Крыху больш чым 2 % беларусаў ужо маюць біяметрычныя дакументы, прычым атрымліваць іх грамадзяне краіны могуць па жаданні, а іншаземцы — абавязкова. За паўтара года (ад пачатку выдачы новых дакументаў з 1 верасня 2021-га) жыхары краіны атрымалі 165 тысяч ІD-картак, а іншаземныя грамадзяне і асобы без грамадзянства — больш як 58 тысяч біяметрычных пасведчанняў на жыхарства. Звыш 135 тысяч чалавек атрымала біяметрычныя пашпарты для выезду за мяжу. Навошта патрэбныя пін-коды да ідэнтыфікацыйнай карткі, куды ідуць адбіткі пальцаў, як аднавіць страчаны дакумент? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі спецыялісты.
Біяметрычныя дакументы ў Беларусі вырабляюцца адпаведна з патрабаваннямі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІCAO), яны характарызуюцца высокай ступенню абароны.
Гэта разнастайныя ахоўныя фарбы, вільгацеўстойлівая папера з ахоўнымі валокнамі, ахоўная прашывачная нітка, электронны чып і многае іншае, паведаміў Павел ХРЫШЧАНОВІЧ, намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў:
— На інтэгральнай мікрасхеме ўтрымліваюцца біяметрычныя даныя грамадзяніна: фотавыява, адбіткі пальцаў, электронны лічбавы подпіс (ЭЛП). Усе інфармацыйныя рэсурсы МУС інтэграваны ў Агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму (ААІС), з якой грамадзяне могуць атрымліваць звесткі, якіх няма на ІD-картцы. Гэта рэгістрацыя па месцы жыхарства, даныя пра шлюб, пра дзяцей і пра валіднасць (сапраўднасць) карткі.
Працэдура прыёму папер на атрыманне біяметрычных дакументаў максімальна спрошчана. Чалавеку дастаткова звярнуцца ў падраздзяленне дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, прадставіць свой пашпарт і аплаціць дзяржпошліну. Супрацоўнік дэпартамента на месцы зробіць фота заяўніка, пры дапамозе графічнага планшэта атрымае ўзоры яго подпісу, здыме адбіткі ўказальных пальцаў. Пасля заяўнік атрымлівае сваю заяву, распісваецца ў ёй і правярае свае персанальныя даныя, а супрацоўнік дэпартамента з дапамогай свайго ЭЛП накіроўвае заяву спачатку ў цэнтр апрацоўкі даных, а потым — у цэнтр персаналізацыі.
— Адбіткі здымаюцца па пэўнай матэматычнай формуле, запісваюцца на чып і ў інфармацыйны рэсурс МУС для наступнай зверкі паўторнасці. Прымяняцца ў нейкіх крыміналістычных уліках гэтыя адбіткі не могуць, — удакладніў Павел Хрышчановіч. — А цэнтр персаналізацыі ў Беларусі адзіны для краіны і знаходзіцца ў Мінску ў адрозненне ад папяровых пашпартоў, якія друкуюцца дэцэнтралізавана ў бюро пашпартызацыі ў кожным абласным цэнтры.
Гатовую ІD-картку грамадзянін атрымлівае разам з канвертам, у якім знаходзяцца два пін-коды і адзін пак-код. Першы пін патрэбны, каб дазволіць доступ сістэме да персанальных даных чалавека, а другі — для пацвярджэння электроннага подпісу кліента дзяржпаслуг. Пак-код патрэбны, калі папярэдняя інфармацыя будзе ўведзена памылкова.
— Калі вы згубілі свой пін-канверт і не памятаеце коды, вам прыйдзецца мяняць ІD-картку за ўласны кошт, бо ў сістэме МУС гэтая інфармацыя захоўваецца толькі на працягу трох месяцаў пасля выдачы дакумента, — звярнуў увагу спецыяліст.
Першую ІD-картку грамадзянін атрымлівае толькі па адрасе рэгістрацыі, а ўсе наступныя — у любым месцы Беларусі.
Для непаўналетніх ІD-картка бясплатная (хоць вялікага сэнсу ў яе атрыманні няма, лічаць спецыялісты, бо для пэўных дзяржпрацэдур дастаткова пасведчання аб нараджэнні дзіцяці). Пенсіянеры і інваліды І і ІІ груп заплацяць за ІD-картку адну базавую велічыню (цяпер — 37 рублёў). Астатнія — 1,5 базавай велічыні.
Біяметрычны пашпарт для непаўналетніх, пенсіянераў і інвалідаў І і ІІ груп каштуе 1,5 базавай велічыні. Для ўсіх астатніх — дзве базавыя.
У пачатку біяметрычнага праекта людзі часта звярталіся ў МУС, указваючы важны момант. Калі яны падавалі пашпарт у пасольства для атрымання візы, яго на два-тры тыдні забіралі, і грамадзяне заставаліся ўвогуле без дакумента, які сведчыць асобу. Каб вырашыць праблему, беларусы могуць атрымліваць два ідэнтычныя біяметрычныя пашпарты, праўда, з рознымі нумарамі, абазначыў прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў:
— Такім чынам, можна адзін пашпарт здаць у пасольства, а па другім — выязджаць за мяжу. Сёння такой паслугай скарысталася больш як восем тысяч грамадзян.
Ірына СІДАРОК
На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.