Вы тут

Рахматула НАЗАРАЎ: «У Беларусі ёсць патрэба ва ўзбекскіх кнігах»


Напярэдадні Дзён літаратуры Узбекістана «ЛіМ» не мог не звярнуцца да часовага паверанага ў справах Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматулы Назарава. Паразмаўлялі пра многае, але галоўнае — пра кнігу як сувязное звяно паміж народамі і надзейнага сябра праз гады. 


— Рахматула Джурабаевіч, як даўно вы ў Мінску? Якія ўражанні ад Беларусі? 

— У Мінску я жыву ўжо два гады — пераехаў сюды ў маі 2021 года. Тут вельмі прыемна знаходзіцца. Дарэчы, нават калі ад’язджаў з Узбекістана, калегі, якія пабывалі ў краіне, казалі, што Беларусь — цудоўная краіна. Спадзяванні апраўдаліся: людзі таварыскія і добразычлівыя, прырода прыхільная, і Мінск, і невялікія мястэчкі вельмі акуратныя і прыгожыя. Да пераезду ў мяне быў кароткатэрміновы візіт у Беларусь яшчэ ў 2000-х: тут знаходзіцца штаб-кватэра Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а я ў той час у Міністэрстве замежных спраў курыраваў пытанні ўзаемадзеяння Узбекістана ў рамках СНД, таму і ўдалося прыехаць на афіцыйную сустрэчу. Ужо тады я адчуў тыя спакой, нязмушанасць і дабрадушнасць, якія тут пануюць. Суайчыннікі, з якімі мне даводзіцца мець зносіны, прытрымліваюцца таго ж меркавання. 

— Ці ёсць у грамадскім жыцці ці культуры тое, што вас нейкім чынам здзіўляе? 

— Усё ж нашы народы звязаныя агульнай гісторыяй. Думаю, Беларусь і Узбекістан маюць пэўнае падабенства: гістарычна абедзве краіны знаходзіліся на перасячэнні, у тым ліку культурным. Напрыклад, Узбекістан быў часткай Вялікага Шаўковага шляху, дзякуючы якому, апроч іншага, адбываўся своеасаблівы культурны абмен. У падобным кантэксце заўсёды знаходзілася і Беларусь, тэрыторыя якой — паміж Захадам і Усходам. Трагічныя падзеі, асабліва войны, заўсёды ахоплівалі абедзве краіны... Аднак не можа не здзіўляць добразычлівасць, а таксама працавітасць беларусаў. У гэтым, мне здаеццва, падабенства нашых народаў. 

— Супрацоўніцтва паміж краінамі ў культурна-гуманітарнай сферы становіцца ўсё болей актыўным. Час ад часу заяўляе пра сябе Беларускі культурны цэнтр «Світанак» у Ташкенце. Якімі былі падставы для яго стварэння? 

— Тут зноў размова пра агульную гісторыю. У свой час вельмі шмат людзей з Узбекістана прыязджала 
ў Беларусь на вучобу. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўзбекскі народ зрабіў вялікі ўнёсак у Вялікую Перамогу. У сваю чаргу беларусы дапамагалі нам у перыяд актыўнага развіцця. Да таго ж старэйшае пакаленне памятае землятрус 1966 года ў Ташкенце. Тады ўсе рэспублікі былога Саюза згуртаваліся і прыехалі дапамагаць гораду ў яго аднаўленні. Пасля гэтага Ташкент набыў другое аблічча — у тым ліку дзякуючы беларускім будаўнікам. Існуе асобны блок будынкаў, узведзены выключна іх намаганнямі. Так, многія беларусы ў тыя часы і пазней пажадалі застацца ва Узбекістане. 

Наогул, у краіне жывуць людзі 130 нацыянальнасцей. Дзяржава прыкладае намаганні для таго, каб тыя ці іншыя народы маглі захоўваць сваю культуру, мову і гісторыю. З гэтай мэтай і ствараюцца культурныя цэнтры, адзін з такіх — «Світанак», ён мае рэгіянальныя філіялы: суполка беларусаў ва Узбекістане налічвае прыкладна 19 тысяч чалавек. Цэнтр дае магчымасць адзначаць нацыянальныя святы і звяртацца да ўласных традыцый, займацца любімымі справамі, звязанымі з рознымі відамі мастацтва. Такім чынам, ствараецца прыязная атмасфера інтэрнацыянальнага духу. 

— Сярод цікавых культурных праектаў апошняга часу — перадача беларускіх выданняў у Залу ведаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва... 

— Мы вельмі ўдзячныя за гэтую ініцыятыву Міністэрству інфармацыі Беларусі і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Так, чытачы Нацыянальнай бібліятэкі Узбекістана імя Алішэра Наваі могуць пазнаёміцца з кнігамі пра сучасную Беларусь. У Зале ведаў, створаным цэнтрам народнай дыпламатыі ШАС, знаходзяцца кнігі, падораныя ўсімі краінамі арганізацыі. Беларусь пакуль — краіна-назіральнік. Спадзяёмся, што ў хуткім часе яна стане паўнапраўным членам ШАС.

— Якія яшчэ паспяховыя і перспектыўныя праекты можаце згадаць? Як ацэньваеце культурнае супрацоўніцтва ўвогуле? 

— Трэба адзначыць, што зрух у двухбаковым супрацоўніцтве за апошнія 5-6 гадоў сапраўды каласальны. У 2018 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Узбекістан, у наступным, 2019-м, з візітам у адказ у Беларусь прыбыў наш Прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў. Сувязі, якія развіваліся паміж кіраўнікамі дзяржаў, іх асабістыя стасункі далі штуршок для далейшага актыўнага руху наперад ва ўсіх сферах. Што тычыцца культурна-гуманітарнай, то ёсць некалькі перспектыўных напрамкаў, аднак найперш хочацца звярнуць увагу на развіццё кіно. Шмат гадоў арганізоўваюцца Дні беларускага кіно ва Узбекістане і, адпаведна, узбекскага ў Беларусі. Падчас Ташкенцкага міжнароднага кінафестывалю «Жамчужына Шаўковага шляху», які адносна нядаўна аднавіў сваю работу, шмат увагі надалі беларускаму кіно. Ужо некалькі гадоў нашы кінематаграфісты ўдзельнічаюць у «Лістападзе». Хапае і сумесных праектаў: так, гучнай была прэм’ера фільма «Ілхак», які атрымаў даволі шмат міжнародных прызоў. А цяпер здымаецца «Казбек», таксама на ваенную тэму. Прэзентацыю стужкі рыхтуюць у гэтым годзе. Ідзе вельмі карпатлівая праца, ведаю ад рэжысёра і акцёраў, з якімі нядаўна размаўляў. 

У гэтым рэчышчы нельга не закрануць выдавецкую дзейнасць. Яркі прыклад — узбекскія прадстаўнікі сферы актыўна ўдзельнічаюць у Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Выключэннем стаў хіба толькі перыяд пандэміі. Зараз жа выдаўцы прапрацоўваюць праграму ўдзелу, фарміруецца дэлегацыя — будзем спадзявацца на плённую працу. 

— Якія намаганні робяцца ва Узбекістане для таго, каб папулярызаваць кнігу? 

— Існуе ініцыятыва Прэзідэнта, якая мае на ўвазе прасоўванне чытання. Цікавы прыклад — акцыя, падчас якой чыноўнікі дараць кнігі школе, дзе вучыліся. Гэта вельмі папулярна, у такой акцыі ўдзельнічаў і я, калі працаваў у МЗС. І галоўнае — дзеці вельмі рады. У гэтым мы падобныя — і ў Беларусі, і ва Узбекістанне пытанні чытання і кнігавыдання пад пільнай увагай. Усё ж пад уплывам інфармацыйных тэхналогій папулярнасць чытання крыху зніжаецца. Але кіраўнікі краін нацэлены на падтрымку гэтай сферы. 

— Дзень роднай мовы — значнае свята для краіны?

— Мы адзначаем яго 21 кастрычніка — пастанаўленне Прэзідэнта аб шырокім святкаванні Дня ўзбекскай мовы было прынята ў 2019 годзе. Увага да пытання мовы ў нас вельмі пільная. Ім займаецца, галоўным чынам, Дэпартамент па развіцці дзяржаўнай мовы пры Кабінеце Міністраў Узбексітана, галоўная задача якога — распаўсюджванне ўзбекскай мовы не на шкоду іншым. Калі родная мова памірае — памірае нацыя. Улада гэта добра ўсведамляе. Напрыклад, апошнім часам недзе 90 % усіх міністэрстваў і ведамстваў перайшло на ўзбекскую мову. Хоць працэс гэты, вядома, даволі марудны і складаны. Шмат у чым дапамагае Інстытут узбекскай мовы, літаратуры і фальклору пры Акадэміі навук, які праводзіць даследаванні і даводзіць іх вынікі да грамадства. 

Дзень узбекскай мовы мы адзначаем не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Статыстыка сведчыць, што па ўсім свеце пражывае каля 50 мільёнаў узбекаў. Па ініцыятыве ўрада ў розных кутках Зямлі ствараюцца клубы ўзбекскай мовы. У Беларусі такі таксама ёсць. Уваходзяць у яго, галоўным чынам, студэнты, якія вучацца ў асноўным у БНТУ і БДУІР. Мы праводзім розныя мерапрыемствы, перадаём выданні на ўзбекскай мове. Літаральна месяц таму атрымалі новую партыю кніг рознай тэматыкі. Мне здаецца, у Беларусі патрэба ва ўзбекскіх кнігах ёсць. Калі адбылася перадача выданняў ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, мы ў сваю чаргу падарылі ёй прыкладна 50 кніг, у іх ліку — Тлумачальны слоўнік узбекскай мовы ў 5 тамах, што пабачыў свет у 2021 годзе. У ім дадзена тлумачэнне ажно 80 тысяч слоў узбекскай мовы. Такім чынам, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ёсць раздзел, прысвечаны ўзбекскай мове і літаратуры. 

— Дарэчы, ці існуюць зараз праблемы ў бібліятэчнай сістэме Узбекістана? Шмат гадоў пытанне бібліятэк абмяркоўваецца ва ўсіх краінах свету, і не заўсёды можна зрабіць адназначныя высновы. 

— Натуральна, постсавецкія краіны прайшлі пэўны перыяд, калі бібліятэка не атрымлівала належнай падтрымкі ад дзяржавы. І ў нас быў такі час, калі меней увагі надавалася і навуцы, і літаратуры, і кнігавыданню... Але хаосу ў гэтым плане не назіралася. Бібліятэкі — гэта найперш адукацыя. А адна з асноўных задач, якія ставіць перад сабой кіраўнік дзяржавы, — павышэнне ўзроўню адукацыі. 

— Якіх вынікаў удалося дасягнуць? 

— Істотна павялічылася колькасць вышэйшых навучальных устаноў, удасканалілася сістэма дзіцячых садкоў. Дарэчы, у Беларусі вельмі якасная адукацыя, якую мы прызнаём. Нашы адукацыйныя сістэмы плённа ўзаемадзейнічаюць: укаранёны спецыяльныя праграмы, створаны Беларуска-ўзбекскі міжгаліновы інстытут прыкладных тэхнічных кваліфікацый, у якім ужо навучаецца 700 студэнтаў. Установа адукацыі ў Ташкенце — сумесны праект Беларускага нацыянальнага і Ташкенцкага дзяржаўнага тэхнічных універсітэтаў. 

— Наколькі ва Узбекістане надаецца ўвага кніжным крамам? Ці даступныя цэны на кнігі? 

— Калі прапанова Прэзідэнта Узбекістана аб папулярызацыі чытання была агучана, ва ўсіх, нават самых аддаленых населеных пунктах, былі арганізаваны ці бібліятэкі, ці кніжныя крамы. Я ніколі не бачыў, каб нашы крамы пуставалі. Яны становяцца ўсё болей цікавымі, асабліва для моладзі, для якой ствараюцца прадуманыя каворкінгі. Кніжныя крамы ва Узбекістане працуюць даволі паспяхова, а кніга вельмі даступная. Калі пераводзіць у беларускую валюту, то за 200 рублёў можна набыць не меней 20 кніг рознай цэнавай катэгорыі. Такім чынам, з часам можна сабраць дастойную хатнюю бібліятэку. Натуральна, збіраю яе і я: зараз прыкладна 300 асобнікаў. З родзічамі, сябрамі і калегамі дзелімся выданнямі, рэкамендуем нешта адно аднаму. 

— Якое ў вас стаўленне да кніжных фестываляў? Ці можаце параўнаць міжнародныя выстаўкі-кірмашы ў Мінску і Ташкенце? 

— Выстаўкі такога кшталту мне вельмі падабаюцца, бо ёсць магчымасць убачыць свет. Людзі цікавяцца рознымі кнігамі, імкнуцца нешта набыць. Я таксама не магу стрымацца і нешта купляю — не толькі сабе, але і блізкім. Мне здаецца, калі чалавек аказваецца ў гэтых абставінах, ён нібыта губляецца: забывае пра мітусню навакольнага свету, быт і працу... Бібліятэка, кніжная крама, выстаўка-кірмаш валодаюць унікальнай атмасферай, якая мне вельмі даспадобы. 

Такія маштабныя праекты ў розных сталіцах не вельмі адрозніваюцца, фармат пастаянны і надзейны. Мяняюцца толькі акалічнасці. Напрыклад, у Ташкенце кірмаш часцей адбываецца на адкрытым паветры. Іншая справа — перыядычнасць. На маю думку, падобныя мерапрыемствы трэба праводзіць часцей, магчыма, з рэгіянальным ухілам. Усё ж міжнародныя выстаўкі болей складаныя ў плане арганізацыі. 

— Напярэдадні Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу, падчас якой пройдуць Дні літаратуры Узбекістана ў Беларусі, парайце, калі ласка, чытачу «ЛіМа» тых аўтараў, на творы якіх было б варта звярнуць увагу. 

— Апошнім часам больш цікаўлюся гістарычнай літаратурай рэгіянальнага характару. Калі казаць пра мастацкую літаратуру, то магу згадаць Эркіна Вахідава, Гафура Гуляма, Абдулу Арыпава... Натуральна, абавязковы для чытання Алішэр Наваі, хоць, бясспрэчна, падобных класікаў даволі складана вывучаць, бо стваралі яны на стараўзбекскай мове. Але існуюць цікавыя беларускамоўныя пераклады. 

Гутарыла Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта xs.uz

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.