Вы тут

Аляксандр Гужалоўскі: Поўнага спіса культурных страт да гэтага часу не маем


Сфера навуковых інтарэсаў доктара гістарычных навук, прафесара БДУ Аляксандра Гужалоўскага бязмежная. Яго публікацыі ў «Звяздзе», сярод якіх «Аперацыя „Таргсін“, ці Залатая ліхаманка ў савецкай Беларусі», «Каханне за грошы ў БССР у часы НЭПа», «Шэдэўры за бясцэнак» маюць высокі чытацкі рэйтынг. І ўсё ж галоўны напрамак у навуковай дзейнасці прафесара Гужалоўскага — музеялогія.


— Калі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі з’явіўся першы музей у сучасным разуменні?

— Сучасны музей у сваёй дзейнасці рэалізоўвае дзве базавыя сацыяльныя функцыі: захоўвання прыроднай і культурнай спадчыны і прадстаўлення гэтай спадчыны на рэгулярнай аснове публіцы. Калі зыходзіць з гэтага, то першыя два музеі з’явіліся прыкладна ў адзін час — 70-я гады ХVІІІ ст. Гэта музей Полацкага езуіцкага калегіума і музей Гродзенскай медыцынскай акадэміі. Першы ўзнік дзякуючы вучонаму і педагогу Габрыэлю Груберу, другі — урачу і біёлагу Жану Жыліберу. Хоць першыя дамузейныя зборы прадметаў мастацтва, зброі, гістарычных рэліквій мелі магнаты Вялікага Княства Літоўскага (Радзівілы, Сапегі, Астрожскія і інш.) ужо ў эпоху Рэнесансу.

— Які перыяд у вывучэнні беларускіх музеяў самы цяжкі з пункту гледжання захаванасці дакументаў?

— Перыяд зараджэння музейнай справы ў выглядзе прыватнага калекцыяніравання ў эпоху Рэнесансу і Асветы. Гістарычныя крыніцы па гэтай тэме раскіданы па розных архіўных сховішчах Расіі, Літвы, Польшчы і іншых краін. Работа з імі патрабуе не толькі прафесійных навыкаў гісторыка, але і філолага — ведання старапольскай, лацінскай і іншых моў. Нешта загінула ў агні войн і рэвалюцый і назаўжды страчана для даследчыкаў.

— Цікавы лёс музеяў Заходняй Беларусі: як савецкая ўлада іх «перафарматавала»?

Кніга «Гісторыя музейнай справы Беларусі»

— Усё пачалося з нацыяналізацыі прыроднай і культурнай спадчыны на зноў далучаных землях. Народна-гаспадарчым планам на 1940 г. прадугледжвалася арганізацыя ў заходніх раёнах БССР наступных музеяў: абласных гісторыка-рэвалюцыйных музеяў — у Беластоку, Брэсце і Пінску, абласных краязнаўчых музеяў — у Ваўкавыску, Слоніме, Міры, літаратурнага — у Навагрудку, выяўленчага мастацтва — у Баранавічах і Беластоку, гістарычнага — у Гродне. Рэалізацыя гэтага плана была перапынена акупацыяй Беларусі нямецкімі войскамі.

— З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны музеям ва ўсходняй частцы Беларусі ўдалося эвакуіравацца. Наколькі арганізавана гэта праходзіла?

— У перадваенныя гады ў Наркамасветы БССР не было планаў па выратаванні музейных каштоўнасцяў у выпадку пагрозы іх знішчэння. У музеях не было ні планаў пагрузкі, ні спісаў рэчаў, якія падлягаюць эвакуацыі ў першачарговым парадку, ні пакавальных матэрыялаў. Работнікі кожнага музея выконвалі задачу па выратаванні калекцый ва ўмовах вайны ў адпаведнасці са сваімі матэрыяльнымі магчымасцямі і маральна-этычнымі перакананнямі. Вядома, што ўдалося эвакуіраваць значную частку калекцый Віцебскага і Гомельскага музеяў. Калекцыі першага апынуліся ў Саратаве, калекцыі другога — у Камышыне Сталінградскай вобласці. Пасля заканчэння вайны музейныя каштоўнасці вярнуліся законным уладальнікам.

Cучасны выгляд — holіday.by

— Музеі ў цэнтральных і заходніх абласцях падвергліся разрабаванню айнзац-камандамі…

— Музеі, размешчаныя ў заходняй і цэнтральнай частках БССР, за рэдкім выключэннем, не паспелі эвакуіравацца і панеслі вялікія страты. Значная частка іх фондавых калекцый загінула, будынкі былі разбураны, большасць музейных супрацоўнікаў з’ехала ў сельскую мясцовасць або эвакуіравалася. Выяўленнем і адпраўкай іх калекцый у Германію займалася Міністэрства ўсходніх абласцей пад кіраўніцтвам Альфрэда Розенберга. «Айнзацштаб» міністэрства раскінуў сетку сваіх аддзяленняў па ўсёй акупаванай тэрыторыі СССР. Адзін з іх знаходзіўся ў Мінску. Загады «айнзац-штаба» выконвалі «айнзац-каманды», якія ішлі за войскамі вермахта. Гвалтоўны вываз і знішчэнне калекцый беларускіх музеяў супярэчыў палітыцы заваёвы сімпатый мясцовага насельніцтва за кошт пэўных саступак у галіне культуры, якую праводзіў генеральны камісар Генеральнай акругі Беларусь Вільгельм Кубэ. Ён дазволіў аднавіць дзейнасць Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Мінску рэгіянальных музеяў у Слоніме і Баранавічах. Аднак усё скончылася вывазам музейных калекцый у Германію ўлетку 1944 гада. Яны апынуліся ў амерыканскай зоне акупацыі і былі вернуты ў Мінск неўзабаве пасля заканчэння вайны.

— Ці праўда, што нямала экспанатаў, якія зніклі з нашых музеяў у гады вайны, да гэтага часу не знойдзены і не вернуты?

— Так, многія найкаштоўнейшыя прадметы бясследна зніклі. Дастаткова прыгадаць лёс Крыжа Ефрасінні Полацкай. Аднак поўнага спіса культурных страт да гэтага часу не маем. У палякаў, напрыклад, ён ёсць.

Псеўда галаграфічная выява Янкі Купалы ў музеі паэта. — avstumpfl.com

— Шмат спрачаюцца аб тым, ці патрэбны музеям інтэрактыўныя тэхналогіі або ў іх павінен спыніцца час. А якое ваша меркаванне?

— Ёсць класічныя музеі, такія як Луўр, Эрмітаж, Ватыканскія музеі і г. д. Іх экспазіцыі выконваюць функцыі храма мастацтваў. Ну якія ў храме могуць быць інтэрактыўныя тэхналогіі? У большасці ж музеяў — навукова-тэхнічных, краязнаўчых, гістарычных, літаратурных — інтэрактыўныя тэхналогіі актыўна выкарыстоўваюцца і дапамагаюць наведвальнікам уключацца ў разуменне эпохі, тэмы, гістарычнай асобы. Гэтае разуменне адбываецца праз асабісты досвед, які часта запамінаецца на ўсё астатняе жыццё. Інтэрактыўныя заняткі, тэатралізаваныя экскурсіі, ролевыя гульні — усе гэтыя тэхналогіі добра асвоены музеямі Беларусі і ўжо сталі руцінай у рабоце з перш за ўсё дзіцячай аўдыторыяй.

— Ці ёсць музей або музеі, куды вы прыходзіце не як навуковец, а для душы?

— Мне падабаецца бываць там, дзе захавалася аўра мінулых часоў, — у музеях-запаведніках, скансенах, «жывых» музеях. Асабліва ў тых, дзе разумна арганізавана музейная прастора, выразная лагістыка, адным словам, створаны камфортныя ўмовы знаходжання наведвальнікаў. Разумею, што гэта чыстай вады эскапізм, уцёкі ў мінулае ад сённяшніх невырашальных праблем, але адкрыты нядаўна ў Дубаі Музей будучыні мяне не прыцягвае…

Факты з кнігі Аляксандра Гужалоўскага «Гісторыя музейнай справы Беларусі»

У гады Першай сусветнай вайны музеі Беларусі аказаліся ў складаных умовах. На тэрыторыі, занятай нямецкай арміяй, яны былі закрыты і часткова разрабаваны, а ў прыфрантавой паласе вайсковае камандаванне займала іх памяшканні пад шпіталі і вайсковыя склады.

Новыя вялікія страты помнікаў матэрыяльнай культуры Беларусь панесла пасля падпісання ў сакавіку 1921 г. (пры адсутнасці беларускай дэлегацыі) мірнага дагавора паміж Расіяй і Украінай, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Разам з прызнаннем гістарычных правоў Польшчы на землі Заходняй Беларусі ХІ артыкул дагавора прызнаваў польскі народ уласнікам усіх рухомых помнікаў гісторыі і культуры, створаных у Заходняй Беларусі, нават калі яны знаходзіліся па-за межамі апошняй. У сваю чаргу палякі ўзялі на сябе абавязак вярнуць Расіі і Украіне іх нацыянальныя культурныя каштоўнасці, што трапілі ў розныя часы ў зборы Польшчы.

У пратаколе пасяджэння савета музея ад 19 студзеня 1928 г. чытаем: «...музей атрымаў ад Я. Купалы 3 прадметы: сярэбраны крыжык, шкляное бакара, жалезны старасвецкі замок». Вядомы этнограф А. К. Сержпутоўскі перадаў музею каля 50 прадметаў побыту, сабраных ім улетку 1924 г. у Аршанскай акрузе.

Колькасць раённых краязнаўчых музеяў у БССР напрыканцы 1920-х гг. дасягнула 27. Яны існавалі ў Азарычах, Асіповічах, Бабры, Беразіне, Бешанковічах, Быхаве, Бялынічах, Ушачах, Гарадку, Дрысе, Камарыне, Капаткевічах, Капылі, Лагойску, Лепелі, Мсціславе, Нароўлі, Плешчаніцах, Смалявічах, Смілавічах, Суражы, Сянне, Талачыне, Тураве, Хоцімску, Чэрыкаве, Чэрвені.

У адпаведнасці з загадам Міністэрства асветы БССР, выдадзеным у 1980 г., кожны педагагічны калектыў павінен быў абсталяваць у школе пакой Леніна альбо мець музей рэвалюцыйнай, баявой ці працоўнай славы.

22 кастрычніка 1944 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На аснове новых паступленняў 1 мая 1947 г. была адкрыта першая стацыянарная экспазіцыя, якая адразу ж стала аб’ектам крытыкі Упраўлення агітацыі і прапаганды ЦК КП(б)Б. Ад кіраўніцтва музея патрабавалі зняць тэму «Другі фронт», скараціць паказ матэрыялаў аб масавым знішчэнні яўрэяў у мінскім гета.

У 1989 годзе ў Брэсце адкрыўся яшчэ адзін музей мастацкага профілю, аснову фондаў якога склалі каштоўнасці, канфіскаваныя брэсцкімі мытнікамі. У дзень адкрыцця Музея выратаваных каштоўнасцяў колькасць ахвотных агледзець яго экспазіцыю пераўзышла тэхнічныя магчымасці.

Да раённых краязнаўчых музеяў новага пакалення адносяцца: Краснапольскі раённы гістарычна-этнаграфічны музей (1991), Івацэвіцкі раённы гістарычна-краязнаўчы музей (1993), Дрыбінскі раённы гістарычна-этнаграфічны музей (1995), Хоцімскі раённы гістарычна-краязнаўчы музей (1998), «Пружанскі палацык» (1999), Чачэрскі гістарычна-этнаграфічны музей (2004), Добрушскі раённы краязнаўчы музей (2005), Шклоўскі раённы гістарычна-краязнаўчы музей (2007).

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.