Вы тут

Станіслаў Юрэцкі: Шанц узначаліць навуковую ўстанову — гэта выклік самому сабе


Ёсць меркаванне, што рухаць навуку наперад павінна моладзь. У маладых заўсёды шмат ідэй, яны не баяцца праяўляць ініцыятыву, для іх не існуе бясспрэчных аўтарытэтаў, яны ўсё падвяргаюць сумненню і, галоўнае, не баяцца выходзіць за рамкі звыклых уяўленняў і рызыкаваць. Іх шчырае жаданне даследаваць, ствараць і адкрываць яшчэ «не сапсаванае» асяроддзем. На жаль, але паступова гэта жаданне знікае. Рызыкаваць хочацца ўсё менш... А для навукі патрэбныя менавіта смеласць і дзёрзкасць. Але ці часта можна пачуць ад маладых пра іх жаданне стаць даследчыкам? Пытанні падрыхтоўкі інтэлектуальнай эліты актуальныя для ўсіх краін. І Беларусь — не выключэнне. Аб прывабнасці прафесіі вучонага для беларускай моладзі і сістэме падтрымкі маладых талентаў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мы гутарым са старшынёй Савета маладых вучоных Акадэміі навук, дырэктарам Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, кандыдатам гістарычных навук Станіславам Юрэцкім.


Ад першых раскопак — да кандыдацкай

— Станіслаў Сцяпанавіч, раскажыце, як узнікла захапленне гісторыяй? Хто паўплываў на ваш прафесійны выбар: школа, педагогі ці, можа, бацькі?

— У маёй сям’і вучоных да мяне не было. Маці па прафесіі — інжынер, а бацька працаваў на рабочых спецыяльнасцях. Але ў нас дома заўсёды была вельмі добрая бібліятэка, усе любілі чытаць, была павага да кнігі, да школы і педагогаў таксама. Зацікавіўся гісторыяй я даволі рана. У другім класе запісаўся ў дзіцячую бібліятэку, дзе пастаянна браў гістарычную літаратуру. Я заканчваў у Маладзечне сярэднюю школу № 14. І мне вельмі пашанцавала з настаўнікам гісторыі. Валяр’ян Яўгенавіч Гайдуль і цяпер працуе ў гэтай навучальнай установе. У многім дзякуючы асобе свайго настаўніка я і здзейсніў свой прафесійны выбар. Да таго ж у школьныя гады ўдзельнічаў у алімпіядах па гісторыі, у тым ліку і на рэспубліканскім узроўні. Гэта дало мне магчымасць пазнаёміцца з хлопцамі і дзяўчатамі, якія захапляліся гісторыяй таксама як і я. Таму, калі прыйшоў час вызначацца ў старшых класах з прафесіяй і месцам навучання, я абраў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— Калі паступалі ў БДУ, вы бачылі сябе ў школе педагогам (у вашай працоўнай біяграфіі ёсць і такі факт) ці ўсё ж такі адразу былі нацэлены на навуку?

— Я ведаў, што на гістфаку рыхтуюць у тым ліку і настаўнікаў, але адразу для сябе вырашыў: буду вучоным! Адметнасць гістарычнага факультэта БДУ ў тым, што там даюць вельмі добрую класічную адукацыю і пасля навучання можна рэалізоўваць сябе ў самых розных сферах. Я абраў навуку. Але ў школе таксама паспеў папрацаваць паралельна з навучаннем у магістратуры, пакуль не паступіў у аспірантуру. У мяне была поўная стаўка плюс класнае кіраўніцтва. Зусім не шкадую, што давялося акунуцца на пэўны час у педагагічную работу. Гэта была выдатная школа жыцця і вельмі карысны досвед. Работа з дзецьмі і іх бацькамі, што ні кажы, «загартоўвае» (усміхаецца. — Аўт.). Ад маёй працы ў школе засталіся толькі добрыя ўспаміны, тым больш што я працаваў у той жа школе, дзе вучыўся сам. Усё там было мне блізкае і зразумелае, пастаянна адчуваў падтрымку з боку больш вопытных калег. А цяпер я выкладаю на гістфаку, таму педагагічны досвед аказаўся запатрабаваны.

— Чым запомнілася навучанне ва ўніверсітэце і аспірантуры Інстытута гісторыі НАН Беларусі? Вам даводзілася ўдзельнічаць у археалагічных раскопках? Падзяліцеся найбольш яркімі момантамі…

— У раскопках я прымаў удзел, пачынаючы з першага курса гістфака, штогод. Канешне, найбольш запамінаюцца першыя раскопкі. Гэта быў 2008 год. Мы працавалі на стаянцы эпохі палеаліту пад Гроднам, у Кавальцах. І мае першыя археалагічныя знаходкі былі зроблены менавіта там. Гэта быў крэмневы адшчэп — загатоўка прылады для працы чалавека каменнага веку. На першых сваіх раскопках я зразумеў, што хачу быць не проста гісторыкам, а гісторыкам-археолагам, там жа сустрэў і будучага навуковага кіраўніка маёй кандыдацкай дысертацыі Вадзіма Леанідавіча Лакізу. Вельмі моцныя эмоцыі перажыў у 2021 годзе, калі знайшоў грунтовы могільнік эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Я вельмі хацеў знайсці помнік, звязаны менавіта з гэтым перыядам — позняй Старажытнай Русі і пачаткам ВКЛ. Мы разам з мясцовымі школьнікамі вялі раскопкі ў Дзятлаўскім раёне. І за тыдзень работ нічога істотнага не знайшлі. У апошні дзень я падумаў: а ці не з’ездзіць на гарадзішча Санюкі? Многія археолагі даследавалі гэтыя мясціны, але значнага выніку не было. А мы заклалі пробныя шурфы і, нарэшце, знайшлі могільнік. Вось быццам бы хтосьці зверху мяне падштурхнуў гэта зрабіць у тым самым месцы.

— А як увогуле вызначаюць месца для правядзення раскопак?

— Ёсць пэўная сістэма, якой навучаюць яшчэ на гістфаку. Ты працуеш з картамі, архівамі, вывучаеш вопыт сваіх папярэднікаў. Ёсць месцы, дзе людзі сялілся ў розныя гістарычныя перыяды. Такія звесткі ёсць. Але тое, што побач з гарадзішчам мы знайшлі могільнік, — вялікая ўдача.

— Вы абаранілі сваю кандыдацкую дысертацыю ў 28 гадоў. Якой тэме яна была прысвечана? Старшыня ВАК лічыць 28–30 гадоў аптымальным узростам для абароны кандыдацкай дысертацыі. Але на сёння сярэдні ўзрост абароны кандыдацкіх дысертацый набліжаецца ў краіне да 38 гадоў. На вашу думку, чаму так адбываецца?

— Тэма маёй кандыдацкай была прысвечана кераміцы эпохі неаліту Беларускага Панямоння. Па выніках вывучэння старажытнай керамікі выдзяляюцца археалагічныя культуры гэтага перыяду. Яе вывучэнне дае магчымасць зразумець тыя працэсы, што адбываліся на гэтых тэрыторыях у познім перыядзе каменнага веку пры пераходзе ў бронзавы век: гэта прыпяцка-нёманская культура і нёманская культура. Можна зразумець аспекты ўплыву супольнасцяў, якія мігрыравалі з тэрыторыі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы — гэта культура шарападобных амфар і культура шнуравой керамікі. Вывучэнне керамікі вельмі важнае менавіта для старажытных часоў, калі яшчэ не было пісьменства, не захавалася ніякіх пісьменных помнікаў. І мы фарміруем свае ўяўленні пра тыя часы выключна па прадметах, якія знаходзім. Прызнаюся, што я заўсёды цікавіўся сярэднявеччам, а кандыдацкую дысертацыю абараніў па эпосе неаліту. Гэта было абумоўлена тым асяроддзем, у якое трапіў яшчэ на першых раскопках, і колам людзей, з якімі кантактаваў.

Я згодны з тым, што трэба імкнуцца абараніць кандыдацкую да 30 гадоў. Напісанне кандыдацкай работы не азначае, што ты зробіш адкрыццё, якое пераўзыдзе усіх тваіх папярэднікаў. Кандыдацкая дысертацыя — фактычна кваліфікацыйная работа, якая паказвае, што ты можам працаваць з навуковым матэрыялам, ведаеш методыку навуковага даследавання і можаш атрымаць новыя веды. А сама абарона вельмі важная ў плане таго, як ты трымаешся, як адказваеш на пытанні, ці можаш аргументавана адстойваць свой пункт погляду ў акадэмічным асяроддзі.

Канешне, абараніць кандыдацкую можна і ў 50, і ў 60 гадоў, аднак у 30 гадоў ты яшчэ малады вучоны, поўны сіл, можаш стварыць навуковы калектыў, развіваць пэўны кірунак у навуцы. Ёсць прыклады, праўда, іх не так шмат, калі маладыя даследчыкі абараняюць кандыдацкую яшчэ ў год заканчэння аспірантуры або крыху пазней. Гэта складана, але магчыма, калі канцэнтравацца толькі на навуцы. Шмат залежыць і ад навуковага кіраўніка, які можа дапамагчы вызначыць тую тэму, якую рэальна раскрыць за тры гады навучання ў аспірантуры: напісаць па ёй навуковыя артыкулы, якія будуць апублікаваныя ў выданнях ВАК, выступіць з вынікамі сваіх даследаванняў на навуковых канферэнцыях. Напэўна, для таго каб ісці ў аспірантуру, павінен быць створаны навуковы зачын. Калі ісці туды зусім «пустым», то за тры гады вучобы здзейсніць у навуцы нешта значнае вельмі складана. А здараецца і так, што за тры гады навучання ў аспірантуры могуць з’явіцца нейкія новыя факты і веды, і ты зменіш уласныя ўстаноўкі і свой пункт погляду. Мы жывём у лічбавым свеце, калі паўсюдна ўкараняецца штучны інтэлект, а інфармацыя па ўсіх навуковых пытаннях і задачах павялічваецца шматразова літаральна штодня. Уменне працаваць з вялізным патокам інфармацыі — асаблівае. Таму больш рэальна ўсё ж абараніцца праз год-два пасля заканчэння аспірантуры. У любым выпадку вынік залежыць найперш ад самога саіскальніка, яго мэтанакіраванасці і жадання адбыцца ў навуцы.

Самы кароткі шлях да самарэалізацыі

— Летась Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў быў пераўтвораны ва Універсітэт НАН Беларусі. Ужо сёння выпускнікі ВНУ вызначаюцца з далейшымі жыццём і кар’ернымі планамі. Вы можаце прывесці аргументы на карысць навучання менавіта ў акадэмічным універсітэце? Чым ён прыцягальны для моладзі?

— Навучанне ва Універсітэце НАН Беларусі адбываецца толькі на ўзроўні магістратуры, а таксама ў акадэмічнай аспірантуры і дактарантуры. Там фактычна рыхтуецца інтэлектуальная эліта. Для гэтых мэт задзейнічана матэрыяльна-тэхнічная база ўсіх арганізацый Акадэміі навук, якая з’яўляецца найбуйнейшай навукова-тэхнічнай карпарацыяй у краіне. Фарміраванне будучых вучоных адбываецца не толькі ў вучэбных аўдыторыях, але і на перадавой акадэмічнай навукі: у лабараторыях акадэмічных інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў, на эксперыментальных пляцоўках, падчас вытворчай практыкі. Магістранты адразу паглыбляюцца ў акадэмічнае навуковае асяроддзе, дзе генерыруюцца і ствараюцца новыя веды і інавацыйныя прадукты. Фактычна паралельна з адукацыйнай праграмай рэалізоўваецца і навуковая. З моладдзю, якая навучаецца ў акадэмічнай магістратуры і аспірантуры, працуюць вядучыя вучоныя, акадэмікі і дактары навук. Таму ў наш акадэмічны ўніверсітэт ёсць сэнс ісці тым, хто першапачаткова хоча звязаць сваё жыццё з навукова-даследчай або навукова-інавацыйнай дзейнасцю. Паступленне ва Універсітэт НАН Беларусі — самы кароткі і аптымальны шлях да навукі. Важна, што ў акадэмічныя арганізацыі пасля заканчэння нашай магістратуры ідзе працаваць большасць яе выпускнікоў.

— А што чакае маладога вучонага, які папоўніць шэрагі даследчыкаў акадэміі? Якія перад ім адкрываюцца прафесійныя і кар’ерныя перспектывы?

— Галоўнае — у яго з’яўляецца шанц заняць сваё месца ў навукова-даследчай карпарацыі. Насамрэч у Акадэміі навук створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі сябе ў навуцы. У нас праводзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў для маладых вучоных, створана цэласная сістэма падтрымкі маладых навукоўцаў, якая ўключае ў тым ліку магчымасці атрымання стыпендый і грантаў. Сёння практычна кожны трэці даследчык у Акадэміі навук — вучоны ва ўзросце да 35 гадоў. Калі магістрант ці аспірант прыходзіць у НАН Беларусі, ён можа ўдзельнічаць у рэспубліканскіх і акадэмічных конкурсах, напрыклад, на прэмію ў гонар славутых акадэмікаў Васіля Купрэвіча, Жарэса Алфёрава і Усевалада Ігнатоўскага.

У 2018 годзе быў заснаваны конкурс «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Удзельнічаць у ім могуць маладыя вучоныя, якія абаранілі кандыдацкую дысертацыю ва ўзросце да 30 гадоў або атрымалі навуковую ступень доктара навук ва ўзросце да 40 гадоў. Яны павінны мець вопыт кіраўніцтва навуковымі праектамі, працаваць з магістрантамі, аспірантамі, ствараць маладзёжныя каманды. Пагадзіцеся, што гэта дастаткова строгія крытэрыі, якім трэба адпавядаць, таму колькасць маладых талентаў, уключаных у банк па выніках года, не можа быць вялікай. У 2022 годзе іх было трое.

Лаўрэаты конкурсу атрымліваюць штогадовы грант на ўдзел у міжнародным навуковым, навукова-арганізацыйным або навукова-практычным мерапрыемстве, штогадовую прэмію ў памеры да сямі базавых ставак у перыяд уваходжання ў банк даных і ўключаюцца ў рэзерв кіруючых кадраў НАН Беларусі. Заўважу, што за апошні час пераможцы гэтага конкурсу істотна прасунуліся ў сваёй навуковай і адміністрацыйнай кар’еры. Многія з іх ужо займаюць кіраўніцкія пасады ў навуковых арганізацыях і лабараторыях. Я, дарэчы, у 2020 годзе таксама быў лаўрэатам гэтага конкурсу, а сёння ўзначальваю Цэнтральную навуковую бібліятэку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі Дзяніс Муха, старэйшы за мяне на некалькі гадоў, таксама быў лаўрэатам конкурсу «100 маладых талентаў». А лаўрэат 2022 года, супрацоўнік лабараторыі малекулярнай біятэхналогіі Інстытута мікрабіялогіі НАН, кандыдат біялагічных навук Ілья Казлоўскі ўвайшоў яшчэ і ў склад аўтарскага калектыву інстытута, які трапіў у ТОП-10 дасягненняў акадэмічных вучоных у галіне фундаментальнай і прыкладной навукі за мінулы год. Увогуле, як правіла, ва ўсіх калектывах, навуковыя вынікі якіх трапляюць у ТОП-10, ёсць і маладыя навукоўцы. Таму лічу, што амаладжэнне навуковага саставу ў Акадэміі навук адбываецца паспяхова.

На першым месцы — любімая справа

— Станіслаў Сцяпанавіч, прызнайцеся, калі вам, гісторыку, прапанавалі ўзначаліць Цэнтральную навуковую бібліятэку НАН Беларусі, ці доўга думалі? Усё ж такі гэта крыху іншы напрамак дзейнасці плюс адказнасць... Што для вас у новай рабоце самае складанае і самае цікавае?

— Пагадзіўся адразу, увогуле не раздумваў. Калі казаць пра адказнасць, то я ўжо працаваў намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, шчыра кажучы, мне адказнасці і там хапала. А шанц узначаліць навуковую ўстанову — выклік самому сабе. Тут ты можаш рэалізоўвацца не толькі як вучоны, але і як арганізатар навукі. Калектыў (130 чалавек) пераважна жаночы, таму, канешне, нюансы ёсць, але ўсё вырашальна.

Самае галоўнае — у нашай установы вельмі моцны навуковы складнік, тут праводзяцца гістарычныя даследаванні, і я ні разу не пашкадаваў пра здзейснены выбар. Нават тэрытарыяльна знаходжуся зусім недалёка ад Інстытута гісторыі, таму з пераносам рэчаў праблем не было (смяецца. — Аўт.). Мы, гуманітарыі, — адна вялікая сям’я ў Акадэміі навук. Таму не адчуваю асаблівых перамен і па-ранейшаму займаюся тым, што мне цікава. Канешне, колькасць задач павялічылася. Але цяпер я сам кіраўнік і мне прасцей планаваць свой працоўны дзень.

У бягучым годзе ў бібліятэцы быў створаны Цэнтр даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў, які ўзначаліў малады вучоны. Задача гэтай новай структуры — узмацненне менавіта даследчай работы. У нашых найбліжэйшых планах — стварэнне музейнай экспазіцыі навуковай кнігі, пачынаючы ад сярэднявечча і да сучаснасці.

Вельмі цікавай працай займаецца Цэнтр энцыклапедычных выданняў, створаны па ініцыятыве старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Рыгоравіча Гусакова. Поле дзейнасці цэнтра — стварэнне электроннай «Беларускай энцыклапедыі». Гэта наш адказ папулярнай электроннай «Вікіпедыі», якая ўтрымлівае шмат супярэчлівай і неправеранай інфармацыі. Гістарычныя факты там могуць падавацца па-рознаму, нават калі пераходзіш з адной мовы на іншую. Але не кожны школьнік ці студэнт крытычна падыходзіць да адбору інфармацыі.

Зараз дапрацоўваецца сайт «Беларуская энцыклапедыя» (bеlаrusеnс.bу). Па сутнасці, яго змест будзе ўяўляць сабой лічбавую шматтомную нацыянальную краіназнаўчую энцыклапедыю міжнароднага ўзроўню. Электронная энцыклапедыя заклікана акумуляваць усебаковую, коратка і даступна выкладзеную інфармацыю аб мінулым і сучаснасці Беларусі, яе прыродзе, рэсурсах, эканоміцы, навуцы, культуры і сацыяльнай сферы. У энцыклапедыю будуць уключацца толькі сістэматызаваныя навукова вывераныя веды. На гэта працуе пул рэдактараў, якія кантактуюць з вучонымі. Магчыма, нейкая інфармацыя, апублікаваная імі раней, патрабуе абнаўлення. Мы збіраемся пашыраць структуру цэнтра і шукаем высокакваліфікаваныя кадры.

А самае складанае для мяне (не толькі на новай рабоце, а ўвогуле) — дэфіцыт часу. Я проста фізічна адчуваю, як час «бяжыць у пясок». Хочацца хоць некалькі лішніх гадзін у сутках. Разумею, што трэба правільна размяркоўваць свой час, не толькі працаваць, але і даваць мозгу адпачыць і перазагрузіцца. І сям’і, а ў мяне падрастае чатырохгадовы сын, таксама трэба ўдзяліць ўвагу. Маё шчасце ў тым, што жонка — таксама гісторык, працуе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, таму сфера інтарэсаў у нас аднолькавая. І з яе боку ёсць і разуменне, і цярпенне. А найлепшы адпачынак для мяне — прыехаць у суботу на работу, калі там нікога няма, заварыць гарбату і засяродзіцца на напісанні артыкула. Яшчэ раней любіў ездзіць у метро, бо там можна было пачытаць кнігу…

— Шмат праектаў па папулярызацыі навуковых ведаў і навуковых імпрэз рэалізоўваюцца на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук. Вы толькі даяце сваю пляцоўку або выступаеце ініцыятарамі ідэй?

— Мы і пляцоўку даём, і выступаем суарганізатарамі. У нас ёсць аддзел, які дапамагае ў арганізацыі навукова-папулярных мерапрыемстваў. Напрыклад, восенню правялі на базе бібліятэкі нашу штогадовую канферэнцыю «Моладзь у навуцы». У 2022 годзе яна прайшла ўжо дзевятнаццаты раз з удзелам маладых вучоных не толькі з Беларусі, але таксама і з Расіі, Азербайджана, Арменіі і Кыргызстана. Раней усе секцыйныя пасяджэнні адбываліся ў розных профільных акадэмічных інстытутах. А цяпер з’явілася магчымасць усім перазнаёміцца, наладзіць кантакты. Гэта вельмі важна для стварэння мультыдысцыплінарных навуковых калектываў і каманд. Плошчы бібліятэкі гэта дазволілі зрабіць. Балазе, тут я быў гаспадаром: і як дырэктар (нікога прасіць не давялося), і як старшыня Савета маладых вучоных. Пасля канферэнцыі было шмат станоўчых водгукаў. У лютым мы правялі сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Бібліятэка ў XXІ стагоддзі: маладзёжны патэнцыял у навуцы і практыцы».

Цалкам відавочна, што бібліятэка ў ХХІ стагоддзі павінна ўяўляць сабой навукова-даследчы цэнтр, які ўвесь час развіваецца. Тут павінны рабіць навуковыя адкрыцці, бібліятэка павінна быць цэнтрам камунікацыі для моладзі. Асабліва гэта актуальна пасля пандэміі, калі шмат хто перайшоў у анлайн. Нашы чытачы, напрыклад, могуць працаваць з міжнароднымі навуковымі базамі дыстанцыйна, для гэтага не трэба прыходзіць у бібліятэку, але я лічу, што камунікацыя вельмі важная. Таму мы аднавілі на базе бібліятэкі штомесячныя пасяджэнні Беларускага філасофскага клуба. Нядаўна да нас звярнулася аб’яднанне пенсіянераў «Клуб вандроўнікаў». Ёсць людзі залатога ўзросту, якіх цікавіць не толькі ўраджай на дачы. Яны вандруюць па Беларусі і дзеляцца сваімі ўражаннямі і досведам. Мы забяспечылі ім магчымасць сустракацца на базе навуковай бібліятэкі з адной умовай — запісацца і стаць нашымі чытачамі (смяецца. — Аўт). Упэўнены, што бібліятэка павінна ствараць магчымасці для ўсебаковага развіцця не толькі моладзі, але і старэйшага пакалення.

— Станіслаў Сцяпанавіч, што б вы параілі маладым людзям, якія яшчэ вагаюцца, куды ім падацца: у навуку, на вытворчасць ці ў бізнес? Што для вас навука: работа, хобі, лад жыцця, магчымасць для самарэалізацыі ці што-небудзь іншае?…

— Усё, што вы пералічылі вышэй: і работа, і хобі, і лад жыцця, і магчымасць самарэалізацыі. Я ўжо казаў, што найлепшы адпачынак для мяне — займацца навукай, калі маю ўвагу нішто не адцягвае: ніхто не заходзіць у кабінет, не звоніць тэлефон. Мяркую, што маладым людзям трэба прыслухацца да сябе. Далёка не кожны чалавек можа пахваліцца тым, што займаецца любімай справай, а я магу. І калі давядзецца выбіраць паміж больш высокааплатнай справай і любімым заняткам, то трэба ўсё ж такі выбіраць тое, што бліжэй да душы. Шчыра кажу, што я ніколі не думаў, колькі буду атрымліваць. Нават пры пераходзе з адной работы на іншую не пытаўся пра свой заробак, таму што для мяне на першым месцы была магчымасць займацца любімай справай. У навуцы ёсць магчымасць годна зарабляць, нават будучы маладым вучоным. Ёсць перспектыўныя навуковыя праекты, работа па гаспадарчых дагаворах. Дзейнічае добра прадуманая сістэма фінансавай падтрымкі маладых вучоных. Але навукай трэба жыць паўсюдна — проста прасядзець ад званка да званка тут не атрымаецца. Навука не церпіць мітусні. Гэта напружаная штодзённая інтэлектуальная праца. Навука — такая цікавая сфера, дзе нават адмоўны вынік не лічыцца памылкай, а заўсёды можа стаць падмуркам для чагосьці зусім новага. Ва ўсе часы вучоных аб’ядноўвае адно жаданне — зазірнуць за гарызонт і атрымаць новыя факты, зафіксаваць новыя з’явы, каб потым выкарыстаць атрыманыя веды ў рэальным жыцці.

— Прызнайцеся, а ці ўваходзіць у вашы асабістыя планы абарона доктарскай?

— Такія планы ёсць, але я яшчэ ў самым пачатку іх здзяйснення. Ужо пачаў збіраць матэрыялы, праводзіць палявыя раскопкі, звязаныя з перыядам, які мяне заўсёды цікавіў, —Старажытная Русь і Вялікае Княства Літоўскае. І хоць мая кандыдацкая дысертацыя была прысвечана больш старажытным часам, я ні пра што не шкадую, таму што ў археолагаў самай складанай лічыцца першабытная археалогія. У тыя часы не існавала пісьменства, і ты спрабуеш праз свой мозг прапусціць, пра што могуць сведчыць знойдзеныя артэфакты, скласці нейкую карціну. Але цяпер я падышоў ужо менавіта да таго, каб прысвяціць свае пошукі Сярэднявеччу.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Аўдыяверсія праекта — на радыё Пілот-FM і на сайце zvіazda.by.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».