Вы тут

«Захаваць мір і бяспеку на роднай зямлі мы можам толькі ўсе разам»


«Захаваць мір і бяспеку на роднай зямлі мы можам толькі ўсе разам». Абмяркоўваем Пасланне Прэзідэнта.


Іван КУБРАКОЎ, міністр унутраных спраў, генерал-лейтэнант міліцыі:

— У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт удзяліў увагу ўсім напрамкам жыцця грамадства. Але галоўнай тэмай, безумоўна, стала захаванне і ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці нашай дзяржавы. А гэта сфера адказнасці і сілавых структур.

«Чым больш мы хочам жыць у мірнай суверэннай дзяржаве, тым мацнейшымі мы павінны быць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Нам, людзям у пагонах, пастаўлена задача што б там ні было захаваць мір на беларускай зямлі. Мы робім тое і гатовыя да розных сцэнарыяў развіцця падзей. Улічваючы практыку іншых краін, а таксама вопыт, набыты намі ў 2020 годзе, адпрацоўваем на вучэннях узаемадзеянне падраздзяленняў МУС пры спыненні спроб нападзення на населены пункт, захопу крытычна важных аб'ектаў, абясшкоджванні і затрыманні ўдзельнікаў незаконных узброеных фарміраванняў. Асаблівую ўвагу пры гэтым удзяляем забеспячэнню бяспекі грамадзян. Ужо паспелі ацаніць многія перавагі беспілотных лятальных апаратаў, якія з'яўляюцца важнай падмогай для кантролю за аператыўнай абстаноўкай. Ды і ў цэлым, ідучы ў нагу з часам, укараняем у работу розных службаў новыя тэхнічныя сродкі.

Як паказваюць апошнія падзеі, у прыватнасці ў Мачулішчах, міліцыянеры і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў павінны быць гатовыя дзейнічаць у любы час сутак на любой тэрыторыі. Для выканання ж асаблівых задач ствараем спецыяльныя падраздзяленні. Такія рашэнні дыктуюць час і абстаноўка вакол нашай краіны. Напрыклад, байцы сфарміраванага ў канцы мінулага года асобнага атрада спецыяльнага прызначэння «Рысь» з першых дзён акунуліся ў работу ў прыграніччы з Украінай, забяспечвалі падтрымку аператыўнікам, разам з калегамі з падраздзяленняў МУС і іншых сілавых ведамстваў не далі ўцячы з Беларусі выканаўцу тэракта ў Мачулішчах.

Хацеў бы запэўніць грамадзян нашай краіны: органы ўнутраных спраў, унутраныя войскі гатовыя і далей прыкладаць усе намаганні, каб дастойна і эфектыўна супрацьстаяць праявам тэрарызму і экстрэмізму, усім выклікам і пагрозам, забяспечваць правапарадак, бяспеку людзей і мірнае неба над галавой. Але захаваць мір і бяспеку на роднай зямлі мы можам толькі ўсе разам. Аб гэтым таксама неаднаразова гаварыў Прэзідэнт. У сённяшні неспакойны час мы павінны быць пільнымі, рабіць усё для таго, каб спрацаваць на апярэджанне і не дапусціць здзяйснення на нашай тэрыторыі тэрарыстычных актаў і іншых злачынстваў. Для гэтага неабходна, каб кожны грамадзянін краіны разумеў, наколькі важна своечасова інфармаваць органы ўнутраных спраў і іншыя кампетэнтныя органы аб найменшай небяспецы, падазроных асобах і прадметах. Такое адзінства — залог таго, што нашы вуліцы будуць і надалей заставацца мірнымі і бяспечнымі.


Ірына СТАРАВОЙТАВА, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Прэзідэнт, як заўжды, вельмі адкрыты ў звароце да народа. І гэтая адкрытасць, шчырасць і перажыванне за тое, што адбываецца на ўнутры- і знешнепалітычнай арэне, заўсёды вельмі падкупляе. Перыяд вельмі няпросты. Улічваючы знешнепалітычныя працэсы, якія адбываюцца і звязаныя з ваенным нагнятаннем на знешніх рубяжах, умацаванне бяспекі лейтматывам праходзіла праз усё пасланне. Стала зразумела, што робіцца ў нашай краіне для ўмацавання на знешніх граніцах, у ваенна-палітычных адносінах і якія былі прынятыя рашэнні ўнутры Беларусі для ўмацавання стабільнага развіцця і паляпшэння якасці жыцця нашага насельніцтва.

Прэзідэнт закрануў і сацыяльную сферу. На прыкладзе шматдзетных сем'яў ён адзначыў: вельмі важна, каб усе льготы, якія атрымліваюць людзі, даходзілі да таго самага канкрэтнага дзіцяці.

Вельмі важныя моманты Прэзідэнт акрэсліў і адносна выхавання моладзі, адзначыўшы, што толькі сапраўдны патрыёт сваёй краіны можа выхаваць патрыёта. Звяртаючы на гэта ўвагу, мы разумеем, што тут вельмі важныя не толькі змястоўныя аспекты (навучальныя дапаможнікі і змест выкладання), але і тое, хто выкладае. Што датычыцца сістэмы адукацыі, Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу, што ў нас досыць якасная адукацыя, гэта пацвярджаецца ў тым ліку тым, што да нас едуць вучыцца замежныя грамадзяне з вялікай колькасці краін.

Увогуле кіраўнік дзяржавы закрануў практычна ўсе магчымыя пытанні. У навуковай сферы, напрыклад, гэта неабходнасць інтэграцыі навуковых распрацовак у прамысловую сферу. Нам неабходна рабіць тое як мага хутчэй і ствараць новыя вытворчасці, прадпрыемствы і рабочыя месцы, бо Прэзідэнт найперш думае пра дабрабыт краіны і народа, які ў ёй жыве. І гэта адчувалася і было відаць па эмоцыях, якія выказваў Прэзідэнт. Гэта адчувала ўся зала.


Дзмітрый ГАДУН, ваенны камісар Мінскага раёна:

— Мне пашчасціла ўдзельнічаць у такім значным мерапрыемстве, як выступленне Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. З першых хвілін гэтага выступлення кіраўнік нашай дзяржавы адзначыў, што наш народ адзіны. «Народнае адзінства — першая ўмова захавання суверэнітэту і незалежнасці», — падкрэсліў Прэзідэнт. І гэта дае цвёрдую ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Квінтэсенцыяй Паслання былі суверэнітэт і незалежнасць беларускай дзяржавы. Здаецца, звычайныя словы, але якім глыбокім сэнсам яны напоўнены! Гэта мір, гэта наша нацыянальная бяспека, гэта наш дабрабыт.

Для мяне як для ваеннага чалавека словы Прэзідэнта аб абароне дзяржавы і нацыянальнай бяспецы маюць асаблівае значэнне. Я хачу запэўніць нашых людзей, што кожны з ваеннаслужачых Беларусі выканае свой воінскі абавязак без сумненняў, вырашыць усе задачы, якія належаць яму па прызначэнні. Адпаведна статутам і беларускім законам.

«Беларусь — краіна міралюбівая. Мы не збіраемся ні з кім ваяваць, ні на кога нападаць. Мы будзем абараняць мір, а не знішчаць яго. Любы замах на суверэнную тэрыторыю Беларусі атрымае неадкладны адказ, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы будзем захоўваць і забяспечваць суверэнітэт і незалежнасць чым толькі магчыма, у тым ліку і ядзерным арсеналам». Думаю, што пасля гэтых слоў самыя гарачыя галовы заходніх палітыкаў хутка астынуць.

А яшчэ лічу вельмі важным, што Прэзідэнт аддаў увагу ў Пасланні сямейным каштоўнасцям. Ён нагадаў, што дзяржава будзе працягваць падтрымку шматдзетных сем'яў. Закрануў шэраг эканамічных пытанняў, вызначыў прыярытэты эканамічнага развіцця. І адзначыў, што, адпаведна з Канстытуцыяй, галоўным прынцыпам нашай палітыкі з'яўляецца сацыяльная справядлівасць. І мы будзем цвёрда прытрымлівацца яго, што б ні адбывалася ў свеце.

Падрыхтавалі Вераніка КАНЮТА, Ірына СІДАРОК, Сяргей РУЧАНАЎ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?