Вы тут

Праект «Яе свет, яе правілы» паказвае спартыўны рэзерв


Беларускія дзяўчынкі даказваюць, што ў іх баскетбольным свеце — іх правілы. У рамках рэалізацыі праекта ФІБА Еўропа «Яе свет, яе правілы» вучаніцы СДЮШАР баскетбольнага клуба «Гарызонт» паказалі свае здольнасці ў конкурсе баскетбольнага майстэрства. Дзяўчынкі 2011-2012 гадоў нараджэння прадэманстравалі, як яны ўмеюць валодаць мячом, якія баскетбольныя прыёмы ведаюць і як арыентуюцца на пляцоўцы. Задача надзвычай важная, паколькі гэта не проста конкурс, а прагляд перспектыўных гульцоў у Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерва. А там і да нацыянальных зборных рукой падаць.


За будучым беларускага баскетбола назірала Марына Крэс, былы гулец нацыянальнай зборнай, менеджар БК «Гарызонт». Вядомыя баскетбалісткі часта наведваюць такія мерапрыемствы. Часты ганаровы госць — галоўны трэнер жаночай зборнай і БК «Гарызонт» Наталля Трафімава. Гэта карысна для ўсіх. Вопытным гульцам і трэнерам важна пазнаёміцца з маладым пакаленнем. А моладзі неабходна ўжывую бачыць сваіх куміраў і браць з іх прыклад.

«Гэта незвычайны конкурс. Я не чакала, што набяру штрафных, таму што раней была снайперам, я адной рукой кідала і закідвала мяч у кальцо. А сёння не атрымлівалася, я пачала хвалявацца і баялася, што ў мяне нічога не атрымаецца. Я рада, што прыехала сюды з камандай, яна заўсёды падтрымлівае. І хачу сказаць дзякуй трэнеру за тое, што шмат чаму мяне навучыў. Я люблю даваць перадачы, і я радуюся за іншых гульцоў, калі яны закідваюць», — падзялілася Мелання Пятровіч, удзельніца конкурса.

Пераможцай конкурсу баскетбольнага майстэрства стала Уладзіслава Тагакава. На другім месцы — Соф’я Гарохова. На трэцім — Кіра Далматовіч. Як заўважыла генеральны сакратар-выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна, напярэдадні міжнароднага жаночага дня на пляцоўцы было шмат прыгажосці ад дзяўчат, якім усё па плячы. «Нашы дзяўчынкі мала таго, што спартсменкі, дык яшчэ і добра вучацца і абяцалі абавязкова стаць алімпійскімі чэмпіёнкамі. Гэтым праектам мы даем старт падбору рэзерву для нацыянальнай каманды новага цыкла. Гэта дзяўчынкі 2011-2012 года нараджэння. Мы пачынаем прагляд кандыдатаў на залічэнне ў вучылішча алімпійскага рэзерву. Самыя таленавітыя дзяўчынкі ўжо патрапілі на аловак, да іх будзе асобная ўвага. Гэта наша будучыня». — падкрэсліла яна.

Па словах Настассі Марынінай, у такіх праектаў як «Яе свет, яе правілы» дзве мэты — сацыяльная і спартыўная. Зразумела, што ўсе не трапяць у нацыянальную зборную. Але яны атрымаюць самае каштоўнае — вопыт і веды. «Вясной пачынаецца праект „Крок у будучыню“, мы будзем адглядаць гульцоў, самыя таленавітыя з якіх патрапяць у вучылішча алімпійскага рэзерву. А астатнія вырастуць добрымі, актыўнымі людзьмі і будуць працаваць спартыўнымі мэнэджэрамі, журналістамі, дактарамі і будуць гэтак жа развіваць свой любімы спорт» 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.