Вы тут

Ужыванне электрычнай энергіі ў краіне павялічваецца


Другі энергаблок БелАЭС запрацуе ў другім паўгоддзі, а першы — спыніцца на чарговы рамонт сёлета ў чацвёртым квартале. Да 2025-га ў Беларусі плануюць збудаваць 2 млн м2 электрыфікаванага жылля, і ўжо ў 2030-м — запусціць першую чаргу пункта захоўвання радыеактыўных адходаў. Пра гэтыя і іншыя планы энергетычнай галіны краіны, а таксама дасягнутае летась расказалі спецыялісты.


Стымуляцыйныя тарыфы для грамадзян і прадпрыемстваў

Стымуляцыйныя меры, прынятыя на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, забяспечылі прырост аб’ёмаў спажывання электраэнергіі па шэрагу напрамкаў. У межах комплекснай праграмы на 2021–2025 гады ў Беларусі плануецца будаўніцтва 2 млн м2 электрыфікаванага жылля. За 2021 і 2022 гады 666 тысяч «электрычных» м2 ужо ўведзена ў эксплуатацыю.

Павялічваецца і выкарыстанне электрычнасці на мэты ацяплення і гарачага водазабеспячэння жылля, якое летась павялічылася ў 1,7 раза: з 273 млн кВт/г да 475 млн кВт/г, паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч:

— Указам Прэзідэнта № 127 вызначаны механізм пакрыцця часткі расходаў грамадзянам на электразабеспячэнне эксплуатацыйнага жылфонду з мэтай ацяплення. Летась на гэта з мясцовых бюджэтаў накіравана больш за 5 млн рублёў. Выплаты атрымалі 4,9 тысячы чалавек. Ад грамадзян паступіла 22,6 тысячы зваротаў за дазволам на перавод індывідуальнага жылля на электраэнергію для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, 84% з якіх былі задаволены (каля 19 тысяч). Усяго з моманту ўвядзення стымуляцыйных тарыфаў на гэтыя мэты (у 2019-м) ад людзей паступіла 90,2 тысячы зваротаў, 71 тысяча з якіх задаволена. Штогод лічба дазволаў павялічваецца, у тым ліку дзякуючы і мадэрнізацыі электрасетак.

Дадаткова ўжылі 131 млн кВт•г электраэнергіі летась і энергаёмістыя вытворчасці. З 1 студзеня 2020-га для іх уведзены дыферэнцыраваныя стымуляцыйныя ўзроўні тарыфаў у залежнасці ад аб’ёмаў спажывання. Чым больш спажыта электрычнасці, тым ніжэйшы тарыф на энергію.

Больш электраэнергіі стала спажывацца і на зарадных станцыях для электрамабіляў. Аб’ём выкарыстанай такім чынам электрычнасці павялічыўся летась у 1,3 раза: з 10,7 млн кВт/г да 14,2 млн кВт/г. Тым не менш пад уплывам знешніх умоў агульная колькасць ужытай электраэнергіі летась у краіне зменшылася на 4% і склала 38,6 млрд кВт/г, падкрэсліў Віктар Каранкевіч.

Патрэбы забяспечаны, мадэрнізацыя працягваецца

Усе патрэбы насельніцтва і рэальнага сектара эканомікі ў энергарэсурсах летась былі забяспечаны ў неабходным аб’ёме. Спажыўцы атрымалі ад арганізацый галіны электрычную і цеплавую энергію (35,7 млн Гкал), прыродны звадкаваны газ, цвёрдае (тарфяное) паліва ў неабходных аб’ёмах, дадаў міністр:

— Нягледзячы на няпростую знешнюю сітуацыю, у галіне працягваецца сістэмная работа па рэалізацыі найважнейшых інвестпраектаў, аднаўленні асноўных вытворчых фондаў арганізацый энергасістэмы, мадэрнізацыі электрасеткавай інфраструктуры. Летась збудавана і рэканструявана каля 1700 кіламетраў лініі электраперадачы, 200 кіламетраў цепласетак, мадэрнізавана 20 падстанцый класам напружання 35–110 кВ. На чатырох буйных электрастанцыях (Бярозаўскай і Лукомльскай ДРЭС, Наваполацкай ЦЭЦ, Мінскай ЦЭЦ-5) працягваецца будаўніцтва пікава-рэзервовых крыніц з устаноўкай высокаманеўраных магутнасцяў агульнай магутнасцю 800 МВт. Сёлета яны плануюцца да ўводу.

Ядзерныя планы

У межах першага планава-папераджальнага рамонту на першым энергаблоку БелАЭС адбылася і першая перагрузка ядзернага паліва (заменена 25% з 163 цеплавыдзяляльных збораў). Цяпер блок працуе на намінальнай магутнасці і з моманту пуску (3 лістапада 2020-га) ужо выпрацаваў 12,3 млрд кВт•г, што дазволіла замясціць звыш 3 млрд м3 прыроднага газу, паведаміў міністр:

— Гатоўнасць другога энергаблока — 98%. Завяршаюцца падрыхтоўчыя работы па запуску ланцужковай рэакцыі і вывадзе рэактарнай устаноўкі на мінімальна падкантрольны ўзровень (каля 1% ад вызначанай магутнасці). Пасля гэтага будзе праведзены комплекс даследаванняў, мэта якіх пацвердзіць надзейнасць сістэмы ядзерна-фізічнага кантролю і ядзернай бяспекі рэактарнай устаноўкі.

Наступным этапам стане энергетычны пуск, калі блок будзе ўключаны ў сетку і выдасць першыя кілаватгадзіны ў энергасістэму. Потым — доследна-прамысловая эксплуатацыя, пасля якой у другім паўгоддзі другі энергаблок увядуць у прамысловую эксплуатацыю.

Другі планава-папераджальны рамонт першага энергаблока запланаваны сёлета таксама на чацвёрты квартал, удакладніў Віктар Каранкевіч:

— У яго межах адбудзецца пашыраны кантроль тэхналагічных сістэм, кантроль металу абсталявання рэактарнага і турбіннага аддзялення, праведзена дыягностыка дапаможнага абсталявання і сістэм. Пройдзе і чарговая перагрузка ядзернага паліва, падчас якой заменяць наступныя 25% цеплавыдзяляльных зборак.

Падчас рамонту энергетыка задзейнічаюць беларускія і расійскія падрадныя арганізацыі, якія маюць адпаведныя кампетэнцыі і вопыт. У прыватнасці, арганізацыя «Белэнергарамналадка» будзе задзейнічана на рамонтах у турбінным аддзяленні.

Міністэрствам энергетыкі ўжо прынята пастанова па стварэнні прадпрыемства «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі», паведаміў кіраўнік ведамства:

— Стварэнне такой арганізацыі абумоўлена неабходнасцю фарміравання ў краіне сістэмы доўгатэрміновага і захоўвання, і захавання радыеактыўных адходаў. Гэтая работа будзе праводзіцца па ўсёй краіне і датычыцца збору, захоўвання, перапрацоўкі, кандыцыянавання ўсіх радыеактыўных адходаў, якія ўтвараюцца ў Беларусі ў цэлым. Гэта і БелАЭС, і прамысловасць, і галіна аховы здароўя, навукі і іншыя сферы, дзе працуюць з крыніцамі іанізацыйнага выпраменьвання.

Першапачаткова будзе праведзена вышукальная работа, выбраны пляцоўкі размяшчэння пункту захоўвання і захавання радыеактыўных адходаў, ацэнены ўплыў на навакольнае асяроддзе, арганізаваны грамадскія слуханні. Пасля будуць работы па праектаванні і будаўніцтве. Першую чаргу рэспубліканскага пункта захоўвання радыеактыўных адходаў плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2030 годзе.

Будзем з палівам

Летась у Беларусі было газіфікавана каля 18 тысяч кватэр і домаўладанняў, уведзена ў эксплуатацыю каля тысячы кіламетраў газаправодаў розных катэгорый, а агульная працягласць газавых сетак у краіне ўжо перавысіла 66 тысяч кіламетраў.

Аляксей Кушнарэнка, генеральны дырэктар аб’яднання «Белпаліўгаз», паведаміў:

— Спажыўцы атрымалі за 2022 год 18,7 млрд м3 газу, было рэалізавана 46,9 тысячы тон звадкаванага вуглевадароднага газу. Сёлета плануецца газіфікаваць звыш 50 населеных пунктаў.

У апошні дзень лютага міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч і міністр энергетыкі Расіі Мікалай Шульгінаў падпісалі міжурадавыя пагадненні. Дакументы канчаткова замацоўваюць леташнія снежаньскія дамоўленасці кіраўнікоў Беларусі і Расіі аб захаванні ўмоў пастаўкі расійскага газу ў Беларусь на ўзроўні 2022 года. Кошт на энерганосьбіт будзе фарміравацца ў расійскіх рублях.

Спецыялісты тарфяной галіны летась здабылі 2,5 млн тон торфу (у паўтара раза больш, чым у 2021-м). Выраблена больш за 1,3 млн тон тарфяной паліўнай прадукцыі (брыкетаў і сушонкі), што больш чым на 10% больш, чым у 2021-м. Спецыялістамі галіны створана таксама каля 150 тысяч тон прадукцыі з торфу непаліўнага назначэння, адзначыў Аляксей Кушнарэнка:

— Унутраны рынак краіны цалкам забяспечаны торфам — спажыўцам рэалізавана мільён тон тарфяных брыкетаў і сушонкі. Каля 200 тысяч тон брыкету пайшло на экспарт (амаль на 85% больш, чым у 2021-м). За мінулы год рэалізавана таксама 127,8 тысячы тон тарфяных грунтоў і верхавога торфу, 60,8 тысячы тон з якіх экспартавана.

Праведзена маштабная работа па распрацоўцы новых плошчаў для здабычы торфу. У сёлетніх планах тарфянікаў — здабыча 2,3 мільёна тон торфу і выраб мільёна тон брыкетаў і сушонкі, а таксама 169 тысяч тон тарфяных грунтоў і верхавога торфу.

Гендырэктар Белпаліўгаз падкрэсліў, што забеспячэнне Беларусі энерганосьбітамі — прыярытэтны напрамак работы. Аднак летась яны паспяхова спрацавалі і на знешніх рынках. Сумарны экспарт тавараў і паслуг склаў звыш 63 млн долараў, а гэта 123,4% да ўзроўню 2021-га.

Галоўныя сёлетнія задачы энергетыкі бачаць у выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, імпартазамяшчэнні, дыверсіфікацыі экспарту, пошуку новых лагістычных ланцужкоў, забеспячэнні альтэрнатыўных паставак абсталявання і вузлоў для рэалізацыі інвестпраектаў і правядзення рамонтных кампаній.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.