Вы тут

Вытворчасць агародніны дазваляе забяспечыць унутраны рынак прадукцыяй


Вытворчасць агародніны ў нашай краіне дазваляе цалкам забяспечыць унутраны рынак айчыннай прадукцыяй. Пра гэта распавялі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, МАРГ і Белкаапсаюза.


— Гароднінай, у прыватнасці, «баршчавым наборам», наша краіна забяспечвае сябе поўнасцю, — падкрэсліла начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава. — Узровень самазабеспячэння гароднінай складае больш як 100 працэнтаў. Напрыклад, бульбы ў Беларусі вырошчваецца ў 13 разоў больш, чым спажываецца. Але недацягваем да поўнай забяспечанасці па яблыках — усяго 74 %, — адзначыла спецыяліст.

Прадстаўніца МАРГа распавяла, што па выніках мінулага года доля продажаў айчыннай агародніны ў Беларусі склала практычна 70 %, бульбы, капусты, морквы і буракоў — больш за 80 %. Часцей, чым у мінулыя гады, выбіраў беларускі спажывец і айчынныя яблыкі.

— Прыемна, што і яблыкі беларускай вытворчасці прыраслі летась на 11 працэнтаў, — адзначыла яна.

Чаго яшчэ не хапае спажыўцу вясной? Асаблівая ўвага аддаецца вытворчасці таматаў і агуркоў, падкрэсліла спецыяліст. МАРГ сумесна з Мінсельгасхарчам вызначана гадавая патрэба ў згаданай гародніне на 2023 год. Цяпер работа накіравана на павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці агуркоў і памідораў менавіта ў міжсезонны перыяд, калі айчыннай прадукцыі ў нас не хапае з прычыны кліматычных умоў.

«Падушка бяспекі»

Каля 11-12 працэнтаў ад усёй вырабленай у краіне агародніны закладваецца ў стабілізацыйныя фонды.

Гародніна і садавіна айчыннай вытворчасці — аснова харчавання і тавар першай неабходнасці. Для забеспячэння іх даступнасці насельніцтву ў міжсезонны перыяд урадам прынята рашэнне аб захаванні рэгулявання цэн на свежую пладова-агароднінную прадукцыю. МАРГ сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання выбраны разліковы дапушчальны ўзровень закупачных цэн на прадукцыю, якая закладваецца ў стабфонды, і вызначаны графік маніторынгу закупачных цэн, расказала Наталля Мельнікава.

— Патрэба стабфондаў разлічваецца зыходзячы са статыстычнай інфармацыі: яна ўлічвае звесткі за апошнія тры гады, — сказала яна. — Сёння вядзецца работа па падрыхтоўцы разліку патрэбнасці на міжсезонне 2023—2024 гадоў.

Павялічыцца або знізіцца гэтая патрэба, пакуль спецыялісты сказаць не гатовыя. Але дакладны разлік вельмі важны: закладваць у стабфонды звыш патрэб не мае сэнсу, інакш прадукцыя не будзе запатрабаваная суб'ектамі гандлю.

— Мы пачынаем работу з буйнымі гандлёвымі сеткамі па заключэнні дагавораў пастаўкі пладова-агародніннай прадукцыі, — адзначыла начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Вырасціць і захаваць

Пра важнасць забеспячэння захаванасці ўраджаю аж да наступнага гаварыў і начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык. Бо ў планах на гэты год — нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі: павелічэнне на 8-10 працэнтаў практычна па кожнай пазіцыі «баршчавога набору». Мэта — максімальна насыціць паліцы крам якаснай айчыннай гароднінай.

— Да 1 красавіка праводзіцца ўдакладненне патрэб у пэўных відах прадукцыі, будуць заключацца дагаворы на яе пастаўку і вызначацца больш канкрэтныя пасяўныя плошчы, — расказаў Мікалай Лешык. — Сельгасарганізацыямі і фермерскімі гаспадаркамі запланавана пасеяць каля 4 тысяч гектараў гародніны. У рабочым парадку пасяўныя плошчы будуць карэкціравацца па асобных відах прадукцыі — у бок павелічэння або зніжэння.

Спецыяліст падкрэсліў, што ў Беларусі сховішчаў дастаткова, але ў пэўных суб'ектаў гаспадарання яны не маюць рэгулюемага газавага асяроддзя і адпаведнага мікраклімату. Такім чынам, узнікаюць складанасці з забеспячэннем захаванасці гародніны і пладоў — у першую чаргу ў канцы красавіка-маі.

— Таму прадугледжана магчымасць праз падтрымку праграмы «Аграрны бізнес» правесці будаўніцтва або мадэрнізацыю сховішчаў, — падкрэсліў Мікалай Лешык. — Суб'екту неабходна ва ўзаемадзеянні з аблвыканкамам вызначыць праект, прапрацаваць з банкамі магчымасць яго крэдытнай падтрымкі і ў далейшым атрымаць кампенсацыю па крэдыце для будаўніцтва або мадэрнізацыі сховішча.

Яшчэ адно надзённае пытанне, якое датычыцца забеспячэння насельніцтва свежай беларускай гароднінай у міжсезонне, — будаўніцтва або мадэрнізацыя цяплічных гаспадарак.

— З лістапада да сакавіка ёсць дэфіцыт у свежых агурках айчыннай вытворчасці — каля 2 тысяч тон, а таксама ў свежых таматах — каля 11 тысяч тон, — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства. — Ён абумоўлены недастатковымі магутнасцямі цяплічных гаспадарак. З 230 га наяўных цяпліц толькі 159 га забяспечваюць неабходны тэмпературны рэжым і ўзровень падсветкі на працягу ўсяго года.

Каб забяспечыць неабходныя аб'ёмы вытворчасці свежых агуркоў і таматаў у міжсезонне, краіне неабходна мець яшчэ каля 44 га цяплічных гаспадарак або мадэрнізаваць ужо існуючыя. Цяпер праводзіцца абследаванне цяпліц.

«Гарантыя» ад селекцыянераў

Першачарговай задачай магчымасць доўгага захоўвання ўраджаю называюць і селекцыянеры.

— За апошнія чатыры гады, па выніках дзяржаўнага сортавыпрабавання, у сельскагаспадарчую вытворчасць дапушчана дзевяць новых сартоў бульбы, — расказаў дырэктар РУП «Інстытут пладаводства» Аляксандр Таранаў. — Сучасныя беларускія сарты маюць патэнцыяльную ўраджайнасць да 70 тон з гектара.

Сарты «Першацвет» і «Юлія» адрозніваюцца фарміраваннем таварнага ўраджаю ў раннія тэрміны ўборкі і добра захоўваюцца ў зімовы перыяд. Сярэдняспелыя «Водар» і «Гарантыя» па ўраджайнасці пераўзыходзяць знакаміты «Скарб», кантрольны ў дадзенай групе спеласці. Сярод новых крухмалістых сартоў сярэдняпозняго тэрміну паспявання — «Нара» і «Рубін», а таксама «Крок» сталовага і тэхнічнага прызначэння. Створаны гібрыд капусты белакачаннай «Марана» з патэнцыяльнай ураджайнасцю 110 тон з га, а таксама «Варта» (120 тон з га), дадаў навуковец.

Навінкі па агурках — кароткаплодныя партэнакарпічныя гібрыды ўніверсальнага прызначэння «Духмяны» для адкрытага грунту і «Пачастунак» для плёначных цяпліц. Ранняспелы куставы гібрыд тамата «Зубраня» валодае патэнцыяльнай ураджайнасцю 45,5 тоны з га.

Селекцыянерамі створаны і перададзены на дзяржвыпрабаванні і першы айчынны гібрыд цыбулі рэпчатай «Тутэйшы» — ён адрозніваецца хуткаспеласцю, а яго ўраджайнасць на доследных участках склала 77 тон з га.

Сярод пладовых культур найбольш востра сёння стаіць пытанне па забеспячэнні спажыўца айчыннымі яблыкамі, і навука працуе ў дадзеным кірунку.

— Інстытутам пладаводства створана цэлая лінейка сартоў — ад самых ранніх да здольных ляжаць, — адзначыў Аляксандр Таранаў і параіў садаводам звярнуць увагу на сарты «Алеся», «Весяліна», «Белана», «Імант»: яны здольныя захоўвацца ў звычайным газавым асяроддзі да красавіка-мая.

Здольнасцю доўга захоўвацца адрозніваюцца і грушы «Завея». Сярод іншых распрацовак селекцыянераў — першыя айчынныя сарты рэмантантных малін — «Вераснёвая», «Злата», а таксама айчынны сорт персіка «Лойка», раяніраваны ў Рэспубліцы Беларусь.

— Створаны тры беларускія сарты фундуку: «Лал»,» Яшма» і «Аркадзь», па якіх арганізавана навуковае суправаджэнне. У Маладзечанскім раёне закладзены дзясяткі гектараў згаданай культуры, — адзначыў вучоны.

Першы ўраджай ужо на прылаўках

Шукаць айчынную гародніну, беларускія яблыкі-грушы і ягады, зразумела, варта ў гандлёвай сетцы спажывецкай кааперацыі.

— Арганізацыі спажыўкааперацыі штогод бяруць актыўны ўдзел у забеспячэнні спажывецкага рынку айчыннай пладова-агародніннай прадукцыяй, — адзначыла начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана Скіндэр. — А ў аб'ёмах закладкі стабілізацыйных фондаў займаюць у сярэднім па кожнай пазіцыі ад 15 да 20 %. Разумеючы актуальнасць і запатрабаванасць некаторых пазіцый, мы закладваем на захоўванне больш прадукцыі, чым даводзяцца заданні, — падкрэсліла яна.

Белкаапсаюз удзельнічае і ў забеспячэнні сыравінай перапрацоўчых прадпрыемстваў.

— Супрацоўнічаем з перапрацоўшчыкамі ўсіх формаў уласнасці, — сказала Аксана Скіндэр. — З кансервавымі заводамі, вытворцамі ёгуртных дабавак і дзіцячага харчавання (якія патрабуюць самай высокай якасці сыравіны). Развіваем і ўласную перапрацоўку. Сёлета ў Глускім райспажыўтаварыстве рэалізоўваецца інвестыцыйны праект, які дазволіць выпуск замарожанай прадукцыі ў шырокім асартыменце і ў сучаснай упакоўцы.

Асаблівасць спажывецкай кааперацыі — работа не толькі з сельгасарганізацыямі, але і цесны кантакт з насельніцтвам і фермерамі. Гэта дазваляе насыціць рынак у тым ліку шырокім спектрам пладова-агародніннай прадукцыі нетрадыцыйных відаў, адзначыла спецыяліст.

— Работа гэтая вядзецца круглы год. Цяпер мы супрацоўнічаем з больш як 400 фермерскімі гаспадаркамі краіны па розных напрамках пачынаючы ад ранняй агародніннай прадукцыі, якая ўжо ёсць на прылаўках.

За мінулы год насельніцтву Беларусі за здадзеную сельгас- і дзікарослую прадукцыю было выплачана 340 мільёнаў рублёў, распавяла прадстаўніца Белкаапсаюза. А з улікам гаспадарак і фермераў гэтая сума склала 524 млн рублёў. У планах на бягучы год — закупка не менш за 15 тыс. тон бульбы, звыш 30 тыс. тон гародніны, 50 тысяч тон пладоў і ягад.

— Арганізацыі спажыўкааперацыі захавалі матэрыяльна-тэхнічную базу, а гэта 91 сховішча з магутнасцю захоўвання каля 20 тысяч тон пладова-агародніннай і ягаднай прадукцыі. Створаны ўмовы для захоўвання прадукцыі, якая патрабуе асаблівых рэжымаў, — бульбы, цыбулі, яблыкаў.

У планах Белкаапсаюза на сёлета — не толькі насычэнне ўнутранага рынку якаснай сельгаспрадукцыяй, але і пошук новых рынкаў збыту. Мінулы год паказаў: беларуская пладовая прадукцыя запатрабаваная і ў Расіі, адзначыла спецыяліст. А фруктовыя віны — новы напрамак работы спажывецкай кааперацыі — экспартуюцца нават у Кітай і там зарэкамендавалі сябе як адзін з высакаякасных беларускіх прадуктаў.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.