Вы тут

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?


Заўважылі, што з надыходам вясны стала лягчэй прачынацца? Віднее раней, павялічыўся дзень, усё часцей выглядае сонца, з-за чаго паляпшаецца настрой і адчуваеш сябе лепш. Але з чым гэта звязана? Чаму восенню і зімой нам так цяжка прачынацца і менавіта ў гэты час здараюцца дэпрэсіі? І што патрэбна, каб арганізм працаваў як гадзіннік? Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганнай РОДЗІЧ.


Гармон, які адказвае за сон

— Прыкладна 5—10 % людзей, чвэрць з якіх жанчыны, пакутуюць на афектыўнае сезоннае расстройства, або зімовую дэпрэсію. Пры гэтым зніжаецца працаздольнасць, павялічваецца патрэба ў вугляводах, расце вага, узнікаюць цяжкасці з абуджэннем, а падтрыманне сацыяльных кантактаў змяншаецца да нуля, — расказвае ўрач.

І прычына гэтага — у асветленасці. Сонечнае святло патрэбна ўсім жывым арганізмам для нармальнага працякання фізіялагічных працэсаў. Яно рэгулюе так званы біялагічны гадзіннік, ці цыркадныя рытмы, якія, у сваю чаргу, кіруюць біялагічнымі і паводзіннымі рэакцыямі чалавека.

— У агульным працэсе задзейнічаны галаўны мозг, святлоадчувальныя клеткі сятчаткі вачэй і адмысловыя гены, якія адказваюць за сінтэз некаторых бялкоў. Актыўнасць гэтых генаў вагаецца на працягу сутак. Як толькі ўзровень бялкоў дасягае вызначанага ўзроўню, сінтэз спыняецца, калі ўзровень падае — сінтэз аднаўляецца. А вызначальным фактарам ва ўсім гэтым выступае пачатак светлавога дня. На працягу дня ўзровень «патрэбных» бялкоў нарастае і прыводзіць да запуску сінтэзу гармону сну мелатаніну. Яго канцэнтрацыя ўзрастае ўвечары і дасягае піка ноччу (у перыяд з 23 да 5 гадзін), а днём зніжаецца, — тлумачыць Ганна Родзіч.

Мелатанін рэгулюе ў арганізме цыкл «сон — няспанне», і, што цікава, сінтэз яго ідзе ў поўнай цемры, таму так важна спаць без крыніц святла і з закрытымі шторамі. А то можна «спалохаць» мелатанін. Гэты гармон аказвае антыаксідантнае і антыстрэсавае дзеянне. Ён спрыяе рабоце мозгу і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Недахоп мелатаніну абумоўлівае сімптомы сезоннай хандры (хранічную стомленасць, раздражняльнасць, зніжэнне імунітэту і кагнітыўных функцый, дрэнную адаптацыю да змены часавых паясоў).

Калі ж надыходзіць раніца, сонечнае святло трапляе на сятчатку вачэй і бялковыя комплексы канчаткова распадаюцца, павышаецца сінтэз іншага важнага гармону — картызолу, які забяспечвае нармальнае функцыянаванне сардэчна-сасудзістай і бронха-лёгачнай сістэм. Гэты гармон таксама можна назваць «гармонам стрэсу» дзякуючы яго актыўнаму ўдзелу ў фарміраванні адаптыўнай рэакцыі арганізма на экстранныя сітуацыі — траўмы, голад, фізічныя і псіхічныя нагрузкі. Гэта і ёсць пункт адліку, які настройвае біялагічны гадзіннік. Прыкладна 7 % людзей маюць патрэбу ў падобнай штодзённай сінхранізацыі.

Што ж адбываецца ва ўмовах недастатковай асветленасці? У зімовы час пачатак дня мы змушаныя праводзіць пры штучным асвятленні. Пры гэтым адсутнічае галоўны фактар, які спрыяе распаду бялковага комплексу — сонечнае святло. Такім чынам, «начны» бялковы комплекс будзе існаваць даўжэй і вызначыць апісаную вышэй сімптаматыку.

Каб арганізм працаваў як гадзіннік...

Для гэтага важна выконваць некалькі простых правіл:

  • класціся спаць да 23 (каб не «страціць» мелатанін);
  • спаць у цемры, можна выкарыстоўваць маску для сну і берушы, каб ніякія староннія шумы і святло з вуліцы не перарывалі ваш сон;
  • адмовіцца ад гаджэтаў перад сном ці хаця б уключаць «начны рэжым» — з ім падсветка становіцца менш яркай;
  • у другой палове дня выключыць напоі з кафеінам, а таксама адмовіцца ад алкаголю познім вечарам, бо ён пагаршае якасць сну.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».