Вы тут

Аб чым Прэзідэнт гаварыў падчас нарады, прысвечанай перспектывам развіцця айчыннай мікраэлектронікі


Нарада адбылася на базе навукова-вытворчага холдынгу дакладнага машынабудавання «Планар». Аднак перш чым перайсці да абмеркавання сур’ёзных пытанняў, кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад генеральнага дырэктара прадпрыемства аб фінансава-эканамічным стане і перспектывах ААТ «Планар». Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з найбольш перспектыўнымі распрацоўкамі оптыка-механічнага прэцызіённага тэхналагічнага абсталявання, пабудаванага з выкарыстаннем лазерных тэхналогій. Пацікавіўся Прэзідэнт і тым, наколькі вострым для прадпрыемства з’яўляецца кадравае пытанне: у прыватнасці, ці дастаткова ў мікраэлектроніцы маладых спецыялістаў. 


«Нельга толькі канкурыраваць і замыкацца ў нацыянальных межах»

Напачатку нарады, прысвечанай пытанням развіцця айчыннай мікраэлектронікі, Прэзідэнт заўважыў, што, як усе зразумелі пасля невялікай экскурсіі і агляду некаторага абсталявання, мікраэлектроніка — тое, без чаго сёння трактар не арэ, аўтамабіль не рухаецца. «Нават матацыкл, веласіпед выкарыстоўваюць электроніку, я ўжо не кажу, што самалёты не лятаюць, ракеты таксама ў космас не адпраўляюцца — гэтым усё сказана, — пакрэсліў беларускі лідар. — Чаму такая ўвага сёння ў свеце, і не толькі ў свеце, а перш за ўсё на постасавецкай прасторы, у нас і ў Расіі, да гэтых праблем і пытанняў».

І Прэзідэнт назваў не асноўныя прычыны, але немалаважныя. Па яго словах, барацьба за гэтыя вытворчасці і рынкі з’яўляецца прычынай ваенных сутыкненняў. «На шчасце, інтуітыўна, дзесьці Бог дапамог, я не першы раз звяртаюся ў сваім прэзідэнцкім жыцці да гэтага пытання, што ў пэўнай ступені выратавала ад распаду гэтую галіну», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ëн звярнуў увагу на тое, што месца сустрэчы з’яўляецца сімвалічным і гістарычным. «Менавіта тут, на „Планары“, у 60-х гадах мінулага стагоддзя быў створаны мозг і сэрца мікраэлектронікі Савецкага Саюза, — нагадаў беларускі лідар. — Наш знакаміты зямляк, нобелеўскі лаўрэат Жарэс Іванавіч Алфёраў, расказваў, што неяк у 80-х гадах сустрэў міністра электроннай прамысловасці ўсяго Савецкага Саюза Уладзіслава Калеснікава. І той прызнаўся, расказаў яму: „Прачнуўся сёння ў халодным поце, прыснілася, што „Планара“ няма. А раз няма „Планара“ — няма больш у СССР электроннай прамысловасці“. Гэтым ўсё сказана. Гэта было сапраўды сэрца электроннай прамысловасці, тут былі засяроджаны асноўныя „мазгі“ электроннай прамысловасці Савецкага Саюза».

Беларускі лідар узгадаў, што калі стваралася гэтая прарыўная галіна, інтэлектуальна і фінансава яе маглі пацягнуць толькі Амерыка, Савецкі Саюз і Японія. Нягледзячы на тое, што ў СССР працавалі яшчэ сумежныя прадпрыемствы — у Расіі, Прыбалтыцы — мазгавы цэнтр знаходзіўся тут, у Беларусі.

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у ліхія перабудовачныя і постперабудовачныя гады захаваць гэты набытак — нават не нацыянальны, а сусветны — удалося толькі Беларусі. «Я цудоўна памятаю, як мяне ўгаворвалі прадаць, зачыніць гэтыя прадпрыемствы, прапаноўвалі завесці ўсё з Захаду, — сказаў Прэзідэнт. — Дзякую Богу, як бы не было цяжка, краіна захавала і „Планар“, і „Інтэграл“, і БелОМА, і „Гарызонт“, і віцебскі „Маналіт“, але, самае галоўнае, навуковую інфраструктуру ў гэтай навукаёмістай галіне. 30 гадоў прайшло — мы бачым, што ў барацьбе за перадзел свету вызначальнае значэнне маюць тэхналогіі. Той, хто валодае імі, здольны не толькі выстаяць, але і ўстанавіць у будучыні свае правілы гульні. Так званы цывілізаваны, дэмакратычны заходні свет без усялякага сумлення выкарыстоўвае тэхналагічныя рычагі ўздзеяння, уводзячы санкцыі, спрабуючы паставіць на калені непажаданыя дзяржавы — сваіх канкурэнтаў».

Аднак навука, па словах кіраўніка дзяржавы, не стаіць на месцы. «Навукоўцы кааперуюцца, у развіцці мікраэлектронікі ўжо нельга толькі канкурыраваць і замыкацца ў нацыянальных межах, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Беларускія вытворцы і сёння займаюць сваю нішу на сусветным рынку. І гэта нягледзячы на глабальны трэнд у бок ужо нават не мікра-, а нанаэлектронікі, калі з’явіліся некалькі гульцоў, якія валодаюць тэхналогіямі парадку чатырох нанаметраў.

Пры гэтым Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што дастаткова буйныя мікрасхемы беларускай вытворчасці застаюцца запатрабаванымі. «Яны надзейныя, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Але, як я разумею, нам трэба ад гэтых вялікіх, глабальных, мікрасхем, рухацца ў гэты бок --- у гэтыя маленькія нанаметры». 

«Самае галоўнае, каб вучоныя, канструктары і практыкі разумелі, што трэба рабіць і куды ісці»

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў кааперацыі з айчыннай грамадзянскай і абароннай прамысловасцю ствараюцца ўнікальныя прадукты. «Без вас немагчымыя былі б беспілотнікі, робаты, станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, прынцыпова новыя віды ўзбраенняў, бытавая тэхніка сусветнага ўзроўню і многае іншае, — прывёў прыклады беларускі лідар. — Таму поле для працы і далейшага развіцця ў нас найвялікшае».

Па-першае, гэта Расія. Наша краіна валодае ўсімі неабходнымі кампетэнцыямі, каб задаволіць запатрабаванні расійскага рынка пасля сыходу адтуль заходніх прадпрыемстваў. «Гэта шанц, і мы яго павінны выкарыстаць, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — „Расатам“, „Раскосмас“, „Расэлектроніка“ — аб’ёмы партнёрскіх пагадненняў павінны толькі расці». 

Каласальную цікавасць да беларускай мікраэлектронікі праяўляюць і інвестары. Прамое таму пацверджэнне — нядаўні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Зімбабвэ і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. «З намі гатовы супрацоўнічаць і хочуць інвеставаць у развіццё нашай прамысловасці, у тым ліку мікраэлектроннай, — паведаміў Прэзідэнт. — Пры тым аб’емы грошай нават не абмяркоўваюцца. Мы вельмі шчыльна аб гэтым гаварылі з Прэзідэнтам Эміратаў. Ëн выказаў каласальную зацікаўленасць у рабоце з дружалюбнай краінай — Беларуссю».

Добрыя фінансавыя ўкладанні, па словах кіраўніка дзяржавы, — гэта магчымасць карэннай мадэрнізацыі вытворчай базы, распрацоўкі новых тэхналогій і, як следства, павелічэнне экспарту. «Самае галоўнае, што мяне непакоіць, каб вучоныя, канструктары і практыкі разумелі, што трэба рабіць і куды ісці, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі ў нас такія людзі ёсць, то грошы для гэтага заўсёды знойдуцца. А такія людзі ёсць». 

Прэзідэнт нагадаў, што ў чэрвені мінулага года нарада па пытаннях развіцця айчыннай мікраэлектронікі ўжо праводзілася, падчас яе былі вызначаны асноўныя кірункі з улікам нашых кампетэнцый і магчымасцяў ва ўмовах санкцыйнага ціску. «Як мне дакладваюць, ужо ёсць некаторыя зрухі, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Сумесна з расійскім бокам сфарміравалі пералік крытычна важнай кампанентнай базы, якая будзе праводзіцца на нашых прадпрыемствах, распрацавана „дарожная карта“, план па яе асваенні. Шэраг элементаў для расійскіх прадпрыемстваў мы ўжо пачалі пастаўляць. Падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага беларускага-расійскага цэнтра па распрацоўцы і вырабе фоташаблонаў. Ён дазволіць выконваць сумесныя доследна-канструктарскія работы, знізіць залежнасць беларускіх і расійскіх спажыўцоў ад імпартных паставак».

Акрамя таго, Урадам зацверджана Праграма па развіцці мікраэлектроннай прамысловасці Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года. Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць, наколькі пралічаны і амбіцыйныя нашы перспектывы, ці ўзятая планка ў далейшым развіцці гэтай галіны. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што патрэбна для стварэння вытворчасці больш высокага тэхналагічнага ўзроўню. Пры гэтым нагадаў, што інвестары, гатовыя фінансаваць праекты, ёсць. Далажылі Прэзідэнту і аб тым, як рухаецца работа па засваенні пераліку неабходных для расійскай прамысловасці электронных кампанентаў.


У тэму

Як распавёў у размове з журналістамі генеральны дырэктар ААТ «Планар» Сяргей АВАКАЎ, нарада, праведзеная на ўзроўні Прэзідэнта краіны, узвышае статус праблем, якія разглядаюцца, паказвае, што з боку і кіраўніка дзяржавы, і ўрада да развіцця мікраэлектронікі ёсць цікавасць на самым высокім узроўні. Па яго словах, вынікам нарады стане інтэнсіфікацыя дзейнасці ўсіх удзельнікаў гэтага працэсу, паказчыкі будуць дасягнуты больш хутка і яны будуць найбольш важкімі.

«Супрацоўніцтва з Расіяй пайшло ўверх: узрасла колькасць заказаў, — адзначыў кіраўнік прадпрыемства, кажучы пра „наступствы“ санкцыйнага ціску. — Дзеля справядлівасці варта сказаць, што гэта адбылося яшчэ ў 2021 годзе. З’явіліся доўгатэрміновыя кантракты, колькасць жадаючых набыць наша абсталяванне расце. Цяпер мы закантрактаваны да 2026 года і толькі думаем аб тым, як паспець усё зрабіць. Запускаем праект па пашырэнні вытворчасці, хаця толькі ў мінулым годзе скончыўся праект па мадэрнізацыі вытворчасці, — гэта проста неабходна». 
Пры гэтым прадукцыяй прадпрыемства поўнасцю забяспечваецца беларускі рынак. «З „Інтэгралам“ у нас падпісана маршрутная карта да 2026 года, дзе распісана ўся патрэба „Інтэграла“ ў абсталяванні, мы гэтую патрэбу задаволім», — удакладніў Сяргей Авакаў.

Як звярнуў увагу міністр прамысловасці Аляксандр РАГОЖНІК, Прэзідэнт удзяліў асаблівую ўвагу развіццю мікраэлектронікі ў Рэспубліцы Беларусь. «Па сутнасці, гэта базавая галіна для ўсяго прамысловага комплексу, асабліва навукаёмістая галіна, — адзначыў ён. — Такімі тэхналогіямі валодае зусім мала дзяржаў у свеце: Японія, Злучаныя Штаты Амерыкі, шэраг іншых. І ў гэтай лінейцы побач з імі стаім і мы. Мы захавалі свой патэнцыял у развіцці мікраэлектронікі, разумеем, куды ідзём. Прэзідэнтам была пастаўлена задача рухацца хутчэй, нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, захапіць рынкі, якія сёння вызваліліся ў сяброўскіх краінах, і развівацца ў падвоеным-патроеным тэмпе».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».