Вы тут

Асноўны прыярытэт — сацыяльная скіраванасць


Парламентарыі заўсёды трымаюць руку на пульсе найважнейшых працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве. Не застаюцца яны ў баку і ад праблем, якія хвалююць звычайных грамадзян, канкрэтнага чалавека. Нярэдка самі людзі падказваюць, на што варта звярнуць увагу падчас заканатворчасці.


Над праектамі якіх законаў у дадзены момант працуюць парламентарыі, а таксама наколькі актыўна ў жыцці краіны ўдзельнічае моладзь і як наладжана зваротная сувязь з грамадзянамі, расказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына СТАРАВОЙТАВА.

— Ірына Анатолеўна, сфера інтарэсаў Пастаяннай камісіі заўжды была шырокай. На што ў цяперашні момант скіравана ўвага парламентарыяў?

— Сацыяльная скіраванасць дзяржаўнай палітыкі нашай краіны азначае, што ў аснове вырашэння ўсіх пытанняў — чалавек, яго інтарэсы і патрэбы. Ключавымі напрамкамі работы Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца пытанні працы і занятасці, шлюбу і сям'і, аховы здароўя, адукацыі, навукі, фізічнай культуры і спорту, грамадскія аб'яднанні, рэлігійныя арганізацыі, маладзёжны рух і іншае. У камісіі на разглядзе знаходзіцца праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін», якім плануецца ўстанаўленне дадатковых гарантый працоўным. Акрамя таго, удасканальваюцца нормы, якія рэгулююць пытанні прадастаўлення працоўных і сацыяльных водпускаў. І гэта яшчэ не ўсе навацыі.

— Напэўна, сам час дыктуе неабходнасць карэкціроўкі і некаторых іншых законапраектаў сацыяльнай скіраванасці?

— Безумоўна. Асаблівая ўвага ўдзяляецца задачам удасканалення прававых механізмаў у пытаннях сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, павышэння даступнасці сацыяльных паслуг. Іх рэалізацыя плануецца ў рамках работы над праектам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання». Цяпер ажыццяўляецца работа па ўнясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Працуем і над праектам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін». У далейшым плануецца разгляд праектаў законаў «Аб незалежнай ацэнцы і сертыфікацыі кваліфікацый», аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей», «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання шлюбных і сямейных адносін». На сістэмнай аснове праводзіцца маніторынг практыкі прымянення заканадаўства, які дае магчымасць выявіць найбольш уразлівыя месцы заканадаўства.

— Увагі заканатворцаў рэгулярна патрабуюць і працэсы, якія датычацца ўдасканалення адной з найважнейшых сфер жыццядзейнасці грамадства — адукацыі...

— Устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё шмат у чым залежыць ад узроўню і якасці адукацыі. Сістэма адукацыі павінна быць рухомай, адказваць на глабальныя выклікі, адпавядаць узроўню грамадска-палітычных і эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў сучасным свеце, змяняцца і ўдасканальвацца ў інтарэсах чалавека, грамадства і дзяржавы. Стратэгічныя мэты развіцця адукацыі знайшлі сваё адлюстраванне ў Канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. Для вырашэння абазначаных задач патрабавалася ўдасканаленне нарматыўна-прававога рэгулявання дзейнасці сістэмы адукацыі. Распрацаваны і прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі». У сувязі з прыняццем новай рэдакцыі Кодэкса з мэтай прывядзення 22 законаў і двух кодэксаў у адпаведнасць прайшоў абмеркаванне і быў прыняты праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі».

— На кантролі Пастаяннай камісіі — і пытанні маладзёжнай палітыкі...

— Дзяржаўная маладзёжная палітыка з'яўляецца стратэгічным напрамкам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Моладзь — найбольш актыўная частка грамадства. Патэнцыял маладога пакалення традыцыйна запатрабаваны ў эканоміка-тэхналагічнай, навуковай, сацыяльнай і інфармацыйнай сферах. У Беларусі моладзь ва ўзросце да 31 года складае больш чым 2,5 мільёна чалавек — чацвёртую частку насельніцтва. Прынцыпы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з'яўляюцца вызначальнымі для прыняцця заканадаўчых актаў па праблемах моладзі. Маладзёжны савет (парламент) удзельнічае ў пасяджэннях сесій Савета Рэспублікі, парламента, выязных прэзідыумах, прыёмах грамадзян па асабістых пытаннях, круглых сталах.

— Хто ўваходзіць у Маладзёжны парламент?

— Большая частка Маладзёжнага парламента — працоўная моладзь, якая праз сваю прафесійную, грамадскую дзейнасць з'яўляецца ўдзельнікам дзяржаўнага будаўніцтва. Трэба адзначыць, што для моладзі гэта добрая школа, дзе можна вучыцца ў прафесіяналаў, пераймаць вопыт адзін аднаго, праявіць сябе ў прасоўванні ініцыятывы, рабоце з людзьмі і нормамі заканадаўства. Мы не павінны дапусціць, каб моладзь была ўразлівай часткай грамадства. Наша задача — прадухіліць маніпуляванне нашай моладдзю з боку антыдзяржаўных плыняў для рашэння сваіх задач. Маладыя людзі павінны ўсведамляць адказнасць за свае дзеянні і супрацьстаяць любым дэструктыўным працэсам. Цяпер гаворка ідзе не толькі аб выхаванні падрастаючага пакалення, а аб захаванні міру, дабрабыту народа, стабільнай будучыні грамадзян нашай краіны. Таму важна, каб работа з моладдзю была сістэмнай, якая ахоплівае ўсё грамадства: сям'ю і ўстановы адукацыі, міністэрствы і ведамствы, арганізацыі і прадпрыемствы, выканкамы і грамадскія арганізацыі. А ў аснове гэтай работы — нашы каштоўнасныя арыенціры: гістарычная памяць, каштоўнасць сям'і, грамадзянскасць, духоўнасць, маральнасць, працавітасць.

— Работа з людзьмі — адна з формаў дзейнасці парламентарыяў. Наколькі карысны для членаў камісіі дыялог з насельніцтвам?

— Работа з насельніцтвам з'яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў у дзейнасці Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Толькі за мінулы год членамі Пастаяннай камісіі разгледжана каля 540 пісьмовых зваротаў. На сістэмнай аснове праводзяцца сустрэчы з працоўнымі калектывамі. У ходзе сустрэч закранаюцца пытанні, якія датычацца стану дарог, вольнага часу сельскіх жыхароў, замацавання маладых спецыялістаў у вёсцы, выдзяленні жылля маладым спецыялістам, пытанняў патрыятычнага выхавання моладзі і іншыя. Мы ведаем, што хвалюе нашых людзей, чым яны жывуць, а таму імкнёмся разабрацца ў кожнай сітуацыі, пры гэтым многія моманты ўлічваем пры распрацоўцы заканадаўства.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».