Вы тут

«Ад негатыва да пазітыва». Убачыць арыгінальныя беларускія дагератыпы,і амбратыпы двухсотгадовай даўнасці


Фатаграфія — адна з найважнейшых вынаходак у гісторыі чалавецтва, уплыў якой не толькі на развіццё прыродазнаўчай навукі, але і на культуру, мастацтва, свядомасць насельніцтва зямнога шара немагчыма пераацаніць. Дзякуючы фатаграфіі людзі навучыліся максімальна дакладна, амаль што ў нязменным выглядзе, захоўваць знешнія рысы аб’ектаў, якія іх акаляюць. Натуральна, апошняе стала магутным штуршком і да развіцця гістарычнай навукі: для нашчадкаў фатаграфічныя сведчанні з’яўляюцца найкаштоўнейшай крыніцай па вывучэнні спадчыны… Пра гэта і не толькі разважалі ўдзельнікі і госці ўрачыстага адкрыцця выставачнага праекта «Ад негатыва да пазітыва» ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.


Падчас адкрыцця. Фота Віктара Іванчыкава.

Найвялікшае мастацтва

Падзея была прымеркавана да запуску ў музейнай установе сектара фатаграфічных даследаванняў. З’яўленню такога аддзела садзейнічала пагадненне паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Музейна-выставачным цэнтрам «Росфото» з Санкт-Пецярбурга, падпісанае пры пасрэдніцтве міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі на V Музейным форуме ў пачатку снежня 2022 года. «Распачаўшы работу па алічбоўцы музейных прадметаў, мы зразумелі: фатаграфіяй трэба займацца глыбока. Узаемадзеянне з “Росфото” важна для нас. Гэта буйны навукова-даследчыцкі цэнтр, які напрацаваў вялізную метадычную базу па вывучэнні і даследаванні фатаграфій. <…> Спецыялісты цэнтра гатовы падзяліцца з нашым калектывам сваімі напрацоўкамі, арганізоўваючы штогадовыя стажыроўкі», — адкрыў мерапрыемства дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы.

Узначаліла сектар фатаграфічных даследаванняў Святлана Харужык, загадчыца інфармацыйна-выставачнага аддзела музея і куратарка праекта «Ад негатыва да пазітыва»: «Першыя фота былі па-сапраўднаму дарагімі і ў прамым і ў пераносным сэнсах! А сёння яны ўвогуле бясцэнныя. Для любога музея вялікі гонар — мець іх у сваіх фондах». Аляксандр Храмы дапоўніў гэтую думку: «Ва ўсім свеце ўжо пачынаюць вывучаць разнастайныя першыя тэхнікі фатаграфавання, укладаюць каталогі з работамі першых фатографаў. У Беларусі пакуль пытанне не вывучаецца так глыбока. Але дзякуючы падтрымцы Мінкульта ў нас цяпер ёсць спецыяльная секцыя. У нашых архівах — каля 50 тысяч прадметаў, звязаных з гісторыяй фатаграфіі». Унёс сваю лепту і Уладзімір Ліхадзедаў, гісторык, філакартыст, аўтар праекта «У пошуках страчанага», лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Падчас свайго выступлення Уладзімір Аляксеевіч, чыя калекцыя паштовак і старых фатаграфій стала асновай новай экспазіцыі, распавёў падрабязней пра некаторыя з экспанатаў, паказаў на слабыя месцы навукі аб фатаграфіі на сучасным этапе, а таксама на перспектывы яе развіцця. Выступоўца, у прыватнасці, звярнуў увагу на недастатковую даследаванасць адваротнага боку рарытэтных здымкаў: тыльная частка нярэдка хавае інфармацыю не толькі аб месцы і часе, калі была зроблена фотакартка, але і звесткі асабістага характару — інскрыпты альбо цэлыя пасланні. Падтрымаў даследчыка Алесь Карлюкевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», які прысутнічаў на мерапрыемстве. «Для тых, хто працуе з медыйнымі рэсурсамі, вельмі важна, што ў краіне ёсць спецыялісты, якія апісваюць гістарычныя здымкі, захоўваюць іх і сістэматызуюць», — зрабіў акцэнт ён.

Сугучных меркаванняў прытрымліваецца і пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў. Дыпламат таксама наведаў выстаўку: «Лічу, што фатаграфія — гэта не толькі найвялікшае адкрыццё ў гісторыі чалавецтва, але і найвялікшае мастацтва». Не забыў Барыс Вячаслававіч і аб нядаўнім узнагароджанні Уладзіміра Ліхадзедава ордэнам Дружбы Расійскай Федэрацыі за заслугі ва ўмацаванні дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі: «Не лішнім будзе чарговы раз нагадаць аб тым, як важна падтрымліваць гэтакімі высокімі ўзнагародамі тых людзей, якія ўсе свае сілы, веды, час і ўменні кладуць на важную даследчыцкую справу, што ідзе на карысць гісторыі».

Паляванне на святло

Згодна з рашэннем IX Міжнароднага кангрэса навуковай і прыкладной фатаграфіі (1935), годам нараджэння святлапісу прынята лічыць 1839-ы, калі Французскай акадэміі навук быў прадстаўлены даклад аб дагератыпіі (назва фізіка-хімічнага працэсу). Аўтарам патэнта называецца Луі Жак Мандэ Дагер, французскі вынаходнік, чые вопыты з ёдзістым срэбрам і ртуццю і прывялі да стварэння новай тэхналогіі. Разам з тым не варта скідваць з рахунку іншых паважных джэнтльменаў, якія ў той жа час ці нават яшчэ раней эксперыментавалі з тэхнікамі пісання святлом, шукаючы найбольш аптымальную з іх. Так, першая фатаграфічная выява — «Від з акна ў Ле Гра» — датуецца 1826 годам і належыць генію блізкага саратніка Луі Дагера — Жазефа Нісефора Ньепса.

Амаль два дзесяцігоддзі пасля свайго з’яўлення на свет дагератыпія не ведала хоць колькі-небудзь значных канкурэнтаў, нягледзячы на тое, што працэс стварэння дагератыпаў, між іншым, складаны і дарагі. Нярэдка пад адпаведныя фотаатэлье нават будавалі адмысловыя празрыстыя студыі са шклянымі сценамі і столлю. Кліентаў адпаведным чынам апраналі і наносілі ім на скуру спецыяльныя крэмы, а потым прымушалі нерухома сядзець у адной позе пад сонцам па трыццаць хвілін (а то і болей)… Ды ўжо ў 1850-х гадах пачалі з’яўляцца амбратыпы (светлавыя малюнкі на шкле) і фератыпы (светлавыя малюнкі на метале). Тады фота асвоілі і на Беларусі.

Першыя знойдзеныя тут здымкі на сёння маладаследаваны і ўяўляюць гістарычную каштоўнасць. З’явіўшыся ў сярэдзіне 1850-х, ужо напрыканцы дзесяцігоддзя, дзякуючы вышэйшым святлоадчувальнасці і якасці рэзультату, амбратыпія і фератыпія цалкам выцеснілі папярэднія рашэнні. Амбратыпы ўяўлялі сабой негатыўныя выявы на шкле, што пры размяшчэнні на чорным фоне (у ход ішла папера альбо чорная фарба, якой пакрывалі задні бок шкляной пласцінкі) даюць пазітыў. У сваю чаргу фератыпія прапаноўвала, так бы мовіць, маментальныя пазітывы на цёмнай лакіраванай і пакрытай калодыем металічнай пласціне.

Амбратыпы сямейства Капланаў, 1854-1860-я гг.

Позірк праз стагоддзі

На выстаўцы «Ад негатыва да пазітыва» ў Нацыянальным гістарычным музеі гэтымі днямі можна ўбачыць арыгінальныя беларускія дагератыпы, амбратыпы і фератыпы без малога двухсотгадовай даўнасці. На суд гледачоў таксама выстаўлены здымкі, атрыманыя пры дапамозе іншых тэхналогій, першыя фота- апараты і рэдкія друкаваныя фатаграфічныя выданні канца XIX — пачатку XX ст., пазычаныя з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Ладную частку экспазіцыі займаюць паштоўкі з беларускіх гарадоў, якія збірае даследчык.

Гледзячы на прадстаўленыя дагератыпы 1840-х — 1850-х гадоў з пэўнага ракурсу (такая ў іх асаблівасць: выява адкрываецца толькі таму, хто шукае), можна бліжэй пазнаёміцца са знатнымі асобамі краіны, захаванымі на сярэбраных і пасярэбраных пласцінах. Салідныя мужчыны ў фраках і разадзетыя дамы з моднымі ўкладкамі, як жывыя, пазіраюць на наведвальнікаў выстаўкі праз металічную тоўшчу, праз паціну стагоддзяў. Асобны стэнд прысвечаны сям’і вядомага прадпрымальніка, уладальніка тыпаграфіі Ільі Каплана. Дагератыпныя і амбратыпныя партрэты прадстаўнікоў славутага роду — толькі малая частка вялізнага архіва дакументаў і рэчаў, які Уладзіміру Ліхадзедаву пашчасціла набыць у нашчадкаў камерсанта. За вітрынай — здымкі са Швейцарыі, з Францыі, Англіі, Германіі, ЗША ды, само сабой, з розных куткоў Беларусі.

Дзякуючы архіву Капланаў, у наведвальнікаў выстаўкі ёсць магчымасць параўнаць дагератыпы з амбратыпамі. Апошнія захаваліся лепш, бо тэхналогія прадугледжвала абарону святлоадчувальнага слоя ад атмасфернага ўздзеяння, але патрэбны былі спецыяльныя рэактывы. Ды недахопу ў такіх не было: у Мінску ў бізнесмена, як назвалі б яго цяпер, меўся ўласны гандлёвы дом. Ён размяшчаўся на рагу Губернатарскай і Захар’еўскай вуліц (адпавядае перакрыжаванню вуліцы Леніна і праспекта Незалежнасці сёння). Тут працавала лаўка фотаапаратаў ад перадавых на той час вытворцаў і ўсяго неабходнага для фатаграфічнага рамяства. Аналагічнае абсталяванне канца XIX — пачатку XX стагоддзяў можна ўбачыць гэтымі днямі і ў Нацыянальным гістарычным музеі. Уласная фотакамера багатага сямейства суседнічае на стэндах са шматлікімі лістамі і паштоўкамі, дасланымі на мінскі адрас Капланаў з розных гарадоў.

Апроч усяго, выстаўка «Ад негатыва да пазітыва» прэзентуе наведвальнікам тэматычныя выданні мінулага, сярод якіх вылучаюцца некалькі нумароў «Фатаграфічнага лістка» за 1914 год і ілюстраваны каталог «Германскі экспарт». На адным з амбратыпаў 1850—1860-х гадоў, верагодна, выяўлены фатограф Антон Прушынскі, адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі. Твор не падпісаны, і з поўнай упэўненасцю сцвярджаць нельга, але чалавек на карцінцы вельмі падобны да Антона Прушынскага са здымка пазнейшага перыяду. Найбольш вядомая і, як мяркуюць даследчыкі, раняя фатаграфія майстра захоўваецца ў Варшаве — подпіс на адваротным баку паказвае на 1858 год. Аднак жа, на думку Уладзіміра Ліхадзедава, самы ранні здымак аўтарства Антона Прушынскага трэба шукаць не ў Польшчы, а ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея — ім з’яўляецца партрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.