-5,5 кг/м2. Адна з галоўных вартасцей — шэрай гнілатой гібрыд пашкоджваецца слаба.

Буйнаплодны гібрыд Лапа F1 прыдатны для ўжывання ў свежым выглядзе, гатавання сокаў і кетчупаў.

Яшчэ адна навінка — гібрыд салодкага перцу Кінжал F1. Ён сярэдняспелы. Сярэдняя маса плода — 110-130 г, Таўшчыня сценкі — 5-6 мм. Сваю назву гібрыд атрымаў за арыгінальную форму пладоў. Цікавая і іх афарбоўка. Гэтыя перцы — конусападобнай формы, накіраваны ўніз, гладкія, слабарэбрыстыя, уціснутасць пладаножкі слабая, форма верхавіны плода вострая. Афарбоўка ў тэхнічнай спеласці — цёмна-зялёная, у біялагічнай —жоўта-аранжавая. Такім чынам, перац «Кінжал» стане яшчэ і аздобай агарода і стала. Выкарыстанне пладоў універсальнае: у свежым выглядзе, для кансервавання і замаразкі. Дэгустацыйная адзнака спелых пладоў —  4,5 бала, ураджайнасць у цяпліцы — 5-6 кг/м2.

Гаворачы пра селекцыю баклажана, не магу не згадаць сорт «Кулон», прызначаны для плёнкавых цяпліц. Ён сярэднеранні, суквецце — пэндзаль, што забяспечвае добрую завязваемасць пладоў ва ўмовах вялікага перападу тэмператур у цяпліцы. Плады масай 150-250 г, цыліндрычныя, гладкія, фіялетавыя. Афарбоўка мякаці зяленаватая. І, што падаецца мне важным, смак гэтага баклажана — без горычы. Ураджайнасць — 4-6 кг/м2. Размяшчаюць 2 расліны на 1 м2.

Выснова другая: спрабуем новае.

Старыя правераныя сарты беларускай селекцыі, выведзеныя яшчэ ў савецкія часы, маюць вялікі крэдыт даверу ў агароднікаў як у Беларусі, так і ў сярэдняй паласе Расіі, дзе клімат падобны да нашага. Але каб знайсці менавіта свае ідэальныя таматы, перцы і баклажаны, трэба спрабаваць розныя варыянты. Бо ў розных умовах сарты і гібрыды паказваюць сябе неаднолькава. Новыя распрацоўкі селекцыянераў валодаюць большай устойлівасцю да хвароб, непераборлівыя ў доглядзе і гарантавана даюць добрыя ўраджаі. А любімыя смакі выбіраем вопытным шляхам.

Пра насенне і расаду

Таматы гібрыда Лежабок F1 выдатна захоўваюцца.

— Ад чаго ў першую чаргу залежыць якасць расады і ў канчатковым выніку — ураджай паслёнавых культур? Ад якасці насення ці ад скрупулёзнага выканання агратэхнікі і добрага догляду за раслінамі? Дайце, калі ласка, некалькі парад нашым чытачам па вырошчванні расады памідораў, перцу і баклажанаў.

— Якасць расады складаецца з многіх важных фактараў. Зразумела, важна купляць якаснае насенне ў вядомага вам вытворцы.Трэба абавязкова дэзінфіцыраваць насенне ад хвароб, каб расада не загінула ў працэсе вырошчвання (напрыклад, у 1 % растворы марганцоўкі на працягу 30 хвілін: 2 грама на 200 мл вады). Важна вытрымліваць тэмпературу +25 градусаў да з’яўлення 70 % усходаў. Важны і склад грунту. У пахмурнае надвор’е трэба дасвечваць лямпай. Каб маладыя расліны не «выцягваліся», неабходна вытрымліваць розніцу паміж дзённай і начной тэмпературай у 2-3 градусы. І вядома ж, не абысціся без падкормкі расады асноўнымі ўгнаеннямі (азот, фосфар, калій) і мікраэлементамі.

Смак мякаці баклажана сорта «Кулон» — зусім без горычы.

— Раскажыце, калі ласка, як выбраць якаснае насенне. Сёння, акрамя беларускага, агароднікі часта купляюць насенне расійскай вытворчасці. І нярэдка аддаюць перавагу насенню сібірскай і ўральскай селекцыі — ёсць меркаванне, што яно больш прыстасаванае да капрызаў надвор’я. Наколькі разумны такі выбар?

— Пры выбары насення, паўтаруся, я раіў бы звярнуць увагу на набыццё менавіта гібрыдаў F1, а не сартоў. Гібрыды больш ураджайныя, як правіла, у іх больш генаў устойлівасці да хвароб. Сярод вялікай разнастайнасці варта аддаць перавагу айчынным гібрыдам і сартам: яны адаптаваныя да асаблівасцей клімату і глеб у нашай рэспубліцы. Што датычыцца сартаў «сібірскай» селекцыі, то яны прыстасаваныя да ўмоў менавіта таго рэгіёна — да ўстойлівай спякоты ў летні перыяд. У спякотнае лета яны і ў нас пакажуць сябе добра, але калі надвор’е «падкачае», ураджай можа расчараваць агародніка. А такое, пагадзіцеся, часта бывае ў нашай кліматычнай зоне: у красавіку снег, у маі спякота, у чэрвені засуха, у ліпені раптам холад і дажджы, а ў жніўні зноў +30... У любым выпадку трэба памятаць, што вырошчваць вялікія калекцыі няварта, бо вы можаце занесці на свой агарод вельмі небяспечныя хваробы. Лепш вырошчваць 1-2 сарты, правераныя часам, якія добра пладаносяць у вашых умовах. І, вядома, некалькі ўстойлівых да хвароб гібрыдаў F1, якія гарантавана забяспечаць вам ўраджай.

Навукоўцы лабараторыі паслёнавых культур РУП «НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве».

Выснова трэцяя: выбіраем гібрыды і сарты айчыннай селекцыі, адаптаваныя менавіта да нашага клімату.

Якасць насення — адзін з ключавых фактараў, якія вызначаюць ураджай любой культуры, і паслёнавых — у тым ліку. Ад яго шмат у чым залежыць радасць або расчараванне агародніка, калі прыйдзе час збіраць ураджай.

Але чым больш высокаўраджайны сорт, тым больш ён патрабавальны да складу глебы, умоў вырошчвання, агратэхнікі. То-бок, лепш падыходзіць прафесіяналам. Аматарам лепш выбіраць непатрабавальныя сарты і гібрыды, бо яны даюць лепшы вынік, чым «навінкі еўрапейскай селекцыі». І, вядома, вельмі важна, каб гібрыд або сорт паслёнавых быў адаптаваны менавіта да нашай кліматычнай зоны і складу глебы. Так што «купляйце беларускае» ў дадзеным выпадку — не рэкламны слоган, а разумная рэкамендацыя і гарантыя ўраджаю.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?