Вы тут

Хочаце прыгожы і квітнеючы сад? Сабралі 8 дзейных парад


Для атрымання багатага ўраджаю дачнікі, як правіла, акцэнтуюць сваю ўвагу на тых работах, якія важна выконваць у садзе ўвесь каляндарны год. І як жа крыўдна, калі, нягледзячы на тытанічныя намаганні, вынік не радуе. А справа часта ў памылках, якія мы дапускааем яшчэ ў момант закладкі пладовага саду. Каб выключыць непрыемны сцэнарый развіцця падзей, важна памятаць пра тое, што настойліва не рэкамендуецца рабіць у садзе.


Фота: pixabay.com

Не закладвайце сад на непадыходзячых глебах

Выбар месца — важны фактар, які будзе ўплываць на рост і ўраджайнасць саду. Добра, калі ўчастак размешчаны на раўніне. Такі падыходзіць для вырошчвання ўсіх пладовых культур. Найлепшыя глебы — лёгкія і сярэднія суглінкі. А вось багністыя, пясчаныя, засоленыя ці цяжкія гліністыя глебы для яблыневага саду проціпаказаныя.

Не саджайце новае дрэва адразу на месцы выкарчаванага

Пладовыя дрэвы, пасаджаныя паўторна пасля раскарчоўкі саду, могуць быць моцна прыгнечаныя. Ранейшыя расліны ўжо выбралі адсюль большую частку пажыўных рэчываў, а пакінутыя ў глебе карэньчыкі пры перагніванні вылучаюць таксіны. Таму паўторна яблыневы сад на месцы старога плануйце не раней як праз 4-5 гадоў. На гэты перыяд участак лепш засяваць аднагадовымі культурамі — у першую чаргу зернебабовымі, з наступнай восеньскай закладкай іх у грунт і перакопкай. Спецыялісты рэкамендуюць сеяць свірэпку, жыта, гарох, гарчыцу, фасолю пасля ўборкі ранняй гародніны на тым месцы, дзе расла старая яблыня.

Калі няма магчымасці правесці севазварот, то хоць бы на тым месцы, дзе раслі семечкавыя культуры (яблыні, грушы), саджайце костачкавыя (вішню, сліву, алычу). І наадварот.

Увесну для аздараўлення грунту карысна апрацаваць глебу растворам біяфунгіцыду «Фітаспарын-М» (па інструкцыі). Пры траплянні ў вільготную зямлю і на раслінныя тканкі бактэрыі прэпарату інтэнсіўна размнажаюцца і хутка выцясняюць шкодныя грыбкі і іншую патагенную мікрафлору. Споры паршы, маніліёзу і мучністай расы, якія засталіся ў зямлі, збольшага загінуць. Пасля для маладых саджанцаў на апрацаваным участку будзе значна менш пагроз.

Не загушчайце пасадкі

Пладовыя дрэвы не выносяць канкурэнцыі. Іх галіны не павінны зацяняць адна адну, а карані — канкурыраваць за вільгаць і харчаванне. Адлегласць паміж дрэвамі павінна складаць не менш за 4 метры, асабліва ўлічваючы, што не ўсе аматары могуць выканаць разумную фармоўку дрэва.

Не купляйце расліны нераяніраваных сартоў

Лепш за ўсё высаджваць пладовыя дрэвы раяніраваных сартоў, вырашчаныя ў лакальных гадавальніках і адаптаваныя да вашай мясцовасці. Саджанцы, набытыя ў паўднёвых рэгіёнах, будуць пакутаваць ад маразоў.

Не высаджвайце пашкоджаныя саджанцы

Паколькі маладыя дрэвы лепш прыжываюцца, для пасадкі выкарыстоўваюць аднагадавыя і двухгадовыя саджанцы. Не эксперыментуйце з падсохлымі, хворымі раслінамі, з пашкоджаннямі на галінах і каранях. У здаровага саджанца павінна быць добрая разгалінаваная каранёвая сістэма. Калі карані падсохлі пры транспартаванні, іх можна змясціць у ваду прыкладна на суткі. А непасрэдна перад пасадкай карані пажадана акунуць у гліняную калатушку.

Не заглыбляйце каранёвую шыйку

Самая распаўсюджаная і небяспечная памылка пры пасадцы — заглыбленне каранёвай шыйкі саджанца (яна павінна знаходзіцца на ўзроўні глебы або крыху вышэй). Гэта прыводзіць да парушэння ўзаемасувязі паміж надземнай часткай расліны і яе каранёвай сістэмай. Дрэва імкнецца кампенсаваць такое парушэнне залішнім вегетатыўным ростам і ўступае ў плоданашэнне значна пазней.

Не ігнаруйце прафілактычныя апрацоўкі ад хвароб і шкоднікаў

Калі пасадзілі дрэва ўвосень, першыя работы плануйце ўжо ў пачатку вясны. Да распускання пупышак правядзіце апрацоўку ад узбуджальнікаў хвароб медзьзмяшчальнымі прэпаратамі. Перад цвіценнем і адразу пасля яго на дапамогу прыйдуць фунгіцыды «Дэлан», «Дыскор», «Скор», «Хорус», «Чыстафлор».

Ад шкоднікаў да цвіцення і пасля яго варта ўжываць прэпараты «Актара», «Кінмікс», «Сумі-Альфа».

З біяпрэпаратаў для апрацовак ад хвароб эфектыўныя «Бактофіт», «Фруцін», «Экасад». Ад шкоднікаў «Лепідацыд», «Фітаверм».

Пасля збору ўраджаю ў садзе пажадана апырскаць кроны растворам меднага купарвасу (300 г на 10 л вады), а ў канцы лістападу абавязковая апрацоўка растворам мачавіны (500-700 г на 10 л воды).

Не пускайце на самацёк ахову ад грызунаў

Узімку мышы і зайцы здольныя моцна нашкодзіць раслінам. Кара маладых дрэў, аднагадовыя парасткі, пупышкі на старых галінах — усё гэта яны не супраць пакаштаваць. У барацьбе з няпрошанымі гасцямі ў садзе выдатны эфект даюць атручаныя прынады ў прыствольных кругах. Раскладваюць іх звычайна ўвосень пасля ўстойлівага пахаладання.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».