Вы тут

Тамара Краснова-Гусачэнка: «Ратаваць словам! І, мне здаецца, гэта — нямала!»


У Тамары Красновай-Гусачэнкі 1 красавіка 2023 года — прыгожая дата. Імя старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтара шматлікіх кніг для дарослых і дзяцей вядома ў Беларусі і Расіі. Прызнанне яе творчасці — шматлікія высокія дзяржаўныя і літаратурныя ўзнагароды.


Пра Радзіму

— З чаго, па-вашаму, пачынаецца Радзіма?..

— Прыгадваецца радок з майго верша, напісанага больш за 20 гадоў таму:

Даже самая широкая дорога 
Начинается от Отчего порога...

Гэта і ёсць адказ на гэтае пытанне. Калі коратка. Радзіма пачынаецца ўсё ж не «з карцінкі ў буквары», літар у ім... Гэта потым... Пачатак — з першых усвядомленых пахаў роднай хаты, духмянага водару хлеба з печы, невымоўна ласкавых і родных гукаў голасу маці, яе крокаў, адчування сілы, упэўненасці і абароненасці: ад самых першых палётаў духу — калі бацька падняў цябе на рукі высока і моцна трымае над сва-ёй галавой — да тваіх уласных радасных — пад урачыстыя гукі на ўсё жыццё памятных святочных песень: «Забота у нас простая, // Забота наша такая, // Жила бы страна родная // И нету других забот....» Таму што Радзіма — самае галоўнае для кожнага на свеце. Таму што гэта — твая хата, твая матуля, тата, сям’я, школа, дзеці, ды і чытанка! І таварышы ў двары... І, галоўнае, мірнае неба над галавой, тваёй і ўсіх, хто жыве на Зямлі.

— Каго вы з удзячнасцю ўспамінаеце?

— Немагчыма нават у думках пералічыць усіх, хто адыграў у маім жыцці важную, вырашальную ролю — даваў цвёрдыя, але добра запамінальныя ўрокі, хто дапамагае цяпер, ратуе ад згубы фізічнай, духоўнай, маральнай, хто паказвае стваральны шлях...

Найперш згадаю, вядома, сваіх продкаў. Дзед Антон вучыў усведамляць свет, бачыць і ўяўляць яго, а затым і чы-таць — па Бібліі. На печы доўгімі зімовымі вечарамі, калі за вокнамі выла завіруха і завеі намяталі сумёты, вышэйшыя за саламяныя дахі вясковых хат, мне было з ім цёпла і ўтульна. І з гэтага таксама пачыналася Радзіма! Слухаючы Біблію, як ствараўся свет, у дзень першы... дзень другі... я падарожнічала ў сваім уяўленні далёка ад занесенай снегам вёскі ў такіх маляўнічых і яркіх кутках, якія не ўбачыш ні ў адным кіно...

Дзед Даніла, які выгадаваў дзіўны сад на гліняным, як лічылася, бясплодным узгорку, ператварыў яго ў рай зям-ны: грушы і яблыні, вішні і чарэшні, маліны і ажыны, слівы і жэрдэлі, а сартоў іх — не пералічыць... Яблыкі ад наліваў, што празрыста свецяцца на сонцы, да ружовых, малінавых. Грушы — памерам з кулак малатабойца! А бэзу... Ад белых да сініх і залацістых адценняў. Дзед быў майстар на ўсе рукі: умеў класці печы, займаўся шапа-вальствам, вырабляў скуры, шыў кажухі! Не было ў сялянскім побыце справы непадуладнай майстру Данілу... А маліўся як?! Мог прастаяць усю ноч каля ківота пасля найцяжэйшага працоўнага дня. Маліўся за сына Івана, які загінуў у першыя дні вайны, пакінуўшы сіротамі чацвярых дзяцей. Праз 40 гадоў пасля вайны знайшлі яго імя на помніку брацкай магілы пад Гомелем. А дзед колькі жыў — столькі чакаў...

Бабулі мае — Вера і Алёна — пралі і ткалі, шылі і вышывалі, пяклі і салілі... Расцілі гародніну і нарыхтоўвалі разнасолы так, што і па сёння не ела нічога смачнейшага і натуральнейшага, не апранала адзення больш ласкавага і прыгажэйшага, чым рабілі чароўныя рукі маіх бабуль.

Маці, бацька — проста гераічныя людзі. Калі гляджу старыя фатаграфіі — проста святыя абліччы, а не твары! Свецяцца, ясныя вочы, шчырыя, такой верай і любоўю напоўненыя... 

Бацька, Іван Антонавіч, у час вайны дайшоў ад вёскі Шчапяціна, што на Браншчыне, да Берліна і вярнуўся пара-неным, кантужаным — але жывым! Узначаліў калгас, якога, па сутнасці, не было. Хаты спалены, людзі, змучаныя, у асноўным старыя, жанчыны і дзеці, жылі ў згорбленых зямлянках... Трэба было адбудоўваць вёску, араць, сеяць — аднаўляць збалелую зямлю з попелу і руін... Здавалася, як? Нічога ж не было... Ні трактароў, ні машын — вазы ды напаўдохлыя коні, удовы і сіроты-дзеці.... Старшыня прыгожы, гарачы, але пакалечаны вайной. І вось жа — выдужалі!

Мама, Аляксандра Данілаўна, — настаўніца. Яна сама будавала з саману (гэта гліна з саломай) школу, насіла за 50 вёрст з раёна ўсё неабходнае для вучобы: падручнікі, сшыткі, крэйду, карты, глобус... Ад цяжкай фізічнай пра-цы моцна захварэла і 30 гадоў была прыкавана да інваліднай каляскі. Пазней ёй было прысвоена званне «Заслу-жаны настаўнік СССР». О, дзіўная рукадзельніца, пявучая мастачка, мая дарагая мама!

І ў далейшым усе, амаль усе, хто сустракаўся на жыццёвым шляху, былі маімі строгімі, але вельмі добразычлівымі настаўнікамі. Першай, хто заўважыў мае літаратурныя здольнасці і агучыў на ўвесь клас маё школьнае сачыненне, была настаўніца Ларыса Барысаўна. 

Замужам я была тройчы. Першы муж — вядомы мастак. Ад яго я збегла, не раздзяліўшы захапленне сюррэалізмам. Юнацкі максімалізм... Другі муж — ваенны лётчык, з-за якога я і апынулася ў Беларусі, мужны і выдатны чалавек, загінуў амаль 40 гадоў таму...

Трэці муж, Уладзімір — маё першае сапраўднае каханне. З ім мы пражылі 37 гадоў, выгадавалі дзяцей, пабуда-валі дом, пасадзілі сад, выдалі больш за 25 маіх кніг! Так бывае, што першае каханне сустраецца калі пражываем палову жыцця, як у Бэлы Ахмадулінай, памятаеце: «Хочаце верце, хочаце не верце. Было каханне другое і трэцяе... А першае я не адразу сустрэла... З таго часу толькі свята ў яго і веру. У сваё адзінае каханне — першае...»

Але яго таксама не стала чатыры гады таму... Ён у першыя дні аварыі на ЧАЭС быў у ліку ліквідатараў. Вынікі пра-явіліся праз трыццаць гадоў. Уладзімір — майстар спорту, дужы і моцны чалавек, жыццярадасны, згарэў ад злой і жорсткай хваробы... Як выжыла — не ведаю. Толькі сям’я, паэзія і праца сярод людзей, маіх выдатных калег, выратавалі... Нізкі ім паклон за падтрымку, любоў, клопат, увагу. 

У Віцебску ў маім станаўленні як кіраўніка навастворанай грамадскай арганізацыі — абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі — істотна дапамагалі старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка (цяпер старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэс-публікі Беларусь) і Аляксандр Мікалаевіч Косінец (цяпер памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Пра іх хочацца сказаць асабліва, як пра людзей выключных: працавітых, энергічных, адданых сваёй справе, якія ўмеюць раз-бірацца ў людзях, давяраць ім. 

У літаратурным свеце — найвялікшая павага да нашага легендарнага пісьменніка і кіраўніка, народнага пісь-менніка Беларусі Мікалая Чаргінца; да маіх расійскіх аўтарытэтных калег — былога старшыні Саюза пісьменнікаў Расіі Валерыя Ганічава, рэдактараў маіх першых кніг, літаратуразнаўцаў, кіраўнікоў вядомых расійскіх выдавецтваў і часопісаў Станіслава Куняева, Аляксандра Казінцава.

Словы ўдзячнасці адрасую Алесю Карлюкевічу, Уладзіміру Андрыевічу, пры падтрымцы якіх былі выдадзены некалькі маіх найлепшых кніг, у тым ліку і той, якая стала лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. 

Вельмі знакавамі былі звароты да маёй творчасці літаратуразнаўцаў, якія зрабілі глыбокі аналіз маіх кніг, — ака-дэміка Уладзіміра Гніламёдава, прафесара Таццяны Шамякінай. Шэраг прафесійных артыкулаў напісалі вядомыя літаратуразнаўцы і калегі па пяры Алесь Марціновіч, Зіновій Прыгодзіч... Сяброўства падтрымліваю і цяпер з першым рэдактарам маіх кніг, выдадзеных у Беларусі, Анатолем Аўруціным, Нінай Чайкай, Віктарам Шніпам... Я ўдзячна ўсім, хто з адкрытай душой сустрэўся на маім шляху!

— У чым для вас найвышэйшая каштоўнасць сям’і?

— Сям’я — гэта і ёсць Радзіма. Дзе бацькі, дзяды, дзеці, унукі — там і вытокі патрыятызму, там — Айчына. Мае родныя — мая падтрымка ва ўсім, а я — іх апора, дарадца, настаўнік, выхавальнік. У пераемнасці пакаленняў — працяг жыцця, яго святло. 

У мяне было трое дзяцей. Цяпер у гэтым свеце, са мной, — двое. Старэйшы сын Мікалай, вайсковец, будучы зусім малады, загінуў у службовай камандзіроўцы.

Уся мая вялікая радня, сваточкі, сваякі, усе — адна вялікая і дружная сям’я. Усе працавітыя, старанныя, вельмі добрыя. Кожны па-свойму таленавіты. Гасцінныя і хлебасольныя, яны ўмеюць працаваць і весяліцца, гараваць і радавацца, дапамагаць адзін аднаму і непадробна спачуваць і суперажываць. Словам, мы разам! І гэта галоўнае. Такой павінна быць сям’я ў маім разуменні. 

Пра творчасць

— Кажуць, да паэта прыходзіць муза. А каго чакае паэтка?

— «Паэтка» — слова не маё. Яно нейкае штучнае, памяншальнае, ненатуральнае. Я ўвогуле не люблю гендарных адрозненняў, якія падкрэсліваюцца ў адносінах да людзей, якую б прафесію яны ні мелі. Можна падумаць, што прыналежнасць да таго ці іншага полу вызначае здольнасці і талент чалавека, яго працавітасць і ўменне служыць сваёй справе з поўнай аддачай?

Паэт! І не мае значэння, жанчына гэта ці мужчына. Таму паэт, калі ён сапраўды такім з’яўляецца, не чакае нікога і нічога. Ён працуе. На жаль, часцей за ўсё зарабляе свой хлеб надзённы іншай справай. Піша паэт зусім не для грошай і не для літаратурных крытыкаў... Сядзіць за пісьмовым сталом глыбока за поўнач, калі нехта ўжо спіць, нехта працуе, дзесьці кахаюць, а дзесьці забіваюць... А ты, паэт, сядзіш, такі маленькі і самотны, і няма ў цябе ні ўлады, ні сродкаў... Але ты гарыш жаданнем выратаваць, захаваць свет, палепшыць жыццё людзей. І наўмысна не складаеш аніякіх слоў — яны просяцца самі, імкліва кладуцца на паперу, спяшаешся, каб не страціць, усё занатаваць.

— Вядома ваша крылатая фраза: «Душа — геніяльная форма выратавання». Што гэта значыць для вас?

— Гэта першы радок верша, напісаны шмат гадоў таму і прысвечаны майму мужу Уладзіміру: «Душа — геніяль-ная форма выратавання». Для мяне гэта маё сакральнае бачанне. А для чытача? Гэта залежыць ад яго думкі, ба-чання. Галоўнае, куды прывядуць яго гэтыя словы, што дадуць: асацыяцыі, дапамогу. Так, менавіта дапамогу. Бо ўсё, што я раблю, пішу, кажу, служыць толькі аднаму: дапамагчы іншаму. Паэту вельмі ўласціва на сваёй шкуры адчуваць спаўна гэтыя пакуты. Дык каму ж, як не яму, шчыраваць для іншых?! Верагодна, часам адным радком. І, мне здаецца, гэта — нямала!

— Тамара Іванаўна, вы — аўтар рознабаковы. Як расстаўляеце прыярытэты ў творчасці для дарослых і дзяцей?

— Ды не я іх расстаўляю. Яны мяне падпарадкоўваюць. Дзе, калі і пра што пісаць, вырашае толькі само жыццё. Прычым так лоўка раздае мне заданні, што аніяк ні аб’ехаць іх, ні абысці. Пасля выкананай задачы даецца новы загад: рухацца далей! 

Пра сябе

— Як ставіцеся да даты свайго нараджэння: 1 красавіка?

— Выключна з павагай і любоўю! Гэта дзень іконы Божай Маці «Замілаванне», дзень памяці Праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. І, галоўнае, дзень гэты і час майго нараджэння былі прадказаны маці маёй Мікалаем Цудатвор-цам у сне. І нарадзілася я ў зямлянцы, у глухой пасляваеннай вёсцы, дзе не было святла, дзе «Збан стаяў на кра-ёчку стала... І ў ім свяціліся вербы, як мімозы...»

— Ці пагодзіцеся, што ў вас мала вершаў пра каханне?

— Усе мае вершы, абсалютна ўсе — пра каханне! Але пра каханне без стогнаў, галашэнняў, без ныцця і жа-ночых папрокаў. Гэта сапраўды мне не ўласціва. У маіх вершах — неспасціжна глыбокая любоў да ўсяго жывога, да людзей, родных і такіх безабаронных. 

А пра каханне да канкрэтнага мужчыны... Не, ніколі я не магла сваё душэўнае гарэнне і палыханне адкрыць нікому. Нікому! Нават сабе. Гэта ўсё ўва мне. «Я не пісала пра каханне... Я ў ім жыла...» 

— Што для вас адпачынак?

— Адпачываць не ўмею. І прызнаюся, што адпачынак — гэта мастацтва, мне зусім невядомае. Скажу, што найлепшыя моманты адпачынку для мяне — гэта праца. Бо толькі ў руху жыву, радуюся, адчуваю прыліў энергіі і сіл. У выкананні чагосьці важнага, ка-рыснага, патрэбнага людзям, сям’і, дзецям, свету адчуваю сваю патрэбу. А інакш навошта? Навошта рабіць тое, што не патрэбна нікому?

Падрыхтавала Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.