Вы тут

Класіка ў новым фармаце


Для ўдзелу ў ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе, якая пачнецца ўжо на наступным тыдні, беларускія выдавецтвы традыцыйна падрыхтавалі шмат цікавых і яркіх імпрэз. Зразумела, усе сакрэты яны загадзя не выдадуць, але даведацца пра некаторыя цікавінкі, каб не прапусціць, можна. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак пацвердзіў, што кожны дзень у іх запланаваны прэзентацыі, творчыя сустрэчы, аўтограф-сесіі.


— У першы дзень выставы-кірмашу, 22 сакавіка, адзначаецца сумная дата — дзень Хатынскай трагедыі. Мы хочам прэзентаваць некалькі кніг на тэму вайны. Гэта легендарныя выданні «Я з вогненнай вёскі» і «Ніколі не забудзем», зборнік вершаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, і іншыя нашы праекты на ваенную тэму. Сярод не менш значных мерапрыемстваў — праект, які і новы, і адначасова з'яўляецца працягам даўняга праекта «Мастацкай літаратуры». Шмат гадоў у выдавецтве выходзіла серыя «Бібліятэка беларускай паэзіі». Апошняя кніга гэтай серыі выйшла ў 1993 годзе, а да гэтага, напэўна, усе знакавыя беларускія паэты ў ёй выйшлі, пачынаючы ад Францішка Багушэвіча і заканчваючы маладымі, але ўжо вядомымі на той час паэтамі. Праз трыццаць гадоў перапынку мы вырашылі аднавіць гэтую серыю, назваўшы яе «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». Сёлета ў ёй запланавана некалькі кніжак, да выставы мы падрыхтавалі дзве з іх. Гэта зборнік Яўгеніі Янішчыц, 75-гадовы юбілей якой мы сёлета адзначаем, і кніжка Навума Гальпяровіча, які адзначае такі ж юбілей.

— Ці прыме ўдзел у прэзентацыі сам паэт?

— Безумоўна, прыме, так што раю наведвальнікам не прапусціць магчымасці атрымаць аўтограф юбіляра. І гэта не ўсе сёлета юбілеі, якія мы адзначым. Часопісу «Маладосць» спаўняецца 70 гадоў, і ў нас цэлы суботні блок мерапрыемстваў прысвечаны як гэтаму часопісу, так і ўвогуле маладой беларускай літаратуры. Выступяць маладыя аўтары, кнігі якіх выходзілі апошнім часам у нас, адбудзецца прэзентацыя альманаха «Першацвет», творы якога складаюць апавяданні і вершы пераможцаў аднайменнага конкурсу. Гэта праект, які рэалізоўваецца і «Мастацкай літаратурай», і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, і Міністэрствам інфармацыі.

— Ці шмат было прэтэндэнтаў на перамогу?

— Безумоўна, шмат, як і кожны год. З іх адбіраюцца дзесяць паэтаў і дзесяць аўтараў празаічных твораў. Пройдзе таксама прэзентацыя кнігі мінулагодняй фіналісткі яшчэ аднаго конкурсу, «ЛітUP», Галіны Пярун. Гэты конкурс праводзіць Міністэрства інфармацыі, даючы магчымасць таленавітым аўтарам рэалізаваць свой праект у кнізе. Галіна Пярун працуе ў запатрабаваным жанры — маладая аўтарка напісала містычную аповесць «Зачараваны скідзень», тое, чаго сёння не хапае — літаратуры для падлеткаў. Апроч таго, у праграме — сустрэча з нашым пастаянным аўтарам Аляксандрам Радзьковым. Толькі што выйшла яго чарговая кніжка «Пра матэматыку і матэматыкаў». Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў — асоба вядомая, і сустрэчы з ім праходзяць заўсёды вельмі цікава. І я не сумняваюся, што і прэзентацыя яго новай кніжкі таксама збярэ нямала прыхільнікаў яго творчасці і як навукоўца, і як пісьменніка.

— Чые яшчэ аўтограф-сесіі плануеце?

— Сярод вядомых аўтараў, у якіх можна будзе папрасіць аўтограф, — і Віктар Шніп, і Валянціна Паліканіна, і Анатоль Зэкаў. Мы стараліся, каб аўтограф-сесіі маглі прыцягнуць увагу людзей самых розных, таму што «Мастацкая літаратура» — выдавецтва, якое арыентуецца на самую шырокую чытацкую аўдыторыю.

— Ці будуць адлюстраваны міжнародныя літаратурныя сувязі?

— Безумоўна. На стэндах вы пабачыце кнігі беларускіх пісьменікаў на іншых мовах. Сярод іх — кніжка, якая толькі што выйшла ў Кітаі, прадстаўляе сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў у перакладзе на кітайскую мову. Апроч таго, будуць прадстаўлены кнігі нашых класікаў і сучасных пісьменнікаў, якія выходзілі ў краінах СНД, у Расіі, Манголіі, Паўднёвай Карэі, у іншых краінах свету. Дарэчы, працаваць будзем у фармаце міні-студыі — усе прэзентацыі можна пабачыць не толькі ўжывую, але і ў анлайн-фармаце, відэазапісы з'явяцца ў інтэрнэце.

— Ці будзеце прадстаўляць зборы твораў класікаў, якія ў вас выходзяць?

— Безумоўна. І збор твораў Уладзіміра Караткевіча, і збор твораў Янкі Брыля. Але мы зрабілі акцэнт не толькі на шматтомных выданнях таго ці іншага беларускага пісьменніка, але і на аднатомніках і двухтомніках выбраных твораў. У нас з'явілася адразу некалькі праектаў, прысвечаных менавіта такому фармату. Гэта праект «Народная бібліятэка», дзякуючы якому мы выдаём творы класікаў і сучасных аўтараў па выніках апытанняў чытачоў. Мы пачалі серыю з Максіма Багдановіча, потым выдалі Купалу, Коласа, Караткевіча, Быкава, Маўра, а сёлета — Георгія Марчука, Вячаслава Адамчыка і том Аляксея Дударава, які, на жаль, нядаўна пайшоў з жыцця. Гэты праект набыў вядомасць, вельмі запатрабаваны. Том Максіма Багдановіча вытрымаў два выданні, і думаем пра тое, каб перавыдаць яго яшчэ раз. Акрамя таго, у нас з'явілася яшчэ адна новая серыя, якая выходзіць на рускай мове, — «Мир классики». Мы выдалі ў ёй том Івана Мележа і том Уладзіміра Караткевіча.

— Якая мэта гэтай серыі?

— Беларуская літаратура ў перакладзе на рускую апошнія дзесяцігоддзі выходзіць вельмі рэдка, і калі мы бываем на замежных кніжных выставах, бачым, што, на жаль, беларуская літаратура там прадстаўлена даволі бедна, як правіла, кніжкамі ў перакладзе на рускую мову, якія выходзілі яшчэ ў савецкі час. Мала таго што тыя кніжкі ўжо страцілі таварны выгляд, за гэты час у нас з'явіліся новыя пісьменнікі, якія напісалі творы, вартыя таго, каб пра іх ведалі. І мы спрабуем гэтую нішу запоўніць. Мяркуючы па першых кніжках серыі, яны запатрабаваныя як у замежжы, так і ў Беларусі.

— «Мастацкая літаратура» традыцыйна добра выступае на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі». У гэтым годзе вашы выданні ўдзельнічаюць?

— Удзельнічаем, але якія нашы праекты перамогуць, не ведаем, гэта будзе вядома падчас выставы. Аднак калі гаварыць пра афармленне нашых кніг, мне вельмі прыемна, што ў выдавецтве працуюць мастакі, дызайнеры розных узростаў, якія здольныя здзейсніць увесь багаты спектр сучаснай кніжнай ілюстрацыі. Дзякуючы гэтаму мы можам задаволіць густы самых розных чытачоў.

— У якіх прэзентацыях возьмеце ўдзел асабіста?

— Кожны дзень буду на той ці іншай імпрэзе. Скажам, калі згадаць кніжку Яўгеніі Янішчыц у серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі», то я быў укладальнікам, таму, безумоўна, буду ўдзельнічаць у яе прэзентацыі. Запрашаем!

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».