Вы тут

Адкрыць кнігу з нязведанага ракурсу


З 22 па 26 сакавіка ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш традыцыйна будзе чакаць сваіх гасцей на пр. Пераможцаў, 14. Сёлета ганаровым госцем мерапрыемства стане Расійская Федэрацыя. Прыцягальныя арт-аб’екты (Зубр, Пегас і механічная гадзіннікавая энцыклапедыя знакавых падзей кнігавыдання), знаёмства з выданнямі беларускіх і замежных аўтараў, дыскусіі па актуальных тэмах і шмат іншых сюрпрызаў чакае наведвальнікаў. На сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і айчынных выдавецтваў распавялі, чым будзе здзіўляць, завабліваць і радаваць выстаўка сёлета, якія праекты прэзентуюць на яе пляцоўках і дзе пачуем адгалоскі кніжнага свята. 


На пачатку сустрэчы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі акрэсліў, што асноўныя акцэнты кніжнага форуму будуць прымеркаваны да Году міру і стваральнай працы, акрамя гэтага ў шматлікіх мерапыемствах знойдуць адлюстраванне юбілеі беларускіх пісьменнікаў, прэзентацыі новых кніжных праектаў і новых фарматаў, у якіх рэалізоўваецца сёння кніга. 

— Адной з ключавых тэм стане даніна памяці трагічнай даце 22 сакавіка — гадавіна памяці Хатынскай трагедыі. Дата, якую мы павінны не проста помніць, але і ўсведамляць, наколькі тыя падзеі паўплывалі на розныя працэсы, якія мы сёння назіраем не толькі ў нашай краіне, а і ва ўсім свеце. Менавіта па гэтай прычыне ў першы дзень будзе прэзентавана кніга «Генацыд беларускага народа», якая перавыдаецца ўжо трэці раз. Усе падзеі, звязаныя з гэтай тэматыкай, абазначаны і ў праграме. Я спадзяюся, што ўсё гэта будзе спрыяць падтрымцы агульнай канвы, якую мы задаем у інтэлектуальных, творчых колах, — адзначыў Ігар Іванавіч.

Працяг атрымаюць і некаторыя праекты, старт якім быў дадзены ў мінулым годзе. Так, напрыклад, многім запомніўся і палюбіўся сумесны інтэрактыўны праект міністэрства інфармацыі і ААТ «Белкніга» «Чытанка», які дазваляе аматарам кніг атрымліваць доступ да любімай літаратуры ў анлайн-рэжыме і ў аўдыё-фармаце. Што спрыяе не толькі папулярызацыі літаратуры, але і проста дае стымул для чытання. У дзень адкрыцця дадатак папоўніцца дзясяткамі новых твораў, што стане добрым падарункам для ўсіх, хто любіць кнігу. 

У сваю чаргу старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч акрэсліў праграму, з якой арганізацыя будзе чакаць наведвальнікаў на выставе-кірмашы: 

—Сёлета прыязджае да нас вялікая дэлегацыя з Расіі ў якасці ганаровага госця. Удзельнікамі і сімпозіума пісьменнікаў, і прэзентацый на выстаўцы стане цэлы шэраг вядомых расійскіх літаратараў. Сярод іх Сяргей Шаргуноў, Міхаіл Папоў, Алесь Кажадуб і іншыя, — распавёў Алесь Карлюкевіч. — Напярэдадні выстаўкі мы выпусцілі пры падтрымцы міністэрства інфармацыі альманах «Сугучча», дзе на рускай мове прадстаўлена ў першую чаргу беларуская літаратура, а другую частку кнігі склалі творы расійскіх пісьменнікаў. 

Можна сказаць, навацыяй з’яўляецца такі праект, як Дні літаратуры Узбекістана, работа якога распачнецца ўжо 20 сакавіка і будзе доўжыцца ўвесь тыдзень. Вялікая ўвага нададзена і рабоце з творчай моладдзю. Літаральна перад выстаўкай да нас прыйшла кніга з Кітая «Сучасныя творы беларускіх пісьменнікаў», дзе пад адной вокладкай сабраны творы нашых празаікаў і паэтаў у перакладзе на кітайскую мову. 

Па словах выканаўчага дырэктара Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу Дзмітрыя Макарава, сёлета чакаецца, што павялічыцца як колькасць краін-удзельнікаў, так і колькасць экспанентаў. Таму галоўнае — скарыстацца магчымасцю трапіць на выставачную прастору, дзе можна і пазнаёміцца з кнігамі і аўтарамі, набыць навінкі па выдавецкіх коштах. Трапіць у выставачны комплекс можна будзе не толькі сваім ходам, але і на паэтычным аўтобусе, які будзе курсіраваць ад метро Няміга. Адзінае, звярніце ўвагу, што ў нядзелю выстаўка працуе толькі да 17.00. 

Трэба адзначыць, што і «Белкніга» таксама ў гэтым годзе працягне радаваць кнігалюбаў. Акрамя сваёй прэзентацыі непасрэдна на выстаўцы прадпрыемства рэалізуе цэлы шэраг мерапрыемстваў. Выстаўкі-кірмашы продажу дзіцячай літаратуры ў гарадах Беларусі, паліца інтэлектуальных кніг (дзе прадставяць больш за 40 выданняў беларускіх і замежных аўтараў), а таксама прэзентацыя разнастайнай літаратуры і прывабныя акцыі для пакупнікоў. 

Алена ДРАПКО

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».