Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Сляпое каханне»


Алёна ехала ў паўпустым тралейбусе, у сумачцы заява ў суд. Адхілена ўтаропіўшыся ў акно, яна не заўважала ні зеляніны першых лісточкаў, ні яркага сонечнага святла. Вось цяпер яна падасць заяву, іх развядуць — і ўсё... Застанецца адна з маленькай Насцяй. Віктар, ён такі! З прынцыпу сыдзе. Сказаў жа: «Які развод? Каму ты патрэбна? Пабегаеш яшчэ за мной, папросішся!» — і так паглядзеў на яе, што мурашкі па скуры.


Ён такі — мужык, мужчына-паляўнічы. Ён сапраўды паляўнічы, у яго і паляўнічы білет ёсць. Яны пазнаёміліся на працы. Ён — майстар, яна — эканаміст. Чатыры гады жылі ў яе бацькоў, тады не сварыліся. Інакш і быць не магло. Бацька і маці ў Алёны суровыя, франтавікі. Калі б Віктар выкінуў фокус, умомант апынуўся б за дзвярыма.

Раўнаваў яе Віктар да кожнага слупа. Алёна лічыла, што ад кахання і нават ганарылася, што яе так любяць. А тут... у страшным сне такое не прысніцца. Усё было добра. Паўгода, як пераехалі ў новую кватэру, абстаноўку купілі. Насцю ў садок побач з домам уладкавалі...

На працы быў аўрал, і яна затрымалася. Віктар сустрэў яе цямней хмары. Яна накрывала на стол, а сама адчувала: ён яе як рэнтгенам прасвечвае. Потым шпурнуў усё са стала на падлогу: «Што, прагінаешся? Нагулялася...» Ад першага ўдару Алёна адляцела да сцяны. Ён біў наводмаш, звярэючы, з нарастаючай жарсцю. Яна зразумела: ён яе забівае. Схапіла маленькую Настачку і падняла яе перад сабой. Дзіця не кране.

«Ха-ха, — злосна засмяяўся ён. — Дзіцем прыкрываешся! Усіх заб’ю! Спачатку цябе, потым яе. Потым сябе». Алёна адчула — не хлусіць. Гэта быў звер, бязлітасны і люты. Яна ўпала на калені і стала прасіць: «Толькі не забівай. Я ніколі табе не здраджвала». Ён дастаў ружжо: «На каленях прасі!»

І тады ў яе раптам ад пранізлівай нянавісці высахлі слёзы: «Вось цяпер я шкадую, што ніколі табе не здраджвала». Яна закрыла твар рукамі і чакала стрэлу. Але гэтая фраза яго спыніла, падобна, пераканала. Ён выйшаў на кухню, а яна схапіла Насцю і выскачыла да суседзяў. У вочка бачыла, як ён прабег па лесвіцы... Калі сцямнела, з’ехала да бацькоў.

Бацькі цвёрда сказалі: «Разводзься». Іх развялі. Тата арганізаваў абмен. Віктар хмыкнуў, пагардліва на яе паглядзеў, і яны раз’ехаліся. Замуж Алёна не выйшла, баялася, што іншы мужчына таксама апынецца такім жа, ды і Насця не дазваляла, яна любіла тату. Калі ў Алёны з’явіўся сябар, Насця абуралася, нават уцякла з дому. І яна рассталася з мужчынам.

Усё жыццё Алёну мучыла пытанне: можа, Віктар хворы, а яна не звярнулася па дапамогу да лекараў? Можа, калі б яго палячылі, усё наладзілася б? Бо іншыя жанчыны не разводзяцца, а потым мужчыны бяруцца за розум.

Віктар — мужчына бачны, за сабой сочыць: прабежка па раніцах, спартзал. Ён адразу стаў жыць з нейкай жанчынай. Перайшоў працаваць вартаўніком, каб аліментаў паменш вылічвалі. А Насця не пераставала чакаць тату. Раз у паўгода Віктар прыязджаў наведаць дзіця. Алёна адразу сыходзіла — хай бацька пагутарыць з дачкой.

Ішлі гады. Віктар з’яўляўся ўсё радзей і радзей. Алёна звярнула ўвагу, што на твары ў яго праступіла сетка сасудаў. «Гіпертонік або п’е, — падумала яна. — Ці прымае ён лекі?» Насця ўжо скончыла вучобу і працавала.

Усё змянілася раптоўна. Інсульт — і Віктар у бальніцы. «Паўстане не хутка», — сказалі дактары. Грамадзянская жонка сышла адразу. Маці Віктара ўспомніла аб унучцы. «Хай Насця прыедзе, дапаможа, — патэлефанавала яна былой нявестцы. — Мне ўжо цяжка па бальніцах цягацца». Алёна паехала ў бальніцу з Насцяй.

Горка і балюча ёй было глядзець на бездапаможнасць таго, каго любіла. Жаночая душа адыходлівая, і яна пачала выцягваць Віктара, лічы, з таго свету. Алёна гатавала, карміла з лыжачкі... Паступова здароўе да мужчыны вярталася. Віктар папрасіў прабачэння. Нават аформіў у натарыяльнай канторы рэнту, хай кватэра дачцэ застанецца, калі яна яго дагледзіць.

Насця была шчаслівая, яе любімы тата клапоціцца пра яе будучыню, тым больш што на носе было яе вяселле. Яна пазнаёміла тату з жаніхом. А потым прыехала за ім і на таксі адвезла на сваё вяселле. Мерапрыемства адзначалі ў рэстаранчыку за горадам.

Алёна надзела новую сукенку. Ёй хацелася, каб Віктар убачыў яе прыгожай, дзесьці ў падсвядомасці яна яшчэ спадзявалася на каханне ці хаця б на падзяку... Заўважыла — Віктар глядзіць на яе, як раней, і зарумянілася, захвалявалася. Бацькоў ужо не было, а сястра шапнула: «Можа, вам сысціся?»

У Алёны падняўся настрой, яна танчыла і нават праспявала раманс. На яе з цікавасцю пазіралі мужчыны. Віктар паехаў дадому ў разгар вяселля. А Алёна думала аб тым, што зноў прыняла б яго...

Але пасля вяселля Віктар патэлефанаваў Насці і запрасіў яе да натарыуса. Ён разарваў дагавор рэнты і напісаў завяшчанне, па якім кватэра павінна будзе перайсці яго маці. А потым...

Званок Алёне ад яго суседа: «Яго забрала міліцыя...» Алёна, не памятаючы сябе, памчалася ў аддзяленне міліцыі, бо Віктар яшчэ не зусім здаровы. Яна
прасіла, патрабавала, наняла адваката... Ёй сказалі, што Віктар выпіў і вырашыў нагадаць сусвету пра сябе. Узяў ножык і стаў стукаць да суседзяў. «Пазабіваю ўсіх да чарцей сабачых!» — роў ён. Пагражаў нават узарваць дом...

Браў яго спецназ, як тэрарыста. Алёна зноў за яго змагалася, бо гэта бацька Насці. Алёна ехала ў суд, а за акном тралейбуса шумела вясна, да якой ёй зноў не было справы, як і тады, калі падавала заяву на развод. Толькі ў сумачцы ляжала касацыйная скарга. Усе яе думкі былі аб Віктары.

Чаму ён так паступіў? Насця так старалася, яна і зараз перажывае за тату. Можа, у яго псіхіка не ў парадку? Аднак прызначаная судом экспертыза ўстанавіла, што здаровы, нягледзячы на тое, што маці Віктара даказвала ў судзе: у яго з дзяцінства былі прыступы жорсткасці. Калі кацяня сямігадовага Віці пайшло на кліч не да яго, а да суседскай дзяўчынкі — ён забіў яго.
«Ці мала што было ў дзяцінстве, — думала Алёна. — Напэўна, ён мяне зноў прыраўнаваў!»

Неверагодна, але гэтая жанчына так кахала, што не правяла паралель паміж стаўленнем Віктара да сабе і да кацяняці. Віктара асудзілі. Толькі праз час Алёна ўсвядоміла, у якім кашмары жыла. Сляпое каханне? Усёдараванне? Глупства? Ёй трэба было адразу бегчы ад Віктара ў іншы горад, на іншую планету, як мага далей…

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.