Вы тут

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Бянько: Гэты рух я і люблю, хапае энергіі і азарту


Хто сказаў, што сельская гаспадарка — справа толькі дарослых людзей, якія маюць за плячыма багаты вопыт і літаральна нарадзіліся для працы на зямлі? Аграрная галіна нашай краіны сёння — гэта мадэрнізаваныя аграпрамысловыя холдынгі, рабатызаваныя жывёлагадоўчыя комплексы і сучасныя тэхналогіі вытворчасці. Новы подых у развіццё гэтай сферы ўносяць, вядома, прадстаўнікі маладога пакалення — апантаныя, з незгасальным запалам і жаданнем зрабіць найлепш. Сярод паспяховых маладых кіраўнікоў — дырэктар унітарнага прадпрыемства «Рудакова» Андрэй Бянько з Віцебскага раёна.

Пра кіраванне адным з найбуйнейшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Віцебшчыны, рэалізацыю юнацкіх мар, а таксама працоўны гумар ад дырэктара — у чарговым выпуску праекта «Плеяда маладых».


— Андрэй Аляксандравіч, вам толькі 29 гадоў, а вы ўжо ўзначальваеце адну з найвялікшых гаспадарак паўночнага рэгіёна. Наколькі доўгі быў прафесійны шлях?

— Я прыйшоў у «Рудакова» ў 2017 годзе па размеркаванні. Пачаў пісаць свой працоўны летапіс на пасадзе загадчыка машыннага двара, потым стаў галоўным інжынерам. З цягам часу атрымаў павышэнне да намесніка па механізацыі, пасля — намесніка дырэктара па вытворчасці. Са снежня мінулага года афіцыйна ўзначальваю наш віцебскі сельскагаспадарчы «карабель» (усміхаецца).

— Абралі прафесію выпадкова або працягваеце сямейную дынастыю?

— Мой лёс быў прадвызначаны. Я родам з Сенненшчыны, аграгарадка Літусова. Мой бацька быў галоўным аграномам у мясцовай гаспадарцы, маці і зараз працуе загадчыкам зернесушыльнага склада. Адна справа — калі ты жывеш у вёсцы і з дзяцінства далучаешся да працы на зямлі, а другая — калі твае бацькі спецыялісты ў гэтай галіне. І я заўсёды ведаў, што мой жыццёвы шлях адзін — сельская гаспадарка. У 12 гадоў я ўжо выдатна кіраваў машынай, разбіраўся ў тэхніцы — усе гэтыя асновы даў мне бацька. Напэўна, тады і зарадзілася любоў да агрэгатаў і тэхнікі, таму і адукацыю атрымліваў у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі па спецыяльнасці «Механізацыя». Разам з гэтым адначасова атрымліваў спецыяльнасць па кіраванні для сябе. І, як паказалі гэтыя гады, недарма. Трапіўшы ў Віцебскі раён, захацелася тут застацца — у «Рудакова» была моцная тэхнічная база, кіраўніцтва стварыла камфортныя ўмовы, гэтыя ўнутраныя традыцыі гаспадаркі мы захоўваем і ўдасканальваем і сёння.

— Што сабой зараз уяўляе «Рудакова»?

— Гэта чатыры вытворчыя ўчасткі на плошчы 30 тысяч гектараў, цяплічны камбінат, дзе развіваецца раслінаводства. Больш за 14 тысяч налічвае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, 15 тысяч гектараў раллі. На прадпрыемстве сёння працуе каля тысячы чалавек. Пры гаспадарцы ёсць кавярня-бар і гасцініца.

Пасля рэарганізацыі гаспадаркі з філіяла ААТ «Малако» г. Віцебска ва ўнітарнае прадпрыемства да нас далучыліся вытворчыя ўчасткі «Вымна» і «Паўдзеткі». У мінулым годзе ў структуру «Рудакова» ўвайшоў і ўчастак «Тулава».

Мы штодзень рэалізоўваем 60 тон малака вышэйшым гатункам або «экстра». На тэрыторыі раёна працуе дзесяць фірмавых крам, якія прапаноўваюць спажыўцам свежую гародніну цяплічнага камбіната па цэнах з мінімальнай гандлёвай надбаўкай. Прадпрыемства забяспечвае гаспадаркі вобласці элітным насеннем (у 2022 годзе было рэалізавана 240 тон).

— Наколькі цяплічны камбінат з'яўляецца неад'емным элементам адзінага механізма?

— Камбінат — «сэрца» нашай гаспадаркі. Сама за сябе гаворыць эканамічная статыстыка: у мінулым годзе «Рудакова» зарабіла 56 мільёнаў рублёў, з іх 28 — толькі цяплічны камбінат. Цяплічны — асноўны рухальнік агульнага прамысловага прагрэсу.

— За вялікімі дасягненнямі прадпрыемства заўсёды стаяць людзі, з маленькіх перамог якіх складаецца агульны вынік цэлага калектыву. Раскажыце аб сваіх «байцах» бачнага і нябачнага «фронту»?

— Без людзей, якіх упэўнена можна назваць прафесіяналамі сваёй справы, сёння прадпрыемства не магло б існаваць паспяхова. Яны штодзённай цяжкай працай закладвалі падмурак «Рудакова», фарміравалі моцныя аграрныя традыцыі і працягваюць іх сёння. Сярод заслужаных работнікаў, якія ўнеслі важкі ўклад у станаўленне, — начальнік вытворчага ўчастка «Паўдзеткі» Анатоль Віктаравіч Лісоўскі, начальнік вытворчага ўчастка «Вымна» Міхаіл Васілевіч Дуднік і шэраг іншых ветэранаў сельскай гаспадаркі.

Раіса Іванаўна Крупаціна — начальнік цяплічнага камбіната — у гэтым годзе адзначае прафесійны юбілей. У «Рудакове» яна працуе 50 гадоў! Менавіта з-пад яе лёгкай рукі цяплічная гаспадарка з'яўляецца перадавіком у вобласці, размяшчаецца на 18 «зашклёных» гектарах і сёння забяспечвае не толькі вобласць і краіну, але і суседнюю Расію свежай вітаміннай прадукцыяй: агуркамі, памідорамі, зелянінай.

У мінулым годзе Віцебшчына пабіла паўночны аграрны рэкорд, намалаціўшы звыш мільёна тон збожжа. Першая, другая і трэцяя тысячы тон золата палёў у вобласці былі ў заліку рудакоўскага хлебароба Валянціна Яшчанкі. Ён неаднойчы прымаў віншаванні ад кіраўніцтва вобласці, раёна і гаспадаркі на полі. І такіх апантаных, якія гараць сваёй справай, у нас шмат не толькі ў галіне раслінаводства, але і жывёлагадоўлі.

— Якія змены адбыліся ў «Рудакове» пад вашым кіраўніцтвам?

— Шмат зроблена ў вытворчых участках: у «Паўдзетках» пабудаваны новы хлеў, адзін рэканструяваны ў «Рудакове», у «Вымне» была пабудавана даільная зала. На большасці аб'ектаў працавала ўласная будаўнічая брыгада. Цяпер робім акцэнт на мадэрнізацыю цэнтра прадпрыемства — вытворчага ўчастка «Рудакова». Адсюль і славутыя вытокі малочных рэк — вынік удасканаленняў у сферы жывёлагадоўлі.

Сёлета за кошт рэспубліканскага бюджэту будуць мадэрнізаваны два вялікія жывёлагадоўчыя аб'екты: МТК-1200 і МТК «Добрына», што значна павялічыць вытворчыя магчымасці прадпрыемства. На гэта выдзелена 3,2 мільёна рублёў.

— Сёння аграрныя прафесіі набіраюць папулярнасць і выходзяць на новы ўзровень прэстыжу. Наколькі сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ў межах вашай гаспадаркі прывабліваюць людзей?

— Варта адзначыць, што цэнтр «Рудакова» знаходзіцца ў аграгарадку Ноўка, які размяшчаецца ў непасрэднай блізкасці ад Віцебска. І ў параўнанні з гарадскімі зарплаты ў нашай галіне значна вышэйшыя. Гэта, безумоўна, нялёгкая праца, але і ацэньваецца яна высока — сярэдняя зарплата на прадпрыемстве складае 1,156 рубля, усё роўна мы маем патрэбу ў спецыялістах.

Нярэдкія выпадкі, калі работнікі з іншых устаноў, якія прыходзілі на ўборачны сезон падзарабіць, заставаліся ў нас — гэта паказчык узроўню арганізацыі працы, аплаты і ўмоў. Летась камбайнеры зараблялі за жніво больш за пяць тысяч рублёў.

Мы забяспечваем нашых спецыялістаў жыллём (нават тых, хто прыязджае на сезон), выдаём уласную прадукцыю раслінаводства.

— Як ідзе падрыхтоўка да сяўбы?

— На мехдварах рабочы працэс не спыняўся з восені: паставілі тэхніку на захаванне і адразу пачалі рамонт. Усе прычапныя агрэгаты — плугі, культыватары — былі нагатове ўжо да канца года. Цяпер ідуць апошнія моманты падрыхтоўкі да сезона імпартных пасяўных агрэгатаў (тэрміны затрымлівае пастаўка запчастак).

Сёння машынны парк прадпрыемства складаюць звыш 150 адзінак тэхнікі, сярод якіх 28 энерганасычаных трактароў. Парк рэгулярна абнаўляецца, у бягучым годзе было закуплена пяць адзінак, у тым ліку бульбаўборачны камбайн і машыны для абслугоўвання комплексаў жывёлагадоўлі.

Акцэнт у будучым пасяўным сезоне будзем рабіць на культуры, якія забяспечаць кармавую базу гаспадаркі. Толькі за мінулы год мы павялічылі пагалоўе на тысячу — цяпер трэба нарыхтаваць жывёлам якасны корм.

— З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца віцебскія аграрыі падчас правядзення палявых работ з улікам таго, што Віцебскі раён звычайна падыходзіць да сяўбы адным з апошніх?

— Адна з галоўных праблем для нас — малая контурнасць палёў у адрозненне ад Аршаншчыны, Міншчыны. Цяпер амаль уся тэхніка з прычапнымі агрэгатамі шыроказахопная, таму хмызнякі і кустоўе ствараюць пэўныя цяжкасці пры апрацоўцы глебы. Замінаюць і камяні — адгалоскі ледавіка.

Умовы надвор'я ў нашым рэгіёне дазваляюць пачынаць сяўбу запознена. Толькі нядаўна канчаткова сышоў снег, тэхніка не можа прасунуцца і гразне. Зараз і вываз арганікі вядзецца з дапамогай буксіроўкі. Але надвор'е таксама ладзіць для нас школу жыцця: падчас жніва няма часу на адпачынак, таму і шчыруем актыўна, па-перадавому.

— Андрэй Аляксандравіч, як у вас атрымліваецца разбірацца ва ўсіх сферах: раслінаводстве, жывёлагадоўлі, механізацыі?

— Гэта, вядома, цяжка, але калі ўзяўся — то цягні (усміхаецца). Тэарэтычную базу я атрымаў у акадэміі, а адточваў і прымяняў веды на практыцы, ужо прыйшоўшы ў гаспадарку, якая шэсць гадоў назад была даволі вялікай. Прыходзілася хутка ўключацца ва ўсе вытворчыя працэсы, шматлікія рэарганізацыі закраналі і мяне. Гэта было каштоўным вопытам, бо, калі непадрыхтаваны чалавек прыходзіць на шматгаліновае прадпрыемства, ён губляецца. А мне пашанцавала прайсці гэта павольна на працягу пэўнага прамежку часу.

— Як да маладога дырэктара ставяцца работнікі?

— З павагай. Я год за годам напрацоўваў аўтарытэт, і мой калектыў цяпер давярае не лічбам у пашпарце, а рацыянальнаму, гаспадарскаму падыходу да справы. Я малады, але неабдуманыя парывы юнацкага максімалізму перарос даўно (усміхаецца). У рабоце з людзьмі таксама не гляджу на ўзрост: калі спецыяліст на аб'екце працуе добра — малайчына, так трымаць; калі дзесьці недахоп — атрымай і выправі. А як па-іншаму?

— Хто вас падтрымлівае і натхняе?

— Мая любімая сям'я. Сваю жонку Надзею я ведаю, здаецца, усё жыццё: яна часта прыязджала ў Літусова, дзе я жыў, да бабулі. Рамантычная вясковая атмасфера, як гэта часта здараецца, моцна паўплывала на нас, і юнацкае каханне перарасло ў сям'ю. А яшчэ адной маёй крынічцы натхнення ўжо тры гады — дачка Марыя ўжо ў мінулым годзе была са мной на полі падчас жніва. Разам з ёй увечары аб'язджаем аб'екты прадпрыемства, ёй падабаецца.

— Як звычайна праходзіць ваш дзень? Наўрад ці ў мяккім кабінетным крэсле?

— Раніцай бывае некалькі гадзін, каб разабрацца з вялікай колькасцю дакументаў. Звычайна займаюся гэтым у суботу. Пасля абеду саджуся ў аўтамабіль і пачынаю аб'язджаць фермы і мехдвары, каб паглядзець, як ідзе рамонт або як выконваюцца даручэнні.

Здаралася, што, калі на вытворчых участках не хапала спецыялістаў, я прыязджаў сам і паказваў работнікам, што і як трэба зрабіць. Летам падчас уборачнай на палях кантралюю рабочы працэс, сачу, каб механізатары не адыходзілі ад аховы працы, каб камбайны ставілі пад ахову. На маёй пасадзе трэба быць універсальным.

— Напэўна, і боты гумавыя за пяць гадоў сталі неад'емным элементам гардэробу?

— У мяне нават дзве пары ў дзвюх машынах. І зменныя курткі таксама. Працоўны дзень непрадказальны, як і надвор'е: зараз сядзіш на нарадзе, праз гадзіну — едзеш з аграномам на поле. Гэты рух я і люблю, хапае энергіі і азарту. Над паперамі пасяджу на пенсіі (усміхаецца).

— Вы жывяце ў сваім доме ў аграгарадку. Займаецеся земляробствам у сябе на сотках?

— А як жа? Вясковую душу не вырвеш. У нас 22 соткі, на якіх і бульба, і градкі, і цяпліца. Усімі гэтымі справамі займаецца Надзея, а я падстаўляю сваё плячо ў пытаннях будаўніцтва ці рамонту. Апрацоўваю глебу таксама сам, на мотаблоку. І адразу адкажу на пытанне, якое вы не паспелі задаць: не тое, што мне хапае сельскай гаспадаркі на рабоце, проста сваё заўсёды найлепшае.

— Як праводзіце вольны час, калі такі выдаецца?

— Мая прафесія першапачаткова неафіцыйна падказвае, што вольнага часу багата не будзе. Яно так і здараецца, асабліва калі для цябе пасада дырэктара — не прыгожыя словы, а рэальная адказнасць. Хутка пачнецца сяўба, і мая сям'я будзе бачыць мяне толькі ўвечары, але я вельмі шаную неацэнны час бацькоўства і імкнуся ўсяго сябе прысвячаць дачцэ і жонцы.

Маім хобі, якое я пранёс амаль праз 30 гадоў жыцця, застаецца тэхніка. Люблю разбіраць і збіраць дэталі — гэта для мяне як асаблівы метад медытацыі і адпачынку.

— Якімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства?

— Чалавек павінен быць камунікабельным, у некаторай ступені — псіхолагам, слухаць людзей. Адначасова не страціць патрабавальнасць, умець крочыць у нагу з часам і выкарыстоўваць новыя тэхналогіі ў вытворчасці. І, вядома, без гумару нікуды — ён часам вырашае праблемы лепш за пагрозы.

— Азіраючыся назад, усе юнацкія мары спраўдзіліся?

— Так. У мяне ёсць сям'я, я рэалізаваўся ў прафесіі і атрымаў грамадскае прызнанне — па выніках работы за 2021 год маё імя занеслі на Дошку гонару Віцебскага раёна,
захоўваю і граматы абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Аказаны давер з боку кіраўніцтва паўночнага рэгіёна імкнуся апраўдаць. Аднак толькі штодзённая карпатлівая праца дазволіць упэўнена рухацца наперад.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА


Аўдыёверсія праекта — на радыё Пілот-FM і на сайце zviazda.by.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 а д 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.