Вы тут

З павагай да прыгожага пісьменства. Прайшоў фестываль дзіцячай кнігі «Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу!»


Арганізатарамі па-свойму ўнікальнага грамадскага, творчага праекта, які абяцае стаць добрай традыцыяй, выступілі, акрамя музейнай установы, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Мінская гарадская цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк, Выдавецкі дом «Звязда», кнігарня «Акадэмкніга». Некалькі соцень дзяцей з розных школ сталіцы прыйшлі ў музей класіка беларускай літаратуры. Не толькі дзеля таго, каб адкрыць нешта новае з ведаў пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры, але і пазнаёміцца з навінкамі айчыннага кнігавыдання, сустрэцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі.


А пісьменнікаў, аўтараў кніг паэзіі і прозы, аўтараў апавяданняў і казак у гэты дзень у музеі, у розных яго залах, хапала. У сваю чаргу на сустрэчу са сваімі чытачамі, з тымі, хто ўжо чытаў іх кнігі, ды і з новымі, патэнцыйнымі сябрамі сваіх кніжных персанажаў, герояў прыйшлі Алена Стэльмах, Павел Гушынец, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Жанна Міус, Галіна Пшонік, Аляксей Шаўцоў. У межах кожнай аўтарскай сустрэчы — і размова пра кнігі ці некалькі кніг аднаго аўтара, аўтограф-сесія і віктарына па творчасці пісьменніка. Настрою, усмешак, пытанняў і размоў, фатаграфавання са знакамітымі аўтарамі — усяго гэтага на фестывалі хапала. Мерапрыемствы доўжыліся цэлы дзень.

Кніжныя сустрэчы дапаўнялі і іншыя імпрэзы. Перад юнымі гасцямі музея з выкананнем розных твораў выступіў народны артыст Рэспублікі Беларусь славуты кампазітар Эдуард Ханок. Ён, дарэчы, прэзентаваў дзецям і свой новы твор — «Песню сяброў», словы да якой напісала Алена Стэльмах. А яшчэ хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі гуляць у настольныя беларускія гульні. Дэманстравалі ў музеі і мультфільмы. Адзін з іх выключна літаратурны — «Шахматы і класікі». Была яшчэ і дэманстрацыя фільма «Птушыны транзіт. Зімовая гавань». А самых смелых запрасілі ў вандроўку па сядзібе Паэта — з удзелам славутага Дзеда Талаша. Хто з дзетак не ведаў, хто такі гэты дзед, ім нагадалі, што персанаж — з аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», легендарны беларускі партызан. Дарэчы, твор гэты перакладзены на многія мовы народаў свету. Нават на кітайскую. Двойчы кніга пра Дзеда Талаша выходзіла ў Паднябеснай. Выданні «Дрыгвы» на розныя мовы народаў свету можна было ў адным з раздзелаў музейнай экспазіцыі. Як, між іншым, пазнаёміцца і з іншымі экспанатамі музея.

«У ўсіх была тут думка тая, // Што дзень сягоння не звычайны, // А дзень асобны, разнастайны, // Які ў год толькі раз бывае...» Гэтыя словы не раз гучалі ў дзень фестывалю як эпіграф да сустрэч чытачоў, экскурсантаў і пісьменнікаў. Канешне ж, усе фестывальныя падзеі, усе мерапрыемствы праходзілі з пазнакай увагі да творчасці народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Да ўвагі гасцей былі і адмысловыя кніжныя выданні: зборнік апавяданняў настаўніка і краязнаўца «Сцяжынкамі Якуба Коласа», «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»...

З просьбай пракаментаваць культурную, калі так можна сказаць, кніжна-музейную падзею мы звярнуліся да некаторых арганізатараў фестывалю. І вось што пачулі ў адказ...

Ірына Мацяс, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа:

— Заўсёды ўражваюць на такіх сустрэчах самі дзеці. Іх непасрэднасць, шчырая цікавасць да кнігі і іх аўтараў захапляюць, пераконваюць у тым, што папяровая кніга валодае незвычайнай сілай і надалей будзе складнікам выхавання маладога чалавека, юнага грамадзяніна. Магчыма, хлопчыкі і дзяўчынкі нячаста завітваюць у кнігарні. А вось тут, у музейнай прасторы, у адначассе яны ўбачылі дзясяткі кніжных навінак адразу. Ды і мяне саму прыемна здзівіла, колькі кніг, адрасаваных юнаму чытачу, выдаецца ў нашай краіне. Яшчэ летась мы заснавалі традыцыю правядзення ў музеі, на музейнай сядзібе кніжных фестываляў: у чэрвені 2022 года ў нас, як мне падаецца, на даволі высокім узроўні прайшлі «Міхасёвы прыгоды». І зараз мы зноў вернемся да фестывалю — новыя «Міхасёвы прыгоды» запланаваны і сёлета, на 2 чэрвеня 2023 года.

Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры СПБ:

— Пераканана, што такіх фестываляў павінна быць многа. Летась, у снежні, мы гаварылі пра гэта на пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаным дзіцячай літаратуры, дзіцячаму чытанню. І атрымалі, лічу, істотную падтрымку. Будзем як грамадская творчая арганізацыя працаваць супольна ў гэтым кірунку з рознымі органамі дзяржаўнага кіравання — найперш міністэрствамі культуры, адукацыі, інстытутамі мясцовай улады, а таксама з самай шырокай грамадскасцю. У краіне выдаецца шмат кніг для дзяцей і падлеткаў. Ёсць розныя дзяржаўныя праекты, праграмы ў частцы падтрымкі кнігавыдання. Застаецца выдавецтвам толькі шукаць лепшыя, адмысловыя творы, якія будуць спрыяць выхаванню ў юных чытачоў духоўных, высокамаральных рыс, без фарміравання якіх цяжка ўявіць высокагарманічную асобу.

Святлана Ганцарэвіч, загадчык аддзела Выдавецкага дома «Звязда»:

— І вось гэты зімова-вясенні фестываль, і «Міхасёвы прыгоды» — добры для нас урок з разлікам на падказкі, што цікавіць юных, маленькіх і не зусім маленькіх чытачоў. Якія ілюстрацыі іх вабяць? Які змест яны шукаюць пад вокладкай? Якія героі ў прыярытэтах у хлопчыкаў і дзяўчынак? І ўвогуле самае галоўнае пытанне, на якое мы шукалі адказ і на фестывалі, і шукаем у сваёй паўсядзённай працы, — ці не прайшоў яшчэ час папяровай кнігі, якой яна павінна быць насамрэч, каб адарваць увагу ад сацыяльных сетак, ад мабільных тэлефонаў, гаджэтаў...

.. Фестываль дзіцячай кнігі «Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу!», які прайшоў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі, — добры складнік у агульным працэсе ўвагі літаратурных музейшчыкаў краіны да прапаганды айчыннай кнігі, да развіцця ўвагі да беларускага прыгожага пісьменства.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.