Празмернае ўжыванне алкаголю яшчэ ніколі не прыводзіла да дабра. Якасць жыцця асобы, якая злоўжывае спіртным, відавочна адрозніваецца ад жыццядзейнасці чалавека, які не мае гэтай згубнай звычкі. Разам з алкаголікам пакутуюць і члены яго сям'і, якія з-за такога небяспечнага суседства знаходзяцца ў зоне рызыкі: большасць злачынстваў, у тым ліку забойстваў, здзяйсняецца менавіта ў стане алкагольнага ап'янення.
Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, кожнае трэцяе злачынства ў краіне ўчыняецца нецвярозымі грамадзянамі. Абвінавачанымі ў забойствах і цяжкіх цялесных пашкоджаннях у 80—90 % выпадкаў з'яўляюцца тыя, хто на момант ажыццяўлення злачынства знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
Па выніках трох месяцаў бягучага года адзначаецца зніжэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых нецвярозымі грамадзянамі. У немалой ступені гэта вынік комплекснай прафілактычнай дзейнасці органаў унутраных спраў. Размовы аб наступствах алкаголю ў працоўных калектывах, узаемадзеянне з урачамі-нарколагамі, адрасная работа з тымі, хто здзяйсняе правапарушэнні, — далёка не ўсе меры, якія прымаюцца супрацоўнікамі міліцыі дзеля паляпшэння сітуацыі.
— Алкаголь — каталізатар злачыннасці, — заўважае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік міліцыі Сяргей Красуцкі. — Калі чалавек выпіў, яго свядомасць затуманьваецца і ён не заўсёды здольны кантраляваць сябе, таму схільны здзяйсняць пэўныя супрацьпраўныя дзеянні. Як правіла, у стане алкагольнага ап'янення злачынствы здзяйсняюцца ў грамадскіх месцах. Вельмі шмат фактаў, калі на фоне ўжывання алкаголю ўзнікаюць канфлікты, у тым ліку паміж блізкімі сваякамі, у сферы сямейна-бытавых адносін. Як правіла, пад уздзеяннем алкаголю здзяйсняюцца крадзяжы, прычым як запланаваныя, так і спантанныя. Хуліганствы, рабаванні, разбоі — тыя злачынствы, якія таксама ў асноўным ажыццяўляюцца нецвярозымі грамадзянамі.
Вядома, у Беларусі не сухі закон. Алкаголь сёння можа набыць любы паўналетні грамадзянін. За выключэннем усяго некалькі дзён на год — падчас выпускных вечароў і ў Дзень ведаў. Абмежаванні, звязаныя з продажам алкаголю ў гэтыя дні, станоўча адбіваюцца на крымінагеннай абстаноўцы. Менавіта зыходзячы з яе, супрацоўнікі органаў унутраных спраў могуць рэкамендаваць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам уносіць карэкціроўкі ў рэжым функцыянавання грамадскіх устаноў і пунктаў грамадскага харчавання, якія рэалізоўваюць алкаголь у начны час.
І такі досвед ужо ёсць. У прыватнасці, не так даўно адміністрацыяй Драгічынскага раёна была падтрымана ініцыятыва начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў аб абмежаванні рэалізацыі алкагольных напояў на адной з заправачных станцый. «Месца было крымінагеннае, алкагольная прадукцыя на запраўцы рэалізоўвалася кругласутачна, — расказвае Сяргей Красуцкі. — З навакольных вёсак туды з'язджаліся людзі, якія любілі «дабавіць» і працягнуць банкет. У выніку каля той запраўкі адбываліся канфлікты паміж аматарамі спіртнога. Былі зафіксаваны хуліганствы, іншыя супрацьпраўныя дзеянні, у тым ліку цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пасля рашэння райвыканкама аб абмежаванні рэалізацыі алкагольных напояў у начны час на згаданай запраўцы крымінагенная абстаноўка на тэрыторыі раёна палепшылася».
Дзейсная мера, якая ўплывае на зніжэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янення, — накіраванне алкаголікаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП). За тры месяцы бягучага года для праходжання лячэння ў гэтых установах ізалявана звыш паўтары тысячы аматараў спіртнога. Летась у ЛПП былі накіраваны 7328 чалавек, з якіх 4370 — беспрацоўныя.
Людзі, якія стаяць на ўліку ўрача-нарколага, асабліва калі яны яшчэ і не працуюць, з'яўляюцца першымі кандыдатамі для накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Такія грамадзяне — на кантролі органаў унутраных спраў. Пад павышаную ўвагу з боку супрацоўнікаў міліцыі трапляюць і тыя, хто ў стане алкагольнага ап'янення здзяйсняе адміністрацыйныя правапарушэнні.
— Згодна з Законам «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх», калі чалавек у стане алкагольнага ап'янення прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці тройчы, маюцца падставы для правядзення ў дачыненні да яго першаснай медыцынскай камісіі і вырашэння пытанняў для накіравання яго ў ЛПП, — расказвае афіцэр. — Падчас медыцынскага агляду ўстанаўліваецца сіндром залежнасці і наяўнасць адсутнасці захворванняў, якія перашкаджаюць накіраванню ў ЛПП. Канчатковае рашэнне аб накіраванні такога грамадзяніна ў лячэбна-працоўны прафілакторый прымаецца судом.
Ян адзначае Сяргей Красуцкі, у цяперашні момант ідзе актыўная работа над змяненнем заканадаўства аб лячэбна-працоўных прафілакторыях. Новаўвядзенні, якія датычацца парадку і ўмоў накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, а таксама ўмоў знаходжання ў іх, разгледжаны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні.
— У новай рэдакцыі мы прапануем адмовіцца ад складаных механізмаў ізаляцыі грамадзян у ЛПП, — удакладніў сутнасць канцэптуальных змен палкоўнік міліцыі. — Мы прапаноўваем, каб усе грамадзяне, якія ў стане алкагольнага ап'янення парушаюць адміністрацыйнае заканадаўства, накіроўваліся ў ЛПП па адным агульным парадку. Два правапарушэнні ў стане алкагольнага ап'янення — аб'яўляецца папярэджанне. Трэцяе правапарушэнне — медкамісія і суд. Для наркаманаў, якія будуць дастаўлены з атручваннем у медыцынскую ўстанову адзін раз, будзе аб'яўлена папярэджанне. Другая перадазіроўка наркотыкамі — і такога чалавека чакаюць медыцынская камісія і суд.
На асаблівым кантролі ў міліцыі знаходзяцца і працаздольныя непрацуючыя, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Калі непрацуючыя стаяць на ўліку ў аддзеле прафілактыкі правапарушэнняў за хатні гвалт або знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі як асобы, якія маюць нязнятую або непагашаную судзімасць, у адносінах да іх устанаўліваецца прэвентыўны нагляд. Такіх грамадзян рэгулярна наведваюць супрацоўнікі міліцыі. І не толькі каб пракантраляваць, у якім стане знаходзіцца іх «падапечны» і які спосаб жыцця ён вядзе, а і пацікавіцца, як ён паводзіць сябе з членамі сям'і, з суседзямі. Акрамя таго, нярэдка менавіта міліцыянеры дапамагаюць ім з працаўладкаваннем, бо, як правіла, адрасная работа з тымі, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі, з'яўляецца стрымвальным фактарам для здзяйснення правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення.
Дзеля прафілактыкі здзяйснення правапарушэнняў непаўналетнімі грамадзянамі ў стане алкагольнага ап'янення таксама праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. З супрацоўнікамі сферы гандлю і грамадскага харчавання актыўна працуе інспекцыя па справах непаўналетніх, якая накіравана на выяўленне такіх фактаў.
Не можа не радаваць, што некаторыя нашы суайчыннікі маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, бачаць многія праблемы ў нашым грамадстве, у тым ліку звязаныя з рэалізацыяй алкагольнай прадукцыі. Падчас аднаго з апошніх прыёмаў грамадзян, які на Гомельшчыне праводзіў міністр унутраных спраў, жыхар Гомельскага раёна зярнуўся да Івана Кубракова са сваімі ініцыятывамі і прапановамі, звязанымі са зніжэннем уплыву ўздзеяння алкаголю на грамадства. У прыватнасці, грамадзянін лічыць мэтазгодным павысіць мінімальны ўзрост для набыцця алкагольнай прадукцыі: з 18 — да 21 года. Акрамя таго, жыхар Гомельскай вобласці прапанаваў міліцэйскаму ведамству разгледзець увядзенне штомесячных дзён цвярозасці на тэрыторыі краіны, працягнуць інфармаванне насельніцтва праз СМІ аб шкодзе алкаголю і аб перавагах здаровага спосабу жыцця.
Яшчэ адна з ініцыятыў, агучаная Івану Кубракову падчас прыёму грамадзян, — разгледзець прапанову аб тым, што вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў Беларусі абавязаныя займаць служачыя, якія вядуць здаровы лад жыцця. Міністр унутраных спраў падзякаваў жыхару Гомельшчыны за актыўную жыццёвую пазіцыю і ўзяў яго прапановы на кантроль.
Яшчэ адна з прафілактычных мер, якая ажыццяўляецца органамі ўнутраных спраў дзеля паляпшэння крымінагеннай абстаноўкі — працэдура абмежавання дзеяздольнасці грамадзян. З пачатку года пад яе трапіла каля 50 чалавек. Летась па рашэнні судоў у сувязі з ужываннем алкагольных напояў часткова абмежаваны ў дзеяздольнасці 348 чалавек. Такая мера дазваляе сваякам кантраляваць даходы блізкага чалавека, які злоўжывае алкаголем, што ў немалой ступені зніжае магчымасць набыцця ім спіртных напояў.
— Калі мы правядзём праверку і дакажам, што грошы грамадзянінам, у адносінах да якога ажыццяўляецца працэдура абмежавання дзеяздольнасці, марнуюцца на алкаголь, матэрыялы адпраўляюцца ў пракуратуру і суд, — расказвае Сяргей Красуцкі. — Менавіта суд прымае рашэнне аб абмежаванні дзеяздольнасці. Для такой асобы судом устанаўліваюцца забароны на ажыццяўленне буйных здзелак: адчужэнне маёмасці, падпісанне дагавораў і іншае. За грамадзянінам устанаўліваецца апякун (як правіла, гэта член сям'і, які звяртаўся ў міліцыю і прасіў аб абмежаванні дзеяздольнасці ў адносінах да сваяка), які кантралюе ўсе даходы і адказвае за ўтрыманне абмежаванага ў правах.
Адной з формаў прафілактычнай работы з'яўляюцца і прыёмы грамадзян участковымі інспектарамі міліцыі. Нагадаем, яны праходзяць кожную сераду: з 10.00 да 13.00 — у сельскай мясцовасці, з 17.00 да 20.00 — у горадзе. На такіх прыёмах да ўчастковых нярэдка звяртаюцца сваякі тых, хто злоўжывае алкаголем. Супрацоўнікі тлумачаць, якія меры можна прыняць у адносінах да такіх людзей, рэальна дапамагаюць у вырашэнні канкрэтнай праблемы.
Адным словам, захады, якія робяцца органамі ўнутраных спраў па зніжэнні ўжывання грамадзянамі алкагольных напояў і, адпаведна, скарачэнні колькасці правапарушэнняў і злачынстваў, здзейсненых нецвярозымі грамадзянамі, даказалі сваю эфектыўнасць. Аднак трэба разумець, што алкагалізацыя насельніцтва — гэта не толькі праблема міліцыі. Гэта пытанне, над якім павінны працаваць усе зацікаўленыя органы. А ў першую чаргу, пра ўласнае здароўе і эмацыянальны стан сваіх блізкіх павінен падумаць сам чалавек, якому трэба адмовіцца ад шкоднай звычкі.
Вераніка КАНЮТА
Урокі гісторыі на мове віртуальнай рэальнасці.
Гутарым з намеснікам старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталляй Мурашка.