Вы тут

Незвычайныя тэлефонныя апараты прадстаўлены на выстаўцы ў Гродне


Усяго ў экспазіцыі — каля 150 апаратаў. Свае рарытэты прадставілі калекцыянеры і звычайныя гродзенцы. Выстаўка падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага ў рамках праекта «Дакрануцца да гісторыі».


Унікальныя апараты знаёмяць наведвальнікаў з развіццём тэлефоннай сувязі на Гродзеншчыне. Самы старэйшы апарат, які прадстаўлены на выстаўцы, адносіцца да 20-х гадоў мінулага стагоддзя. У ім камутацыя адбывалася ручным спосабам з дапамогай тэлефаніста. 

Бібліятэкар Юлія Макарчык, якая рыхтавала экспазіцыю, расказала, што на тэрыторыі Беларусі першая дзяржаўная тэлефонная станцыя фірмы «Эрыксан» на 100 нумароў  з’явілася ў Мінску ў 1896 годзе. А вось у Гродне гэта падзея адбылася крыху пазней — роўна праз 11 гадоў. У абодвух гарадах адкрыццё станцый адбылося 14 лістапада. Чаму так — невядома. Затое можна смела сцвярджаць, што гэту паслугу маглі сабе дазволіць толькі вельмі багатыя гараджане. Плата за тэлефон дасягала 75 царскіх рублёў у год, пры тым што зарплата сярэднестатыстычнага гараджаніна складала 10 рублёў у месяц. 

Паступова сувязь развівалася. У сярэдзіне 50-х гадоў ХХ стагоддзя ў Гродне пачала дзейнічаць першая аўтаматычная станцыя, разлічаная на 2 тысячы нумароў. Але і гэты час нельга назваць росквітам тэлефоннай сувязі. Да гэтага перыяду адносяцца некалькі экспанатаў выстаўкі. Апараты са слановай косці ў драўляным корпусе, стылізаваныя пад даўніну, былі сапраўдным упрыгажэннем інтэр’ера. Яны багата аздоблены пазалотай, барэльефамі і маюць даволі прыгожую выгнутую форму тэлефоннай трубкі. 

Мая спадарожніца Юлія звярнула маю ўвагу на службовы апарат 1940-80-х гадоў з гербам Савецкага Саюза. Вядома, такі апарат красамоўна сведчыў пра статус гаспадара. Тэлефоны з гербам стаялі на сталах важных службовых асобаў.

Не адзін дзясятак тэлефонаў экспазіцыі сведчыць пра спецыяльную сувязь. У іх ліку знакамітыя «круцёлкі»  тэлефоны закрытай сістэмы спецсувязі для органаў партыйнай і дзяржаўнай улады, кіраўнікоў сілавых ведамстваў і буйных стратэгічных аб’ектаў СССР. 

Тут можна ўбачыць і ваенна-палявыя тэлефонныя апараты 1950-х. З 1943 года і да заканчэння вайны яны выпускаліся ў драўляных карпусах колеру хакі, а пазней драўляны корпус быў заменены на карбаліт. Вось такі экзэмпляр і знаходзіцца ў экспазіцыі.

Думаю, што мала хто можа ўявіць сабе такі асартымент апаратаў сувязі. Адпаведна, і карыстацца спецтэлефонамі магло даволі абмежаванае кола асобаў. Хаця аднаго такога «дыназаўра» давялося ўбачыць у Гродзенскай тэлерадыёкампаніі ў інжэнерным цэху. Праўда, было гэта некалькі дзесяцігоддзяў таму. Магчыма, апарат таксама стаў музейным экспанатам. 

А вось шыкоўныя рарытэтныя апараты ні разу трапілі на вочы. Хіба толькі ў кінафільмах. Хаця, здаецца, яны і зараз з’яўляюцца моднымі атрыбутамі багемнага жыцця. 

Чаго не скажаш пра цяжкія, масіўныя прамысловыя тэлефонныя апараты 1960-80-х гадоў. Іх галоўная асаблівасць — трываласць. Бо стаялі такія тэлефоны на заводах, шахтах, караблях. Акрамя трываласці, яны мелі герметычны корпус, які абараняў начыненне ад пашкоджанняў і вугальнага пылу. Яшчэ адна асаблівасць такіх апаратаў  даволі моцны гук званка, каб яго можна пачуць сярод шума і грукату. Такія тэлефоны ставілі і на караблях, бо яны маглі працаваць ва ўмовах павышанай вільгаці. Нават пры затапленні не гублялі сваіх функцый. 

Ёсць на выстаўцы і вулічны таксафон, праўда, без кабінкі. Больш сталае пакаленне памятае, наколькі гэта была зручная рэч у гарадскім асяроддзі. Праўда, калі большасць насельніцтва перайшла на мабільныя тэлефоны, неабходнасць у таксафонах адпала. Але ў кінафільмах тых часоў вельмі часта выкарыстоўваліся сцэны з тэлефоннымі будкамі.
Былі і дызайнерскія рашэнні. Мая спадарожніца Марына ківае: так, гэта ніякае не дзіцячае піяніна, а сапраўдны кнопачны тэлефон такой арыгінальнай формы. Ен адносіцца да 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Па сутнасці, не такі ўжо і архаічны. Да гэтага ж перыяду прыпадае выпуск экспаната ў форме аўтамабіля Ferrari і дыснееўскага персанажа Мікі Маўса. Такі вясёлы тэлефон мог быць добрым падарункам дзецям-падлеткам. 

Прадстаўлены і апараты, якімі гродзенцы карысталіся ў кватэрах (магчыма, карыстаюцца і зараз), — тут і савецкага перыяду, і больш познія — 1990-х гадоў. Завяршае экспазіцыю калекцыя першых мабільных тэлефонаў 2000-х. Зараз яны, безумоўна, выклікаюць усмешку. А гадоў дваццаць таму былі прадметам зайздрасці, бо мець такі апарат не кожны мог сабе дазволіць. Зараз перавага аддаецца тэхнічна ўдасканаленым смартфонам з мноствам функцый, але, згадзіцеся, яны не здолеюць так упрыгожыць інтэр’ер, як некаторыя апараты з выставачнай экспазіцыі. Акрамя гэтага, многія з іх не страцілі сваіх першапачатковых функцый і могуць выкарыстоўвацца па прызначэнні.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.