Вы тут

Як жыве «беларускі Шаалінь», дзе выхоўваюць будучых чэмпіёнаў


Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт. Ён сцірае межы, аб'ядноўвае людзей розных поглядаў, рэлігій і нацыянальнасцяў. Тысячы людзей з розных краін, забыўшыся на ўласныя праблемы і клопаты, аб'ядноўваюцца захапляльным спартыўным відовішчам. І ў гэтым галоўная сіла спорту. Чарговы раз жыхары і госці Беларусі змогуць адчуць яе ўжо ў жніўні 2023 года, калі наша краіна будзе прымаць ІІ Гульні краін СНД. Прымаць буйныя спартыўныя форумы для Беларусі — не ўпершыню, але ўпершыню ў гісторыі мультыспартыўны форум пройдзе ва ўсіх абласцях краіны. Унікальнай спартыўнай падзеі і яе ўплыву на спартыўнае жыццё краіны прысвечаны новы праект Выдавецкага дома «Звязда» — «Гульні для дружбы».


Антаніна Кошаль, Андрэй Барбашынскі, Сяргей Каплякоў, Кацярына Карстэн, Вадзім Махнеў, Ірына Сумнікава, Сяргей Мартынаў, Вікторыя Азаранка, Максім Недасекаў, Ганна Гуськова — прадстаўнікі розных відаў спорту. У кожнага па-рознаму склалася кар'ера, але іх аб'ядноўвае месца, дзе ўсё пачыналася.

Кузня алімпійскага рэзерву

«Спартыўны інтэрнат — гэта незаменная рэч для падрыхтоўкі маладых спартсменаў. Без яго нічога б у нас не атрымалася. У інтэрнат мы набіралі негатовых, але таленавітых дзяцей, і там яны вырасталі ў моцных спартсменаў. Праўда, мне даводзілася быць ім і за трэнера, і за выхавацеля, і за бацькоў», — адзначае адзін з пачынальнікаў беларускага гандбола Віктар Касінскі, які на працягу некалькі дзясяткаў гадоў выхоўваў чёмпіёнаў. Віктар Пятровіч — у гандболе, яго калегі — у іншых відах спорту, разам — у вучылішчы алімпійскага рэзерву. За 50-гадовую гісторыю спартыўны інтэрнат, а пасля вучылішча алімпійскага рэзерву адкрыла дарогу на Алімп тысячам беларускіх спартсменаў.

Да 1966 года адзінай і асноўнай вучэбнай установай спартыўнай накіраванасці ў Беларусі быў інстытут фізкультуры. Са сваімі задачамі ён спраўляўся, але інтарэс насельніцтва да спорту павялічваўся, галіна патрабавала да сябе ўсё больш увагі. У 1966 годзе ў адпаведнасці з загадам Міністэрства асветы БССР на базе школы-інтэрната № 7 горада Мінска па адрасе вуліца Тарханава, 20 (пазней гэтую вуліцу ў сваіх інтэрв'ю будуць згадваць многія беларускія чэмпіёны) была заснавана Рэспубліканская агульнаадукацыйная школа-інтэрнат са спартыўнай накіраванасцю. Тут былі створаны неабходныя ўмовы, каб маладыя людзі маглі атрымліваць сярэднюю адукацыю і трэніравацца ў спрыяльным спартыўным рэжыме. У 1987 годзе на вуліцы Філімонава быў уведзены ў строй другі вучэбны корпус школы-інтэрната са спартыўнымі заламі і сталовай. Гэтая база і стала сэрцам Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. За 50 гадоў змянілася многае, была ўдасканалена сістэма падрыхтоўкі спартсменаў, сур'ёзна палепшана інфраструктура. Але нязменным застаўся напружаны трэніровачны рэжым, сур'ёзны падыход да вучобы, накіраванасць на вынік усіх, хто мае дачыненне да вучылішча. Нездарма дырэктар Рэспубліканскага вучылішча аліміпійскага рэзерву Уладзімір Лявонаў, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, называе сваю ўстанову «беларускім манастыром Шаалінь».

«Я знаёмы з сістэмай навучання ў Кітаі. І магу ўпэўнена сцвярджаць, што РДВАР — гэта беларускі Шаалінь з некаторымі адрозненнямі. У нас сістэма створана не на выжыванне, а на стварэнне аптымальных, камфортных умоў для спартыўнай падрыхтоўкі. Калі ў кітайскім Шааліню развіваюцца два-тры віды баявых адзінабортсваў, то ў беларускім — 25», — адзначае ён.

Лёгка тут не бывае

Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву — цэнтр сістэмы алімпійскай падрыхтоўкі. Такія ж вучылішчы працуюць у кожным рэгіёне і буйных гарадах. «Гэта вялізны механізм, які рухае больш за тры тысячы маладых спарстменаў. Гэта не проста маладыя спартсмены, гэта ўжо атлеты, блізкія да прафесійнага ўзроўню, якія ўжо паспелі сябе праявіць і працуюць на зусім іншым узроўні спартыўнай падрыхтоўкі. Гэты ўзровень адрозніваецца па многіх паказчыках. У першую чаргу, сістэмнасцю работы», — адзначае Уладзімір Лявонаў. У рэспубліканскім вучылішчы сёння рыхтуюцца 600 спартсменаў. За іх фізічнае развіццё адказваюць 55 трэнераў, за інтэлектуальнае — 39 настаўнікаў. Простая арыфметыка — на двух навучэнцаў прыходзіцца прыкладна па два сцпрацоўніка вучылішча. Падыход вельмі сур'ёзны, але і патрабаванні высокія, як у Шааліню. Што ў Шаалінь, што ў РДВАР ідуць, разумеючы, што лёгка не будзе. Гэта становіцца зразумела ўжо на этапе адбору і паступлення ў вучылішча.

«Кітайскі Шаалінь — унікальны. І наш беларускі таксама. Сакрэт яго ўнікальнасці — у нашых навучэнцах. Аднаго жадання трапіць сюды недастаткова, трэба з самага пачатку даказаць, што ты гэтага варты», — адзначае Уладзімір Уладзіміравіч. Шматэтапную сістэму адбору ў вучылішча ён называе аб'ектыўнай, празрыстай і эфектыўнай. Талент заўсёды выдзяляецца, а спартыўныя спецыялісты, якіх у краіне багата, абавязкова яго заўважаць. Каля года на яго будзе звернута пільная ўвага трэнераў вучылішча алімпійскага рэзерву, спецыялістаў з федэрацый па відах спорту. Пасля таго юны талент запросяць на аглядавыя зборы ў вучылішча: спартсмен знаёміцца з умовамі, у якіх, магчыма, яму прыйдзецца жыць, здае нарматывы. «Усе нашы абітурыенты здаюць нарматывы па агульнай і спецыяльнай фізічнай падрыхтоўцы. Нярэдка здараюцца парадаксальныя сітуацыі. Дзіця можа быць таленавітым, і гэта з першага погляду відаць, і спартыўныя вынікі паказвае, але з агульнай фізічнай падрыхтоўкай могуць быць праблемы, напрыклад, не самы высокі ўзровень развіцця сілы, хуткасці. Паколькі да кожнага мы падыходзім індывідуальна, то можам на такі нюанс закрыць вочы, бо для нас галоўнае — спецыяльная фізічная падрыхтоўка, спартыўны талент. Агульную падрыхтоўкі нашы трэнеры падцягнуць хутка», — адзначае Уладзімір Уладзіміравіч. І толькі пасля аглядавых збораў прымаецца рашэнне аб залічэнні ў вучылішча. Важна, што вырашаецца спартыўны лёс калегіяльна: спецыялістамі федэрацыі па відах спорту, Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі (гэта вяршыня айсберга спартыўнай падрыхтоўкі) і адміністрацыяй вучылішча.

Не прымушаць, а падтрымліваць

Дзяцінства ў спартсменаў заканчваецца хутка, у вучылішча алімпійскага рэзерву яны паступаюць у 12-13 гадоў. Таму супрацоўнікам вучылішча прыходзіцца быць і за трэнераў, і за выхавацеляў, і часам за бацькоў, якія бачаць сваіх крывінак не так часта. Тут фарміруецца і спартыўнае братэрства — на базе РДВАР сфарміравана і рыхтуецца да важных стартаў 14 юнацкіх (кадэцкіх) камандаў па гульнявых відах спорту.

«Вельмі важна не ўпусціць спартсмена ў 13-14 гадоў. У гэтым узросце яны праходзяць вельмі сур'ёзную школу падрыхтоўкі, прывыкаюць да дысцыпліны. Пачынаюць задумвацца над будучыняй, усведамляюць, ці хочуць рэалізаваць сябе як спартсмены альбо лепш абраць нешта іншае. Графік у каманды сур'ёзны: па дзве трэніроўкі на дзень, яшчэ трэба вучыцца ў школе. Але кожны разумее, дзеля чаго тое трэба. Яны ўсе з'ехалі з дому, ахвяравалі сваім дзяцінствам, адмовіліся ад гурткоў, дзіцячых забаў. Нягледзячы на ўзрост, гэта дарослыя людзі», — адзначае Аляксей Сяленя, старшы трэнер мужчынскай каманды па баскетболе U-14, якая дзейнічае на базе РДВАР. Так пра сваіх спартсменаў можа сказаць кожны трэнер вучылішча. Паступіць мала, трэба ўвесь час даказваць сваё права вучыцца ў беларускім Шааліню. «Двойчы на год у нас праводзіцца атэстацыя спартсменаў: папярэдняя ў канцы зімы і выніковая ў канцы навучальнага года. Гэта сур'ёзны іспыт для навучэнца, бо дэталёва разглядаецца работа і вынікі кожнага. Аналізуем паспяховасць, паводзіны, стан здароўя і, вядома, спартыўны вынік. Калі па нейкім крытэрыі ёсць сур'ёзныя праблемы — як бы ні было цяжка, даводзіцца развітвацца. Адзначу, што на папярэдняй атэстацыі мы пытанне аб адлічэнні не ставім. Мы бачым агульную карціну і даём спартсмену шанц выправіць свае прабелы. Звычайна гэты час супадае з важнымі стартамі, таму навучэнцам прыходзіцца нялёгка, але што будзе лёгка, ім ніхто і не абяцаў», — расказвае Уладзімір Уладзіміравіч.

Сумяшчаць дзве спартыўныя трэніроўкі на дзень і вучобу ў школе сапраўды нялёгка. Тыповы распарадак дня навучэнцаў РДВАР можа ўразіць нават дарослага чалавека. Ранні пад'ём, першы лёгкі сняданак, пасля якога першая трэніроўка, затым другі сняданак, урокі, другая трэніроўка і падрыхтоўка дамашняга задання. Некаторым відам спорту пашанцавала больш, іх прадстаўнікі трэніруюцца ў самім вучылішчы, а некаторым, напрыклад, па плаванні, мастацкай гімнастыцы, фігурным катанні, прыходзіцца ездзіць на гарадскія базы. «Нашы навучэнцы вельмі рана выраслі, але ўсё роўна яны застаюцца дзецьмі і наша задача рабіць так, каб ім было камфортна і зручна развівацца. Тут не трэба нікога прымушаць працаваць, іх матываванасць відаць няўзброеным вокам. Іх трэба толькі падтрымліваць», — адзначае дырэктар РДВАР.

Такі напружаны графік тут быў з самага пачатку. Вось як пра свае гады ў вучылішчы ўспамінала першая выпускніца, алімпійская чэмпіёнка Антаніна Кошаль: «Я рада, што лёс прывёў мяне ў тады яшчэ спартыўны інтэрнат і я стала займацца сваёй любімай справай пад кіраўніцтвам трэнера Віктара Сяргеевіча Хамутова. Так, было вельмі цяжка, але было і цікава. Самае галоўнае, што нашы настаўнікі разумелі, як складана дзецям вытрымліваць па дзве трэніроўкі і нас падтрымлівалі. Былі моманты, калі мы да позняга вечара трэніраваліся і вячэру нам пакідалі ў сталоўцы. А што там заставалася — ледзяны тварог. Дык пасля такой вячэры яшчэ трэба было ісці ў класы і выконваць дамашняе заданне, нярэдка мы ў тых класах і засыналі ад стомленасці. Добра, што вучэбны і спальны карпусы побач — некалькі разоў дзяжурныя выхавальнікі адносілі мяне ў ложак. Але мы не скардзіліся».

РДВАР дае адукацыю агульнага сярэдняга ўзроўню і сярэдняга спецыяльнага ўзроўню з падрыхтоўкай спецыялістаў па спецыяльнасці «Спартыўна-педагагічная дзейнасць» з кваліфікацыяй «трэнер па відзе спорту». Нягледзячы на шчыльны трэніровачны графік, навучанню таксама ўдзяляецца шмат увагі. «Класічная педагагічная сістэма пабудавана на прынцыпе «пустой пасудзіны» — успрымай вучня як пустую пасудзіну, якую трэба напаўняць. Усходняя сістэма пабудавана на прынцыпе факела — педагог павінен вучня запаліць, і той будзе гарэць. Дык вось, нашы навучэнцы — факелы, яны ўсе гараць. Яны матываваныя, яны разумеюць, якія намаганні ў іх укладаюць, якія трэнеры, настаўнікі. Іх не трэба пераконваць або прымушаць, у тым ліку і вучыцца. Урокі замежнай мовы яны не прапускаюць ні на якой падставе. Таму што многія былі за мяжой і яны сябе бачаць спартсменамі высокага класа і разумеюць, што ім жыццёва неабходная замежная мова», — адзначае Уладзімір Уладзіміравіч. У РДВАР не спартсмен падладжваецца пад расклад вучэбных заняткаў, а расклад складаюць пад яго з улікам графіка трэніровак. На дзень — прыкладна па чатыры-пяць урокаў, на якіх прысутнічаюць па чатыры-пяць вучняў. Амаль індывідуальныя заняткі, якія дазваляюць бацькам сэканоміць на репетытарах. На карысць навучэнцам працуе і магчымасць дыстанцыйнага навучання. Хоць тут як паглядзець: больш адсутнасць у вучылішчы не з'яўляецца ўважлівай прычынай для пропуску заняткаў. Але калі сур'ёзна, то па словах дырэктара, настаўнікі разумеюць, што працуюць з незвычайнымі вучнямі. Яны прысутнічаюць на трэніроўках і бачаць, які аб'ём работы выконваюць іх падапечныя.

Роўны навучае роўнага

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і напружаны спосаб жыцця, выпускнікі вучылішча ўспамінаюць яго з цеплынёй. Пасля распаду СССР спартыўны інтэрнат знаходзіўся ў вельмі цяжкім становішчы: спартсменам даводзілася літаральна галадаць, многія трэнеры сышлі. Сёння гэта беспрэцэдэнтна, а тады навучэнцы хадзілі разгружаць вагоны, каб зарабіць якую капейку. «Маладыя людзі заўсёды шукаюць сабе дадатковы заробак. Усе хацелі зарабляць. Па суботах, нягледзячы на страх, мы спускаліся па пажарнай лесвіцы і ішлі на найбліжэйшую чыгуначную станцыю. Ноч працавалі, разгружалі цыбулю, разынкі, шакалад, шчэбень — што заўгодна. А потым сядзелі і перажывалі за разлік. Час быў няпросты. Нават у элітнай установе, якой быў спартыўны інтэрнат, не хапала харчавання. У асноўным нам давалі рыбу, маглі даць кавалак мяса, які можна было жаваць суткі, як жуйку. Здаровага, спартыўнага харчавання, пра якое сёння ўсе гавораць, у нас і не было», — расказвае алімпійскі чэмпіён па гандболе Андрэй Барбашынскі. Проста зафіксуем для гісторыі — алімпійскі чэмпіён разгружае вагоны. Сёння ў вучылішчы алімпійскага рэзерву вучыцца Барбашынскі-малодшы. Захар не пайшоў па шляху бацькі і абраў баскетбол. Андрэй Станіслававіч падкрэслівае, што цяпер у сына і яго таварышаў няпросты перыяд — трэба пацвердзіць сваё ўменне і жаданне займацца спортам, максімальна праявіць сябе. Гэта няпроста, але магчыма. Тым больш што сёння для гэтага ў вучылічшы створаны ўсе ўмовы.

Навучэнцам больш не трэба разгружаць вагоны і хадзіць галоднымі — кваліфікаваныя кухары кожны дзень гатуюць ім смачную карысную ежу. У рацыёне — абавязкова гародніна, фрукты — усё, што неабходна маладому арганізму. Каб маладыя людзі добра сябе адчувалі, працуюць урачы з медыцынскай часці, якая ўяляе з сябе міні-паліклініку. Жыве сучасны алімпійскі рэзерв у камфортных светлых пакоях, дзе можна спакойна выспацца. Разнастайныя жыццёвыя пытанні дапамагае вырашыць выхавальнік. Зразумела, што для плённай падрыхтоўкі неабходна і якасная інфраструктура. Рэспубліканскае вучылічша алімпійскага рэзерву — гэта невялікі спартыўны горад у горадзе. У 2001 годзе быў пабудаваны новы інтэрнат. У 2006-м адкрыліся зала сілавой падрыхтоўкі, камп'ютарныя класы і лабараторыя інфармацыйных тэхналогій. У 2012 годзе ўведзены ў эксплуатацыю новы інтэрнат, была абсталявана веласіпедная база. 2018 год падарыў вучылічшу спартыўны комплекс для гульнявых відаў спорту. У гэтым комплексе часта праводзяцца гарадскія і рэспубліканскія спаборніцтвы па гульнявых відах спорту. А ў жніўні 2023 года ён прыме спаборніцтвы па валейболе ў рамках ІІ Гульняў краін СНД. Яшчэ адно адрозненне беларускага Шааліня ад кітайскага — па беларускай звычцы тут адкрытыя і рады ўсім. Таму прыняць удзельнікаў ІІ Гульняў краін СНД тут будуць рады. У 2021 годзе быў рэкаструяваны стадыён з футбольным полем, лёгкаатлетычнай дарожкай, пляцоўкай для пляжнага валейбола, сектарамі для скачкоў у даўжыню і штурхання ядра, трыбунамі. Не паспеў сысці снег — на стадыёне закіпела жыццё.

Кожны спартсмен, які скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву, пацвердзіць, што гэта не проста навучальная ці спартыўная ўстанова, а сапраўдная сям'я. Пра гэта сведчыць і тое, што чэмпіёны аддаюць сюды і сваіх дзяцей. Акрамя алімпійскага нашчадка Захара Барбашынскага, тут вучыцца і Іван Багдановіч, сын алімпійскага чэмпіёна 2008 года па веславанні на байдарках і каноэ Аляксандра Багдановіча. І такая сямейнасць — яшчэ адна традыцыя РДВАР. Па словах Уладзіміра Лявонава, гэта асноўная нагода для гонару: «Я ганаруся, што ў мяне атрымліваецца выбудоўваць роўныя адносіны з вучнямі і трэнерамі. Я лічу, што тут не павінна быць ніякіх адносін з вышыні. У педагогіцы ёсць паняцце — роўны навучае роўнага. У нашай установе ўсе жывуць у рэжыме 24 на 7, усе жывуць адной сям'ёй і жывуць як роўныя. Я ўпэўнены, што вучні не павінны баяцца дырэктара, таму ў кожную вольную хвіліну я імкнуся прыйсці на трэніроўку, бо мне цікава паглядзець, як яны жывуць. Я стараюся ўцягнуць настаўнікаў у трэніровачны працэс, каб яны бачылі, пасля якіх нагрузак да іх прыйшоў вучань на заняткі. Кожны стараецца зразумець адзін аднаго і ад гэтага будаваць сваю работу. Не скажу, што ўсё ідэальна атрымліваецца. Але як належыць людзям спорту, мы ўвесь час удасканальваемся».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».