Вы тут

Вобразы спаленых вёсак паўстаюць на выставе, прысвечанай Хатыні


У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у дзень памяці трагедыі прадставілі больш за 30 твораў.


Жыццё чалавека — самы каштоўны дар. 

80 гадоў таму па волі нелюдзяў агонь забраў 149 жыццяў жыхароў вёскі Хатынь. У тым ліку 75 дзяцей. Пра гэта нагадвае выстава «Хатынь. Да 80-годдзя трагедыі», якая працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. 

Выстава адкрылася ў дзень памяці трагедыі Хатыні. Вёскі, якая стала сімвалам антычалавечай сутнасці фашызму. 

Экспазіцыя аб’яднала творы мастакоў розных пакаленняў. 

Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч стварыў серыю літаграфій «Памяці вогненных вёсак» пад уражаннем ад кнігі «Я з вогненнай вёскі...» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка. Аўтары пад адной вокладкай сабралі сведчанні тых, хто цудам уратаваўся. Мастак імкнуўся перадаць нечалавечыя пакуты праз складаныя ракурсы, канцэнтруючы ўвагу на тварах і вачах людзей. І на вобразе знішчальнага полымя — нават калі яго няма наўпрост, то эмацыйная чырвань засцілае вочы. Чырвань вогнішча, крыві, адчаю. Колер у графіцы стварае неабходны акцэнт, каб тыя, хто не перажыў, адчулі... Эмоцыя, якая нараджаецца праз кантакт з творам мастацтва, замацоўваецца ў свядомасці і застаецца з чалавекам надоўга. І таксама нясе моцны імпульс ствараць — новае жыццё, новае мастацтва... 

Як гэта адбылося з Усеваладам Швайбам — яго цыкл «Хатынь» датаваны 2022 годам. 

186 вёсак зніклі назаўсёды. А памяць пра іх захоўвалі людзі, у тым ліку мастакі. Напрыклад, памяць падштурхнула мастака-графіка Анатоля Александровіча стварыць серыю «Старая Рудзіца» — пра сваю Бацькаўшчыну, па якой у гады вайны прайшло полымя. 

На выставе ёсць згадка і пра мемарыяльны комплекс «Хатынь» аўтарства Леаніда Левіна, Юрыя Градава, Валянціна Занковіча — можна ўявіць, як нараджаліся вобразы мемарыяла. 

...Мірныя людзі жылі і працавалі на сваёй зямлі. Яны не выбіралі свой лёс, нечакана да іх у хату прыйшла вайна, адабрала жыццё. 

Нам, нашчадкам, неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб такое ніколі не паўтарылася на нашай шматпакутнай зямлі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.