Вы тут

Як пазбавіцца ад трэшчын на пятках? Паспрабуйце нажныя ванны


Такая праблема асабліва часта ўзнікае ў пажылых, паколькі з гадамі ўсё больш праяўляюцца сухасць скуры і гіперкератоз (празмернае разрастанне паверхневага, рагавога, пласта скуры). Трэшчыны на пятках бываюць вельмі балючымі і прыносяць шмат турбот. Яны небяспечныя тым, што адчыняюць вароты інфекцыям, менавіта таму іх абавязкова трэба лячыць і апрацоўваць ногі для прафілактыкі супрацьгрыбковымі і антыбактэрыяльнымі прэпаратамі. Пазбавіцца ад трэшчын выдатна дапамагаюць нажныя ванны — содавыя і мыльныя, а таксама сродкі, якія спрыяюць разрыхленню і наступнаму выдаленню рагавога пласта. Напрыклад, з саліцылавай кіслатой.


Добра дапамагаюць ванны з борнай кіслатой (4 чайныя лыжкі на літр цёплай вады). Патрымайце ногі ў растворы 15 хвілін, затым вытрыце і зрабіце кампрэс на аснове вазеліну: старанна памажце вазелінам кожную трэшчыну, заляпіце зверху пластырам або закруціце бінтам і пакіньце нанач. Паўтарайце працэдуру на працягу тыдня.

Вельмі часта трэшчыны з'яўляюцца з-за няправільна падабранага абутку. Ён павінен быць дастаткова свабодным, добра дыхаць, пажадана — з натуральных матэрыялаў. Таксама не варта насіць сінтэтычныя шкарпэткі — у іх ногі моцна пацеюць.

Дарэчы, трэшчыны могуць сведчыць і аб тым, што ваш арганізм адчувае недахоп вітамінаў А і Е. Іх дэфіцыт якраз праяўляецца ў сухасці скуры. Папоўніць дэфіцыт гэтых вітамінаў дапамогуць свежае зяленіва, яйкі, масла, морква, печань, рыба і морапрадукты.

Калі вакол трэшчын утварылася прыпухласць, пачырваненне, нагнаенне, неабходна схадзіць на прыём да дэрматолага.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.