Вы тут

«Край-друг Узбекістан». Узбекскія пісьменнікі наведалі дом-музей Якуба Коласа


«Я ўсім нутром, душой адчую
Тваіх яснот цяплынь.
Я промень сонца пацалую
З узбекскіх далячынь».


Гэта радкі з верша Якуба Коласа, напісанага 23 кастрычніка 1943 года, калі пясняр пакідаў гасцінны Узбекістан, які даў яму прытулак у час вайны. Колас назаўсёды палюбіў сонечную краіну, якую называў «край-друг Узбекістан», займеў шчырыя сяброўскія сувязі між узбекскіх пісьменнікаў. Таму заканамерна, што дэлегацыя узбекскіх пісьменнікаў, што прымаюць удзел у ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, падчас правядзення Дзён узбекскай літаратуры наведала Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Гасцям падрыхтавалі прэзентацыю «Якуб Колас і Узбекістан», у дэманстрацыі якой прынялі ўдзел унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч і праўнучка, супрацоўнік музея Васіліна Міцкевіч. 

Да шчырай сяброўскай размовы прысутных запрасілі дырэктар дома-музея Ірына Мацяс, часовы павераны ў справах Рэспублікі Узбекістан у Беларусі Рахматула Назараў. Важнасць культурнага ўзаемаабмену, прыклад якога паказаў Якуб Колас, падкрэсліў дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алесь Карлюкевіч.

Прэзентацыя ўтрымлівала шмат цікавых звестак пра жыццё Якуба Коласа і яго сям’і ў Ташкенце. З вуснаў Марыі Міцкевіч, унучкі класіка, асабліва прачула прагучалі вершы Коласа, прысвечаныя «краю-другу Узбекістану». У сваю чаргу, Сіраджыддзін Рауф, галоўны рэдактар часопісаў «Шарк юлдузі» і «Зорка Усходу», прачытаў вершы беларускага песняра ў перакладзе на узбекскую мову. Алімджон Даўлятаў, галоўны дырэктар грамадскага фонда імя Алішэра Наваі, запрасіў беларускіх калег у Ташкент. У лютым 2024 года у Узбекістане адбудзецца міжнародны сімпозіум, прысвечаны Алішэру Наваі. Адзін дзень сімпозіума аддадзены тэме творчасці Якуба Коласа і яго узбекскім сувязям. 

Вядомы пісьменнік, драматург Кучкар Наркабіл, галоўны рэдактар газеты «Інкор ва конун», прызнаўся, што адчувае сябе ў доме Якуба Коласа, нібыта прыехаў да ўласнага дзеда. 

— Вельмі рады сёння патрапіць у гэты дом-музей. Мы вельмі паважаем і любім Якуба Коласа. Узбекі лічаць яго сваім паэтам — недарэмна Колас, калі ад’язжджаў з Ташкента, сказаў, што пакідае там частку сваёй душы. У гэтым цёплым і ўтульным доме я зноў адчуў, што літаратура не мае межаў, збліжае сэрцы, што ў паэта няма нацыі, ёсць адзіная нацыя, якая называецца «паэт». Колас многія вершы прысвяціў нашай краіне і нашым людзям, адкрыў сваю душу. Ён перажыў цяжкія гады вайны ў Ташкенце, які, у сваю чаргу, прыняў вашага паэта з адкрытым сэрцам. Да канца свайго жыцця Колас не забыў пра Узбекістан. 

Напрыканцы сустрэчы гасцям былі ўручаныя спецыяльныя дыпломы ад дома-музея Якуба Коласа. Была праведзеная для іх і спецыяльная экскурсія па экспазіцыі, некалькі стэндаў якой адмыслова прысвечаны сувязям Коласа з Узбекістанам. Там можна пабачыць выданні беларускага класіка ў перакладзе на ўзбекскую мову, віншаванні, якія яму дасылалі узбекскія сябры, аўтографы ўзбекскіх класікаў на кнігах, падораных Коласу, фотаздымкі таго часу, а таксама рукапіс знакамітага верша песняра «Узбекістану».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.