Вы тут

Лаўрэаты конкурсу апавяданняў «Звязды» атрымалі ўзнагароды


У Доме літаратара адбылося ўшанаванне пераможцаў конкурсу апавяданняў «Звязды».


Дыпломы і прызы лаўрэатам – падпіскі на 2-гі квартал 2023 года на газету «Звязда» — уручыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Ён адзначыў, што пераможцы – з розных рэгіёнаў нашай краіны, падзякаваў ім за любоў да слова, за творчае гарэнне, пажадаў новых дасягненняў на літаратурнай ніве і запрасіў удзельнічаць у творчых спаборніцтвах і надалей.

Кожны празаік ведае: добрае апавяданне бывае напісаць складаней, чым аповесць ці раман. Таму ўдзел у конкурсе «Звязды» для пісьменніка – правільная стратэгія, а перамога ў гэтым творчым спаборніцтве – несумненная заяўка на выдатнае будучае ў літаратуры.    

Конкурс апавяданняў на старонках «Звязды» мае шматгадовыя традыцыі. Многія з яго колішніх удзельнікаў і лаўрэатаў сталі вядомымі пісьменнікамі, іх творы заслужана карыстаюцца любоўю чытачоў. Трэба адзначыць, што апавяданняў на конкурс дасылаецца заўсёды больш, чым з’яўляецца ў друку, яны праходзяць папярэдні конкурсны адбор. І, такім чынам, публікацыя ў «Звяздзе» сама па сабе – перамога, з чым можна павіншаваць усіх без выключэння аўтараў, чые творы з’явіліся на старонках выдання.       

Сярод удзельнікаў гэтага конкурснага сезона – пісьменнікі, маладыя і сталыя, жыхары сталіцы і розных рэгіёнаў нашай краіны. Чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з цікавымі творамі рознай тэматыкі, ацаніць новае апавяданне вядомага пісьменніка, скласці сваё ўражанне аб стылі маладога аўтара. Ёсць творцы, якія рэгулярна бяруць удзел у «звяздоўскім» конкурсе, што не можа не цешыць. Напачатку сакавіка вынікі творчага спаборніцтва падвяло журы, у складзе якога былі, як заўсёды, пісьменнікі, журналісты, супрацоўнікі «Звязды».

На першым месцы – Расціслаў Бензярук з Жабінкі Брэсцкай вобласці з апавяданнем «Клоўн Кузёмка». Аўтар шматлікіх кніг прозы і паэзіі, Расціслаў Бензярук – з пакалення дзяцей вайны і з асаблівай пяшчотай піша пра вяскоўцаў, якія дапамагалі яму і яго равеснікам устаць на ногі ў пасляваенны час. Вось і артыст Кузьма Казімірчык, скончыўшы кар’еру ў цырку, вяртаецца ў вясковую бацькоўскую хату. Для яго важна засведчыць землякам, што ён — адзін з іх, бо і хлеб артыста не лёгкі. Вечны сюжэт беларускай літаратуры – вяртанне да сваіх каранёў – у апавяданні Расціслава Бензерука зайграў новымі фарбамі дзякуючы незвычайнаму герою.

Другое месца атрымала Ірына Карнаухава (г.п. Мачулішчы, Мінскі раён) за апавяданне «Урокі ваджэння».  На рахунку пісьменніцы – вершы і проза. Апавяданне, якое адзначыла журы, — пра гарачае жаданне адной жанчыны навучыцца кіраваць аўтамабілем. Яно стала прычынай шэрагу кур’ёзных выпадкаў, і аўтар апісвае Танькіны прыгоды з такім гумарам, выбудоўвае дыялогі так пераканаўча, што героі бачацца, як жывыя.

Трэцяе месца падзялілі Алёна Беланожка («Завушніцы») і Людміла Кебіч («Шнары»).

Аўтарка іранічных дэтэктываў Алёна Беланожка з Магілёва працавала сцэнарыстам і добра разумее, што такое прадуманасць дэталяў, важных для развіцця сюжэта. Святлана — з пакалення ўнукаў, якому выпадае адраджаць закінутую хату дзядоў (пакаленне бацькоў цешыцца статусам гараджан, хоць і сніць вёску ўночы). Вось і другую бабуліну завушніцу знаходзіць гераіня акурат у час... Яшчэ адзін твор на традыцыйную беларускую тэму пра вёску і горад, пра нязбытную цягу да каранёў роду.

Пра творчасць наступнай нашай лаўрэаткі, якая жыве ў Гродна, у прадмове да звяздоўскай публікацыі сказана: «У вершах і прозе Людміла Кебіч часта звяртаецца да тэмы жаночага лёсу. Жанчына ў яе творах — маці, паэтка, каханая — самаадданая і светлая душой. Жыццё часам выпрабоўвае яе на трываласць, але не згасае любоў у яе сэрцы – да родных людзей, да Беларусі. На конкурс “Звязды” пісьменніца прапануе апавяданне ў форме прытчы. Гераіня твора любіць, непакоіцца, разважае... Мужчына застаецца “за кадрам”, але адыгрывае ў жыцці жанчыны сваю ролю».

Акрамя таго, журы вырашыла прысудзіць заахвочвальны прыз — яго атрымала магілёўская пісьменніца Жанна Міус за апавяданне «Другое сабачае». Аўтарка папулярных кніг для дзяцей у гэтым творы пайшла шляхам пісьменніка Паўла Місько: гісторыя расказваецца ёю ад імя сабакі Рэкса. Бяздомнага нябогу ўзялі з прытулку добрыя людзі — так пачалося яго другое сабачае жыццё.    

Віншаванні пераможцам! А наш конкурс працягваецца. Паважаныя аўтары, чакаем вашы новыя апавяданні. Дасылайце іх у электронным выглядзе на пошту іnfо@zvіаzdа.bу альбо на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, Мінск, 220013. Пазначце на лісце «На літаратурны конкурс». Не забудзьцеся дадаць свае асабістыя дадзеныя – сапраўдныя прозвішча і імя, дакладны паштовы адрас, кантактны тэлефон і поўныя пашпартныя даныя — нумар, кім і калі выдадзены пашпарт, асабісты нумар (для ганарару). Творы на конкурс прымаюцца на беларускай мове, якія раней нідзе не друкаваліся, аб’ёмам да 10-12 тысяч знакаў.

Алена БРАВА

фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».