Вы тут

Краіна з высокім інтэлектам


Да 100 наведвальнікаў у хвіліну фіксавалі на ўваходзе на выстаўку «Беларусь інтэлектуальная», калі яна праходзіла ў сталічным выставачным комплексе «БелЭкспа». Пра гэта расказаў журналістам дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валерый ГАНЧАРОЎ.


Фота: БелТА

— Выстаўка «Беларусь інтэлектуальная» была арганізавана па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Яна прайшла з вялікім поспехам у Мінску, Гомелі, Магілёве і Віцебску, далей яе чакаюць у Гродне і Брэсце. Ідэя выстаўкі нарадзілася пасля ІІ з'езда беларускіх вучоных. У стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018—2040» мы прапісалі «Беларусь інтэлектуальную» як тую мадэль грамадства, да якой будзем імкнуцца. Натуральна, што і мерапрыемствы, асабліва нацыянальнага маштабу, праводзім менавіта пад гэтым лагатыпам. Калі Нацыянальнай акадэміі навук было даручана арганізаваць дэманстрацыю апошніх дасягненняў навукі, мы скарысталіся выпадкам, каб яшчэ раз прасунуць нашу місію — пераўтварыць Беларусь у краіну з высокім інтэлектам. Інтэлект павінен быць галоўным фактарам вытворчасці. Менавіта на гэта мы робім упор, — падкрэсліў Валерый Ганчароў. — Экспазіцыя была арганізавана па кластарах, якія адлюстроўваюць галоўныя трэнды ў беларускай і сусветнай навуцы: у іх ліку — штучны інтэлект, ІT-тэхналогіі, робататэхніка; інавацыйнае прыборабудаванне; электратранспарт і яго базавыя кампаненты; абараназдольнасць і ваенная навука; экалогія, прыродакарыстанне; біятэхналогіі; фармацыя, ахова здароўя, медыцына; аграпрамысловы комплекс, харчаванне; прастора маладзёжных ініцыятыў. Цэнтральнае ядро склалі топавыя распрацоўкі, атрыманыя ў апошнія гады, якія вылучаюцца найвышэйшым сусветным узроўнем навізны, а па перыферыі размясцілі распрацоўкі, якія ўжо актыўна прымяняюцца ў розных сферах нашага жыцця і эканоміцы.

Адпрацаваную на сталічнай пляцоўцы канцэпцыю зараз прасоўваюць у абласных цэнтрах, паказваючы, апроч іншага, і развіццё рэгіянальнай навукі. Экспазіцыя ў кожным рэгіёне мае свой унікальны складнік, таму што там дзейнічаюць свае прадпрыемствы, навуковыя, адукацыйныя ўстановы і тэхнапаркі. Напрыклад, у Гомелі было прадстаўлена больш як 100 уласных экспанатаў, а наведалі экспазіцыю больш за 50 тысяч чалавек.

— Мы стараемся максімальна захаваць пераемнасць выстаўкі, каб кожны наведвальнік атрымаў дакладнае ўяўленне аб тым, як развіваецца і агульнанацыянальная, і рэгіянальная навука, — патлумачыў дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі. — У абласных цэнтрах запланавана дадатковая дэманстрацыя менавіта мясцовых распрацовак. Некаторыя ўключаюць у склад ужо дзеючых кластараў, а іншыя размяшчаюць асобна, таму што рэгіянальны кантэкст вельмі спецыфічны. Мы дапамагаем калегам у рэгіёнах не толькі ў плане адбору распрацовак, але і ў максімальна выгаднай падачы экспанатаў. Таму што адна справа — проста паставіць на стэндзе скрыначку з лазерам, і зусім іншая — паказаць наведвальнікам, як ён працуе і дзе можа прымяняцца гэта тэхналогія.

Па словах Валерыя Ганчарова, паглядзець топавыя экспанаты на выстаўцы можна і за паўгадзіны, але ж калі прыглядацца, задаваць пытанні і атрымліваць адказы — гэта займае да трох гадзін. Фармат выставы дазваляе атрымаць інфармацыю як у сціснутым выглядзе, так і ў разгорнутым. Гэта залежыць выключна ад жадання і інтарэсаў наведвальніка.

16—19 сакавіка выстаўка «Беларусь інтэлектуальная» пройдзе ў Гродне.

— Яна разгорнецца ў Цэнтральным спартыўным комплексе па вуліцы Камунальная, — расказаў журналістам старшыня камітэта эканомікі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр КАМЕНДАНТ. — Там пачаліся арганізацыйныя мерапрыемствы, частка абсталявання ўжо знаходзіцца ў Гродне. Бліжэй да выхадных пачнецца запаўненне выставачнай прасторы. Стараемся арганізаваць усё на годным узроўні. Мы бачым цікавасць з боку грамадзян, да нас ужо паступаюць званкі ад ахвотных і ўдзельнічаць, і наведаць экспазіцыю. Лічу, што ў першую чаргу дасягненні навукі трэба дэманстраваць нашым дзецям, але выстаўка, безумоўна, будзе цікавая ўсім.

Як заўважыў Валерый Ганчароў, Цэнтральны спартыўны комплекс у Гродне — вельмі цікавае па канфігурацыі збудаванне: «Шчыра кажу, што гэта быў выклік для нас — як размясціць там экспазіцыю выстаўкі. Мы заўсёды прадумваем аптымальны маршрут для наведвальнікаў. Дык вось у Гродне гэты маршрут будзе ўнікальны, таму раю наведаць выстаўку нават тым, хто ўжо знаёміўся з ёй у іншых абласных цэнтрах».

А фінішуе выстаўка «Беларусь інтэлектуальная» ў Брэсце. Старшыня камітэта эканомікі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Наталля АЛЯХНОВІЧ паабяцала, што будзе зроблена ўсё, каб мясцовым жыхарам было цікава яе наведаць.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.