Вы тут

Павел Гушынец: «Не існуе толькі чорнага і белага»


«Не нашкодзь» — галоўны прынцып медыцыны, але наш герой, думаю, кіруецца ім па жыцці. Павел Гушынец па адукацыі ўрач, але многім вядомы яшчэ і як аўтар шматлікіх кніг, якія, у прыватнасці, убачылі свет і ў Выдавецкім доме «Звязда». Ствараць дзіцячыя творы, напрыклад, яго некалі натхніла дачка, для якой тата прыдумваў гісторыі перад сном. А вось пра тое, калі захапленне Паўла Уладзіміравіча перарасло ў рамяство на доўгія гады, дзе ён мае магчымасць пражываць дзяцінства па-новаму і якіх поглядаў прытрымліваецца ў выхаванні дзяцей, мы распыталі ў яго падчас сустрэчы.


— Ведаю, што напісанне кніг — своеасаблівае захапленне ў вашым жыцці. Калі яно з'явілася?

— Першыя свае нататкі я напісаў у 13 гадоў. Улічваючы, што я шмат чытаў (тады яшчэ не было камп'ютараў, прыставак і тэлефонаў), то перыядычна мне не падабалася, чым заканчваецца кніжка. І я ў сілу фантазіі нешта дадумваў. Але ідэя пачаць пісаць самому не прыходзіла. І вось у класе сёмым мой сябар Паша Сікорскі, з якім мы сядзелі разам за апошняй партай, аднойчы расказаў, што піша апавяданне. Тады і я задумаўся: а чаму сам не магу напісаць штосьці? Той момант, бадай, і стаў штуршком...

Ідэй розных было безліч. Пачынаў з навуковай фантастыкі, потым фэнтэзі, а па меры назапашвання вопыту запісваў жыццёвыя гісторыі. Калі вучыўся ў медыцынскім вучылішчы, гэта быў 1997 год, пайшоў працаваць у Полацкую раённую бальніцу. Цяпер яе ўжо няма, там будуюць кадэцкі корпус. А тады гэта было сакральнае месца: пабудова 1800-х гадоў, дзе дзейнічаў Полацкі кадэцкі корпус, у якім вучыўся адзін з роду Раманавых... Пры гэтым я працаваў у прыёмным пакоі бальніцы, куды ў цяжкія 90-я хто толькі і з чым не трапляў. Мне, 17-гадоваму хлопцу, было вельмі цікава за ўсім назіраць. І з сабой я заўсёды насіў блакноцік. У яго запісваў гісторыі, якімі са мной дзяліліся пацыенты. Менавіта тыя размовы пасля ляглі ў аснову медыцынскай серыі кніг — зараз ужо сёмую да выхаду рыхтую.

У той бальніцы быў пакладзены пачатак і серыі маіх кніг на ваенную тэматыку. Кропкай адліку стала адна выпадковая сустрэча. Падчас начных дзяжурстваў я любіў сядзець на падаконні і глядзець на Сафійскі сабор. І вось у адну з начэй да мяне падышоў пацыент, які ляжаў у нас пасля інфаркту. Мы разгаварыліся. Ён пачаў распавядаць пра сваё дзяцінства ў Полацку 1940-х гадоў. Я слухаў і час ад часу нешта пазначаў. Тады і нарадзілася гісторыя, якая пасля перарасла ў кнігу «Вайна дзяўчынкі Сашы», а ў працяг выйшла «Вайна за нашымі вокнамі». Цяпер пішу трэцюю — «Зорка над сэрцам», з падрыхтоўкай якой мне дапамагае Барысаўская бібліятэка. Гэта будуць гісторыі Барысаўскага гета.

— Вы сам тата, таму хачу запытаць, з якога ўзросту і як варта гаварыць з дзецьмі пра вайну?

— Гаварыць трэба адназначна. Мы сёння жывём у свеце, дзе войны, на жаль, паўсюль і ніколі не заканчваюцца. Таму і з дзецьмі, мяркую, з першых класаў варта пачынаць весці размовы пра тое, што адбываецца навокал. Акуратна, з пазіцыі дзіцяці, яго ўзросту. Не трэба хаваць ад дзяцей праўду. Малыя ўсё здольныя зразумець. Нельга толькі казаць, быццам немцы, румыны і ці іншая нацыя дрэнныя. Няма дрэнных нацый, ёсць дрэнныя людзі і з'явы.

У мяне, напрыклад, шмат сяброў у Германіі. І, прыязджаючы да іх, я запытваў, як яны ставяцца да ваеннай тэмы мінулага? Яны кажуць, што гэта ганьба для нацыі, — быць ініцыятарамі дзвюх сусветных войнаў. А вось у іх сучаснай моладзі ўжо іншае ўспрыманне той тэмы. Таму ў размове з дзецьмі нам варта дакладна і правільна расстаўляць акцэнты: што не немцы дрэнныя, а сама з'ява нацызму — гэта дрэнна... Не існуе толькі чорнага і белага. Трэба ўзважана і дазіравана размаўляць з дзецьмі пра вайну, распавядаць пра яе на прыкладах іх аднагодкаў. Пачаць з гісторыі пра піянераў-герояў, а з узростам можна ўжо іншыя прыклады прыводзіць для разважанняў.

— Давайце вернемся да літаратуры. Ці часта вам трапляюцца кнігі, сюжэт якіх не хочацца змяняць?

— Я чытаю па тры кнігі на тыдзень. І ў большасці выпадкаў мяне цалкам задавальняе, як заканчваецца гісторыя. Безумоўна, я перапісаў бы «Гульню прастолаў». Пісьменнікі вельмі любяць пакідаць адкрыты фінал. Але ў такіх выпадках чытач мае вялікую прастору для фантазіі...

— А прачытаныя кнігі не перашкаджаюць пры напісанні ўласных твораў?

— У мяне ніколі не ўзнікае спакусы запазычыць штосьці ў іншых пісьменнікаў. Адзінае, баюся, што магу зрабіць гэта нават не ведаючы. Бо за свае 43 гады прачытаў шмат кніг, і ў сітуацыі, калі здаецца, што прыдумаў класны сюжэт, можа здарыцца, што ў нечым ён нагадвае адзін з прачытаных раней. Думаю, запазычанне ў пісьменнікаў здараецца, але не наўмысна. Я не магу сказаць, быццам прачытаныя кнігі перашкаджаюць мне пісаць. Наадварот, я вучуся лепш бачыць майстэрства аўтара. І наадварот, недахопы.

Сустрэча з чытачамі.

— У вас бываюць моманты стамлення ад напісання кніг, страх «чыстага аркуша»?

— Пакуль не здараліся, дзякуй богу. Звычайна пісьменнікі ствараюць кнігі ў пэўным стылі, а я маю магчымасць працаваць у некалькіх розных напрамках. Калі адчуваю, што стаміўся пісаць пра медыцыну, магу пераключыцца на фэнтэзі, а потым адкласці гісторыю і вярнуцца да ваеннай тэмы. Такое пераключэнне і дазваляе не выгараць. Не ўспрымаю працэс напісання кніг як руціну, бо не прымушаю сябе пісаць, а раблю гэта з задавальненнем.

Гісторыі знаходзяць мяне ў самых нечаканых месцах. Часам еду ў камандзіроўку, сустракаю закінуты дом, а праехаўшы яго, спыняюся і накідваю, што там магло б адбывацца, а дома ўжо з усяго хаосу ствараю адзінае апавяданне. За гады, што пісаў «у стол», у мяне назапасілася вялікая колькасць нататак. Нават калі не буду нічога прыдумваць, то ўсё роўна яшчэ надоўга хопіць матэрыялу.

— А што адчувае пісьменнік, калі бярэ ў рукі сваю першую надрукаваную кнігу?

— Што датычыцца мяне, проста разумеў, што трымаю ў руках вынік працы за апошнія дваццаць гадоў. І я не верыў, што змагу гэта паўтарыць. Здавалася, быццам выпадкова ўсё адбылося. Прычым на тую кнігу мы збіралі грошы праз краўдфандынг. Людзі з розных краін свету ўдзельнічалі ў тым, каб мая праца была выдадзена. Таму пісьменнікам я сябе адчуў толькі з выхадам трэцяй кнігі. І цяпер больш і па-сапраўднаму радуюся кожнай новай. І кожную чакаю.

— Як ваша дачка ставіцца да таго, што яе бацька пісьменнік?

— Софія таксама ўспрымае гэта як захапленне, але думаю, што ганарыцца мной. Бо для яе жыццё з татам-літаратарам — проста суцэльныя прыгоды, я ж перыядычна бяру яе на нейкія мерапрыемствы. Калі яна была маленькай, то дала мне стымул пісаць для дзяцей. Дачка з'яўляецца галоўнай гераіняй усіх маіх дзіцячых кніжак. Калі я спрабую ствараць гісторыю пра хлопчыкаў, то галоўным героем уяўляю сябе, а ў выніку — атрымліваюцца... дзіцячыя апавяданні з драматычным сюжэтам.

— Зараз ваша дачка перажывае падлеткавы ўзрост. Цяжка быць татам падлетка?

— У нас з Софіяй даверлівыя адносіны. І я і сёння магу прыдумаць ёй гісторыю перад сном. Але пры гэтым мая дачка ўжо спартсменка (займаецца дзюдо), з характарам, да яе трэба шукаць падыход і лічыцца з ёй. Калі нешта для сябе вырашыла, то ніякія ўгаворы не дапамогуць змяніць яе погляду. Няхай увесь свет пачакае!

Калі задумацца, то дзеці часта маюць рацыю ў тым, што адстойваюць сябе. Напрыклад, ну каму будзе дрэнна, калі вы кудысьці спозніцеся? Вам нязручна перад настаўнікам, выхавацелем, перад светам? Атрымліваецца, мы свядома выхоўваем чалавека, які будзе падпарадкоўвацца іншым, абставінам... А дзеці жывуць з пазіцыі, што навакольны свет існуе для іх. Тая ж сучасная моладзь — не «дрэнная», а проста больш упэўненая ў сабе. Як бацька я ўвогуле перакананы, што самае галоўнае, каб дзеці былі здаровыя, а ўсё астатняе ўжо другаснае. Па сабе ведаю, што выдатнікі ў школе неабавязкова потым становяцца паспяховымі ў дарослым жыцці. І таму місія бацькоў заключаецца ў тым, каб не ламаць нашых дзяцей, а навучыць іх разуменню, што, акрамя правільных адказаў, могуць быць і іншыя варыянты ў вырашэнні нейкай сітуацыі.

— Мець даверлівыя адносіны з уласным дзіцем і быць для яго аўтарытэтам — адно і тое ж?

— Для мяне гэта зусім розныя рэчы. І, магчыма, я ў гэтым сэнсе паводжу сябе няправільна, бо з Софіей будую адносіны як сябар. А класічны вобраз бацькі — гэта звычайна як? Ён сказаў, а дзіця падпарадкоўваецца. Я не хачу такога фармату ўзаемадзеяння. Мне сумна быць побач з дачкой дарослым. Хоць я і бацькоў разумею, ім цяжка, яны стамляюцца і ўжо зусім нічога не хочуць па вяртанні дадому. Але па сабе ведаю, што дзіця можа быць для дарослых добрым стымулам для самаўдасканалення. Напрыклад, мая дачка, якую я прывёў у басейн у два гады, цяпер займаецца спортам і пры гэтым бачыць, што і тата не ляжыць на канапе, а штангу цягае. Трэба быць прыкладам для сваіх дзяцей, а не імкнуцца рэалізоўваць у іх свае няздзейсненыя жаданні.

— Пісаць дзіцячыя творы вы пачалі, прыдумваючы гісторыі для сваёй дачкі. А як бацькам выбраць вартыя кнігі для дзяцей з усёй разнастайнасці прапаноў?

— Найперш, раіў бы самім чытаць тыя кнігі, якія збіраецеся даць у рукі сваім дзецям. Мне проста незразумела, як можна інакш. У тых кнігах, якія прапаноўваю Сафіі, я ўпэўнены ў кожным слове, хоць не выключаю, што ў інтэрнэце яна знаходзіць нешта сама. Гэта добра і нармальна. Таму што сучаснаму дзіцяці не прапануеш «Нязнайку на Месяцы». Яны ў большасці сваёй такую кнігу проста не зразумеюць. Але разам з тым у любым творы дзеці знойдуць нешта сваё.

Дачка Соня — татава натхняльніца.

— А наколькі патрэбны дзецям казкі, фантастыка?

— Патрэбны, таму што гэта спрыяе развіццю фантазіі, творчага мыслення. На жаль, сёння дзеці менш мараць, бо амаль усё маюць, лічыце, у крокавай дасягальнасці. А фантазія нараджаецца ў «голадзе» ўспрымання. Сучасныя дзеці маюць безліч магчымасцяў пабачыць свет, спазнаць жыццё. Можа, у гэтым ёсць пэўныя мінусы альбо наадварот — яны прыдумаюць нешта на парадак лепшае? Чытайце разам, абмяркоўвайце прачытанае, аднак і будзьце гатовыя да таго, што 12-гадовае дзіця не скажа вам шчыра, што яно думае пра кнігу і яе герояў. Але калі падзеліцца, то бацькам будзе цікава зірнуць на звыклае ў новым святле.

— Пра што цяпер хочаце напісаць для падлеткавай аўдыторыі?

— Разам з Выдавецкім домам «Звязда» мы працуем над выданнем літаратуры ў жанры фэнтэзі. Я пачаў рабіць заметкі такога жанру, калі закахаўся ў сваю будучую жонку. У мяне наспеў вялікі цыкл з 26 кніг, які чакае свайго часу. Першыя тры кнігі выйшлі, зараз рыхтуецца да выхаду чацвёртая. Плюс яшчэ маю шмат гісторый, якія прыдумваў, калі сам быў падлеткам. Прыйдзе час, дастану іх і, магчыма, дам новае жыццё. Пакуль чытачам падабаюцца мае кнігі, я працягваю іх пісаць.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Паўла ГУШЫНЦА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Сезон грыпу чакаецца ў студзені — сакавіку. Эпідэміёлаг расказаў, як і калі лепш прышчапіцца

Сезон грыпу чакаецца ў студзені — сакавіку. Эпідэміёлаг расказаў, як і калі лепш прышчапіцца

З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.

Жыллё

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.

Культура

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці  для іншых маладых кінематаграфістаў»

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці для іншых маладых кінематаграфістаў»

З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?