Вы тут

Беларусь і «Расатам» абмеркавалі магчымыя сумесныя праекты


Супрацоўніцтва ў сферах экалогіі, электратранспарту, ядзернай медыцыны, кампазітных матэрыялаў, тэхналогій 3D-друку, лічбавізацыі і многіх іншых кірунках паміж Беларуссю і расійскай дзяржкарпарацыяй «Расатам» бачыцца абодвум бакам даволі паспяховым, тым больш у рамках рэалізацыі саюзных праграм. Па некаторых праектах ужо распачата работа па сумесным ажыццяўленні.


Фота дадзена дэпартаментам камунікацый дзяржкарпарацыі «Расатам»

Лячэнне раку і адытыўныя тэхналогіі

Плануецца, што ўжо сёлета ў нашу краіну прыбудзе гама-тэрапеўтычны комплекс «Брахіум» для лячэння анкалагічных пацыентаў. «Комплекс прамянёвай тэрапіі на базе лінейнага паскаральніка часціц выкарыстоўваецца для лячэння амаль 90% формаў раку за кошт таргетнага апраменьвання (уздзеяння толькі на хворыя клеткі) пухлін у пацыентаў», — расказалі прадстаўнікі кампаніі «Русатам Хэлскеа», дэманструючы апарат.

Менавіта праекты ў галіне ядзернай медыцыны бачацца адным з найбольш перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і «Расатамам». Аднак не менш карысным можа стаць і партнёрства ў сферы адытыўных тэхналогій у вытворчасці: ад стварэння элементаў тых ці іншых вырабаў да буйных паставак абсталявання. Магчымасці 3D-друку і яго прымянення для патрэб розных галін прамысловасці паказалі беларускай дэлегацыі ў складзе прадстаўнікоў Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, Мінэканомікі і Банка развіцця Беларусі ў Цэнтры адытыўных тэхналогій (ЦАТ), які створаны кампаніяй «Русатам — Адытыўныя тэхналогіі».

Цяпер беларускі і расійскі бакі прапрацоўваюць магчымасць стварэння сумеснага вытворчага ЦАТ, які будзе выкарыстоўвацца прадпрыемствамі энергетыкі і аўтамабілебудавання на базе якарных прадпрыемстваў Беларусі. А тэлекамунікацыйнае абсталяванне для крытычнай інфраструктуры расіяне плануюць прадэманстраваць на сёлетнім беларускім форуме TІBO.

Лічбавізацыя для эканоміі, якасці і надзейнасці

Сумесная работа бачыцца актуальнай і ў сферы сістэм назапашвання энергіі для забеспячэння вытворча-тэхналагічнай базы і павелічэння колькасці электратранспарту ў Беларусі. Так, наша дэлегацыя наведала маскоўскую вытворчую пляцоўку арганізацыі «Рэнера», дзе наладжаны серыйны выпуск стацыянарных сістэм назапашвання энергіі і цягавых акумулятарных батарэй, якія ўжо пастаўляюцца вядучаму беларускаму вытворцу грамадскага электратранспарту BKM Holdіng.

«Расатам» прадэманстраваў і свае кампетэнцыі ў сферы лічбавізацыі дзяржкіравання, гарадскога асяроддзя, ЖКГ і транспартнай інфраструктуры. Беларуская дэлегацыя ўбачыла магчымасці кіравання парковачнай прасторай, аўтаматызаваную сістэму кіравання дарожным рухам, інтэлектуальную транспартную сістэму, разумныя прыпынкі і разумныя пешаходныя пераходы, а таксама лічбавыя рашэнні для жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія дазваляюць дасягнуць эканамічнай эфектыўнасці, павысіць якасць і надзейнасць рэсурсазабеспячэння. Азнаёміліся ўдзельнікі сустрэчы і з сістэмай бяспечнага абыходжання з адходамі І і ІІ класаў, якая дазваляе развіваць тэхналогіі замкнёнага цыкла і ўцягваць прамысловыя адходы ў другасны зварот.

Беларускім гасцям прэзентавалі шматмэтавы даследчы рэактар на хуткіх нейтронах, які павінен стаць наймагутнейшым даследчым рэактарам у свеце. Расіяне запрасілі беларусаў разгледзець розныя варыянты ўдзелу ў дадзеным праекце для правядзення сумесных даследаванняў.

— Мы ўпэўненыя, што знойдзем пункты судакранання і зможам вярнуцца да абмеркавання ўжо дакладных прапаноў. Падчас візіту мы пазнаёміліся з прадпрыемствамі «Расатама», якія могуць стаць контрагентамі Беларусі для арганізацыі сумеснай дзейнасці. Для гэтага ў саюзных праграмах ужо створаны ўсе неабходныя арганізацыйна-прававыя інструменты, — перакананы старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў.

Дзяржкарпарацыя «Расатам» гатовая пашыраць узаемадзеянне з беларускім бокам, у тым ліку і ў неэнергетычных галінах, пагадзіўся з думкай беларускага калегі першы намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар блока па развіцці і міжнародным супрацоўніцтве дзяржкарпарацыі «Расатам» Кірыл Камароў:

— «Расатам» паспяхова супрацоўнічае з Беларуссю ў энергетычнай сферы, аднак мы адкрытыя для рэалізацыі сумесных праектаў і ў іншых галінах і гатовыя прапаноўваць беларускім партнёрам высокатэхналагічныя рашэнні.

Па выніках сустрэч удзельнікі дамовіліся аб працягу рабочых кантактаў, у тым ліку ў фармаце рабочых груп па розных перспектыўных праектах.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.