Вы тут

«Адрасы роднага слова». Узнагародзілі пераможцаў конкурсу эсе


Прызнанні ў самых цёплых пачуццях да роднай мовы, вершы аб яе мілагучнасці, пажаданні плённых набыткаў і любові да сваёй зямлі гучалі падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу эсэ «Адрасы роднага слова». Геаграфія падзеі ахапіла ўсю Беларусь: работы былі дасланы з самых розных куткоў краіны: ад Піншчыны да Полаччыны.


Удзельнікамі выступілі вучні старшых класаў рэспубліканскіх устаноў адукацыі, а іх навукова-практычнымі кансультантамі — настаўнікі.

— Работы расказалі пра пісьменнікаў, якія былі гасцямі ў вашых паселішчах і навучальных установах альбо нарадзіліся на вашай малой радзіме. Талент іншых быў выхаваны ў вашых краях. Так, вы паказалі адрасы беларускага прыгожага пісьменіства, і вельмі радуе тое, што і вы прыехалі з самых аддаленых вёсак, — звярнуўся з прывітальным словам да юных даследчыкаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. Ён выказаў спадзяванне, што, незалежна ад таго, ці стане літаратуразнаўства справай жыцця кожнага, хто паспрабаваў сябе ў ролі гісторыка літаратуры, мастацкае слова ў паэзіі, прозе і публіцыстыцы стане іх верным спадарожнікам.

Жанр эсэ не вельмі традыцыйны для школьных прац, таму, як прызналіся сябры журы конкурсу, яны з хваляваннем чакалі, што некаторыя аўтары могуць абмінуць складанасці творчага жанру. Сярод намінацый была тэма, дзе школьнікі распавядалі пра ўражанні ад наведвання музейных і бібліятэчных выставак, дзяліліся эмоцыямі аб тэатральных пастаноўках…

Наталля Шапран, галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова», падзялілася настроем ад прачытання эсэ. Яна адзначыла, што і падзея конкурсу, і творчыя работы выклікалі яркія, насычаныя эмоцыі праз шчырасць, непасрэднасць, любоў, якімі яны былі напоўнены, замілаванасць родным краем і малой радзімай; а мясціны, пра якія распавядалася ў работах, сталі нашмат бліжэйшымі і больш зразумелымі. Рэдактар часопіса падкрэсліла і прафесійную працу настаўнікаў, якія спрычыніліся да падрыхтоўкі эсэ.

— Мы нават пазнаём часам школу, адкуль дасылаюцца работы, а бывае, што і аўтарытэт, які за імі стаіць, — заключыла яна. — Такі шчыры ўзаемаабмен любові з родным словам захапляе.

Рэдакцыяй часопіса былі адзначаны некалькі творчых работ, якія парадавалі найбольш — тым, што аўтары расказвалі пра значэнне выдання ў іх пошукавым жыцці і навуковай працы, дзяліліся ў эсэ ўражаннямі аб кнігах, да падрыхтоўкі якіх спрычыніўся рэдактарскі калектыў. За творчае ўвасабленне тэматыкі конкурсу спецыяльныя прызы былі ўручаны Дар’і Кісялёвай, вучаніцы СШ № 15 Магілёва, Максіму Аляксейчыку з Ляснянскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, Марыі Новік з гімназіі № 1 Слоніма, Аляксею Кавальчуку з Мётчанскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна і Софіі Брышцен з Павіццеўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна.

Падчас уручэння ўзнагарод.

У намінацыі конкурсу гучала тэма водгуку на творчы лёс леташніх пісьменнікаў-юбіляраў. Так, найбольшая ўвага была прыцягнута да 140-годдзя народных песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Музеі класікаў адгукнуліся на прапанову журы конкурсу і вылучылі работы, якія найлепш асвятлялі тэматыку купала-коласаўскага года. Памятныя прызы — эксклюзіўнае падарункавае выданне «Казкі жыцця» Я. Коласа і сертыфікаты на наведванне музеяў атрымалі Марыя Бабіцкая з Забашавіцкай сярэдняй школы Барысаўскага раёна, Валерыя Вевель з 1-й гімназіі Барысава, Дар’я Гаўрыловіч з 31-й мінскай гімназіі і Мацвей Нарывончык з 2-й гімназіі Брэста.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская адзначыла пэўную пераемнасць любові да роднай мовы ў часе:

— Нядаўна мы адкрывалі выстаўку «Ураджай друкаванага слова», прысвечаную артыкулу Купалы пра тое, што 1922 год быў найбольш ураджайны ў выдавецкай справе Беларусі за ўвесь час. А праз стагоддзе — іншы ўраджай, ураджай творчых конкурсных работ... Жадаю ўдзельнікам і надалей працаваць на карысць культуры Айчыны, — павіншавала яна юных талентаў.

Змястоўным стала віншаванне Алеся Бадака, у якім літаратар падзяліўся досведам напісання ранніх вершаў і разважаннямі над складанасцямі жанру эсэ, распавядаў пра супрацоўніцтва з часопісамі «Бярозка» і «Маладосць» на самым пачатку свайго творчага шляху. Згадаў шлях да роднага слова і Віктар Шніп. Арганізатарамі конкурсу эсэ выступілі рэдакцыі часопіса «Роднае слова» і газеты «Літаратура і мастацтва» пры падтрымцы выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» і Саюза пісьменнікаў Беларусі.

* * *

Кожнае конкурснае эсэ вылучалася грунтоўнасцю і сур’ёзнасцю. Прапанаваныя да ўвагі чытача работы, на думку рэдакцыі, найбольш адпавядаюць лімаўскай тэматыцы.

Марыя ЯРАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».