Днямі ў адным са сквераў Савецкага раёна Гомеля з'явіліся шпакоўні, якія больш нагадваюць арт-аб'екты. Арыгінальныя домікі для птушак — карысная для горада ініцыятыва, якую ажыццявіў калектыў гомельскага прадпрыемства «Кірмаш».
Аўтар ідэі — дэпутат Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Кірмаш» Уладзіслаў Забіяка. Яго прапанова — не толькі зрабіць прыгожым месца адпачынку, але і правесці конкурс на найлепшую аўтарскую шпакоўню.
Арыгінальныя птушыныя домікі работнікі прадпрыемства развесілі падчас нядаўняга раённага суботніка ў Кірмашаўскім скверы. Гэтую зялёную зону калектыў добраўпарадкаваў тры гады таму. Падчас вясновага і восеньскага месячнікаў па навядзенні парадку ў Савецкім раёне падвязвалі, рэгулярна палівалі дрэўцы. У выніку дабіліся амаль стапрацэнтнай прыжывальнасці саджанцаў. Каля ўвахода ўстанавілі памятныя камяні з назвай сквера і подпісамі людзей, якія бралі непасрэдны ўдзел у закладцы зялёнай зоны. Сярод дрэў размясцілі драўляныя скульптуры і лаўкі. Цяпер калектыў прадпрыемства зноў вырашыў упрыгожыць сквер ды адначасова паклапаціцца аб птушках.
Па словах Уладзіслава Забіякі, да «будаўніцтва» шпакоўняў падышлі вельмі адказна: вывучылі патрабаванні «эрганомікі» птушыных домікаў. Іх збілі з натуральнага дрэва без якой-небудзь апрацоўкі. Пасля зборкі, каб служылі як мага даўжэй, вонкавую паверхню вырабаў абпалілі. Такія шпакоўні сталі асновай для далейшых творчых эксперыментаў і стварэння сапраўдных арт-кампазіцый.
Адразу тры птушыныя домікі для ўдзелу ў конкурсе змайстраваў работнік рамонтна-транспартнага ўчастка «Кірмаша» Сяргей Кустачоў. Прызнаецца, што для яго выклікам стала спалучыць функцыянал — аптымальны для птушак памер адтуліны і ўнутраны аб'ём хаткі — і дэкор. Выручыла даўняе захапленне разьбой па дрэве.
З творчым азартам уключыўся ў работу і галоўны інжынер прадпрыемства Канстанцін Шчыглінскі. Ён зрабіў тры домікі. У ход пайшлі стары жаночы капялюш і гіпсавы анёл.
— Знайшоў на лецішчы пластыкавую талерку, вазон са штучнымі кветкамі і бляшаную палівалку. Падумаў, чаму б усё гэта не прыстасаваць пад птушыную хатку? Сабраў прадметы ў адну кампазіцыю, у выніку атрымалася нешта, што нагадвае кавамашыну. Спадзяюся, птушкам такі домік прыйдзецца даспадобы, — падзяліўся Канстанцін Іванавіч.
Шпакоўні ў Кірмашаўскім скверы замацаваныя выключна на дарослых дрэвах. Каб не пашкодзіць ствалы, хаткі прымацоўвалі сця́жкамі, ствалы не свідравалі. Прадугледзелі майстры і сістэмную прыборку домікаў, а пры неабходнасці — рамонт.
Дарэчы, шпакоўні — не адзіны прыклад творчага падыходу калектыву прадпрыемства да добраўпарадкавання. Прыпынак у выглядзе пажарнай машыны на Рэчыцкім праспекце, незвычайная ўваходная група і чаша старога фантана ў парку Фестывальны, якія рэканструявалі ў дзіцячую гульнявую пляцоўку, — усё гэта работа «Кірмаша».
— У нас шмат новых задум. У хуткім часе заменім інфармацыйны стэнд на месцы гарадзішча жалезнага веку на тэрыторыі сучаснага мікрараёна Шведская Горка. Установім валун з металічнымі таблічкамі, якія паведамяць, што гэтае месца з'яўляецца помнікам археалогіі і ахоўваецца дзяржавай, — падзяліўся Уладзіслаў Забіяка. — У планах на бягучы год зрабіць падарунак да 50-годдзя Савецкага раёна Гомеля: пасадзіць Алею здароўя. На прадпрыемстве мы пачалі вырабляць тратуарную плітку: вылажым пляцоўку і на ёй установім вулічныя трэнажоры. Гэта, дарэчы, была просьба выбаршчыкаў. Адкрыць Алею здароўя плануем альбо ў парку Фестывальны, альбо ў новым Скверы ратавальнікаў, які хутка будзем добраўпарадкоўваць разам з Гомельскім абласным упраўленнем МНС.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.