Вы тут

Магілёў стаў цэнтрам некалькіх падзей, прысвечаных смарт-тэхналогіям


Сфера інфарматызацыі і высокіх тэхналогій у нашай краіне імкліва развіваецца. Гэта прадугледжана дзяржпраграмай «Лічбавае развіццё Беларусі», якая накіравана на павышэнне камфорту і якасці жыцця людзей. Гэтым разам Магілёў стаў цэнтрам адразу некалькіх падзей, прысвечаных смарт-тэхналогіям, — прэзентацыі мадэрнізаванага навукова-адукацыйнага цэнтра «Разумны горад» і дадатку «Мой горад», а таксама выязнога семінара «Разумныя гарады Беларусі» з удзелам міністраў сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана і адукацыі — Андрэя Іванца.


Гарады будучыні

Біятэрмальная станцыя, якая ацяпляе горад за кошт энергіі зямлі, абсталяванне, якое працуе ад... маланкі (дастаткова «злавіць» яе два разы, каб на год хапіла энергіі раёну). Плюс ветракі, падземнае метро, канатная дарога, электрастанцыя, якая працуе на смецці, электрамабіль — менавіта такім высокатэхналагічным уяўляюць сабе горад будучыні навучэнцы магілёўскага электратэхнічнага каледжа. 

На выставе ў Беларуска-Расійскім універсітэце, дзе адбыўся семінар, распрацоўкі каледжа былі сканцэнтраваныя на вялікім макеце. Другакурснік Уладзіслаў Малаткоў — будучы майстар вытворчага навучання — адзін з тых, хто актыўна займаецца распрацоўкамі карысных ідэй. Ён прыдумаў унікальнае спецадзенне, якое было высока ацэнена ў рамках праекта «100 ідэй для Беларусі». Распрацоўка атрымала медаль Еўразійскага патэнтнага ведамства.

Наогул, на выставе можна было ўбачыць шмат чаго з будучыні, прычым не такой далёкай. Сёння на вытворчасцях запатрабаваныя адытыўныя тэхналогіі, якія дазваляюць ствараць вырабы паслойна на аснове камп’ютарнай 3D-мадэлі. Такі працэс яшчэ называюць «вырошчваннем». Пры традыцыйнай вытворчасці выкарыстоўваецца дэталь, ад якой потым адсякаецца ўсё непатрэбнае, а ў выпадку з адытыўнымі тэхналогіямі новы выраб выбудоўваецца з нічога.

— Зараз да гэтай распрацоўкі вялікі інтарэс, — удакладняе інжынер кафедры прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Дзмітрый Іваноў. — Асабліва гэта патрэбна там, дзе неабходны штучны выраб.

Суразмоўнік звяртае ўвагу на яшчэ адну карысную распрацоўку непасрэдна яго кафедры — прыстасаванне, якое дазваляе прагуляцца па змадэляваным раёне ў акулярах віртуальнай рэальнасці. Вынаходніцтва можна выкарыстоўваць як для дэманстрацыі наглядных прыкладаў на лекцыях са студэнтамі, так і для забудовы горада ў праектным бюро.

Удзельнікі семінара ўважліва азнаёміліся з распрацоўкамі магілёўскіх навукоўцаў і студэнтаў. Гэта якраз і ёсць дэталі таго, з чаго складаюцца гарады будучыні.

— Ініцыятыва «Разумныя гарады Беларусі» бязмежная, нават іншым пакаленням будзе над чым папрацаваць, — падзяліўся меркаваннем пасля наведвання выставы міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган. — Галоўная мэта — зрабіць зручным наша жыццё, больш эфектыўнымі бізнес-працэсы і правільным адміністрацыйнае кіраванне на аснове лічбавых тэхналогій. Гаспадарчы падыход пры стварэнні разумнага горада і заключаецца ў тым, як гэтыя разумныя тэхналогіі прымяніць і што дадаткова распрацаваць. Магілёў — горад з вялікім патэнцыялам, які павінен уключыцца ў працэс.

Стаўка на крэатыўных

Праект «Разумныя гарады Беларусі» ўхвалены кіраўніком дзяржавы, і яго ўкараненне праводзіцца ў адпаведнасці з планам. Сумесныя семінары Міністэрстваў сувязі і інфарматызацыі і адукацыі пераследуюць мэту знаёміць грамадства з нарматыўнай асновай, расказваць пра нюансы юрыдычнага права прымянення высокіх тэхналогій, інструментаў, якія для гэтага існуюць, а таксама вырашаць кадравыя пытанні. Сёння падрыхтоўка спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій вядзецца ў 19 універсітэтах нашай краіны і шэрагу каледжаў.

— Калі раней універсітэты пераважна ўзаемадзейнічалі з універсітэтамі, то сёння мы бачым, што ідзе фактычна скразная вертыкаль, калі мы далучаем да навукова-даследчай работы школьнікаў, падключаем спецыялістаў з каледжаў, навукоўцаў, якія працуюць ва ўніверсітэтах, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Стварэнне кластараў рэгіянальнага характару вельмі важна, таму што дапамагае вырашаць канкрэтныя прыкладныя задачы для рэгіёнаў. Сістэма адукацыі павінна больш сур’ёзна рэалізоўваць свой патэнцыял пры вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач. Мы павінны ўбачыць, якія новыя прафесіі ў будучыні нам спатрэбяцца, і без аргументаў з месцаў, без падказкі практыкаў, якія кампетэнцыі і новыя прафесіі будуць патрэбны не толькі сёння, але і на перспектыву, нам будзе цяжка забяспечыць такую падрыхтоўку.

На аснове высокіх тэхналогій

Прадпрыемства «Белтэлекам» — флагман рэалізацыі ідэй і новых кірункаў ІT-паслуг, якія сёння запатрабаваны ў насельніцтва. На гэта звярнуў увагу міністр сувязі і інфарматызацыі падчас прэзентацыі ў Магілёве мадэрнізаванага галоўнага сэрвіснага цэнтра «Белтэлекам» на вуліцы Болдзіна. Ён выказаў спадзяванне, што практыка адкрыцця такіх цэнтраў будзе працягвацца.

Сэрвісны цэнтр сапраўды стаў больш камфортным для кліентаў. У зоне чакання, напрыклад, ёсць цяпер зоны рытэйлу, дзе кліент можа азнаёміцца з таварамі ў растэрміноўку, і дэманстрацыі паслуг, якія аказвае прадпрыемства. Да ведама: іх сёння каля 70. Другая частка сэрвіснага цэнтра — зона абслугоўвання, дзе знаходзіцца пяць працоўных месцаў. Асобныя прасторы прадугледжаны для прыёму юрыдычных асоб, абслугоўвання ключавых кліентаў, службы тэхнічнай падтрымкі. Побач канферэнц-зала для правядзення перагавораў з юрыдычнымі асобамі па заключэнні дагавораў на паслугі кампаніі. Фішкай стаў вучэбны клас, дзе спецыялісты па продажах могуць азнаёміцца з новымі паслугамі кампаніі, прайсці навучанне і пратэсціравацца па паслугах, якія ўжо існуюць.

Мой Магілёў

Мабільны дадатак «Мой горад» сёння даступны ў 14 гарадах Беларусі, яшчэ 30 рыхтуюцца да запуску. Тое, што Магілёў апярэдзіў у гэтым кірунку іншыя абласныя цэнтры, — заслуга гарадской улады. На гэта звярнуў увагу падчас прэзентацыі дадатку генеральны дырэктар кампаніі «Белтэлекам» Юрый Петручэня.

— Апошнія гады прадпрыемства актыўна займаецца развіццём паслуг у сферы высокіх тэхналогій, — рэзюмаваў ён. — І, як прыклад нашых напрацовак, адным з кампанентаў праекта «Разумны горад» з’яўляецца яго складнік «Мой горад». Праект складаны, і нам вельмі дапамагло супрацоўніцтва з Магілёўскімі гарвыканкамам і гарсаветам. Прадукт быў пратэсціраваны ў сціслыя тэрміны і ўкаранёны.

На дадзены момант на рэсурсе прадстаўлены паслугі і сэрвісы 400 арганізацый горада. І іх колькасць будзе толькі павялічвацца.

— Галоўная фішка дадатку — яго інтэрактыўнасць, што адрознівае яго ад звычайных інтэрнэт-сайтаў, — адзначыла менеджар праекта «Мой горад» Таццяна Падута. — Гэта магчымасць анлайн-запісу, анлайн-аплаты і анлайн-дастаўкі. Любая арганізацыя лёгка і гнутка падладзіць гэтыя магчымасці пад свой бізнес. Для зручнасці карыстальнікаў арганізацыі ўлічаны па сферах дзейнасці (болей чым 40 відаў гарадскіх сэрвісаў) і раёнах. У дадатку маецца карта, якая дазваляе паглядзець, якія аб’екты знаходзяцца побач, і пабудаваць маршрут. Тут жа славутасці Магілёва з невялічкай інфармацыяй пра іх. Пры жаданні можна даведацца, як хутка да іх дабрацца.

Спецыяліст звярнула ўвагу на тыя плюсы, якія атрымае ад дадатку мясцовае кіраўніцтва. З яго дапамогай можна праводзіць апытанкі, размяшчаць інфармацыю пра важныя падзеі горада, хутка папярэдзіць насельніцтва аб змяненні, напрыклад, маршрутаў грамадскага транспарту або праінфармаваць наконт графікаў адключэння вады. Прадугледжана і магчымасць зваротнай сувязі, можна атрымаць прапановы і водгукі ад гараджан. З дапамогай дадатку лёгка прааналізаваць, якія сэрвісы больш запатрабаваны ў горадзе, якія сферы дзейнасці трэба ўзмацніць.

Пра папулярнасць платформы сведчыць і статыстыка. На 17 сакавіка было зафіксавана, што яна 46 тысяч разоў спампоўвалася, болей чым 450 тысяч разоў праглядалася і болей чым 36 тысяч анлайн-сервісаў праз яе было замоўлена.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».