Вы тут

Катлеты з аўсяных шматкоў, вегетарыянскія галубцы і селядзец па-галандску


Катлеты з аўсяных шматкоў

Ідэальны варыянт для посту. Яны падыдуць да любога гарніру, няхай гэта будуць крупы ці салаты.


Спатрэбіцца: аўсяныя шматкі — 200 г.; соль — 1 ч. л.; кіпень — 200 мл; часнок — 3 зубкі; бульба — 250 г; цыбуля — 1 шт.

Кіпенем заліваем аўсяныя шматкі.

і даём набракнуць. Гэта адбываецца на працягу 15-30 хвілін у залежнасці ад шматкоў. Цыбулю і часнок кладзём у блэндар і здрабняем да стану кашы. Бульбу чысцім ад лупіны і надзіраем на дробнай тарцы. Да набраклых шматкоў дадаём цыбульную кашу, надзёртую бульбу. Солім сумесь і змешваем да аднастайнай масы. Пакідаем на 10 хвілін. Разаграваем на патэльні алей.

Фарміруем з сумесі катлеты і смажым на сярэднім агні. З кожнага боку катлеты смажацца прыкладна 5 хвілін.


Вегетарыянскія галубцы

Спатрэбіцца: капусныя лісты — 12 шт.; бульба — 400 г; грыбы — 300 г; цыбуля — 1 шт.; морква — 1 шт.; таматная паста — 1 ст. л.; лаўровы ліст — 2 шт.; чорны перац гарошынкамі — 5 шт.; соль — на смак; алей для абсмажвання, крыху зяленівы кропу.

У капусных лістоў зрэзаць грубыя прожылкі, пакласці на некалькі хвілін у кіпень. Дастаць і пакінуць на талерцы. Бульбу адварыць у падсоленай вадзе. Пасля гатоўнасці зліць ваду, расцерці бульбу ў пюрэ. Моркву надзерці на тарцы, парэзаць цыбулю і грыбы. Усё вылажыць на патэльню, абсмажыць да гатоўнасці. Грыбную сумесь дадаць да бульбянога пюрэ, старанна змяшаць.

З астылых лістоў скруціць галубцы з начынкай з бульбяна-грыбной сумессю. Абсмажыць іх на патэльні з алеем з двух бакоў. Галубцы вылажыць у рондаль. У ваду ад капуснага лісця дадаць таматную пасту, крыху солі. Заліць галубцы, каб вадкасць трохі прыкрывала, дадаць лаўровы ліст і чорны перац гарошынкамі. Тушыць на слабым агні на працягу 20-25 хвілін. У канцы прысыпаць здробненым кропам.


Селядзец па-галандску

Спатрэбіцца: селядзец свежамарожаны — 2 шт., цыбуля — 2 шт., лімон — 0,5 шт., цукар — 3 ч. л., соль — 6 ч. л., морква — 1 шт., лаўровы ліст — 10-12 шт., чорны перац — 8-10 гарошын буйна памолатых.

Лімон наразаем тонкімі кружочкамі. Моркву надзіраем на буйной тарцы. Цыбулю наразаем кольцамі. Змешваем цукар, соль і перац. Выкладваем пластамі ў слоік: на дно — некалькі колцаў цыбулі, лаўровы ліст, крыху морквы, кавалачак лімона, трошкі сумесі цукру, перцу і солі. Зверху — пласт селядца. Затым зноў гародніна і спецыі.

І так чаргуем пластамі, перыядычна прыціскаючы, пакуль не дабяромся да самага верху слоіка. Потым закрываем шчыльным вечкам і адпраўляем у халадзільнік. На другі-трэці дзень селядзец гатовы. Прыгатаваны такім чынам селядзец атрымліваецца далікатны, сакавіты і вельмі смачны. Пры падачы можна паліць алеем.


Модныя і зручныя шаравары

Хоць на вуліцу, хоць для дому.

Нездарма штанам, якія мы ведаем як шаравары, шмат сотняў гадоў. Свабодны крой не абмяжоўвае рухі, выглядае экзатычна і модна. Такая мадэль будзе актуальная як у якасці хатняга адзення, так і для выхадаў на вуліцу.

Спатрэбіцца: кавалак асноўнай тканіны (перавагу варта аддаць тонкім струменістым) 110 на 150 см (памер адзін, але для вельмі аб’ёмных фігур лепш узяць тканіны больш) і чатыры кавалачкі 21 на 19 см любой іншай тканіны для кішэняў.

Для раскрою складзіце асноўную тканіну напалам па доўгім боку — атрымаецца прамавугольнік 110 на 75 см. Кароткі бок падзяліце напалам (па 37,5 см) і пастаўце пазнаку. Перпендыкулярна зрэзу тканіны адкладзіце ад гэтай пазнакі 45 см. А на процілеглым баку ад кутоў па зрэзе адкладзіце па 22 см. Разрэжце тканіну па згіне. Апошнія тры пазнакі злучыце ў трохвугольнік. Выражце яго. Складзіце атрыманыя дэталі трохвугольніка добрым бокам адна да адной і сшыйце па кароткім боку.

4 кавалачкі, прызначаныя для кішэняў, скаліце, ад рукі намалюйце кішэню і выражце. Адступіўшы ад пояса 15 см, выкладзіце дэталі кішэняў з абодвух бакоў на добры бок абедзвюх палавінак будучых шаравараў і пракладзіце шво. Пасля гэтага дэталі кішэняў адагніце і зноў праштабнуйце.

Складзіце палавінкі штаноў добрым бокам адна да адной, распраўце кішэні, скаліце і сшыйце па баках. Пасля таго выверніце выраб і яшчэ раз праштабнуйце вакол кішэняў блізка да краю, а ўверсе і ўнізе прарэзаў зрабіце некалькі змацавальных шыўкоў.

Цяпер злучаныя раней адзін з адным трохвугольнікі ў якасці цвіклі трэба ўшыць паміж штанінамі. Размяшчаем дэталь такім чынам, каб самая шырокая яе частка апынулася якраз паміж ног. Сколваем клін спачатку з адной палавінкай штаноў, затым з другой, а потым сшываем.

Застаецца падагнуць і праштабнаваць ніз штанін і ўставіць гумку. Для гэтага сшыйце канцы шырокай эластычнай стужкі, якая адпавядае акружнасці вашай таліі, замкнуўшы ў колца. Пастаўце на ёй 4 пазнакі на аднолькавай адлегласці. Прышпіліце гумку з выварату да пояса, сумясціўшы пазнакі з цэнтрамі абедзвюх палавінак і бакавымі швамі. Далей, нацягваючы гумку, прышыйце яе на машынцы да пояса. Пасля адагніце гумку ўнутр і зноў праштабнуйце, нацягваючы. Каб стварыць акуратныя зборкі, праштабнуйце гумку трэці раз — па цэнтры.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?