Вы тут

«Аверсэв» і СПБ распачалі новы праект — серыю «Сучасная беларуская літаратура»


Выдавецтва «Аверсэв» і Саюз пісьменнікаў Беларусі распачалі новы творчы кнігавыдавецкі праект — серыю «Сучасная беларуская літаратура». Мяркуецца, што свет пабачаць 12 кніг пад агульным брэндам, які адлюструе шматаблічны характар развіцця беларускай прозы. 


У першым томе, які пабачыў свет напярэдадні XXX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і носіць назву «Дараванне», змешчаны пяць аповесцяў: «Дараванне» Алены БРАВЫ, «Нелюдзімы» Алеся БАДАКА, «Геній» Алега ЖДАНА, «Дзікі луг» Андрэя ФЕДАРЭНКІ, «Я цябе бачу» Анатоля БЕНЗЯРУКА. Розныя па часе напісання, яны фактычна адлюстроўваюць стан развіцця беларускай літаратуры ў частцы такога віда як аповесць. 

Ва ўступным артыкуле да зборніка старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь КАРЛЮКЕВІЧ заўважае наступнае: «Проза, як і ўвогуле літаратура, шукае сябе і ў новых жанрах. А мабыць, проста парушае межы традыцыйных жанраў — рамана, аповесці, апавядання, — спрабуе разбурыць традыцыю, каб дасягнуць уяўных вышынь…

У 2022 годзе часопіс «Полымя», некалі галоўны заканадаўца літаратурна-мастацкіх змен, надрукаваў у раздзеле «Проза» 32 творы (прадстаўлены 21 аўтар). Сярод іх — 3 раманы, 3 аповесці, 22 апавяданні, а таксама «словы пра самога сябе» — такое жанравае вызначэнне ў тэксце Адама ГЛОБУСА «Аўтапартрэт з усмешкай», «запісы» — гэта твор «Мой тэлеграм-канал» Георгія МАРЧУКА, проза Вітаўта ЧАРОПКІ з цыкла «Запісная кніжыца жыцця» — «Мой 2019 год» і «жыццёвінкі» Васіля ТКАЧОВА пад назвай «Добра там, дзе мы ёсць»…

Такая вытворча-мастацкая „статыстыка“ даволі красамоўна сведчыць, нават пераконвае: з прозай адбываецца нешта асаблівае... Можа, яна не мігрыруе ў іншыя жанры, а зусім памірае, страціўшы цікавасць да сваіх традыцыйных формаў адлюстравання жыцця, стварэння яго мастацкага „фотаздымка“? Смерці прозы, хочацца верыць, ніхто з аўтараў не жадае. Але час пакажа... Абнадзейвае тое, што мы і сёння маем магчымасць прачытаць новыя творы ў традыцыйным жанры апоавесці. У часопісе з аповесцямі выступілі Генадзь АЎЛАСЕНКА („Адплата. Амаль дэтэктыўная аповесць у двух эпізодах“), Віктар КАЗЬКО (у снежаньскім нумары надрукаваны пачатк аповесці „Высакосны год“), Яўген ХВАЛЕЙ („Пяць бэзавых пялёсткаў шчасця, або Пандэмія ў Слупцах“). Мяркую, у партфелі часопіса „Полымя“ захоўваецца яшчэ не адзін твор у жанры аповесці. А нарукавана, будзем спадзявацца, найлепшае...»

...Аповесць Алены Брава ўпершыню была надрукавана ў часопісе «Маладосць» у 2011 годзе. Пераклад на рускую мову, які выйшаў у часопісе «Сибирские огни», трапіў у доўгі спіс агульнарасійскай літаратурнай прэміі «Ясная поляна» за 2011 год. А ў 2013 годзе ў выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга на трох мовах (беларускай, рускай і нямецкай) тыражом 1418 экзэмпляраў (столькі дзён доўжылася Вялікая Айчыннная вайна). У аповесці даследуецца феномен памяці — гістарычнай, асабістай. 

А пра сваю аповесць «Я цябе бачу» вось што расказвае сам аўтар — Анатоль Бензярук: «...што я хацеў сказаць гэтым творам... Чытайце... Кажуць, некалі Дыяген хадзіў са свечкай сярод белага дня і шукаў Чалавека. Мінулі тысячагоддзі, а мы па-ранейшаму, як старажытны дзівак-філосаф, шукаем сабе падобных насуперак злым скразнякам, якія штодня імкнуцца затушыць нашыя свечкі. Тры словы: „Я цябе бачу...“ — тры лёсы. Дзве жанчыны і адзін мужчына распавядаюць пра жыццёвыя выпрабаванні, якія ім давялося адолець на шляху да шчасця і кахання. Твор прысвечаны сучаснасці і сучаснікам, але распавядае аб спрадвечным пошуку Чалавека сярод касмічнай бязмежнасці». 

Праект «Сучасная беларуская літаратура» будзе мець працяг. Да выдання запланаваны зборнікі апавяданняў, жаночай навэлы, а таксама асобныя кнігі сучасных празаікаў нашай краіны. 

Сяргей ШЫЧКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.