Вы тут

Негатыўны прагноз Сусветнага банка, курс біткоіна і экспедыцыя Фёдара Конюхава


Сусветны банк папярэдзіў аб «страчаным дзесяцігоддзі» для глабальнай эканомікі

«Мяжа хуткасці» росту сусветнай эканомікі (максімальная хуткасць, з якой тая можа расці, не правакуючы інфляцыі) да 2030 года ўпадзе да мінімуму за апошнія тры дзесяцігоддзі, лічаць у Сусветным банку.


Фота: pixabay.com

Такую ацэнку сітуацыі арганізацыя дала ў дакладзе «Падзенне доўгатэрміновых перспектыў росту: тэндэнцыі, чаканні і палітыка». Так, паводле звестак з рэліза, амаль усе эканамічныя агенты, якія забяспечвалі «прагрэс і росквіт» на працягу апошніх 30 гадоў, паступова згасаюць. Сусветны банк чакае, што ў перыяд з 2022-га да 2030 года сярэдні глабальны патэнцыяльны рост ВУП знізіцца прыблізна да 2,2 працэнта — гэта значыць прыкладна на траціну ў параўнанні з тэмпамі, зафіксаванымі ў першым дзесяцігоддзі XXІ стагоддзя. У гэты час сусветная эканоміка расла штогод у сярэднім амаль на 3,5 працэнта, а ў 2011—2021 гадах — на 2,6 працэнта.

«Для сусветнай эканомікі можа наступіць страчанае дзесяцігоддзе. Зніжэнне патэнцыяльнага росту мае сур'ёзныя наступствы для агульнай здольнасці вырашаць спектр праблем, які пашыраецца, — беднасці, нераўнамернага размеркавання прыбыткаў і змен клімату», — заўважыў галоўны эканаміст Сусветнага банка Індэрміт Гіл.

Сусветны банк таксама сочыць за развіццём падзей у банкаўскім сектары, якія адбываюцца па меры таго, як рост працэнтных ставак і ўзмацненне жорсткасці фінансавых умоў павялічваюць кошт пазык для краін, якія сталі на шлях развіцця, адзначыў дырэктар групы прагназавання Сусветнага банка Айхан Касэ, словы якога прыводзяцца ў рэлізе арганізацыі. Ён адзначыў, што прагноз да 2030 года можа стаць больш змрочным, а зніжэнне тэмпаў росту сусветнай эканомікі — прыкметна больш рэзкім, «калі разгорнецца яшчэ адзін глабальны фінансавы крызіс, асабліва калі гэты крызіс будзе суправаджацца глабальнай рэцэсіяй».

Пазбегнуць такіх сцэнарыяў можна толькі за кошт «амбіцыйных ініцыятыў». Нарасціць тэмпы росту можна выключна пры дапамозе «палітыкі, якая стымулюе занятасць, павышае прадукцыйнасць і паскарае інвестыцыі». «Неабходны смелы, калектыўны палітычны штуршок. На нацыянальным узроўні кожная эканоміка, якая развіваецца, павінна будзе паўтарыць свой найлепшы дзесяцігадовы рэкорд па шэрагу напрамкаў палітыкі. На міжнародным узроўні палітычныя адказы ўжо сёння патрабуюць больш цеснага глабальнага супрацоўніцтва і актывізацыі намаганняў па мабілізацыі прыватнага капіталу», — заявіў вядучы аўтар справаздачы Айхан Касэ.

Разам з тым эксперты прыводзяць канкрэтныя спосабы выбудоўвання рацыянальнай палітыкі на нацыянальным узроўні: выраўноўванне грашова-крэдытнай і фіскальнай палітыкі, нарошчванне інвестыцый, скарачэнне гандлёвых выдаткаў, атрыманне выгады са сферы паслуг, пашырэнне ўдзелу ў пытаннях дэмаграфіі і рабочай сілы. Даклад неаднойчы падкрэслівае неабходнасць умацавання глабальнага супрацоўніцтва. Аднаўленне апошняга пасадзейнічае стымуляванню гандлю, мабілізацыі інвестыцый і паскарэнню дзеянняў па барацьбе са зменамі клімату.


Курс біткоіна ўзляціць да мільёна долараў?

Адным з нямногіх бенефіцыяраў банкаўскага крызісу стала галоўная крыптавалюта — біткоін, куды цяпер інвестары, якія перасталі давяраць банкам, укладваюць свае грошы.

Сёлета «біток» ужо вырас амаль на 70 працэнтаў, і гэта, хутчэй за ўсё, далёка не мяжа. Эксперты лічаць, піша CNBC, што рост галоўнай крыптавалюты працягнецца. Прычым, на думку галоўнага стратэга крыптабіржы Gemіnі Маршала Бірда, сёлета ён можа нават пратэсціраваць адзнаку ў 100 тысяч долараў. Як вядома, дзеючны рэкорд роўны 68.990,9 долара і быў устаноўлены ў лістападзе 2021-га. За год з невялікім ён упаў амаль на 60 працэнтаў.

«Думаю, сёлета біткоін установіць рэкорд», — робіць прагноз Бірд.

Паводле яго слоў, калі біткоіну ??ўдасца ўзняцца да дзеючага рэкорда, то па сілах будзе і стотысячная мяжа. Праўда, для гэтага яму давядзецца ўзляцець амаль на 270 працэнтаў.

Станоўчы прагноз адносна біткоіна, хоць і больш сціплы, у тэхнічнага дырэктара Tether Паола Ардойна. На яго думку, біткоін сёлета падрасце да 69 тысяч долараў. Прычына ўзлёту галоўнай «крыпты» відавочная. Гэта, вядома ж, крах Sіlіcon Valley Bank і вялікія праблемы ў Sіlvergate Capіtal і Sіgnature Bank. Паколькі гэтыя банкі актыўна працавалі і з біткоінам, многія чакалі ад яго новага абвалу. Ён жа ірвануў у супрацьлеглым кірунку і рэзка пайшоў уверх дзякуючы свайму альтэрнатыўнаму статусу. Вось ужо шмат гадоў прыхільнікі біткоіна лічаць яго «лічбавым золатам», «надзейнай гаванню», якая дасць інвестарам бяспечны прытулак у самы разгар буры.

Спрэчкі аб тым, якіх вышынь дасягне сёлета біткоін, сур'ёзна пачаліся пасля таго, як вядомы інвестар і колішні тэхнічны дырэктар Coіnbase Баладжы Шрынівасан прапанаваў заклад на 2 мільёны долараў, што праз тры месяцы «біток» будзе каштаваць не менш за 1 мільён долараў. Заклад ён прапанаваў аднаму інтэрнэт-карыстальніку. Шрынівасан упэўнены, што ў ЗША пачнецца гіперінфляцыя, давер да долара знікне, пасля чаго як цэлыя дзяржавы, так і фізічныя асобы і кампаніі пачнуць купляць вялізныя аб'ёмы біткоінаў. Для таго каб каштаваць 1 мільён долараў, галоўнай «крыпце» неабходна ўзляцець прыблізна на 3600 працэнтаў.

Вядома, з прагнозам Шрынівасана аб біткоіне за мільён долараў у сярэдзіне чэрвеня большасць экспертаў не згодная.


Еўрасаюз пазбавіцца ад аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання да 2035 года

Камітэт пастаянных прадстаўнікоў краін ЕС (COREPER) адобрыў рашэнне аб адмове ў Еўрасаюзе да 2035 года ад аўтамабіляў унутранага згарання пры выключэнні для Германіі, якая ўзяла курс на «сінтэтычнае паліва», паведаміла BFMTV.

Еўрапейскі рэгламент абавяжа выпускаць новыя аўто без выдзялення CO2. Будзе забаронена выкарыстанне машын, якія працуюць на бензіне і дызельным паліве, а таксама гібрыдных. Яны саступяць месца электрычным аўто, за выключэннем тых, што будуць працаваць на сінтэтычным гаручым.

Спачатку заканадаўчая прапанова Еўракамісіі прадугледжвала поўную забарону на продаж пасля 2035 года аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання. Германія ў пачатку сакавіка заблакіравала дадзены законапраект. Краіна — найбуйнейшы еўрапейскі аўтавытворца — запатрабавала ад ЕК падрыхтаваць прапанову, якая дазваляе выпускаць аўтамабілі на сінтэтычным паліве. Гэтую пазіцыю падтрымлівалі таксама італьянскія аўтавытворцы. Пасля трох тыдняў перагавораў бакі прыйшлі да згоды аб забароне пасля 2035 года аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання, дазволіўшы тыя з іх, якія будуць выкарыстоўваць выключна нейтральныя віды паліва, з пункту гледжання выкідаў CO2.


Фёдар Конюхаў праляцеў на паветраным шары праз Ледавіты акіян

Знакаміты расійскі падарожнік Фёдар Конюхаў і прэзідэнт Федэрацыі паветраплавальнага спорту Расіі Іван Мяняйла ўстанавілі сусветны рэкорд па далёкасці беспасадачнага пералёту на цеплавым паветраным шары. Яны праляцелі за два дні 2540 кіламетраў з Кіраўска Мурманскай вобласці да Хатангі Краснаярскага краю. Максімальная вышыня палёту склала 5820 метраў, максімальная хуткасць — 109 км у гадзіну, паведамляецца ў Telegram-канале Конюхава.

Папярэдні сусветны рэкорд беспасадачнага пералёту на паветраным шары належаў японскаму пілоту Мічыа Канда, які ў 1994 годзе праляцеў 2366 кіламетраў. Палёт Конюхава быў унікальны яшчэ і тым, што ён упершыню ў гісторыі прайшоў над марской акваторыяй у высокіх паўночных шыротах, паведаміў expert.ru. Цеплавы аэрастат з адкрытай карзінай праляцеў над двума морамі Паўночнага Ледавітага акіяна — Баранцавым і Карскім. Акрамя таго, гэта быў самы працяглы палёт на цеплавым аэрастаце за Палярным кругам — усю дыстанцыю ён праходзіў у калідоры 67-72 градусаў паўночнай шыраты.

Легендарнаму падарожніку Фёдару Конюхаву цяпер 71 год. Усяго мужчына здзейсніў каля паўсотні падарожжаў, у тым ліку чатыры кругасветныя плаванні. Ён стаў першым расіянінам, якому ўдалося выканаць праграму «Вялікі Шлем Прыгод» — заваяваць Паўночны і Паўднёвы полюсы і сем найвышэйшых вяршынь свету, у тым ліку Эверэст. Акрамя таго, Фёдар Конюхаў — першы ў свеце чалавек, які дасягнуў пяці полюсаў планеты: Паўночнага (тры разы) і Паўднёвага геаграфічнага, полюса адноснай недаступнасці ў Паўночным Ледавітым акіяне, Эверэста (полюс вышыні) і мыса Горн (полюс яхтсменаў).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».