Вы тут

Ці можа драматычная камедыя стаць музычнай?


Спецыяльна прымеркаваная да свята жанчын прэм’ера спектакля «Гульня кахання» адбылася ў Беларускім музычным тэатры. Рэжысёрам гэтай пастаноўкі з’яўляецца вядомы расійскі акцёр тэатра і кіно Марат Башараў, які супрацоўнічае з нашым тэатрам з 2021 года (выконвае ролю князя Базінэлі ў аперэце Легара «Граф Люксембург»).


Як зазначае сам артыст, вопыт работы ў музычным тэатры для яго новы і вельмі прыцягальны: «Выйсці на сцэну з аркестравай ямай, бачыць музыкантаў, якія табе падыгрываюць, — гэта такая асалода, такі кайф! Я параіў бы кожнаму драматычнаму акцёру паспрабаваць падобны вопыт».

Прыгледзеўшыся да трупы і засвоіўшы асаблівасці пабудовы музычнага спектакля, Башараў сам вырашыў ажыццявіць пастаноўку на сцэне нашага тэатра. І выбраў для гэтага не самы вядомы твор, тым больш прызначаны для драматычнага тэатра — п’есу французскага драматурга першай паловы XVIII стагоддзя П’ера дэ Марыво «Гульня кахання і выпадку». Гэты аўтар належыць да ліку самых важных французскіх драматургаў адзначанага перыяду, з-пад пяра якога выйшла мноства п’ес, прызначаных як для тэатра французскай камедыі, так і для тэатра італьянскай камедыі dell’arte, якая была вельмі папулярнай у Парыжы. П’еса «Гульня кахання і выпадку» якраз і з’яўляецца камедыяй dell’arte і нават у нашы дні ставіцца ў гэтай стылістыцы — з выкарыстаннем масак. (Пра сур’ёзнасць гэтага «несур’ёзнага» жанру сведчыць той факт, што Брэсцкі абласны тэатр драмы, які быў створаны восенню 1944 года, свой першы сезон адкрываў менавіта гэтым спектаклем. А восенню 2014 года, у азнаменаванне 70-годдзя тэатра, сезон таксама адкрываўся новай пастаноўкай п’есы.)

Сёння «Гульня кахання і выпадку» ёсць у рэпертуары некаторых расійскіх тэатраў, у асноўным драматычных. У 2021 годзе Марат Башараў ажыццявіў пастаноўку п’есы ў Маскоўскім абласным тэатры драмы і камедыі (г. Нагінск). Гэта была яго першая рэжысёрская работа. А пастаноўка ў Мінску задумвалася, зразумела, з улікам магчымасцей музычнага тэатра. «Хоць п’еса першачаргова і драматычная, але мы дабавілі ў пастаноўку шмат музыкі, танцаў, пластыкі і, галоўнае, працуем пад жывы аркестр, — зазначыў рэжысёр. — Камедыя dell’arte XVIII стагоддзя ў сучаснай інтэрпрэтацыі — падобных спектакляў у Беларусі я не бачыў і думаю, што мы зможам здзівіць мінскую публіку». 

Але адзначым, што здзівіў не сам спектакль, а некаторыя падыходы да яго падрыхтоўкі. Так, задоўга да прэм’еры ў шматлікіх анонсах СМІ ўказваўся толькі аўтар п’есы і коратка раскрывалася яе інтрыга, а пра аўтара музыкі нават не ўпаміналася. І ў першым варыянце праграмкі спектакля таксама не ўказваўся аўтар музыкі, хоць дырыжор-пастаноўшчык, як заўсёды, значыўся. І толькі на прэс-канферэнцыі, якая праходзіла за тыдзень да прэм’еры, удалося высветліць, што ў пастаноўцы выкарыстоўваюцца музычныя нумары з багатай творчай скарбніцы вядомага барда і паэта-песенніка Юлія Кіма. Як адзначыла дырыжор-пастаноўшчык спектакля Марына Траццякова, гэтыя нумары падабраны і скампанаваны па сэнсе і настроі так, што дапаўняюць ці ілюструюць змест п’есы і працягваюць сцэнічнае дзеянне. А аркестроўку для зменшанага складу аркестра зрабіў галоўны дырыжор тэатра Юрый Галяс. 

У прыгожа аранжыраваных музычных нумарах адчувалася своеасаблівая стылістыка творчасці Юлія Кіма, якая даволі арганічна спалучалася б з жанрам камедыі dell’arte, калі б гэтых нумароў было ў спектаклі больш. Па прычыне таго, што працяглыя дыялогі персанажаў, пабудаваныя ў духу салоннага красамоўства, робяць размоўныя сцэны даволі маштабнымі, музычныя нумары на іх фоне выглядаюць невялікімі жанравымі ўстаўкамі. Прасцей кажучы, у спектаклі мала музыкі і ён успрымаецца як драматычны. І гэта не дзіўна, бо ў яго аснове ляжыць не музычная драматургія, а драматургія п’есы (хоць яна і скарачалася). Таму становіцца зразумелым, чаму напачатку ў праграмцы ўказвалася толькі імя драматурга. Але па законах музычнага тэатра ў афішы спектакля на першым месцы павінна стаяць імя кампазітара, таму, каб фармальна адпавядаць гэтаму правілу, у апошні момант на першае месца было вынесена імя Юлія Кіма.

Для таго, каб атрымаўся паўнавартасны музычны спектакль, над яго стварэннем павінен працаваць кампазітар, а над тэкстам п’есы — вопытны лібрэтыст, як гэта адбылося, напрыклад, у Валгаградскім музычным тэатры. Спектакль «Гульня кахання і выпадку», пастаўлены там у 1996 годзе, і сёння не сыходзіць з рэпертуарнай афішы. 

Не загадваючы, колькі пратрымаецца на сцэне наш спектакль, адзначым, што ў чыста пастановачным плане ён мае шэраг станоўчых якасцей. Самае галоўнае, што рэжысёру ўдалося захаваць стылістыку камедыі dell’arte і сумясціць яе знешнія формы з сучаснымі тэатральнымі рашэннямі. Гэта можна назваць тэатральнай эклектыкай або прадуманым сумяшчэннем жанраў. Так, глядач улоўлівае толькі намёк на стэрэатыпных персанажаў камедыі масак: самі маскі не выкарыстоўваюцца, бо кожны з персанажаў мае выразную персаніфікацыю за кошт касцюмаў і яркай характарнасці вобраза. 

Вельмі значнай з’яўляецца работа харэографа-пастаноўшчыка Андрэя Карха — расійскага акцёра, танцоўшчыка і тэатральнага дзеяча, які працуе ў творчым тандэме з Маратам Башаравым. Менавіта дзякуючы прадуманай харэаграфіі падмацоўваецца музычная частка спектакля. Пры адсутнасці харавых партый функцыя балетных нумароў становіцца асабліва важкай. Усе яны арганічна ўпісваюцца ў ход спектакля, падкрэсліваючы сцэны, у якіх асабліва ярка праяўляюцца ўнутраны стан персанажаў і найбольш значныя перыпетыі ў развіцці сцэнічнага дзеяння. Асобна хочацца адзначыць касцюмы артыстаў балета, якія вельмі трапна перадаюць каларыт і салонную эстэтыку той эпохі.

Работа мастака-пастаноўшчыка Андрэя Меранкова, які працаваў над касцюмамі і сцэнаграфіяй спектакля, уражвае сваёй значнасцю і выразнасцю, галоўнае — стварэннем візуальнага вобраза французскай архітэктуры XVIII стагоддзя.

Тыповым для сюжэтнай пабудовы камедый Марыво быў прыём пераапранання і падмены персанажаў, што мы і назіраем у гэтым спектаклі. Набор дзеючых асоб таксама тыповы: важны сеньёр Аргон; яго дачка Сільвія і яе жаніх Дарант (пара герояў); іх слугі Лізета і Арлекін (камічная пара). Ёсць у п’есе яшчэ адзін персанаж — Марыа, сын сеньёра Аргона, які з’яўляецца нібыта двайніком свайго бацькі: яны і гавораць, і думаюць, і паводзяць сябе аднолькава, а ў хітраспляценнях сюжэтных калізій выступаюць як змоўшчыкі, бо толькі ім дваім дакладна вядома, хто ў каго пераапранаецца. 

Дзеянне пачынаецца з таго, што Сільвія са сваёй служанкай разбіраюць паводзіны вядомых сеньёраў, якія пасля жаніцьбы рэзка змянілі свае адносіны да жонак: маўляў, мужчына ў якасці жаніха — гэта адзін чалавек, а ў якасці мужа — зусім іншы. Саму Сільвію ў хуткім часе чакае знаёмства з жаніхом, якога ёй выбраў бацька, і яна адважваецца на дзёрзкі ўчынак: пераапранаецца ў служанку, што дазволіць ёй як бы збоку назіраць за маладым чалавекам і ацаніць яго станоўчыя і адмоўныя якасці. Адпаведна яе служанка Лізета апранаецца ва ўбор сваёй гаспадыні і вельмі лоўка ўваходзіць у ролю багатай нявесты. Сеньёр Аргон пагаджаецца з планамі дачкі, але інтрыга заключаецца ў тым, што з пісьма ад свайго прыяцеля ён ведае: Дарант прыдумаў аналагічны план і з’явіцца ў іх доме ў вобразе свайго слугі Арлекіна... 

Зразумела, пасля яго прыезду пачынаецца чарада смешных непаразуменняў і пікантных кур’ёзаў. Дарант замест Сільвіі ўсю сваю ўвагу скіроўвае на яе служанку, а Сільвія, наперакор сваёй разважлівасці, захапляецца слугой Даранта. Аналагічныя метамарфозы адбываюцца і ў Лізеты з Арлекінам, бо кожны з іх думае, што збліжаецца з чалавекам з вышэйшага саслоўя. Заканамерна ў кожнай з пар узнікаюць праблемы, звязаныя з саслоўнымі бар’ерамі. І толькі сеньёр Аргон з сынам з выглядам дасведчаных мудрацоў назіраюць за гэтым маскарадам і ўважліва сочаць, якія ўнутраныя супярэчнасці перажывае іх дачка і сястра. І яны разумеюць галоўнае: Сільвія і Дарант будуць шчаслівыя, бо пакахалі адзін аднаго, нягледзячы на саслоўную няроўнасць, якой у сапраўднасці паміж імі няма. 

Усе гэтыя ролі, разлічаныя на драматычных акцёраў, выконваюць салісты-вакалісты, для якіх гэта складаная задача. Асноўная цяжкасць заключаецца ў тым, што ў гэтай пастаноўцы яны павінны дэманстраваць не самыя моцныя свае якасці — вакал, а чыста акцёрскія прыёмы ігры. Адзіным выканаўцам, які быў па-сапраўднаму арганічным у ролі сеньёра Аргона, з’яўляецца Аляксандр Асіпец — таму што ён першапачаткова драматычны акцёр, які з поспехам працуе ў музычным жанры. У тандэме з ім у ролі Марыа нялёгка было працаваць Сяргею Спруцю, які здолеў дастойна вытрымаць свой вобраз побач з такім прафесіяналам. Нялёгка было выканаўцам жаночых роляў Наталлі Глух і Вользе Жалезкай — адчувалася, што яны вельмі стараліся праявіць сябе ў чыста акцёрскім плане. Ілья Саванеўскі ў ролі Даранта выглядаў падобным на аперэтачнага героя — гэта амплуа не патрабуе нейкай асаблівай драматычнай афарбоўкі. А вось Яўген Далідовіч у ролі Арлекіна нават змог праявіць буфонныя прыёмы акцёрскай ігры, уласцівыя камедыі dell’arte.

Але ў заключэнне хацелася б адзначыць, што гледачу ўсё ж цікава бачыць самыя моцныя грані таленту артыстаў, таксама як і праяўленні багатых магчымасцей музычнага тэатра.

Зоя МАТУСЕВІЧ

Фота Сяргея ЧЫГІРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».