Вы тут

Гурт «Чараўніцы»: «Кожная з іх на сцэне — каралева»


Мы раскажам пра сапраўдных лясных фей, якіх у Беларусі называюць чараўніцамі. Нашы гераіні жывуць на сцэне і лічаць, што ім сапраўды ўласціва пэўная магія. Напрыклад, калі дзяўчаты выходзяць выступаць — спыняецца дождж, а сыходзяць — зноў пачынае ліць. Каб даведацца, у чым жа іх сакрэт, мы сустрэліся з кіраўніком легендарнага гурта «Чараўніцы» Палінай Базылевай. Яна прыйшла разам з Аленай Ціж — вакалісткай ансамбля. Дзяўчаты падзяліліся з «Чырвонкай. Чырвонай зменай» кур'ёзнымі гісторыямі, расказалі пра традыцыі і прымхі, што пануюць у калектыве, пра мацярынскія клопаты і тыя самыя цуды падчас канцэртаў.


Гісторыя «Чараўніц» пачалася з 1971 года, калі ў гродзенскім ДК тэкстыльнага камбіната музыкант і вялікі аматар джаза Генадзь Лятынскі стварыў жаночы калектыў з выпускніц музычных вучылішчаў. Яго слава грымела на ўвесь Савецкі Саюз. Пасля вялікага поспеху ў «Чараўніц» здарыўся доўгі перапынак. Пра былое прызнанне прыходзілася толькі ўспамінаць. Колішняя кіраўніца калектыву Людміла Пасмурцава ўбачыла працяг сваёй справы ў асобе маладой салісткі Магілёўскай філармоніі Паліны Базылевай, якая трапіла ў калектыў ансамбля выпадкова ў 2011 годзе. Пайшла з мужам на вяселле знаёмых, там праспявала, і — Паліну заўважылі. А ў 2018 годзе дзякуючы дзяўчыне ансамбль пачаў новае жыццё.

«Век артысткі-вакалісткі не такі доўгі, — канстатуе Паліна. — Сцэна патрабуе маладых і амбіцыйных. Таму, калі старэйшыя за нас удзельніцы прынялі рашэнне завяршыць кар'еру, у 2018 годзе мы аб'явілі кастынг. Да нас прыйшла Анжаліка Зайцава, дарэчы, маці чацвярых дзяцей, а паўтара года таму ў склад увайшла Алена Ціж, таксама шматдзетная маці. Мы шукалі сапрана, а ў яе такі званочак — тое, што нам і трэба было» (смяецца).

Раней, расказвае кіраўнік легендарнага гурта, каб трапіць у «Чараўніцы», трэба было адпавядаць тром крытэрыям: праспяваць актаўны скачок на песню «Не за вочы чорныя», не мець шырокую косць і пяць гадоў не нараджаць. Цяпер такіх правілаў няма. Напрыклад, тое, што Анжаліка — мама чацвярых дзетак, кіраўніка калектыву ніколькі не спалохала, наадварот, натхніла. Паліна за тое, каб у кожнага былі і дзеці, і сям'я, так меркавала калісьці і Людміла Пасмурцава. Яна часта падтрымлівала дзяўчат, падстрахоўвала і нават заставалася з іх дзецьмі падчас гастроляў.

Сярэдні ўзрост удзельнікаў калектыву — 30 гадоў. Галоўныя інструменты — тры саксафоны і трамбон. Кожны чалавек на вагу золата — прыгажуні, прафесіяналы з яркім характарам. Кіраўнік гурта лічыць, што на сцэне кожная з іх — каралева. Галоўнае, каб быў агеньчык у вачах і дабрыня. «У нас унікальны калектыў, не толькі таму, што ён адзіны і першы ў Беларусі жаночы вакальна-інструментальны, дзе дзяўчаты і спяваюць, і іграюць на духавых інструментах. Яшчэ ён унікальны ў плане чалавечых адносін, — гаворыць Паліна. — Цяпер у нашым складзе тры вакалісткі і чатыры інструменталісткі. Падбірала амбіцыйных, яркіх, якія ведаюць сабе цану, але вялікая ўвага ўдзялялася найперш чалавечым якасцям. Я лічу сябе добрай, вясёлай, мне трэба, каб і вакол былі такія ж (смяецца). Вось наша Дар'я Бабко, саксафаністка, добра вядомая ў краіне, прэзідэнцкая стыпендыятка, выступае з філарманічнымі аркестрамі. Самая малодшая — нядаўняя выпускніца каледжа, наша флейтыстка Дзіяна Пярэдня, цяпер Шчуцкая, — знаёміць з удзельніцамі гурта Паліна. — Неяк яна ўзяла ў рукі саксафон, і я падумала: як ёй пасуе гэты інструмент (смяецца). У хуткім часе дзяўчына перавучылася і цяпер цудоўна на ім іграе. Наша Святлана Рагула — з тых легендарных «Чараўніц», можна сказаць, старажыл. Ультраталенавіты чалавек, у яе трэба вучыцца артыстызму. Іграе на ўсіх відах саксафонаў, вельмі любіць Японію і дасканала валодае японскай мовай. Таксама ў нас ёсць трамбаністка — Наталля Лукашэвіч, пакуль яна не можа прысутнічаць на ўсіх канцэртах, бо нарадзіла другое дзіця. З гэтых сямейных прычын на сцэне часцей за ўсё вы ўбачыце пяць-шэсць дзяўчат. Праз тое, што ўсе вельмі занятыя людзі, мабыць, хутка пашырым склад», — удакладняе спецыфіку «Чараўніц» кіраўнік.

— А інтрыгі ў вашым жаночым царстве ёсць?

«У нас няма інтрыг», — адказвае Паліна. «І нам няма чаго дзяліць», — дадае Алена Ціж.

Удзельніцы новых «Чараўніц» годна нясуць імя легендарнага брэнда. Але не згодны з меркаваннем, што яны рэтракалектыў. «Мы з гэтым будзем змагацца, — усміхаецца Паліна, — бо мы, «Чараўніцы», — модныя і сучасныя».

Па меркаванні дзяўчат, у іх гурта няма канкурэнтаў ні ў Беларусі, ні ў Расіі. Легендарныя «Чараўніцы» ў 1980-х спявалі суперсучасныя песні. «Савецкія чараўніцы выходзілі на сцэну ў фіялетавых ласінах з вялізнымі хвастамі, — расказвае Паліна. — Гэта была сучасная каманда з актуальнай на той момант музыкай».

Цяпер артысткі таксама карпатліва прадумваюць рэпертуар, ад якога залежыць, у якім кірунку будзе рухацца калектыў далей. Гледачы традыцыйна просяць «Пах чабаровы». Кожны канцэрт дзяўчаты адкрываюць патрыятычнай песняй «Ручаёчак», спяваюць хіты «Зачараваная», «Поспеши», «Цюра».

У гурта няма прадзюсараў і спонсараў, таму «Чараўніцы» не могуць з размахам запісваць песні, аднак новыя пішуцца. Так, з'явілася цудоўная кампазіцыя, якая ўжо палюбілася слухачу, «Беларусь зачаравала», аўтарам тэксту якой з'яўляецца Паліна Базылева, музыкі — Валянціна Сярых. «Новыя песні адбіраем з нашым рэдактарам Васілём Ліхтаровічам. Супрацоўнічаем з кампазітарам Аляксандрам Сапацьковым, паэтам-песеннікам Алегам Жукавым, Валянцінай Сярых», — расказала Паліна.

На думку артыстак, сакрэт папулярнасці «Чараўніц» у тым, што глядач памятае, любіць і ведае песні легендарнага ансамбля. Другі сакрэт у тым, што цяперашні малады склад з гонарам нясе традыцыі, якія некалі стварыў Генадзь Лятынскі. «Нам пашанцавала, што ў нас ёсць такі калектыў пад назвай «Чараўніцы», — гаворыць Алена Ціж, — гэта асноўны сакрэт папулярнасці. Немалую ролю іграе актыўны кіраўнік і падабраная каманда» (смяецца).

— Дзяўчаты, а ці бываюць у вас кур'ёзныя выпадкі падчас выступленняў?

«Неяк на чэмпіянаце свету па хакеі адзін глядач забег на вільготную пасля дажджу сцэну і падхапіў мяне на рукі, — успамінае Паліна. — Стаў кружыць, а я перажывала, што мы ўпадзём. Але, дзякуй богу, ён вытрымаў» (смяецца).

— А як вы ставіцеся да крытыкі?

«Трэба ведаць сабе цану, — лічыць Алена. — Калі пра цябе гавораць нядобрае, гэта адмятаеш, калі канструктыўныя заўвагі, то чаму б не прыслухацца».

У калектыву ёсць свае пэўныя рытуалы. Напрыклад, каб усе рухі былі па гадзіннікавай стрэлцы, каб не прамаўляліся дрэнныя словы, у тым ліку з часціцай «не», каб усе жадалі адна адной толькі добрае, не давалі праяўляцца злосці.

«Паліна зберагае станоўчую энергію ў калектыве, бо, як толькі адчуваюцца няправільныя флюіды, трэба адразу ўсіх супакоіць, — расказвае Алена. — Перад канцэртам мы ўсе на пазітыве».

— Кажуць, што вы прытрымліваецеся пэўных правілаў перад выступленнем, а яшчэ можаце зачараваць...

«Мы ніколі не запазычваем штосьці адна ў адной перад канцэртам — павінна быць усё сваё. Калі забыў касметычку, то пойдзеш ненафарбаваная на сцэну, — смяецца Алена. — А яшчэ мы заўважалі, што нам заўсёды спрыяе надвор'е». Паліна і Алена жартуюць, што могуць начараваць што заўгодна.

Вольны ад сцэнічнага жыцця час дзяўчаты любяць праводзіць разам, і ім не надакучвае, бо, як гаворыць Алена, Паліна сабрала вакол сябе тых, з кім утульна кожнай. «Я бачу энергетыку чалавека. Аднойчы ўзялі саксафаністку, але як толькі я заўважыла, што пайшлі іскры, мы завяршылі супрацоўніцтва. У нашай справе мы павінны ісці плячо ў плячо», — сказала Паліна.

Артысткі ганарацца тым фактам, што «Чараўніцы» трапілі на старонкі кнігі Вольгі Брылон «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент». Цэлы артыкул гэтага выдання расказвае пра гісторыю ансамбля ад заснавання да сённяшніх дзён.

На пытанне, якія творчыя планы ў дзяўчат, яны адказалі: глабальны канцэрт, што мяркуецца правесці 7 мая. Праект будзе прысвечаны памяці былой салісткі, кампазітара, Людмілы Навумовіч. Многія песні ансамбля былі напісаны ёю разам з яе мамай Янінай Жабко. Сын Людмілы Дзмітрый Навумовіч, мастацкі кіраўнік Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Беларусі, падтрымаў ідэю. «Нам давядзецца зрабіць вялікі кавалак работы. Песні будзем выконваць пад ваенны аркестр. Канцэрт адбудзецца ў малой зале Палаца Рэспублікі. А не за гарамі нас чакае падрыхтоўка да юбілейнага канцэрта, які адбудзецца праз два гады, — «Чараўніцам» споўніцца 50», — агучвае планы Паліна.

Па словах удзельніц, кожная дзяўчына, якая хоць раз судакраналася з творчасцю легендарнага гёрлз-бэнда, у сваім сэрцы застаецца чараўніцай. І з годнасцю можа гаварыць, што была часткай калектыву. Дарэчы, мінулы свой канцэрт дзяўчаты назвалі «Чараўніцы» — назаўсёды»: ім спадабаўся гэты слоган, які цяпер яны лічаць сваім творчым дэвізам.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва гурта «Чараўніцы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».