Вы тут

Калі душы народаў пяюць ва ўнісон


Дні літаратуры Узбекістана ў Беларусі, якія праходзяць у рамках XXX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, адкрыліся 20 сакавіка мерапрыемствам у фармаце круглага стала. Беларускія пісьменнікі сустрэліся з узбекскімі калегамі ў Мемарыяльнай зале сталічнага Дома літаратара, каб абмеркаваць пытанні беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязей. Пракладанне новага культурнага мастка паміж дзвюма краінамі было замацавана падпісаннем Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Цэнтрам народнай дыпламатыі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ва Узбекістане.


Удзел у імпрэзе, акрамя гасцей з Узбекістана, узялі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, Аляксей Чарота, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Рагнед Малахоўскі, Анатоль Матвіенка, а таксама загадчыца аддзела аналітыкі і знешніх літаратурных сувязей Інстытута літаратуры і мастацтва імя Мухтара Аўэзава, член праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана Святлана Ананьева і часовы павераны ў справах Рэспублікі Узбекістан ў Рэспубліцы Беларусь Рахматула Назараў. Мадэратарам сустрэчы выступіў старшыня СПБ Алесь Карлюкевіч. З прывітальным зваротам да ўдзельнікаў звярнуўся народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыня СПБ Мікалай Чаргінец. Адкрываючы мерапрыемства, творца зрабіў акцэнт на важнасці аднаўлення традыцыі правядзення Дзён нацыянальных літаратур. 

У сваю чаргу госці з усходняй краіны адкрылі прысутным некаторыя цікавыя факты літаратурнага жыцця Узбекістана. Яны падзяліліся з карэспандэнтам «ЛіМа» сваімі меркаваннямі.

Салім АШУР, паэт, перакладчык, саветнік старшыні Саюза пісьменнікаў Узбекістана па пытаннях выканання заканадаўчых актаў аб дзяржаўнай мове:

— Літаратура — сапраўды дзейсны сродак збліжэння народаў, магутны дыпламатычны інструмент. Правільна выкарыстанае мастацкае слова можа нават дапамагчы знайсці паразуменне паміж рознымі народамі, забыць узаемныя крыўды. Я хачу крыху распавесці аб тым, чым дыхае сёння Саюз пісьменнікаў Узбекістана і што ўяўляе сабой наш дыпламатычны інструмент — сучасны ўзбекскі літаратурны працэс...

За апошнія чатыры гады выйшла ажно тры пастановы Кіраўніка дзяржавы Шаўката Мірзіёева па развіцці дзейнасці творчага аб’яднання і літаратараў у цэлым. Сучасны будынак пісьменніцкай арганізацыі — адзін з самых прыгожых у Ташкенце. На дадзены момант Саюз пісьменнікаў Узбекістана падзяляецца на некалькі секцый, кожная са сваімі кіраўніком і спецыялізацыяй: тут і секцыя дзіцячай літаратуры, і драматургіі, і паэзіі, і прозы... Можна сказаць, што ўся якасная літаратура ў краіне абавязкова праходзіць праз іх. Самыя добрыя творы, рукапісы атрымліваюць магчымасць быць выдадзенымі. Усё гэта дазваляе ўзбекскаму мастацкаму слову трымаць высокі ўзровень якасці.

Асобна трэба закрануць тэму падтрымкі маладзёжнай літаратуры. Існуюць цэлыя праекты ў гэтым напрамку: праводзяцца конкурсы маладых пісьменнікаў, выдаюцца гранты і г. д. Прывяду некалькі прыкладаў... У адным конкурсе рэспубліканскага маштабу з узроставым цэнзам да 28 гадоў пераможцам дастаюцца аўтамабілі ад Кіраўніка дзяржавы. Тым жа, хто займае другія, трэція месцы, назначаны вялікія грашовыя прэміі. Акрамя таго, самыя таленавітыя маладыя пісьменніцы ва Узбекістане атрымліваюць Дзяржаўную прэмію імя Зульфіі. Уладальніцы такой узнагароды могуць паступіць у ВНУ на філалагічныя факультэты без экзаменаў... 

І гэта толькі частка той работы, якую мы праводзім для папулярызацыі літаратуры. Словам, Саюз пісьменнікаў Узбекістана вядзе сваю дзейнасць у шырокім маштабе і стараецца ісці ў нагу з часам.

Мікалай ІЛЬІН, паэт, перакладчык, галоўны спецыяліст аддзела па рабоце з абласнымі аддзяленнямі і творчымі саветамі Саюза пісьменнікаў Узбекістана:

— Цяжка знайсці народ, які зазнаў большыя выпрабаванні і які здолеў пры гэтым застацца такім мяккім, добрым і незласлівым, як беларусы. Гэта вельмі кідаецца ў вочы. Напэўна, невыпадкова ў вашай літаратуры так развіта, з аднаго боку, тэма вайны, а з другога — дзіцячая тэма, тэма кахання, якое пачынае жыццё. Гэткі баланс закладзены ў беларускае літаратурнае мысленне.

Не гавару, на жаль, па-беларуску, але рэгулярна чытаю публікацыі нашых суайчыннікаў, якія яны горда размяшчаюць у інтэрнэце, калі іх перакладаюць на беларускую мову. І вось, чытаючы нядаўна беларускі пераклад цудоўнай узбекскай паэтэсы, заўважыў: «Божа мой, як добра я ведаю беларускую мову!» Высветлілася, што гэты пераклад быў зроблены з майго!

Я актыўна ўдзельнічаю ў міжнародных праектах, пастаянна наведваю розныя краіны і павінен сказаць, што, калі не лічыць нашых цюркскіх калег, з якімі мы побач, то, бадай, ні з кім у свеце ў нас няма больш цеснага і актыўнага кантакту, чым з беларусамі. Вытлумачваецца гэта, відаць, тым, што вельмі многія добрыя славянскія пачуцці найлепшым чынам выяўлены менавіта ў вашай мове, вашай літаратуры, вашым характары. У нас з вамі, несумненна, вялікія перспектывы, таму што, колькі б ні было афіцыйных адносін, але ўсе справы вырашаюцца ўзаемнай увагай, тым, што мы абменьваемся літаратурай, што перакладаем адзін аднаго. І ў гэтым залог сапраўднага поспеху... 

XX стагоддзе і трэць стагоддзя цяперашняга для Узбекістана — гэта час гіганцкай перакладчыцкай працы. Перакладаецца ўсё: паўночнаамерыканская, лацінаамерыканская, еўрапейская, славянская літаратуры, і ўсё, што адзначаецца нейкай міжнароднай увагай, адразу з’яўляецца на старонках узбекскага часопіса «Сусветная літаратура». У рэшце рэшт пытанне выхавання пакалення чытачоў — гэта пытанне, пастаўленае перад намі дзяржаўнай уладай. Той, хто не чытае, прайграе. Прайграе не толькі ў веданні літаратуры, сваёй гісторыі, сваіх традыцый, але і ў любой працы.

Сіражыддзін РАУФ, галоўны рэдактар аб’яднанай рэдакцыі часопісаў «Шарк юлдузи» — «Звезда Востока»:

— Часопісы «Шарк юлдузі» і «Звезда Востока» з’яўляюцца, па сутнасці, друкаванымі органамі Саюза пісьменнікаў Узбекістана. Першы з іх выходзіць толькі на ўзбекскай мове, але Узбекістан — шматнацыянальная дзяржава, на тэрыторыі якой пражывае многа этнічных груп: і беларусы, і рускія, і таджыкі... Таму для аўтараў, якія пішуць на рускай мове, выходзіць «Звезда Востока». І гэта розныя выданні, яны не паўтараюць адно аднаго. 

Пры Саюзе пісьменнікаў Узбекістана выдаюцца таксама газеты «Узбекистон адабиёти ва санъати» («Літаратура і мастацтва Узбекістана»), часопіс «Ёшлар» («Юнацтва») і іншыя. Нашы чытачы вельмі любяць і цэняць літаратуру Беларусі. Як правільна заўважылі падчас круглага стала, у Ташкенце ёсць помнік Якубу Коласу, шмат разоў друкаваліся яго кнігі, я сам некалькі вершаў пераклаў. Галоўнай жа мэтай нашай паездкі лічу бліжэйшае знаёмства з сучаснай літаратурай Беларусі і пошук кандыдатаў на пераклад на ўзбекскую мову. Будзем рады бачыць вас у Ташкенце!

Алімджон ДАЎЛАТАЎ, выканаўчы дырэктар грамадскага фонду імя Алішэра Наваі:

— У час перабудовы і ў першыя гады незалежнасці савецкія рэспублікі — паўсюль, я думаю, — сутыкнуліся з вялікімі эканамічнымі крызісамі. Жыць было вельмі цяжка: дзеля кавалка хлеба людзям даводзілася літаральна надрывацца, працаваць з ранку да ночы. Палітыкі і нацыянальныя СМІ даводзілі, нібыта ва ўсім віна брацкіх дзяржаў. Сярэдняя Азія вінаваціла славянскія рэспублікі, а славянскія рэспублікі, наадварот, — Сярэднюю Азію.

Мінулі гады нацыянальнага будаўніцтва. Былыя рэспублікі Савецкага Саюза пераўтварыліся ў паўнавартасныя годныя незалежныя дзяржавы, выкараскаліся з эканамічных ям. Кожная з іх знайшла свой хлеб, намацала ўласны шлях, але засталося адно — туга. Ведаеце, туга народаў — вялікае пачуццё, гэта смутак некалі адзінага народа. Амаль стагоддзе людзі жылі плячо ў плячо, разам працавалі, стваралі, ваявалі...

Беларусь і Узбекістан на сусветнай арэне ў аднолькавым статусе. І, на мой погляд, літаратура, мастацтва, гуманітарныя навукі трэба пакласці ў аснову нашых стасункаў, бо гэта самае каштоўнае. Чалавечнасць, гуманізм павінны стаць сувязным звяном узаемаадносін паміж народамі. Аднымі грашыма, палітычнымі лозунгамі альбо дыпламатыяй нічога не даб’ешся. Пакуль літаратуры не будзе, пакуль мастацтва не будзе, пакуль душы не пачнуць спяваць ва ўнісон, немагчыма весці гаворку аб нейкай дружбе.

Вось гэтую цеплыню, якая ў душах нашых народаў ёсць, нельга патушыць. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы намаганням прэзідэнтаў абедзвюх краін апошнія гады развіваюцца навуковыя, літаратурныя сувязі. І я ганаруся тым, што цэнтр Ташкента ўпрыгожвае помнік Якубу Коласу, роўна як і тым, што ў цэнтры Мінска стаіць помнік Алішэру Наваі.

Кучкар НАРКАБІЛ, публіцыст, празаік, аўтар кніг ваеннай тэматыкі, галоўны рэдактар газеты «Инсон ва конун»:

— У наш час падтрымліваць падобныя міжкультурныя, міждзяржаўныя ініцыятывы вельмі важна. Ужо хаця б таму, што, калі мы збліжаемся, умацоўваем нашы сувязі, лепш разумеем адзін аднаго і тым самым захоўваем мір на Зямлі. Калі чалавек канцэнтруецца на сваім культурным развіцці, свет квітнее. Зямля для беларусаў, для ўзбекаў, для ўкраінцаў, для татар, для кыргызаў, для іншых народаў — агульны дом. Гэта наш дом, і мы павінны жыць у ім дружна, клапаціцца пра яго разам. Я на свае вочы бачыў вайну і ведаю, што гэта такое. На вайне чалавек ніколі не перамагае, ніхто не выходзіць з яе пераможцам.

У беларускай літаратуры ваенная тэма сапраўды займае вельмі важнае месца. Я пачытаў гісторыю, параспытваў вашых людзей. Кожны трэці беларус загінуў на вайне. Гэта вельмі балючае пытанне, вельмі, я нават не магу ўявіць... Зрэшты, вайна прайшлася не толькі па Беларусі, закранула і Узбекістан, і ўсю тэрыторыю былога СССР. Гэта балючая тэма і для мяне асабіста, таму што мой дзед загінуў пры вызваленні Беларусі ў 1944 годзе, я сам быў у Афганістане, бачыў вайну. Пісаць пра яе для мяне — гэта проста неабходнасць, святы абавязак, таму што пісьменнікаў, якія б спецыялізаваліся на ваеннай тэме, ва Узбекістане засталося мала. Памятаючы пра вайну, мы захоўваем мір.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».