Вы тут

Неўміручая класіка. Выбіраем стыльнае паліто на вясну 2023 года


У трэндзе мадэлі, разнастайныя па фасоне і колеры, з воўны, драпавай тканіны, кашміру, скуры ды іншых матэрыялаў. Таму выбраць, якое дэмісезоннае паліто інтэграваць у свой гардэроб, нескладана. Як звычайна, ультрамодныя навінкі хутка губляюць актуальнасць, а выраб у класічным стылі, з сучаснымі дэталямі будзе служыць вам доўга.


Фота: pixabay.com

Запахнулі — і пайшлі

Наш спіс пачнем з мадэляў на запах. Паліто-халаты пазбаўлены гузікаў, часам (але не заўсёды!) дызайнеры прапануюць да іх пояс і вялікія накладныя кішэні. Такую вопратку не надзенеш пры замаразках, але для цёплага веснавога дня яна акурат тое самае. Паліто-халаты асабліва папулярныя сярод моладзі. Яны дораць адчуванне лёгкасці, нязмушанага камфорту, а таксама некаторай знарочыстай нядбайнасці, якая з’яўляецца адным з трэндаў сучаснай моды. Вобраз атрымліваецца жаноцкі і мілы, а аксэсуары і абутак нададуць яму патрэбны акцэнт. Шыюць гэтыя вырабы звычайна з воўны, ёсць і цікавыя вязаныя мадэлі.

«З чужога пляча»

Так, вы не памыліліся, гэта пра аверсайз. Шчыра кажучы, трэнд прапісаўся ў нашай паўсядзённасці настолькі даўно, што перастаў быць ультрамодным. Што новага чакае нас у знаёмых мадэлях? Такая «разыначка» ёсць, і гэта — падоўжаныя рукавы, якія ўзмацняюць уражанне адзення «з чужога пляча». Нібыта вы знялі з вешалкі паліто мужа ці сябра, задуменна накінулі на сябе і адправіліся ў краму або на праменад. Цікава, што такое адзенне не робіць уражання грувасткасці. Страйняшкі глядзяцца ў ім яшчэ больш далікатнымі, а дамы ў целе маюць магчымасць схаваць «залішнія акругласці».

Па-за часам

Вось, нарэшце, мы дабраліся і да класікі. Вядома, нікуды не зніклі прамыя двухбортныя паліто і трэнчы. Плечы модныя дызайнеры прапануюць у гэтым сезоне павялічыць, а стан падкрэсліць. Такія мадэлі дазволяць вам адчуць сябе каралевай ці, прынамсі, стыльнай дамай. Каб вобраз быў класічным ад «а» да «я», можна вытрымаць яго ў базавых колерах, дапоўніць высокімі ботамі на абцасе або моднымі бацільёнамі. Калі ж вам даспадобы выгляд з ноткай гарэзлівасці, насіце з двухбортным паліто красоўкі на высокай падэшве або грубыя чаравікі — мода не толькі дазваляе, але вітае такую эклектыку. І звярніце адмысловую ўвагу на гузікі: яны павінны выглядаць якасна. З такім паліто добра будзе глядзецца шаўковая хустка — як у якасці галаўнога ўбору, так і яркага аксэсуара, напрыклад, на сумцы.

Гульня з колерам

Рамантычная, дзёрзкая, стыльная — усё гэта пра жанчыну, якая выбірае для вясны верхняе адзенне са скуры. Дызайнеры прапануюць сёлета насіць бліскучую. Гэта ж можна сказаць і пра штаны, таму ўльтрамодна будзе глядзецца лэдзі, з ног да галавы прыбраная ў лакавую скуру. Калі вы не адчуваеце ў сабе жадання здзіўляць экстравагантнасцю, можаце выбраць традыцыйныя колеры (чорны, карычневы) і класічны абутак. Усім астатнім мадэльеры прапануюць пагуляць з колерамі: паліто з аранжавай, бірузовай, сіняй, зялёнай скуры заявіць пра вас як пра модную штучку. І на «матацыклетную фею» ў чорнай скуранцы падобнай вы не будзеце.

Французская вытанчанасць

Букле — завіток у перакладзе з французскай мовы. Тканіну букле ўвяла ў моду, як вядома, легендарная Како Шанэль, і сёння гэта ўжо класіка. Мяккае ваўнянае паліто без строгага фасону, у мілых «завітках» стварае выключна жаноцкі, вытанчаны вобраз. Дэмісезонная вопратка з букле мае масу бясспрэчных пераваг, яна цёплая, не мнецца і не абмяжоўвае рухі. Можна разнастаіць яе стрыманую элегантнасць рознымі стыльнымі акцэнтамі — канечне, не забываючы пра густ. Моладзевыя джынсы, красоўкі ці чаравікі на трактарнай падэшве зробяць вобраз актуальным. Калі ж вы заўсёды былі Міс Стрыманасць, аддайце перавагу класічным ботам на абцасе або чэлсі.

З ноткай рэтра

Паўпальто ў клетку — чым не знаходка для стройных і невысокіх? Такая мадэль прымушае ўспомніць нядаўняе мінулае, калі клетка-«шахматка» ганарліва крочыла па подыумах. Даўжыня да сярэдзіны сцягна патрабуе звярнуць асаблівую ўвагу на «ніз». Выдатным дадаткам будуць штаны палаца, карга, джынсы або модная спадніца. Практычнасць і ўніверсальнасць такога адзення вы абавязкова ацэніце, бо ў ім і на банкет, і ў свет, як той казаў. Што датычыцца клятчастага прынта, то ён такая ж класіка, як і букле. Не забывайце толькі, што буйная клетка візуальна дадае аб’ёму фігуры, а дробная, наадварот, страйніць.

Падкрэсліць стан

Апошняе ў нашым спісе — але зусім не па актуальнасці — сцёганае паліто. Гэтай вясной яно трыўмфальна ідзе па подыумах, прычым у незвычайных расфарбоўках і кроях. Прамое, аб’ёмнае (у стылі аверсайз), абшытае мехам — на любы густ. На піку папулярнасці мадэлі са свабодным сілуэтам, скарочаныя або ніжэй каленяў. На гузіках, кнопках, на запах — усе паліто са сцёганай тканіны глядзяцца выдатна, і няцяжка абраць сярод гэтай разнастайнасці «сваё». Калі ж вам хочацца падкрэсліць стан, можна насіць паверх такога адзення рэмень з грубай скуры з металічнай спражкай.

Любая, акрамя сумнай

Можна з упэўненасцю сказаць: гэтай вясной вітаецца любая каляровая гама, акрамя сумнай. У трэндзе застаецца шматслойнасць, таму вы можаце скамбінаваць некалькі модных рэчаў адразу: падабраць блузку, світар і паліто ў аднолькавых адценнях або пагуляць з кантрастамі.

Дызайнеры нібыта задаліся мэтай эпаціраваць пачуцці строгіх прыхільнікаў базавых варыянтаў у стылі «белы верх, чорны ніз»: паліто нам прапануецца насіць у жыццярадасных, кідкіх і нават кіслотных колерах. Гэта можна зразумець: вясной усім так хочацца пазітыву, сонечнай яркасці і бадзёрасці. У трэндзе — чырвоны, блакітны, фіялетавы, колер фуксіі, бірузовы, тэракотавы, аліўкавы, жоўты. Высакародны бэжавы таксама не забыты. Непараўнальную элегантнасць вашаму вобразу надасць белае паліто. А улічваючы, што хітом гэтай вясны абяцае стаць мадэль максі, вы зможаце літаральна захутацца ў любімы колер з галавы да ног.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».