Вы тут

Тэрыторыя натхнення. Хочаце зарабіць у вёсцы — адкрыйце сваю справу


Хочаце пераехаць жыць у вёску, але спыняе адсутнасць там працы? Самы просты шлях — шукаць наймальніка ў акрузе. Варыянтаў не так шмат, але пры жаданні можна штосьці знайсці. У прыватнасці, мае нешматлікія аднавяскоўцы працуюць хто на прыватнай пілараме, хто начным вартаўніком у школе, некалькі чалавек усю зіму перабіралі бульбу ў мясцовага фермера. Якраз цяпер у суседняй вёсцы вызвалілася месца прадавачкі ў краме. Але заробак у горадзе вышэйшы. Больш цікавы і перспектыўны, на мой погляд, варыянт — адкрыць сваю справу. Але для гэтага трэба праявіць ініцыятыву і фантазію. Затое з часам, калі раскруціцца, можна зарабляць неблагія грошы.


Цікавая тэма для бізнесу на вёсцы — мэбля з паддонаў.

Пра пермакультурны сад ды слімаковую ферму

Летам я наведала цікавы семінар, дзе сабраліся новыя вяскоўцы з усёй Беларусі. Дык вось там у ліку іншых уздымалася тэма сельскага прадпрымальніцтва. Выступоўцы расказвалі пра свае паспяховыя бізнесы, а таксама пра праекты, якія плануюць рэалізаваць у найбліжэйшыя гады. Была сям'я, якая ў сезон ладзіць у сваёй вёсцы летнікі для бацькоў з дзеткамі. Былы бізнесмен, які дзесяць гадоў таму кінуў працу ў Маскве, асвоіў прынцыпы пермакультурнага дызайну і пасадзіў экзатычны лесасад на Старадарожчыне. Ілья хоча дзяліцца сваім досведам з іншымі, плануе стварыць Пермакультурны цэнтр.

Хтосьці з выступоўцаў налічыў ажно 150 відаў дзейнасці ў сельскай мясцовасці. І кожны з іх можа стаць паўнавартасным аграбізнесам. Сярод іх ёсць і абсалютна невідавочныя заняткі для вёскі. У прыватнасці, гасцініца для хатніх жывёл. Хоць, калі б яна з'явілася на хутары пад Мінскам, думаю, карысталася б папулярнасцю. У прыватнасці, падчас сезона адпачынкаў, калі людзі, перад тым як з'ехаць на мора, ламаюць галаву, куды на гэты час падзець сваіх гадаванцаў.

Варыянтаў аграбізнесу сапраўды шмат. Галоўнае, як мне падаецца, сярод гэтага мноства знайсці штосьці сваё, тое да чаго будзе ляжаць душа. Можна выдзеліць тры асноўныя кірункі бізнесу ў вёсцы: фермерства, аграэкатурызм і рамесніцтва. У кожнай з гэтых сфер вялікая канкурэнцыя. Бо цяпер здаровая ежа, вырабы ручной працы ды разнастайны адпачынак на прыродзе ў трэндзе. Менавіта таму вельмі важна прыдумаць нейкую сваю «разыначку» і тым самым праславіць сваю вёску, зрабіць яе пазнавальнай. Асабіста мне вельмі спадабалася тое, што робіць сям'я мастакоў Ткачовых з Германоўшчыны. Марыя і Сяргей не проста адраджаюць традыцыі нацыянальнага сыраробства, але ладзяць для турыстаў пазнавальныя дэгустацыі сваіх сыроў. Да іх таксама можна прыехаць павучыцца плесці з лазы, кавальскаму майстэрству, ганчарству. Дарэчы, майстар-класы, мне здаецца, — вельмі перспектыўная тэма для рамеснікаў. Напрыклад, робіце вы гарбату са скрыпню. Чаму б у сезон цвіцення кветкі не запрашаць турыстаў, даць ім магчымасць паглыбіцца ў працэс.

Гаспадары слімачынай фермы пасля экскурсіі здзіўляюць турыстаў такім вось далікатэсам.

Не трэба баяцца самых смелых ідэй. Напрыклад, маладая сям'я арганізавала ў Карэліцкім раёне першую ў Беларусі ферму па гадоўлі вінаградных слімакоў. Туды можна прыехаць пакаштаваць далікатэсныя стравы з іх. Ці на поўначы Беларусі побач з Асвейскім заказнікам ёсць вясковая кавярня Travelіng Elk. Муж і жонка ў сваёй вёсцы Ізюбрыца вараць класную каву. І, што вы думаеце, у сезон там ад турыстаў няма адбою. І нічога дзіўнага, бо, як пісаў Уладзімір Караткевіч «рабі нечаканае ... — і тады пераможаш». Жывучы на вёсцы, варта падумаць над сумяшчэннем некалькіх відаў бізнесу. Бо ёсць сезоннасць, ды і год на год не прыходзіцца — тая ж бульба можа не ўрадзіць...

Пра барабан шчасця ды рыначак «Усё сваё»

Вёска, на мой погляд, — ідэальнае месца для рамесніка. Асабліва калі чалавек робіць рэчы з дрэва, металу і яму ніяк не абысціся без майстэрні. Бо ў горадзе арандаваць асобнае памяшканне — дарагое задавальненне. Акрамя таго, у вёсцы можна ўзяць у арэнду зямлю і закласці там пітомнік, дзе вырошчваць, напрыклад, дэкаратыўныя расліны. Неяк я набывала саджанцы ў фермера пад Дзяржынскам. Дык ён пачаставаў нас сушанымі грушамі. Такой смакаты я не каштавала да гэтага. Я яму прапанавала разам з саджанцамі прадаваць і «натуральныя цукеркі» — дакладна карысталіся б попытам.

Днямі ўбачыла ў сацсетках яшчэ адну цікавую ідэю вясковага бізнесу. Перад жаночым святам Ірына, у якой мае знаёмыя замаўляць пернікі, зрабіла пост-прапанову. Маўляў, дарагія падпісчыцы, рабіце што любіце, а пра ежу паклапачуся я. Па папярэдняй замове прыгатую для вас замарожаныя паўфабрыкаты: катлеты, пельмені, блінчыкі, галубцы, цефцелі, адбіўныя...

Не кожны, хто робіць якасную прадукцыю, можа яе рэалізаваць. Вось у нашай вёсцы дзве жанчыны трымаюць коз. Але ў адной атрымліваецца прадаць малако і тваражок. А ў другой — не вельмі. І тут справа не ў якасці тавару і кошце, а ва ўменні наладжваць і падтрымліваць камунікацыю. Таму, лічу, будучыня за кааператывамі, якія б аб'ядноўвалі розных беларускіх фермераў і дапамагалі б ім выходзіць на вялікі рынак. Нешта падобнае стварыла Ксенія Вятская з мужам. Яны прыдумалі фермерскі рыначак «Усё сваё», куды па суботах у Мінск з'язджаюцца фермеры з Беларусі. Акрамя таго, збіраюць унікальныя каробачкі з фермерскай прадукцыяй і дастаўляюць іх па чацвяргах пакупнікам на дом.

Здорава, калі ў акрузе жыве шмат прадпрымальных людзей. Можна кааперавацца — і тады ад турыстаў дакладна не будзе адбою. У якасці прыкладу магу прывесці Валожынскі раён. Там на цудоўных узгорках шмат хат выкупілі гараджане. Пераважная большасць з іх — творчыя людзі. Хтосьці трымае коз ды пасеку, хтосьці шые гамакі, хтосьці стварыў музей выцінанкі, хтосьці вырабляе гуслі ды ладзіць музычныя фестывалі, майстар-класы...

Вясковы турызм — цудоўная сфера для крэатыву і самарэалізацыі. Напрыклад, у майго мужа-рамесніка (ён, жывучы ў вёсцы, зарабляе грошы тым, што робіць музычныя інструменты) зусім нядаўна набыў глюкафон («барабан шчасця») гаспадар Доміка лесніка з вёскі Палянкі Бабруйскага раёна. Дык вось яны з жонкай — аматары лазні — прапаноўваюць сваім гасцям унікальныя аўтарскія праграмы парэння. Адна з іх — з выкарыстаннем глюкафона.

Вось гэты глюкафон паехаў у Домік лесніка расслабляць аматараў парэння.

Пра бабуліну хату ды натуральныя цукеркі

Насамрэч, усё арыгінальнае ляжыць на паверхні. Зусім неабавязкова страчваць шмат грошай і ўзводзіць з нуля сучасную сядзібу для турыстаў. У любой вёсцы хапае закінутых хат. Можна купіць і адрэстаўрыраваць іх, захаваўшы самабытную атмасферу. Каб там была сапраўдная беларуская печка, вышытыя ручнікі, тканыя дыванкі... І здаваць гараджанам, якія настальгіруюць па дзяцінстве, што праводзілі ў бабулі ў вёсцы. Дарэчы, за адным такім праектам я назіраю ўжо даўно. Мінчане выкупілі тры хаты ў вёсцы. У адной жывуць самі, дзве здаюць гасцям з горада. І што вы думаеце: усе выхадныя там распісаныя наперад. А новыя вяскоўцы падключылі да свайго аграбізнесу і вясковых жыхароў. Напрыклад, бліны і мачанка дзеда Косці не пакідаюць абыякавымі ніводнага наведніка. Дык вось дзядуля прапанаваў гаспадарам і ўжо пабудаваў домік для курэй, індзюкоў, гусей, каб гарадскія госці маглі паказаць птушку дзецям ды ўзяць яйкі для сняданку.

Вызначыцца са спецыялізацыяй аграсядзібы можа дапамагчы ваша хобі. Калі вы мастак, чаму б не праводзіць для турыстаў тэматычныя пленэры пад адкрытым небам. У прыватнасці, у лясах заказніка «Чырвоны Бор» месціцца сядзіба «Заімка лешага», дзе жыве сям'я біёлагаў. Дзмітрый і Наталля прапаноўваюць унікальныя туры — убачыць глухара ці арлана-белахвоста ў жывой прыродзе. У іх на ўчастку ёсць станцыя кальцавання птушак. Такі навуковы турызм будзе цікавы і дарослым, і дзецям.

Не толькі рабіць смачныя сыры, але і ладзіць пазнавальныя дэгустацыі.

Асабіста мне падаецца, што будучыня вёскі — менавіта за сямейным бізнесам. І практычна ўсе прыклады, якія я прывяла, сведчаць аб гэтым. А яшчэ вельмі важна даражыць кожным кліентам, каб ён хацеў яшчэ вярнуцца. Вось мы ўжо каторы год шукаем у акрузе людзей, у якіх можна было б набываць малочку. Але, ужо некалькі разоў, знайшоўшы, расчароўваемся. Напрыклад, набылі тры літры малака ў адной гаспадынькі. Дома агледзеліся, што вяршкоў там з гулькін нос. Раз, другі — тое ж самае. Вядома, на трэці раз я па малако да той гаспадынькі не пайшла. Магчыма, яна здымае ўсе вяршкі на сыр. Але з такім падыходам і сыр той ужо не хочацца браць. Нейкі час я набывала малако ў фермера з іншай вёскі, ездзіла сама туды за пяць кіламетраў. Там з вяршкамі было ўсё ў парадку, і клінковы сыр ён робіць вельмі смачны, але... Пасля таго, як бізнесмен некалькі разоў абяцаў ператэлефанаваць і не выканаў абяцанне, таксама прыйшлося адмовіцца ад яго малочкі...

Падчас дэкрэтнага адпачынку я актыўна пякла жывы хлеб на 130-гадовай заквасцы, варыла яблычны сыр з антонаўкі і частавала сваіх суседзяў. Яны казалі, што мне трэба рабіць гэту смакату на продаж. Маўляў, побач дачы, ды і ў вёску шмат гараджан прыязджае на лета — куплялі б з задавальненнем. Таму, хто ведае, можа, і я калісьці ствару свой маленькі аграбізнес. Бо вёска, як ні круці, сапраўды натхняе.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.