Вы тут

«Вясёлыя гісторыі чытачоў». Рэдкае паляванне


Рэдкае паляванне

Славіцца наш край сваімі азёрамі, шмат звяроў яшчэ можна сустрэць у лясах. Некаму пашчасціць на лася або казулю, на дзіка або зайца, вавёрку, лісу, куніцу, барсука, нават на бурага мядзведзя! І тады пільным вокам можна глядзець на іх, а, калі ёсць чым — сфатаграфаваць альбо... выстраліць.


Фота: pixabay.com.

Сярод людзей, як вядома, шмат аматараў палявання. Іх, як той казаў, хлебам не кармі, дай пацягацца па лясах ды палях, дай потым зайца дамоў прынесці! А калі не прынёс, — то ты...

Адно слова — ніякі не паляўнічы! Зрэшты, пра тое па парадку.

Райцэнтр, значыцца, нядзеля, аўтастанцыя. Там, у чаканні аўтобуса, выпадкова сустрэліся дзве кабеты, якія некалі разам вучыліся ў школе, разам бегалі на танцы, а потым... Адна з іх выйшла замуж за мясцовага хлопца і засталася ў роднай вёсцы, другая — выбрала горад, прыжылася і цяпер вось ехала ў тую ж вёску праведаць матулю. Слова за слова, як водзіцца, і пацякла гутарка — пра гэта, пра тое... Нарэшце:

— А чаму ты на аўтобусе? — спытала гараджанка. — Мама ж казала, што вы «Жыгулі» купілі.

— Бывала, што й варона кувала, а цяпер...

Вяскоўка цяжка ўздыхнула, трохі памаўчала і праз паўзу дадала:

— Машына досыць дорага нам дасталася. У калгасе ж ведаеш якія заробкі? Мы гадамі эканомілі, капейку да капейкі складалі. І вось, нарэшце, мара збылася: Пеця прыгнаў «Жыгулі», паставіў у гараж, стаў пылінкі здзімаць, а калі і ездзіць, то вельмі асцярожна... Ён наконт гэтага малайчына! Але ж быў!

Аднойчы мы з ім у госці паехалі, пабылі ў дачкі, дамоў пазнавата вярталіся. Дарога, бачым, пустая, знаёмая, у нізінках — месцамі туман. І раптам у ім — заяц!

Я нічога яшчэ не сцяміла, а Пеця ж мой паляўнічы, у яго — азарт: ён тут жа нагою на газ — педаль прыдушыў і ляціць, як хто жару пад хвост насыпаў!

У зайца, — не паверыш — мазгоў болей было! Зразумеў, касы, што ў хуткасці прайграе, — на хітрасць пайшоў: разагнаўся, як мог, а потым у бок, за дрэва...

Пеця на машыне за ім!..

Сорамна прызнавацца, але ж дахаты мы з ім пехатою ішлі. Я, праўда, словамі Пятра падганяла: падсыпала перцу з імберцам!

Ён у той жа вечар (ці нават ноч) да нашага кума схадзіў, папрасіў, каб завёў трактар, каб нашу «ластаўку» дамоў прыцягнуў. Цяпер во ў гаражы стаіць, рамонту чакае, але ж і на гэта трэба грошай...

Жанчыны трохі памаўчалі, паўздыхалі, потым гараджанка прызнала, што мужчыны — яны як дзеці.

— Мой жа, — сказала, — таксама аматар — і рыбу палавіць, і на зайца схадзіць. Праўда, з сабакам, з дубальтоўкай... А вось каб на машыне... Такое не кожны зможа.

Іван БУКОЎСКІ

в. Шуневічы, Глыбоцкі раён


Чаго баіцца агонь

Гэтую гісторыю мне расказвала мама і пачынала з таго, што нашы суседзі — цётка Зоя з сям'ёй — надумалі пабудаваць лазню. Побач з іхняй хатай раслі пладовыя дрэвы, таму будоўлю прыйшлося распачаць бліжэй да нашага дома. Нічога дрэннага ў гэтым мы не бачылі, нават наадварот: потым, калі лазню адкрылі, нам падабаўся пах дыму, не замінаў і вясёлы гоман людзей... Але ж гэта, як водзіцца, да пары.

З цягам часу многае змянілася: у цёткі Зоі не стала гаспадара, паз'язджалі ў горад сыны. Жанчына засталася адна: сама трымала дом і сякую-такую гаспадарку, сама ж, хай значна радзей, але рыхтавала лазню, з найбольшай радасцю — калі ў госці чакала дзяцей.

Дык вось, аднойчы перад самым іх прыездам цётка нешта занядужала, папрасіла свата (ён жыў паблізу), каб падмяніў. Той, дзядзька Сямён, чалавек быў ленаваты. Для таго каб нешта зрабіў, яго трэба было задобрыць: наліць чарачку-другую. Цётка Зоя, ведаючы гэта, паабяцала, што «за ёй не заржавее», але ж — потым, калі лазня будзе гатовая.

Сямён хоць-нехаць узяўся за справу: нанасіў са студні вады, насек дроў, як патрэбна, самых доўгіх — насунуў у топку. Дзверцы не зачыніліся. «Нічога страшнага, — падумаў дзядзька, — трохі прагараць — падапхну далей».

Ён і сапраўды прысеў на ўслончык, стаў глядзець на агонь і чакаць, але ж доўга не вытрымаў: пакіраваўся шукаць спіртное...

Малюнак Анатоля Гармазы.

А тым часам дровы ў топцы не на жарт разгарэліся — некалькі галавешак выпала на падлогу, заняўся агонь.

Цётка Зоя заўважыла яго праз акно, з крыкам: «Людцы, ратуйце! Пажар!» — яна выскачыла з хаты і спынілася, бо ў прылазніку трымала газавы балон, які мог «ірвануць» у любую хвіліну. І ніхто не ведаў куды пасля перакінецца агонь.

...Мая мама вывела з хаты ўнукаў, а сама кінулася выносіць рэчы. Бабуля Клава зняла з покуці ікону і, молячы Бога, каб адвёў бяду, стала хадзіць з ёй вакол палаючай лазні. Тата ж аберуч схапіў плуг і насіўся з ім па сялібе.

Хутка раздаўся выбух, загарэўся суседскі хлеў, але ж ніякай жыўнасці там не было, ды і агонь тушылі пажарныя. Усё абышлося! Малой крывёю.

А вось размоў пасля — было вельмі шмат! Нехта бэсціў п'яніцу дзядзьку Сямёна, нехта шкадаваў цётку Зою і хваліў пажарнікаў. Старэйшыя вяскоўцы казалі, што бяду ад вёскі адвяла бабуля і яе ікона, маладыя (з рогатам) — што наш тата. Маўляў, калі б не ён з плугам наперавес, загарэліся б іншыя хаты...

Так ці іначай суседзі, якія тады пацярпелі ад пажару, пабудавалі сабе новы хлеў; за лазню цётка Зоя так і не ўзялася, сказала, што хопіць з яе адной, страчанай... Але ж са сватам хутка памірылася: нідзе не дзенешся — трэба гадаваць унукаў. Ды і дзядзьку пасля пажару як падмянілі: ва ўсякім разе, спіртнога ён у рот не браў: адмовіўся — раз і назаўжды.

Таццяна ЧЭКЕД

г. Гомель


Хто пытае, той не блудзіць?

Пра што, сустрэўшыся ці стэлефанаваўшыся, размаўляюць пенсіянеры? Ну вядома ж, пра палітыку і жыццё-быццё, пра сваё мінулае, а найбольш, відаць — пра дзяцей ды ўнукаў. «Мае растуць, як тыя грыбы! — хваліцца студэнцкі сябрук Валера. — Малодшаму ўжо дзесяць!» — «І мая, — кажу, — не адстае! Здаецца, толькі ўчора з радзільні забралі, а сёння — ужо ў садку! Бягуць гады!» — «Яшчэ і як бягуць! — згаджаецца Валера. — У сына хутка сярэбранае вяселле. Рыхтуемся адзначаць... Можа, і ты пад'едзеш? — запрашае аднакурснік. — Але ж не так, як яго сябры!.. Дарэчы, смешная была гісторыя! Якраз для «звяздоўскай» рубрыкі! Дару сюжэт — як Пушкін Гогалю.

Мікалай Васілевіч — наколькі помню — ад падоранага не адмовіўся. Вось і я не буду: за што купіў, за тое і прадам.

«Мой сын толькі скончыў інстытут, — здалёк пачаў Валера, — і ледзь не адразу ж з навіной: «Жанюся, тата».

З аднаго боку, — стаў прыкідваць я, — малады, ранавата, а з іншага... Чаго цягнуць, калі дзеўка добрая? Трэба ладзіць вяселле — каб па-людску ўсё, каб як мае быць... Пытанне, дзе, на якой «пляцоўцы»?

Жылі мы тады ў вялікім пасёлку, дом стаяў наўскасяк ад школы — новай, прыгожай. Па суботах, ведаем, дзеці не вучацца — памяшканні, можна сказаць, гуляюць. Дык чаму б у арэнду не здаць (тую ж сталоўку), для школы грошай не зарабіць? Патрэб жа хапае...

Карацей, у той дзень на нашай вуліцы Будаўнікоў — хочаце верце, хочаце не — але спраўлялі аж два вяселлі: нашы суседзі — у той самай школе, мы сваё — дома. Апроч радні, сын сяброў на банкет запрасіў, «аднапакойнікаў» па інтэрнаце.

Дабірацца ім, праўда, не так лёгка было: ноччу, здалёк, спачатку цягніком, які спыняўся ледзь не каля кожнага слупа, потым — ад станцыі — рэйсавым аўтобусам.

Стаміліся нашы хлопцы, але ж вуліцу Будаўнікоў апыталі хутка (нумар дома непатрэбны быў: са школьнай сталоўкі на ўсю моц грымелі дынамікі. Наша, жывая, сапраўдная музыка — скрыпка, гармонік і бубен — я сам пад такую жаніўся — туды не далятала)...

Ды і чаго было прыслухоўвацца, калі даехалі, калі іх яшчэ на школьным ганку гасцінна сустрэлі, пасадзілі за святочны стол (без маладых пакуль, тыя — не вярнуліся з загса), калі налілі па поўнай чарцы і наставілі закусак...

Хто яны, — ніхто не пытаўся: радня жаніха думала, што госці з боку нявесты. І наадварот...

Хлопцы, карацей, кульнулі па некалькі чарак, добра падмацаваліся, павесялелі, а тут і вясельны картэж: усіх нібы ветрам са сталоўкі знесла: пабеглі сустракаць маладых!

Тройца рушыла следам і тут жа зразумела, што трэба «рабіць ногі»: жаніх быў зусім незнаёмы. Нявеста і пагатоў!

Пад шумок, непрыкметна хлопцы выйшлі са школы, у роздуме, што рабіць, пайшлі па вуліцы.

На шчасце, я ў гэты час выйшаў на балкон пакурыць. Прыгледзеўся: дык гэта ж свае — сынавы сябры! Я ў інтэрнат ім гасцінцы прывозіў!

Выбег насустрач (твары, як тры пажары!), павітаў...

Бачу, першы хмель у гасцей як рукою зняло! Можа, таму, што ён быў выпадковы?

Іншая рэч — другі: з радасці за сябра і яго законную палавіну, з гонару за сябе: як-ніяк дабраліся, павіншавалі, пажадалі, каб усё ў маладых было як належыць: каб разам — у смутку і ў радасці!

Здаецца, збылося?»

Мікалай КОМ

г. Орша

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.