Вы тут

Пюрэ хуткага прыгатавання: шкода для страўніка ці нядрэнны перакус?


Многія перакананы, што сублімаваная бульба — гэта не бульбачка зусім, а нейкі сінтэтычны клейстар для тых, каму не шкада страўніка. Хоць, наогул, сухое бульбяное пюрэ — нашчадак старадаўняга перуанскага паўфабрыката пад назвай чуньо. Бульбу вымарожвалі на холадзе, потым пакідалі на сонцы, каб раставала, губляла ваду, і сушылі. І гэта іх нацыянальны далікатэс. Можа быць, сублімаваную бульбу дарма дэманізуюць? Колькі клубняў змяшчаецца ў адну ўпакоўку? І што з імі насамрэч вытвараюць у цэхах?


Фота: pixabay.com

Вытворчасць бульбянога пюрэ пачынаецца з бульбасховішча. Выкарыстоўваюць бульбу пэўнага сорту — «Гала». Пюрэ з яго атрымліваецца больш насычаным па смаку і патрэбнай кансістэнцыі.

На заводзе бульбачка аддзяляецца ад зямлі і па лініі адпраўляецца на мыйку ў адмысловы барабан. Прынцып працы — як у пральнай машыне, але ніякія мыйныя сродкі не выкарыстоўваюцца. Гэта і не трэба, усе бактэрыі загінуць крыху пазней — падчас варэння.

Пасля гэтага бульба скідаецца ў гіганцкую параварку. Лупіна разрываецца ад тэмпературы ў 90 градусаў і ціску ў 16 бар. Так, на заводзе не сустрэнеш людзей, якія абіраюць гэтую гародніну на хуткасць штодня. Усё гэта робяць машыны. Таму пасля адпарвання бульбачка паступае ў адмысловы апарат, тут яна лёгка ачышчаецца шчоткамі.

А вось сартуюць бульбу людзі. Пасля чаго яна паступае ў трубу, дзе рухаецца з хуткасцю 250 км/г і ўразаецца ў вострыя нажы. У выніку атрымліваюцца бульбяныя шайбы.

Для таго каб атрымаць пюрэ, бульбу трэба даварыць. Гэта робяць у варачніку, а пасля ў масу дадаюць эмульгатары, каб пюрэ было больш клейкім па кансістэнцыі, і адпраўляюць яго на гарачыя качалкі. Тэмпература — 200 градусаў.

У выніку атрымліваецца «бульбяны пергамент». Таўшчыня лістоў усяго два міліметры. І засталося толькі зрабіць з гэтага парашок.

Бульбяныя шматкі самі па сабе досыць прэсныя. Таму іх запраўляюць рознымі смакавымі дабаўкамі. Напрыклад, грыбы, грэнкі, смятана і зеляніна, сухое малако і мяса — курыца і ялавічына.

Перад тым як адправіць на прылавак, кожную партыю сухой бульбы правяраюць у лабараторыі.

Шкляначкі з бульбай гатовыя. У адной — 180 калорый. Сытным абедам гэта, вядома, не назавеш, але ў якасці вымушанага перакусу — вельмі нават нядрэнна. І склад не такі дрэнны, як здаецца. Адна шкляначка складаецца на 90 % з бульбы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.